Клей, нажніцы і папера

Робаты, якія спраўна рухаюцца з пункта А ў пункт Б; квадракоптары, якія здольны пралятаць па адмысловай траекторыі; мадэлі гоначных балідаў, што разганяюцца да хуткасці сапраўдных аўтамабіляў; адмысловыя дэталі, створаныя на 3D-прынтары; дадаткі для мабільных прылад, распрацаваныя юнымі праграмістамі, — усё гэта і ёсць сучасная тэхнічная творчасць. Дакладней, яе вяршыні. А вось ля падножжа гэтых вяршынь ляжаць самыя простыя нажніцы, папера і клей. Гэтыя немудрагелістыя прадметы нават у ХХІ стагоддзі з’яўляюцца асновай асноў тэхнічнай творчасці.

Вам, напэўна, вядома гульня “Камень, нажніцы, папера”. Яна дазваляе не толькі весела правесці з сябрамі час, але і спазнаць свет тэхнікі. Для гэтага назву знакамітай гульні трэба крыху падкарэкціраваць і замест слова “камень” ужыць “клей”. А яшчэ клей, нажніцы і паперу трэба не паказваць рукамі, а проста ўзяць у рукі і пачаць выразаць загадзя расчэрчаныя на дэталі аркушы, потым іх склейваць, ствараючы такім чынам мадэлі тэхнікі. Менавіта пры дапамозе клея, нажніц і паперы навучэнцы гурткоў кабінета пачатковага тэхнічнага мадэлявання і макетавання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці далучаюцца да дзівоснага свету тэхнікі.

Нажніцы і клей — галоўны інструмент для 5—7-гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак на іх шляху да вяршынь тэхнічнай творчасці, а папера — матэрыял, які па меры ўдасканальвання майстэрства тэхнарыкаў замяняецца кардонам, пенапластам, дрэвам і, нарэшце, металам. Менавіта так, крок за крокам, заняткі за заняткамі, трымаючы ў руках нажніцы, паперу і клей, і рухаюцца навучэнцы гурткоў “Тэхнарыкі” і “Мадэляванне транспартнай тэхнікі” да вяршынь тэхнічнай творчасці. Завітаем на заняткі ў кабінет пачатковага тэхнічнага мадэлявання і макетавання і паглядзім, як фарміруецца тэхнічная эліта нашай краіны, як зараджаюцца ідэі, якія ў будучыні ператворацца ў распрацоўкі, што будуць рухаць тэхнічны прагрэс.

Як паведаміла кіраўнік “Тэхнарыкаў” Марыя Анатольеўна Кушнер, на адпаведных занятках у дзяцей развіваецца ўяўленне пра навакольны свет, фарміруецца лагічнае мысленне, раскрываецца творчы патэнцыял. Праграма аб’яднання разлічана на замацаванне цікавасці ў малодшых школьнікаў да мадэлявання і з’яўляецца першай прыступкай падрыхтоўкі навучэнцаў для працы ў аб’яднаннях па інтарэсах тэхнічнага профілю. Менавіта ад “Тэхнарыкаў” пачынаецца шлях у свет аўта-, судна- і авіяма-дэльнага спорту, робататэхнікі.

— У працэсе заняткаў акцэнт робіцца на развіццё ў дзяцей тэхнічных здольнасцей. Акрамя таго, развіваецца маўленне, фанематычны слых. Дзеці не толькі знаёмяцца з лічбамі, рашаюць простыя матэматычныя прыклады, але і вучацца лагічна думаць і разважаць. Пры дапамозе гульняў у іх развіваецца зрокавая і слыхавая памяць, увага, настойлівасць у дасягненні мэт, пашыраецца кругагляд, фарміруюцца неабходныя для вучобы ў школе навыкі і ўменні. А галоўнымі інструментамі для дасягнення гэтых задач з’яўляюцца ўсё тыя ж нажніцы, папера, клей, а яшчэ каляровыя алоўкі, фламастары, акварэлі, лінейкі, кардон, пенапласт, ватман, фольга, шыла і нават малаток, — падзялілася Марыя Анатольеўна.

Праграма заняткаў разлічана на дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту і прадугледжвае праходжанне 10 тэм. Так, на занятках “Інструменты і матэрыялы. Правілы бяспекі працы” дзеці вывучаюць інструменты і прыстасаванні, пры дапамозе якіх можна ствараць самыя простыя мадэлі і далучацца да свету тэхнічнай творчасці. Пашыраюцца веды пра гэтыя інструменты, аб правілах карыстання імі. Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца правільна арганізоўваць працоўнае месца. Каб спраўна працаваць, трэба ведаць уласцівасці прыродных і штучных матэрыялаў, асаблівасці іх прымянення ў канкрэтных сітуацыях, спосабы вырабу асобных дэталей з гэтых матэрыялаў і варыянты зборкі мадэлей. Гэтай тэме таксама ўдзяляецца вялікая ўвага.

