Сёлета культурная тэматыка стала асновай большасці выхаваўчых мерапрыемстваў у краіне: конкурсаў, форумаў, фестываляў, свят. На іх многія маладыя людзі выпрабоўваюць свае творчыя сілы з музычнымі інструментамі, мікрафонамі, фота- і відэакамерамі, пэндзлямі ў руках. А ў сярэдняй школе № 34 Мінска, дзе ў гэтыя дні арганізаваны аздараўленчы лагер працы і адпачынку, інструментам для творчасці сталі кветкі, рыдлёўкі, лейкі і нават зварачны апарат. Менавіта такі арсенал спатрэбіўся для ўвасаблення на прышкольнай тэрыторыі культурна-адукацыйнага праекта школьнікаў “Жаночымі сцежкамі гісторыі”.
Пашыраючы спектр інтарэсаў
Канікулы, лета, адпачынак… У гэты спіс у большасці дзяцей школа ну ніяк не ўпісваецца. А вось больш як паўсотні навучэнцаў 34-й сталічнай школы з задавальненнем упісалі ў гэты спіс і яе. Самы старэйшы і самы актыўны іх атрад — “Альтэрнатыва”. Чатырох з дзесяці яго ўдзельнікаў дарослыя ўпарта называюць цяжкімі падлеткамі.
Пра тое, якой павінна быць альтэрнатыва для старшакласнікаў, якіх так вабіць вуліца і яе небяспечныя прыгоды, да дробязей ведае калектыў школы. У прыватнасці, педагогі адразу выключылі другасную занятасць, бо, па іх меркаванні, праблемы арганізацыі вольнага часу поўнасцю яна не знімае.
“Мы не ставілі мэтай сабраць атрад цяжкіх падлеткаў і абазначыць яго адпаведна, — гаворыць Вікторыя Вітальеўна Сабалеўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — У атрадзе знаходзяцца абсалютна розныя дзеці, і нашай задачай было, каб дзеці, якім і дома ўдзяляецца шмат увагі, не адчувалі, што знаходзяцца ў складаным калектыве, і каб тыя падлеткі, якія маюць праблемы з вучобай, з паводзінамі, тыя, хто мае матэрыяльныя праблемы, не ўспрымалі свой атрад як атрад для ізгояў, тых, хто прыйшоў сюды, каб яго кантралявалі. Іх зносіны — на роўных, і мы атрымліваем тую залатую сярэдзіну, дзе ёсць узаемаабмен, кожны нечаму можа навучыць”.
Па словах Наталлі Уладзіміраўны Котавай, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, аб’яднаць у лагеры дзяцей прасцей за ўсё, арыентуючыся на іх інтарэсы, і праводзіць патрыятычны, спартыўны, лінгвістычны, харэаграфічны і іншыя профільныя лагеры. Такія спробы ў школе былі, але ў дачыненні да гэтых дзяцей спектр мерапрыемстваў павінен быць як мага шырэйшым.
“У нас быў экалагічны атрад, патрыятычны, з дзецьмі мы займаліся выключна профільнымі мерапрыемствамі, але хутка зразумелі, што для нас гэта не падыходзіць, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Калі гэта накіроўваць толькі ў адным рэчышчы, карысці будзе мала. І мы пачалі шукаць альтэрнатыву — прадставілі лагер у выглядзе цягніка з новымі станцыямі, новымі знаёмствамі, мерапрыемствамі, каб максімальна зацікавіць дзяцей. Часта дзеці ўвогуле не хочуць хадзіць у школьныя лагеры, у нас жа праблемы няма, ужо ледзь не конкурс аб’яўляем на вольныя месцы пачынаючы ад першакласнікаў да старшакласнікаў. У ім мы пастараліся стварыць сацыяльную платформу, дзе дзеці маюць магчымасць не адбыць дзень па прынцыпе многіх устаноў дзённага знаходжання, а рэалізавацца ў розных кірунках, адчуць сябе камфортна незалежна ад здольнасцей і магчымасцей”.
Гістарычныя фарбы пятніц
Лагер раздзелены на кірункі, якія мяняюцца штодзень: панядзелак — інтэлектуальна-пазнавальны (для дзяцей ладзяцца віктарыны, лагічныя гульні, матэматычныя турніры), аўторак — фізкультурна-аздараўленчы (індывідуальныя спаборніцтвы, камандныя гульні), серада — дзень міласэрнасці (акцыі, напрыклад, “Дапамажы бяздомным жывёлам”, “Канікулы без дыму і агню”), чацвер — працоўны дэсант (ад рамонту школьнай мэблі да азелянення тэрыторыі), пятніца — культурна-асветніцкі (дзень для экскурсій, паходаў у кінатэатры і інш.). Але галоўная пятнічная справа — рэалізацыя культурна-адукацыйнага праекта “Жаночымі сцежкамі гісторыі”. Ён прымеркаваны да Года культуры, дазваляе не толькі добраўпарадкаваць і азеляніць прышкольную тэрыторыю, але і пагрузіць дзяцей у гісторыю знакамітага роду Беларусі, ролю яго жанчын у гісторыі. І пагружаюцца дзеці ў яго не толькі па пятніцах — раніцай яны працуюць на ўчастку, ствараючы вобразы вялікіх жанчын з кветак.
