Вясна — пачатак усяго новага. І пакуль навокал усё зелянее і распускаецца, у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі таксама адчуваецца свежы подых вясны. Яна жыве ў дзіцячых работах, ззяе яркімі фарбамі і запрашае кожнага адчуць гэты радасны настрой і ўсміхнуцца ў адказ. І вось ужо ў дамах пахне велікоднай выпечкай, а маленькія наведвальнікі аб’яднання па інтарэсах “Азбука лялечнага дызайну” нясуць дадому велікодныя сувеніры — зайчыкаў, курэй і гусей (зразумела, пашытых сваімі рукамі), каб павіншаваць родных. Для дзяцей гэта не проста сувеніры: кожная цацка зроблена з такой пяшчотай і цеплынёй, ад якой нельга проста застацца раўнадушным. Як, зрэшты, і ад кіраўніка аб’яднання Галіны Васільеўны Бабік.
Пра рэкламу і велікоднага зайчыка
“У кабінеце “Мяккая цацка” займаюцца некалькі педагогаў. Акрамя Галіны Васільеўны, гэта Алена Фёдараўна Каралёва, якая выкладае “Мастацкую цацку з вышыўкай”, а таксама я — кіраўнік студыі выўленчага мастацтва “Вясёлка”, — тлумачыць мне загадчык кабінета Святлана Барысаўна Калістратава і паказвае расшытую беларускімі ўзорамі ляльку Дзеўка-Баба. — А гэта цікавая і вясёлая Пэпі Доўгая Панчоха — работа аб’яднання “Азбука лялечнага дызайну”, якая хутка адправіцца на чарговую выставу. А вось нашы цудоўныя Цільды, іх шыюць старэйшыя дзяўчаты”, — працягвае Святлана Барысаўна.
Пакуль я разглядаю яркіх і прыгожых лялек, у кабінеце пачынаюцца заняткі. Іх кіраўнік — Галіна Васільеўна Бабік — прыйшла працаваць у Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі яшчэ восем гадоў назад і адразу стварыла гурток “Азбука лялечнага дызайну”. З таго часу рабіць цуды сваімі рукамі навучыліся многія дзяўчынкі. Як успамінае педагог, былі нават хлопчыкі.
“Устаўляй нітку ў іголачку”, — гаворыць Галіна Васільеўна 8-гадовай Ульяне. Дзяўчынка хутка спраўляецца з заданнем і пачынае шыць. Кавалачкі яркай тканіны з кветкавым малюнкам паступова ператвараюцца ў… зайчыка. “Гэта я не паспела дашыць велікоднага зайку на мінулым уроку, але сёння, напэўна, яго скончу”, — тлумачыць мне рыжавалосая, нібы сонейка, Ульяна Карповіч.
“Ульяна прыйшла да нас нядаўна разам са сваёй аднакласніцай Дашай Букас, якая займаецца другі год. Даша шые цудоўных лялек, адну з якіх аднойчы прынесла ў школу. А потым прывяла з сабой дзвюх сябровак, якія, убачыўшы яе работу, таксама захацелі ў нас займацца. Вось вам і рэклама, што і казаць”, — усміхаецца Галіна Васільеўна.
Заняткі ў гуртку праходзяць два разы ў тыдзень — у аўторак і нядзелю. Як адзначае педагог, іх наведваюць у асноўным дзеці 9—10 гадоў. Зразумела, ёсць старэйшыя дзяўчынкі, а самай маленькай наведвальніцы аб’яднання Варвары толькі споўнілася шэсць. Па словах Галіны Васільеўны, яна хвалявалася, калі згадзілася ўзяць яшчэ садаўскае дзіця. Аднак хутка знайшла да яе падыход і ўпэўнілася: Варвара стараецца і не адстае ад іншых дзяўчынак.
