Добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыі — паняцце вельмі маштабнае. Некаторым школам для таго, каб азеляніць тэрыторыю, дастаткова засеяць клумбы пярэстымі кветкамі і вырваць траву, якая прабілася скрозь тратуары. Тым не менш ёсць і такія ўстановы адукацыі, на тэрыторыі якіх знаходзяцца сапраўдныя аазісы прыгажосці.
Адной з такіх устаноў з’яўляецца Навасёлкаўская сярэдняя школа, якая знаходзіцца ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Менавіта тут на працягу ўжо 12 гадоў рэалізуюцца праекты па азеляненні тэрыторыі. А пачалося ўсё тады, калі дырэктар школы Святлана Мікалаеўна Шаўцова захацела стварыць для сваіх вучняў куток адпачынку. Доўга думаць, на якім участку школьнай тэрыторыі лепш пабудаваць зону адпачынку, ні вучням, ні настаўнікам не прыйшлося. На кожным перапынку ўсе без выключэння любяць гуляць па алеі выпускнікоў. А гэта значыць, што менавіта там і патрэбна стварыць куточак, у якім будзе прыемна не толькі правесці час з сябрамі, але і пабыць аднаму.
“Перад тым, як прыступіць да рэалізацыі праекта па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі, я вельмі доўга думала, якім па сваім знешнім выглядзе павінен быць школьны куточак адпачынку, — расказвае дырэктар школы Святлана Мікалаеўна Шаўцова. — Хацелася прадумаць усё без выключэння. Ідэя рэалізаваць некалькі ландшафтных праектаў на адной тэрыторыі з’явілася пасля таго, як мне пашчасціла пабываць на Іванаўшчыне, на тэрыторыі былога панскага маёнтка. Мяне вельмі ўразілі альтанкі, якія я там убачыла. Яны пабудаваны са звычайных зрубаў, а дах зроблены з рагозу. І я зразумела, што хачу менавіта такую прыгажосць стварыць у нашай школе”.
Для таго каб на адной невялікай па плошчы школьнай тэрыторыі гарманічна спалучыць некалькі розных ландшафтных форм, і настаўнікам, і вучням давялося прыкласці шмат намаганняў.
Першым у зоне адпачынку з’явіўся водны сад, які ўяўляе сабой невялікую сажалку. Каб яго пабудаваць, кіраўніцтва школы звярталася за дапамогай у калгас.
“Безумоўна, каб вадаём быў максімальна набліжаны да рэальнасці, нам патрэбна было зрабіць яго “жывым”, гэта значыць, “пасяліць” побач з ім некалькі відаў раслін, а на дно і ўздоўж берагоў насыпаць каменне, — працягвае Святлана Мікалаеўна. — Менавіта пры дапамозе калгаса, які даў нам для работы трактар, мы выкапалі яму пад возера і прывезлі неабходны для работы матэрыял. А праз некаторы час стварылі яшчэ і ручай, які ўпадае прама ў сажалку”.
Сёлета, дарэчы, у Навасёлкаўскай школе актыўна пачалі ажыццяўляць яшчэ адзін цікавы праект, які таксама накіраваны на добраўпарадкаванне тэрыторыі. Так, у хуткім часе ў зоне адпачынку з’явіцца рутарый — сад, у якім растуць цікавыя па форме галінкі дрэў, пянькі.
“Першапачаткова жывапісныя карчы выкарыстоўваліся выключна ў клумбах, альпінарыях для таго, каб разбавіць звыклую колеравую гаму кветак чымсьці незвычайным, — тлумачыць Святлана Мікалаеўна. — Прайшоў час, і элементы дзікай прыроды, да якой адносяць рутарый, нікога не здзіўляюць. Тым не менш будзе вельмі цікава і незвычайна, калі мы паспрабуем стварыць асобны сад з рутарыя. У нашых навучэнцаў, між іншым, ужо ёсць вопыт стварэння падобных кампазіцый. У кожнай ландшафтнай зоне школы разам з асноўнымі кампазіцыямі гарманічна ўжываюцца і элементы рутарыя”.
Кантры-куток, які жыве вясковымі традыцыямі
Асаблівая гордасць школы — кантры-куток. Менавіта гэтую зону адпачынку можна назваць не толькі самай народнай, але і самабытнай. Дарэчы, перад тым, як пабудаваць кантры-куток, Святлана Мікалаеўна распрацавала маштабны праект. Асноўнай задачай, якая стаяла перад школай падчас стварэння нацыянальнага кутка, было захаванне традыцый беларускай гісторыі, а таксама выхаванне ў навучэнцаў патрыятызму, любові да сваёй маленькай радзімы.
Для таго каб кантры-куток набыў адценне беларускага нацыянальнага каларыту, на дапамогу дзецям прыходзілі мясцовыя жыхары. Ніхто лепш за іх не раскажа пра традыцыі, забабоны, якія спрадвеку перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Да таго ж менавіта бабулі дапамаглі школьнікам ажыццявіць галоўную задумку — “пасяліць” на тэрыторыі кантры-кутка саламяных лялек памерам у чалавечы рост. Ствараць народны куток навучэнцы пачалі ў жніўні, у самы разгар уборачнай кампаніі. Відавочна, што праблем са свежай саломай у вучняў не было. Праз некалькі дзён плённай працы ў кантры-кутку з’явіліся новыя гаспадынькі — саламяныя лялькі з доўгімі льнянымі валасамі. Апранулі жыхарак кантры-кутка ў прыгожыя саламяныя спаднічкі, на якіх быў акуратна “вышыты” беларускі арнамент.
