Каб фальклор не стаў гісторыяй

Лысы! Базар! Картуз! Каробачка! Пачуўшы гэтыя словы, брэсцкія юнакі і дзяўчаты пускаюцца ў скокі, а не ў роздумы, што б гэта значыла. Удзельнікі клуба ЮНЕСКА “Спадчына”, які працуе на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, вывучаюць фальклор Берасцейшчыны з галоўнай мэтай — даць яму новае жыццё.

Мода на творчасць народа

Сваю фальклорную практыку, якая праходзіла ў вёсцы Дабромыслі, што ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці, падчас вучобы ў педагагічным універсітэце, я памятаю ўжо больш за 15 гадоў. Асабліва тое, як мы, размясціўшыся ў трэнерскім пакоі спартзалы мясцовай школы, шчыльней зачынялі дзверы, каб шум не перашкаджаў нам слухаць аўдыязапісы і перапісваць словы песень. Баяліся памыліцца нават у літары, бо, здавалася, мы апошнія, хто чуе галасы дабромысленскіх старажылаў, таму баяліся пакінуць памылку ў гэтай народнай гісторыі. Пазнаёміўшыся з дзейнасцю клуба “Спадчына”, бачу: нашы страхі былі дарэмнымі. Амаль паўсотні юнакоў і дзяўчат не толькі дасканала перапісваюць народныя песні, танцы, але і даю ць ім не месца на кніжных паліцах, а новае жыццё.

“Быў час, калі людзі глядзелі на фальклор, як на нешта састарэлае, перажытак мінулага, — гаворыць кіраўнік клуба “Спадчына” Вера Рыгораўна Волкава. — У апошнія ж гады сітуацыя кардынальна змянілася. Я бачу гэта і па сваіх выхаванцах, па тым, з якім імпэтам яны збіраюць, а потым аднаўляюць народную творчасць. Усе яны з нецярпеннем чакаюць летніх канікул і ўжо ў апошнія майскія дні едуць у вёскі да сваіх дзядуляў і бабуль запісваць і прывозіць новыя матэрыялы. Больш за ўсё “спадчынцы” любяць пераймаць побытавыя танцы, песні, найгрышы. Потым мы іх развучваем і цэлы год спяваем і танцуем. З тымі дзецьмі, у якіх няма сваякоў у вёсцы, мы ходзім у экспедыцыі, якія арганізоўваем у межах праекта ЮНЕСКА “Традыцыі продкаў”. Мы са “спадчынцамі” і ўзорным ансамблем народнай творчасці “Крынічка” палаца творчасці аб’ехалі ўсе раёны Брэсцкай вобласці.
Брэстчына — цікавы рэгіён, бо раён ад раёна, вёска ад вёскі ў творчым кірунку вельмі адрозніваюцца. У Пінскім раёне ўвогуле ў кожнай вёсцы свой касцюм, на ім — адметны ўзор. Мы ўсе гэтыя матэрыялы збіраем і ствараем зборнікі “Часоў былых і новых сувязь”, “Радавод”, “Радавод беражэ спадчыну”. Збіраем таксама дыялекты і перакладаем іх на літаратурную беларускую мову. У гэтым нам дапамагаюць дырэктары школ, асабліва Іванаўскага раёна, спецыялісты аддзелаў адукацыі. Па Іванаўскім раёне мы сабралі поўнасцю ўвесь вусны фальклор: балады, песні, паданні — тое, чаго вельмі мала сабрана ў Беларусі. А ў нас выдадзены асобны зборнік. Цяпер вывучаем традыцыі і абрады пінчукоў”.