Майстры на ўсе рукі
“Праходзь, калі ласка, Арына!” — запрашае педагог 11-гадовую дзяўчынку, якая крыху спазнілася. Арына с усмешкай уваходзіць у клас і адразу пачынае гартаць тоўстую папку з выкрайкамі цацак — выбірае, над чым сёння будзе працаваць. Неўзабаве ў маленькіх ручках аказваецца выява коціка. “Думаю, лепш яго зрабіць ружовым”, — гаворыць Арына Лосева і ўжо трымае абрэзак мяккай светла-ружовай тканіны. “Добра”, — згаджаецца Галіна Васільеўна і тлумачыць, як правільна абвесці выкрайку, а потым нібы ўспамінае: “Дзе ж падзелася наша Даша?!”
Гэта яна мае на ўвазе другакласніцу Дашу Букас, тую самую, якая прывяла з сабой у палац Ульяну. Для Дашы заняткі ў аб’яднанні проста эліксір для душы. “Пакуль не дашые ляльку, не можа пайсці дадому. Вельмі цікавая і старанная дзяўчынка, а лялькі ў яе якія — вы б бачылі! Яна ўсіх прыціскае да грудзей і нясе дадому, бо хвалюецца, што мы забяром іх на выставу і прыйдзецца доўга чакаць”, — усміхаецца педагог. “Дык яна адной ляльцы валасы нават на фізкультуры рабіла, так хацела хутчэй яе дашыць, — “здае” сяброўку Ульяна і дадае: — Даша Букас захварэла на вятранку, вось і не прыйшла”.
Пакуль мы размаўляем, справа ў дзяўчынак не спыняецца. Ульяна ўжо напаўняе зайчыка сінтэпонам. Яшчэ некалькі французскіх вузельчыкаў для вочак, вышыўка носа-сардэчка — і ў дзяўчынкі гатовы велікодны зайчык. Яна з усмешкай дэманструе яго мне і сціпла пытаецца ў Галіны Васільеўны: “А ці можна мне зараз пашыць вось такое яйка з вушкамі? Вельмі яно мне падабаецца”, — і паказвае на знойдзеную выяву ў папцы.
Выкраек у педагога сапраўды шмат: штосьці знойдзена ў інтэрнэце, часопісах і дапрацавана на свой лад, штосьці проста намалявана ад рукі, аднак, на здзіўленне, самымі папулярнымі выкрайкамі з’яўляюцца намаляваныя дзецьмі.
“Глядзіце, гэта кот. Здавалася б, што ў ім асаблівага? Але ж ён такі абаяльны. Мабыць, таму яго выкрайка самая папулярная. У нас ёсць дзяўчынка Саша Сакалова, якая можа іншы раз ленавацца, а потым у імгненне сядзе, нешта намалюе — і тут жа пашые сваю цацку. І няважна, што гэта будзе крыху крывая лісіца, але дзеці потым па гэтай выкрайцы з задавальненнем шыюць вырабы. І такія харошанькія гэтыя лісіцы атрымліваюцца, — здзіўляецца Галіна Васільеўна. — А бывае, дзеці на выставе ўбачаць ляльку і просяць яе пашыць. Трэба ісці ў нагу з часам, таму ў нашай скарбонцы ўвесь час з’яўляецца нешта новае, напрыклад, смешныя каратканогія лялькі Лалалупсі, якімі неверагодна захапляюцца дзеці”.
На сталах у дзяўчынак — скрыначкі, напоўненыя вялікай колькасцю розных матэрыялаў: іголкі, швейныя ніткі, абрэзкі разнастайных тканін (Арына, напрыклад, прыхапіла з сабой яркую каляровую палоску, якая засталася пасля пакарочвання мамінага халата), стужачкі, гузікі і іншыя дзіцячыя скарбы. Усё гэта абавязкова спатрэбіцца ім у рабоце. Але многа матэрыялаў ёсць і ў Галіны Васільеўны. Нечым гэтыя запасы яна папаўняе сама, а штосьці дадаюць так званыя пастаўшчыкі.
“Людзі многа чаго нам самі прыносяць добраахвотна — толькі працуйце! У нас ёсць адна бабуля, якая часам тэлефануе і з усмешкай прадстаўляецца: “Гэта я, ваш пастаўшчык”. Вось ужо колькі разоў яна не ленавалася, садзілася ў трамвай і прывозіла знойдзеныя ў шафе гузікі, тканіны. І такіх людзей многа, таму з матэрыяламі для творчасці праблем няма”, — адзначае педагог.