Наталля Уладзіміраўна — псіхолаг, зараз заканчвае аспірантуру. Яна аўтар шматлікіх кніг па выхаванні школьнікаў і спецыялізуецца на прафілактыцы агрэсіўных адносін, булінгу. Педагог упэўнена, што прафілактыка заключаецца ў максімальным уключэнні дзяцей у грамадскае жыццё, у перакладванні на іх важнейшых задач: чым большы давер да дзяцей, тым большая іх адказнасць. “У маі ў нашай школе праходзіў фестываль па падтрымцы таленавітай і творчай моладзі. Здавалася б, сама назва абумоўлівае, што дыпламантамі павінны стаць паспяховыя сацыялізаваныя дзеці. Тым не менш у намінацыі “Спартсмены года” і “Адказнасць і ініцыятыва” менавіта гэтыя дзеці атрымалі свае ўзнагароды, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — А ў рамках лагера на гэтых дзяцей ускладзена задача стварыць аблічча школы, якім павінна будзе стаць алея”.
Па натхненне — у Нясвіж
“Летась на гарадскім аглядзе-конкурсе па азеляненні прышкольных тэрыторый “Формула саду” мы занялі 3-е месца за праект “70 гадоў перамогі” — школьную алею мы ператварылі ў алею славы, дзе збіраліся на майскія святы ветэраны з нашага раёна, мясцовыя жыхары, — праводзіць экскурсію па тэрыторыі дырэктар школы Святлана Міхайлаўна Сацукевіч. — Гэты год — Год культуры, і натхненне мы ўзялі ў Нясвіжы, у замку Радзівілаў. На гэты раз алея ператворыцца ў Радзівілаўскі парк і будзе прысвечана жанчынам роду Радзівілаў. Тут можна будзе даведацца пра тое, чаго няма ў падручніках, тое, што шукалі дзеці самі, і нават паглядзець на вобразы жанчын у ландшафтным дызайне”.
Работа толькі пачынаецца — акрэсліваецца вертыкальнае азеляненне, ужо выбудоўваецца з кветак сукенка Барбары Радзівіл — менавіта яе кветкавы вобраз стане асновай летняй кампазіцыі і будзе сустракаць школьнікаў у верасні. Увасабленнем праекта на алеі займаецца атрад “Альтэрнатыва”. Атрадаўцы рабілі макет, стваралі металічныя канструкцыі (толькі зварку рабілі настаўнікі працоўнага навучання), высаджвалі расліны. Але гэта ўжо канчатковая рэалізацыя. Школьнікі на працягу года працавалі ў бібліятэках, архівах, на інтэрнэт-рэсурсах. Хутка ўся знойдзеная інфармацыя будзе прадстаўлена на алеі — арыгінальныя стэнды заказаны і ўжо амаль гатовы. Але работа па праекце для многіх “альтэрнатыўшчыкаў” пачалася яшчэ ў студзені — лютым, калі ў школе стартаваў конкурс “Скарбонка ідэй” на лепшы міні-праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі і праходзіла абарона вучнёўскіх праектаў, а працягнулася вясной, калі яны вырошчвалі расаду кветак.
“Род Радзівілаў не меў сабе роўных у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага па колькасці выдатных палітычных, царкоўных, ваенных і культурных дзеячаў, — гаворыць адна з аўтараў даследавання вучаніца 10 класа Валерыя Хмяльніцкая. — За кожным вялікім мужчынам стаяла вялікая жанчына. Жанчыны Радзівілаў увайшлі у гісторыю не толькі дзякуючы сваёй прыгажосці і гісторыям кахання, але і асветніцкай дзейнасці. Яны пакінулі нам багатую спадчыну для гонару і шанавання. Жанчыны Радзівілаў — хто яны?
Як склаўся іх лёс? Які ўклад у развіццё нашай культуры яны зрабілі? На гэтыя пытанні мы і адказвалі ў сваім праекце”.
“Тагачаснае жыццё ў Нясвіжы нельга было ўявіць без банкетаў, свят, паляванняў, шэсцяў, парадаў і гульняў. Па ініцыятыве, напрыклад, Францішкі Уршулі да іх далучыўся тэатр, які быў каралеўскай забавай. Разам з мужам Міхаілам Казімірам Радзівілам Рыбанькам яна арганізавала музычную, вакальную і балетную школу, аркестр беларускіх народных інструментаў. Усё гэта вельмі хутка ператварыла Нясвіж у адзін з цэнтраў культурнага жыцця дзяржавы, — дапаўняе сямікласніца Юлія Казак. — Хутка пра ўсё гэта і многае іншае можна будзе даведацца, прайшоўшыся па алеі”.
Акрамя працы ў Радзівілаўскім парку, удзельнікі атрада “Альтэрнатыва” на працягу лагернай змены бяруць удзел у спартыўных спаборніцтвах, інтэлектуальных гульнях, матэматычных турнірах, вучацца ратаваць людзей на вадзе з Таварыствам ратавання на водах, ходзяць у кінатэатры і на экскурсіі.
Трэба адзначыць, што чатыры старшакласнікі, удзельнікі атрада “Альтэрнатыва”, якія выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях, маюць яшчэ і матэрыяльнае заахвочванне. Яны афіцыйна ўладкаваны тэхнічнымі работнікамі — на лета звычайна тут вызваляюцца вакансіі. Сёлета іх дзве, і кожны з чатырох школьнікаў працуе на паўстаўкі. Хлопцы дапамагаюць у рамонце школьнай мэблі, уборцы тэрыторыі школы. Так што яны спалучаюць прыемнае не толькі з карысным, але яшчэ і маюць магчымасць паправіць сваё матэрыяльнае становішча.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.