Велікодная варадарка

“Спадчынцы” ведаюць усе мясціны на Берасцейшчыне, дзе і сёння жывуць такія абрады, якіх практычна нідзе больш няма (хіба толькі пераносяць дзяўчаты, якія выходзяць замуж у іншыя вёскі). Напрыклад, у вёсцы Медна Брэсцкага раёна ў другі дзень Вялікадня водзяць варадарку. Так называюць тут неразарваны круг, — тлумачыць Вера Рыгораўна. Усе незамужнія дзяўчаты бяруцца за рукі. Пачынаючы ад крыжа, які стаіць на ўездзе ў вёску, колам іду ць ад двара да двара, спяваюць песню “Варадарка” (абавязкова запявала самая лепшая спявачка), потым выходзяць на поплаў. Там утвараюць унутры яшчэ ад зін кружок, у які пераходзілі самыя маленькія дзяўчаты, а ўнутр меншага ўносяць жалабок і ў ім качаюць велікодныя яйкі. Тут не гуляюць у біткі, як усюды, а па іх варожаць: качаюць і глядзяць, куды яно пакоціцца — у той бок і пойдзе замуж ці вучыцца.

Заканчваецца варадарка на самым высокім выгане з маладой траўкай: чым больш спінай дзяўчына памне, тым багацейшай будзе. З гэтай жа мэтай у гэты дзень першы раз мнуць латацю — гэта кветкі, якія зацвіталі першымі, нават раней за падснежнікі. Гэтай латацяй фарбуюць у нас і яйкі. І дзяўчаты мнуць гэтыя кветкі нагамі.Варадарка суправаджалася прыказкамі і прыгаворкамі пра гэты абрад, пажаданнямі ўраджаю, а завяршалася абрадавай выставай: на плоце ці на варотах вывешваліся ручнікі, якія дзяўчаты выткалі ці вышылі ў пост перад Вялікаднем. Хлопцы прыходзілі перад танцамі і павінны былі пазнаць, якія з гэтых ручнікоў ткалі іх каханыя дзяўчаты.

Танцуюць усе!

Што да танцаў, то тут самая вялікая тэрыторыя для вывучэння, бо свае адметныя танцы ёсць у кожным раёне.

Суправаджаліся побытавыя танцы народнымі аркестрамі, у склад якіх уваходзілі музыканты-аматары. Мелодыя перадавалася музыкантам-аматарам з рукі на руку маладым гарманістам. “Перайманне побытавых танцаў у носьбітаў адбываецца з нагі на нагу, каб выключыць імправізацыю, — расказвае кіраўнік клуба. — Напрыклад, толькі ў вёсцы Дзмітравічы мы запісалі 8 полек: “Полька мясцовая”, “Полька з дружкай”, “Полька ў пары”, “Полька-вандроўка”, “Полька-весялуха”, “Полька з прыпеўкамі”, “Сербіяначка Наташа”, “Полька, не адрываючы ног”. Калі некаторыя з іх са змяненнямі яшчэ могуць быць у іншых мясцовасцях, то апошнюю больш нідзе ва ўсёй Беларусі не танцуюць”.

Нядаўна ў межах абласных аглядаў аматарскай творчасці, арганізаваных Цэнтрам маладзёжнай творчасці, праводзіліся конкурсы народных бытавых танцаў. У ім прынялі ўдзел больш за 200 дзяцей. Адметна тое, што кожная танцавальная пара павінна выконваць гэтыя танцы так, як іх танцуюць у іх вёсцы ці пасёлку. Таму адзін і той жа танец пары выконвалі па-свойму.

Для кожнага ўзросту таксама былі свае танцы. Самыя малодшыя дзеці пускаліся ў “Мальвіну”, “Лявоніху”, “Карманчыкі”, “Базар”, “Картуз” і іншыя. Пяці- і шасцікласнікі спаборнічалі ў “Месяцы”, “Яблычку”, “Кракавяку”. Старэйшым больш па душы прыйшліся “Бабачка”, “Каханачка”, “Ойра”, “Какетка”, “Абэрак” і мноства іншых.

Некаторым дзецям знаёмства з музычным фальклорам родных мясцін не хапае. Не хапае ім за гады навучання ў школе і часу на сцэне. Вось чаму сярод “спадчынцаў” ужо тры студэнты — будучыя фалькларысты. Двое з іх вучацца ў Пінскім каледжы на фальклорным аддзяленні. А Марта Чачэвіч заканчвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і хутка вернецца, каб працягнуць вывучаць народную спадчыну з удзельнікамі “Спадчыны”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва клуба ЮНЕСКА “Спадчына”.