Каб цікава было і праваднікам, і філолагам

Напэўна, самая даступная для навучэнцаў секцыя “ТэхнаІнтэлекту” — гэта “Мультымедыйныя тэхналогіі”, дзе яны дэманструюць свае прэзентацыі, сайты, вэб-сэрвісы. Яна не патрабуе ведання спецыфічных моў праграмавання ці навыкаў работы з тэхнікай. Тут зрабіць цікавы прадукт можна пры дапамозе простых інструментаў — канструктараў сайтаў і прэзентацый, інтуітыўна зразумелых фота- і відэарэдактараў.

Але фіналісты “ТэхнаІнтэлекту” пайшлі далей — навучыліся самастойна рабіць складаную анімацыю і мабільныя прылады, аб’ядноўваць камп’ютарныя тэхналогіі і афлайнавыя актыўнасці. Каб даведацца, што ў іх атрымалася, мы наведалі прэзентацыі работ.

Журы ацэньвае змястоў­насць, арыгінальнасць і запатрабаванасць прадстаўленага кантэнту, яго апрацоўку і афармленне. Дадатковы плюс — калі прадукт можа быць выкарыстаны ці ўжо выкарыстоўваецца ва ўстанове адукацыі, на вытворчасці, у штодзённым жыцці.

Каб зрабіць удалы праект, па­трэбна правесці вялікую работу: вызначыць, чым сэрвіс будзе дапамагаць людзям, пралічыць, як карыстальнікі будуць з ім узаема­дзейнічаць, спрагназаваць, якія пытанні ў іх узнікнуць.

Адной з самых папулярных тэм для мультымедыйных прадуктаў сталі сэрвісы для турыстаў — замежных гасцей, школьнікаў, аматараў краязнаўства. “Жанравая” палітра такіх праектаў багатая — віртуальныя экскурсіі з выкарыстаннем 3D-тэхналогій, гіды для правядзення сапраўдных вандровак, сэрвісы пра беларускую культуру. Такімі, напрыклад, былі праекты “Пра Беларусь” навучэнца гімназіі № 1 Ваўкавыска Мікіты Бердзіка, “Браму скарбаў тваіх адчыняю” навучэнца гімназіі № 8 Віцебска Міхаіла Маркава. Апошні ўяўляе сабой яскравую віктарыну, у якой можна праверыць свае веды па беларускай культуры, музыцы, фальклоры. Праект быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені. 

Навучэнец Віцебскага дзяр­жаўнага політэхнічнага ліцэя Філіп Васільеў прадставіў інтэрнэт-рэсурс “Віцебск кулінарны”, які аб’яднаў турыстаў, установы грамадскага харчавання і навучэнцаў прафесійнага ліцэя. Госці горада змогуць знайсці на сайце месца, дзе можна пакаштаваць тую ці іншую беларускую страву, а таксама рэцэпты, якія дапамогуць прыгатаваць яе самому. Кафэ і рэстараны змогуць рэкламаваць свае паслугі (амаль палова з іх падчас апытання паведаміла, што гатова нават плаціць за такую рэкламу). А навучэнцы ліцэя — будучыя кухары і афіцыянты — змогуць выбраць на сайце месца вучэбнай практыкі, а магчыма, і першай працы.

Сярод распрацовак удзельнікаў былі і праекты, якія ўжо паказалі сябе на рэспубліканскім узроўні. Напрыклад, адзначаны на конкурсе “Патрыёт.by” сайт “Асабісты гід па горадзе Станіслава Шабунеўскага”, які прадставіў вучань сярэдняй школы № 33 Гомеля Ілья Баркоўскі, паспеў значна прасунуцца — пры дапамозе Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта вучні ўсталявалі шыльды з QR-кодамі ля будынкаў, спраектаваных С.Шабунеўскім. Цяпер кожны турыст можа адсканіраваць код, перайсці па спасылцы і даведацца пра гісторыю будынка і лёс архітэктара.

Яшчэ адзін напрамак, у якім бы­ло прадстаўлена нямала работ — адукацыйныя прадукты. Удзельнікі конкурсу прааналізавалі працэс навучання ў сваёй установе адукацыі, даведаліся, з якімі праблемамі сутыкаюцца настаўнікі, і прапанавалі іх вырашэнні.

Лізавета Казак займаецца ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і вучыцца ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча. Для конкурсу яна зрабіла вучэбную праграму “Сістэма ацяплення пасажырскага вагона” і атрымала за яе дыплом ІІ ступені. Праваднік павінен добра ведаць тэхнічную пабудову вагона, умець кантраляваць яго стан і аператыўна рамантаваць пры паломцы. Але право­дзіць кожныя заняткі ў сапраўдным вагоне немагчыма. Выправіць сітуа­цыю дапамагае праграма Лізаветы. З яе дапамогай навучэнцы змогуць дома ці на ўроку прагле­дзець аніміраваную схему сістэмы ацяплення і патрэніравацца ў яе абслугоўванні, апынуўшыся ў віртуальным вагоне.