Тым не менш змесціва дзіцячых скрыначак часам змяняецца. Справа ў тым, што пастаянна рабіць адно і тое ж, на думку кіраўніка аб’яднання, дзецям можа аднойчы надакучыць, таму яны ўжо на ўсе рукі майстры. Разам з Галінай Васільеўнай навучэнцы займаюцца валяннем з шэрсці, дэкупажам, працуюць з фетрам і нават робяць паштоўкі і сувеніры. Асабліва гэта дарэчы, калі хтосьці з парога гаворыць нешта накшталт: “У таты заўтра дзень нараджэння, трэба хуценька зрабіць падарунак”. Галіна Васільеўна толькі ўсміхаецца і… ужо тлумачыць, як замацаваць крэпавую кветачку на кардоннай паштоўцы, прыклеіць чарговы самацвет або заваляць падарункавае мыла ў шэрсць.
У лялек таксама бывае сэрца
Аднак асноўны кірунак аб’яднання ўсё ж лялькі. І шыць іх пачынаюць з першых заняткаў. Усё робіцца ўручную і паступова адпрацоўваецца да аўтаматызму. “Гэта я раблю прынцыпова, хоць у класе ёсць швейныя машынкі. Дзецям неабходна навучыцца шыць акуратна рознымі відамі шыўкоў, і, трэба сказаць, паступова некаторыя пачынаюць гэта рабіць выдатна. Машынка і побач не стаяла, — заўважае Галіна Васільеўна. — А вось старэйшыя дзяўчынкі ўжо садзяцца за машынку, але і тут усё прыходзіць з практыкай, адразу зрабіць ідэальна роўнае шво вельмі складана”.
На заняткі ў аб’яднанне па інтарэсах прыходзяць дзеці рознага ўзроўню падрыхтаванасці: хтосьці ўпершыню трымае ў руках іголку, а хтосьці ўжо нядрэнна ўмее шыць. Тым не менш, як расказвае Галіна Васільеўна Бабік, пашыць ляльку Зернавушку (Крупянічку) зможа кожнае дзіця. Менавіта з гэтага восенню пачынаюцца заняткі ў аб’яднанні.
“Простымі шыўкамі шыецца мяшочак, які напаўняецца зернем або крупамі. Потым для лялькі мы робім спаднічку, але твар не вышываем. Гэта абярэгавая лялька, якая ставіцца дома ў так званы чырвоны кут. Лічыцца, што яна захоўвае сямейны ачаг на працягу ўсяго года. Дзеці вераць у гэта і заўсёды беражліва ставяцца да Зернавушкі, адразу нясуць дадому, — расказвае кіраўнік аб’яднання. — Потым мы робім Кубышку-траўніцу — старажытную беларускую ляльку, якая шыецца таксама даволі проста, на аснове двух кругоў, напоўненых разнастайнымі травамі. А водар ад яе які цудоўны!”
Праграмнай з’яўляецца і вепская лялька, зробленая шляхам змотвання тканіны і яе перавязвання без выкарыстання вострых прадметаў — нажніц і іголкі. Такіх абярэгавых лялек здаўна рабілі мамы, каб жыццё дзіцяці было шчаслівым. Навучэнцы аб’яднання “Азбука лялечнага дызайну” без праблем могуць скруціць вепскую ляльку.
Але калі вы думаеце, што лялькі можна рабіць толькі з тканіны, то памыляецеся. Шыкоўныя работы атрымліваюцца са звычайных кукурузных лістоў. Іх Галіна Васільеўна нарыхтоўвае шмат, каб хапіла кожнаму. “Мокрыя яны становяцца даволі паслухмянымі. А як падабаецца дзецям працаваць з натуральным матэрыялам! Мы разрываем іголкай валокны — гэта будучыя валасы лялькі, якія пры высыханні становяцца кучаравымі. Потым робім тулава, пляцём ногі. А ўжо пасля шыем вопратку — і жаночую, і мужчынскую — хто якую ляльку жадае”.