“Жнівень — гэта месяц, які найбольш поўна адлюстроўвае ўсю сутнасць славянскага народа, — з адухаўленнем працягвае Святлана Мікалаеўна. — Менавіта ў жніўні нашы продкі выходзілі на палі з сярпамі і жалі жыта. Тым, хто жыве ў вёсцы, выпадае ўнікальная магчымасць штодня не толькі назіраць, як праходзіць збор ураджаю, але і самім прымаць удзел у гаспадарчых работах. Дарэчы, падчас узвядзення кантры-кутка нашы вучні навучыліся збіраць снапы, а таксама будаваць агароджу з саломы. Усё-такі гэта цудоўна — умець рабіць са звычайных падручных матэрыялаў сапраўдную прыгажосць”.
Яшчэ адным цікавым элементам кантры-кутка з’яўляецца альтанка, зробленая з драўлянага зруба. Для таго каб тэрыторыя, на якой размяшчаецца гэты домік, нагадвала сабой маленькую вёску, побач з альтанкай пабудавалі штучны калодзеж з жураўлём. Трапіць да яго можна па вузенькай, вымашчанай каменнем дарожцы. Калі ж прайсці крыху далей, у другі бок кантры-кутка, можна выйсці да кастрышча. Менавіта тут падчас турыстычных злётаў праходзяць сустрэчы з гасцямі Навасёлкаўскай школы. Дарэчы, традыцыйным стала прыгатаванне на кастрышчы шашлыка для гасцей школы, а таксама запечаных бананаў для вучняў малодшых класаў.
На працягу доўгага часу сапраўдным гонарам кантры-кутка з’яўляўся стары, сухі, пакрыты шэрым імхом дуб. Дзякуючы фантазіі і жаданню ўпрыгожваць свет вакол сябе, настаўнікі і школьнікі перасялілі дрэва “У Лукамор’е”. А каб казка ажыла, на дуб наматалі “залаты” ланцуг, на які пасадзілі плюшавага ката.
“Ідэя стварыць “Лукамор’е” з’явілася адразу, як толькі дуб трапіў на вочы, — працягвае Святлана Мікалаеўна. — І скажу шчыра: у нас атрымалася стварыць казачную атмасферу. Дуб знаходзіўся побач з водным садам. І кожны раз, калі праходзіш міма, здаецца, што кот вось-вось ажыве і, як у аднайменным творы Пушкіна, завядзе песню або пачне расказваць казку. Для поўнай карціны не хапала толькі лесуна пасяліць дзе-небудзь пад елкай і пасадзіць русалку на галінку!”
Рэлакс у стылі Краіны ўзыходзячага сонца
Самым спакойным і ціхім месцам у Навасёлкаўскай сярэдняй школе з’яўляецца куток, які аформлены ў адпаведнасці з усходнім стылем. Мінімалізм — вось асноўная ўмова, якой прытрымліваліся ў школе, ствараючы нетыповае для беларускіх пейзажаў месца адпачынку. Увогуле сад у японскім стылі ўяўляе сабой спакойную, гарманічную карціну. Прычым кожная частка гэтай карціны павінна, па-першае, быць індывідуальнай, а па-другое, павінна ўдала спалучацца з іншымі, асобнымі кампанентамі саду, ствараючы пры гэтым адзіную, цэласную кампазіцыю.
“Ідэя выкарыстаць у ландшафтным дызайне японскі стыль з’явілася выпадкова, — тлумачыць Святлана Мікалаеўна. — Пасля перамогі ў адным з конкурсаў, прысвечаных добраўпарадкаванню школьнай тэрыторыі, нам падарылі кнігу па дызайне. На апошніх старонках кнігі я ўбачыла тэму, прысвечаную ўсходняму стылю, і мне так захацелася стварыць на школьнай тэрыторыі нешта падобнае, што ўжо літаральна праз некалькі дзён мы пачалі працаваць”.
Для таго каб японскі сад мог выконваць сваю галоўную функцыю — дапамагаць пагрузіцца ў стан поўнай рэлаксацыі — пры яго стварэнні былі выкарыстаны асноўныя элементы ўсходняга ландшафту. Так, у садзе ўся прастора рацыянальна распланавана. Дрэвы і казацкі ядловец акуратна пастрыжаны, а па перыметры вадаёма, які з’яўляецца абавязковым элементам японскага ландшафту, рассыпаны камяні.
“Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі японскага кутка элементаў ландшафту вельмі мала, ён з’яўляецца любімым месцам адпачынку многіх настаўнікаў, — працягвае Святлана Мікалаеўна. — І тут, у адрозненне ад іншых зон адпачынку, мяняць нічога не хочацца”.
Калі гаварыць пра далейшыя планы Навасёлкаўскай школы, то яны пакуль трымаюцца ў сакрэце. Але відавочна, што калі гэтыя сакрэты ажыццявяцца, школа стане яшчэ больш прыгожай і яркай.
Наталля ДУБІК.