Крыніца творчасці крываносаўскіх паэтаў

З 2007 года ў Крываносаўскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Р.Н.Мачульскага Старадарожскага раёна працуе аб’яднанне па інтарэсах “Крыніца”. Яно, як чысты струмень, мацуе, дае сілы, адкрывае новыя таленты. Гэта не проста форма дадатковай адукацыі дзяцей, гэта гісторыя нашай школы, і мы не маем права яе забываць.

Пачыналася ўсё з урокаў літаратуры. Пяцікласнікі калектыўна складалі казкі, у 6 класе слухалі народныя песні і падпявалі вядомым выканаўцам, а потым вызначалі мастацкія асаблівасці народных твораў. У 7 класе знаёміліся з творчасцю Максіма Багдановіча і асаблівасцямі вершаскладання, спрабавалі калектыўна рыфмаваць. Вершы атрымліваліся, але штосьці было не так. Тады мы разам прыйшлі да высновы, што ўмець рыфмаваць важна, але без душы аўтара, яго эмоцый і перажыванняў твор не атрымаецца. Так і ўзнікла наша літаратурнае аб’яднанне “Крыніца”, у якім зараз 56 чалавек з ліку настаўнікаў, вучняў і выпускнікоў.

Развіць дзіцячыя здольнасці па-сапраўднаму прафесійна дадзена толькі настаўнікам, асабліва настаўнікам-гуманітарыям, якія не толькі вучаць правільна пісаць і выразна чытаць, але і выхоўваюць, фарміруюць асобу, “лепяць” духоўна багатага чалавека. Настаўнікі і бацькі часцей лічаць адоранымі тых дзяцей, якія праяўляюць здольнасці да вучобы. Недастаткова ўвагі звяртаецца на творча адораных дзяцей, таму што звычайна яны вучацца няроўна, выбіваюцца з агульнага тэмпу, “выскок­ваюць” на ўроку з недарэчнымі заўвагамі. Аднак гэты від адоранасці самы каштоўны, бо яго носьбіты выдаюць арыгінальныя ідэі, знахо­дзяць нестандартныя рашэнні праблемных сітуацый. Якраз такія вучні, здавалася б, не заўсёды здольныя да вучобы, пі­шуць вершы. Яны нясуць свае першыя пробы пяра ў часопіс “Крыніца”, выступаюць на школьных літаратурных вечарах і пасяджэннях аб’яднання, удзельнічаюць у творчых конкурсах, пішуць казкі, нарысы пра сваіх родных і настаўнікаў.

Мікіта Аўчыннік
Ішоў па снезе і дзівіўся.
Бачу, як лес у снезе прытаіўся.
А сонца так ярка свеціць,
Што аж вочы слепіць.
Зіма-чараўніца,
Быццам хоча з намі біцца.
Кідае снег у вочы
І ўдзень і ўночы.

На пасяджэннях аб’яднання “Крыніца” таксама гучаць паэтычныя радкі і нашых настаўнікаў-паэтаў. У школе працуюць захопленыя сваёй працай людзі, якія імкнуцца ўнесці нешта новае, нешаблоннае, арыгінальнае ў асабістую практыку навучання і выхавання дзяцей. Добра вядома, што толькі той педагог, які сам валодае ярка выяўленай патрэбай у творчасці, умее заўважаць у кожным вучні парасткі таленту.

Кожны член літаратурнага аб’яднання ўнёс пэўны ўклад у развіццё “Крыніцы”. І яна сапраўды б’е і б’е, выносячы на свет усё новыя і новыя імёны. Вершы пісаліся розныя: малыя і вялікія, складныя і не вельмі, цікавыя і звычайныя. У кожным з іх была часцінка душы творцы, таму любое імкненне да паэзіі падтрымлівалася, ацэньвалася. Усё гэта было сабрана ў зборнікі вершаў: “Узлёт” — з вершамі пачынаючых паэтаў, “На парозе” — з вершамі выпускнікоў, тры кнігі “Сталасць” — з вершамі настаўнікаў-паэтаў — і ў шмат тэматычных, невялікіх па памерах, зборнікаў.

Паэтычным словам мы выхоўваем у пад­растаючага пакалення самыя лепшыя якасці: шчырасць, дабрыню, уважлі­васць, узаемаразуменне. Вядома, не ўсе вучні стануць Багдановічамі і Купаламі. Не на такі вынік накіравана работа аб’яднання “Крыніца”. Галоўнае, каб дзеці любілі прыроду, паважалі старэйшых і захоўвалі ў сэрцы мілы вобраз родных мясцін. Гэтаму і вучыць паэзія.

Ірына САЛАНЕЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Крыніца”.