Як вы зразумелі, на занятках кожны можа зрабіць любую цацку згодна са сваімі магчымасцямі, інтарэсамі і густамі. Старэйшыя дзяўчаты, у якіх ужо ёсць пэўныя ўменні, бяруцца за больш складаныя работы — шыюць папулярныя сёння лялькі Цільды або невялікія Алікі.
“Самае цікавае: дзеці шыюць лялек і не здагадваюцца нават, што яны падобны на іх саміх. Але кожная цацка дакладна падобная на дзіця, якое яе сварыла. Як, дарэчы, і партрэт”, — заўважае загадчык кабінета “Мяккая цацка” Святлана Барысаўна Калістратава.
“Гэта праўда, — падхоплівае размову Галіна Васільеўна. — Даша пашые ляльку, як сама — абсалютна! Мы глядзелі на дзяцей і заўважалі, наколькі яны падобныя. Здавалася б, усе працавалі па аднолькавых выкрайках, але ўсё роўна бачна адразу, чыя лялька. Дарэчы, некаторым лялькам мы ўшываем сардэчка, нібы ажыўляем іх. Гэта асабліва ўражвае дзяцей”.
Зламаць псіхалогію дарослых
Два першыя месцы — на выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва “Традыцыі і сучаснасць” і гарадскім этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!” — заваяваў праект Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі “Давай пасябруем!”. Як вы здагадаліся, праект быў створаны і ўвасоблены не без намаганняў педагогаў кабінета “Мяккая цацка”.
“Мы пайшлі ў дзіцячы сад і проста папрасілі малышоў намаляваць цацкі, якія б яны хацелі ўбачыць. Гэтыя малюнкі сталі нашымі эскізамі, па іх былі зроблены дакладныя выкрайкі, і выхаванцы аб’яднання пашылі цэлую калекцыю, каб потым падарыць яе малым. Адсюль і назва “Давай пасябруем!”.
Зараз калекцыя знаходзіцца на выставе ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, таму да дзяцей лялькі пакуль не дайшлі, але калі выстава скончыцца, кожная работа знойдзе свайго ўладальніка, — запэўнівае Святлана Барысаўна Калістратава.
“Бачыце, намаляваны кракадзіл, а вось гэты кракадзіл ужо ў жыцці, а вось мішка, — паказвае мне выставу на фотаздымках Галіна Барысаўна. — Зайкі, лісы, мядзведзі — такія ж крываногія, як намалявалі дзеці, але проста чароўныя. Адна дзяўчынка, ужо з’яўляючыся школьніцай, пашыла прынцэсу па сваім малюнку, зробленым яшчэ ў дзіцячым садку. Дзеці не толькі шылі цацкі, але і выконвалі іх у тэхніцы пап’е-машэ, ляпілі з салёнага цеста. Шчыра кажучы, падчас работы над праектам даходзіла да таго, што дзіця намалявала, а мама гаворыць: “Адыдзі, я крыху выпраўлю!” — бабуля: “Расступіцеся, я дапамагу!” — усміхаецца кіраўнік аб’яднання “Азбука лялечнага дызайну”.
“Тут трэба было стрымліваць бацькоў, бо кожны з іх намагаўся ўсё зрабіць не па-дзіцячаму, а каб было правільна. Мы ім даказалі, што няправільна — гэта добра, што павінна быць крыва, што сіні кракадзіл — гэта тое, што трэба, і не варта рабіць яго зялёным. Трэба было крыху зламаць псіхалогію дарослых. Хоць наша ідэя і не новая, але праект атрымаўся дастаткова цікавым, бо нашы цацкі — не прамысловая вытворчасць, а цалкам дзіцячая работа, — заўважае Святлана Барысаўна. — Над праектам усе дзеці працавалі натхнёна і самааддана, магчыма, таму ён такі душэўны. А калі так, то будзе і працяг”.
Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.