Тэорыя абавязкова падмацоўваецца практыкай. На першых практычных занятках дзеці спрабуюць ствараць са шчыльнай паперы паветранага змея, цацкі ў выглядзе стралы, голуба, ракеты, чоўна, ёлачныя ўпрыгажэнні (сняжынкі, зорачкі і інш.). Вось на гэтым этапе навучання якраз і праяўляюцца здольнасці канкрэтнага дзіцяці да тэхнічнай творчасці. Наогул, як лічыць загадчык кабінета пачатковага тэхнічнага мадэлявання і макетавання РЦІіТТ Аляксандр Дзмітрыевіч Кульбіцкі, здольнасці да тэхнічнай творчасці закладзены ў кожнага дзіцяці, проста ў некага яны, умоўна кажучы, ляжаць на паверхні, і педагогу застаецца іх толькі падняць і ўдасканаліць, а ў некага прыхаваны глыбока-глыбока. Але пры правільным падыходзе ўсё можна знайсці і развіць.

— Каб развіць гэтыя навыкі, трэба знайсці правільны педагагічны падыход. А ён вельмі просты: галоўнае — не адбіць у дзяцей жаданне займацца тэхнічнай творчасцю. Узяць для прыкладу заданні па стварэнні мадэлей. Калі 6- або 7-гадоваму дзіцяці, якое толькі-толькі навучылася правільна трымаць нажніцы, прапанаваць зрабіць мадэль яхты, то вялікая верагоднасць таго, што гэтая мадэль у яго не атрымаецца. Калі дзіця не зробіць тое, што яму далі, то пакрыўдзіцца і ў яго прападзе ахвота займацца тэхнічнай творчасцю. Галоўнае, каб у дзяцей быў стымул, каб усё, што яны пачынаюць, абавязкова было завершана. А які стымул? Каб усё, што б ні было зроблена, абавязкова рухалася: плавала, лятала, ездзіла. Дзецям важна, каб быў эфект, каб яны бачылі вынік сваёй працы ў руху. Не паспелі зрабіць да канца заняткаў мадэлі самалётаў — не бяда. Каб хлопчыкі і дзяўчынкі не крыўдавалі, мы наразаем палоскамі паперу і робім самыя простыя вяртушкі. У канцы заняткаў праводзім міні-спаборніцтвы, запускаем гэтыя вяртушкі пад столь. У каго вышэй паляціць — той і перамог, — падзяліўся Аляксандр Дзмітрыевіч.

Гурток “Мадэляванне транспартнай тэхнікі” — гэта наступны крок да вяршынь тэхнічнай творчасці. Яго праграма складзена для навучэнцаў малодшага і ўжо сярэдняга школьнага ўзросту і прадугледжвае выраб з розных матэрыялаў мадэлей транспартнай тэхнікі. На занятках дзеці і падлеткі вучацца самастойна выконваць тэхнічныя малюнкі і чарцяжы будучых мадэлей, выкарыстоўваючы падборку малюнкаў і фотаздымкаў транспартнай тэхнікі, вырабляюць шаблоны асноўных дэталей мадэлі. Удасканальваюцца навыкі працы з рознымі інструментамі і матэрыяламі, дзеці прызвычайваюцца да акуратнасці, уважлівасці, уседлівасці, эканомнага выкарыстання матэрыялаў. Акрамя таго, праграмай прадугледжваецца паглыбленне ведаў школьнікаў па электратэхніцы, выраб простых электрычных прылад, знаёмства з будовай і прынцыпам работы розных тыпаў электрарухавікоў.

На занятках выкарыстоўваюцца розныя эфектыўныя метады. Гэта метад праблемных сітуацый, рэпрадуктыўны метад (дазваляе авалодаць тэарэтычным і практычным матэрыялам пры дапамозе шматразовых практыкаванняў), тлумачальна-ілюстрацыйны метад (дыдактычныя задачы вырашаюцца пры дапамозе літаратуры і нагляднага матэрыялу), часткова-пошукавы метад падахвочвае дзяцей вырашаць пастаўленыя задачы сумесна з педагогам. Эфектыўным з’яўляецца гульнявы метад. На думку Аляксандра Дзмітрыевіча, трэба як мага часцей выкарыстоўваць у працы з навучэнцамі гульні з гатовымі мадэлямі, часцей праводзіць і міжгуртковыя спаборніцтвы.

Адной з галоўных задач гурткоў пачатковай тэхнічнай творчасці з’яўляецца прафарыентацыйная работа. Праграмай прадугледжана знаёмства з рабочымі прафесіямі, экскурсіі на прадпрыемствы, аўтарамонтныя майстэрні. Навыкі, якія фарміруюцца ў тэхнарыкаў, спатрэбяцца не толькі пры пазнанні свету тэхнічнай творчасці, але і пры выбары будучай прафесіі. Аляксандр Дзмітрыевіч Кульбіцкі з цеплынёй згадваў сваіх былых навучэнцаў, якія сталі прафесіяналамі не толькі ў свеце тэхнічнай творчасці, але і ў медыцыне, у прыватнасці хірургіі. І гэта нядзіўна, паколькі, каб паспяхова выразаць дробныя дэталі, ювелірна склейваць іх, неабходна ўседлівасць, увага да дробязей, што асабліва актуальна для прафесіі хірурга.

…Спачатку — самыя простыя мадэлі, потым — больш складаныя. Праз некалькі гадоў будуць і робаты, якія рухаюцца па загадзя зададзенай траекторыі, і хуткія мадэлі гоначных аўтамабіляў, і створаныя на 3D-прынтары адмысловыя дэталі. Будуць і перамогі на конкурсах, спаборніцтвах, будуць і запатэнтаваныя распрацоўкі. Усё гэта абавязкова будзе, аднак потым, а спачатку — клей, нажніцы і папера.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.