Урокі працоўнага навучання вырашыў разнастаіць Віктар Паспелаў. Хлопец займаецца ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і стварае дадатак па працоўным навучанні, у якім вучні могуць прачытаць інструкцыі па зборы мэблі, разгледзець 3D-схемы працэсу, а таксама пабачыць гатовыя стол, табурэт, шафу і г.д. пры дапамозе тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Яго распрацоўка можа быць карыснай не толькі школьнікам, але і звычайным лю­дзям, а таксама вытворцам мэблі. На далейшую працу над праектам Віктара заахвоцілі прызам ад Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Навучэнец Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Аляксей Шолахаў пастараўся наладзіць дыстанцыйнае навучанне фізіцы для тых, хто не мае магчымасці займацца ў класе. На аснове напрацовак свайго настаўніка фізікі Наталлі Дзмітрыеўны Афанасьевай структураваў на сайце лекцыі, неабходныя для самастойнага навучання, а таксама дадаў (зразумела, з дазволу аўтараў) пазнавальныя ролікі з тлумачэннямі і тэсты для самаправеркі. У планах — пашырыць праект матэрыяламі па іншых прыродазнаўчых дысцыплінах.

У межах праекта ў школе ўвялі своеасаблівую валюту — белкоіны. Іх можна атрымаць за актыўную работу на ўроку ці значны прагрэс у вучобе, за добрую справу ці ­наведванне экскурсій.  Абмяняць такія токены можна на салодкае ў спецыяльным аўтамаце, усталяваным у школе, а таксама на сертыфікаты, створаныя з выкарыстаннем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, якія даюць скідкі ў тэатрах, кіно, кафэ, што далучыліся да праекта. Сістэма дапамагае заахвоціць навучэнцаў да карыснай дзейнасці, прадастаўляючы ім магчымасць цікава праводзіць вольны час.

Праект атрымаў спецыяльны прыз ад Мінскага завода колавых цягачоў.

Юрый Уладзіміравіч Палазкоў, загадчык кафедры “Праграмнае забеспячэнне вылічальнай тэхнікі і аўтаматызаваных сістэм” БНТУ, старшыня журы:

“Спадабалася, што праекты незвычайныя. Гэта не тыпавыя, статычныя сайты-візіткі, якія робяць пачынаючыя распрацоўшчыкі, а прадукты, створаныя спалучэннем розных тэхналогій — ад вэб-распрацоўкі да гульнявых дадаткаў. Можна сказаць, што і аўтары ўжо гатовы да навучання па ўніверсітэцкай праграме, напрыклад, на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ. Праекты ў асноўным забяспечваюць адукацыйны працэс. Парадавала, што вучні, якія цікавяцца ІТ-сферай, вырашаюць задачы, звязаныя з іншымі прадметамі: ствараюць мультымедыйныя прадукты, напрыклад, для працоўнага навучання ці вывучэння рускай мовы. Добрых вынікаў дасягаюць тыя, хто працуе напрамую з прадпрыемствамі і робіць карысныя ім сэрвісы, як у праекце “Віцебск кулінарны”.

Алена Віктараўна Гарбарэц, метадыст аддзела інфармацыйных тэхналогій Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці:

“Мне вельмі спадабалася падрыхтоўка ўдзельнікаў: усе камп’ютарныя прадукты, якія былі прадстаўлены ў секцыі, завершаны, некаторыя таксама маюць перспектывы далейшага ўдасканалення самімі вучнямі.

У гэтым годзе было прадстаўлена шмат гідаў па гарадах Беларусі і навучальных установах, зробленых пры дапамозе 3D-фота і відэа. Шмат прэзентавалі прадуктаў, якія вучаць і кантралююць адукацыйны працэc і гатовы для выкарыстання на занятках. З асноўных тэндэнцый хочацца вылучыць стварэнне мультымедыйных прадуктаў у дзвюх версіях: і для камп’ютараў, і для тэлефонаў.  

Радуе, што ўдзельнікі знаёмяцца і абмяркоўваюць праекты паміж сабой. Калі слухаеш іх размовы ці пытанні да выступоўцаў, бачыш, наколькі глыбока яны разбіраюцца ў тэме і наколькі шчыра цікавяцца, як у іншых праектах рэалізаваны той ці іншы функцыянал.

За 10 гадоў узровень камп’ютарных прадуктаў значна вырас. Зараз рэдка на конкурсе прадстаўляюць звычайныя прэзентацыі, а калі і робяць іх, то дапаўняюць сваёй флэш-анімацыяй, самастойна падрыхтаванымі фотаздымкамі і відэа. Штогод з’яўляюцца новыя праграмы і сэрвісы для распрацоўкі мультымедыйных прадуктаў і штогод вучні паказваюць добрае валоданне імі”.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.