Лясныя клопаты

Для кожнага старшакласніка вясновыя дні поўныя турбот, бо трэба годна скончыць школу, здаць экзамены, падрыхтаваць выпускны вечар. Але самае галоўнае — не памыліцца, выбраўшы для сябе прафесію, і паспяхова здаць уступныя іспыты. Нехта вывучае рэйтынг самых запатрабаваных прафесій, заробкі ў розных сферах, прахадныя балы ў навучальныя ўстановы. А, напрыклад, у Драчкаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Смалявіцкага раёна многія вызначаюцца з прафесіяй за некалькі гадоў да выпуску, калі становяцца ўдзельнікамі школьнага лясніцтва, дзе знаёмяцца з “ляснымі”спецыяльнасцямі.

Філолаг у лесе

Знаёміць з “ляснымі” прафесіямі сваіх навучэнцаў… настаўніца рускай мовы і літаратуры Ларыса Міхайлаўна Праскурнічая. Хоць гэта і нетрадыцыйнае спалучэнне — філалогія і лясная справа, у дадзеным выпадку яно вельмі плённае.


“Я прыехала сюды з чарнобыльскай зоны, з Веткаўскага раёна, яшчэ ў 1992 годзе, — расказвае настаўніца. — Вырасла ў лесе, таму ўвабрала яго ў сябе з дзяцінства, без яго ўжо не магу (нават у класе настаўніцы фоташпалеры з бярозавым гаем на ўсю сцяну, і лес на карцінах дапаўняюць пейзажы з акна. — Заўв.аўтара). Драчкаўскія лясныя мясціны мне вельмі спадабаліся, я з задавальненнем спалучала працу ў школе са сваім хобі. Пасябравала з кіраўніцтвам мясцовага лясніцтва і ў вольны час сама дапамагала на гадавальніку. Паціху сталі далучацца мае навучэнцы — мы жывём у акружэнні лясоў, і ўжо гэта падказвала курс руху. Напачатку нас прасілі дапамагчы ў мясцовым лясніцтве, дзе ёсць вялікі гадавальнік. Яго супрацоўнікі не заўсёды паспявалі праполваць там маладыя саджанцы. За нашу работу падзякай былі ў тым ліку гэтыя саджанцы. Мы сталі азеляняць тэрыторыю школы і наваколле. На пустэчы, па якой беглі штодзень у школу дзеці, пасадзілі ліпавую алею. А 7 гадоў назад утварылася школьнае лясніцтва”.

Дакладней, яно аднавіла сваю работу, як адзначыла дырэктар Таццяна Антонаўна Каляда, бо школьнае лясніцтва ўзнікла тут амаль адначасова са школай — больш за 40 гадоў назад. Першым выпускніком і школы, і лясніцтва быў Мікалай Юшко — да нядаўняга часу галоўны ляснічы Смалявіцкага лясгаса, а цяпер — выкладчык Рэспубліканскага цэнтра павышэння кваліфікацыі работнікаў лясной гаспадаркі. Менавіта яго дачка вучылася ў класе Ларысы Міхайлаўны. Разам яны аднавілі былую справу М.Юшко па прапанове дырэктара школы. Затым школьную ініцыятыву падтрымалі супрацоўнікі гадавальніка лясгаса і бацькі навучэнцаў. Напрыклад, немалую дапамогу школьнікам і настаўнікам аказвала былы начальнік гадавальніка Смалявіцкага лясгаса Соф’я Мяніцкая. Цяпер яна на пенсіі, але яе справу працягвае выпускніца драчкаўскай школы Алена Сыцько.


“Я не ўяўляю сваю школу без школьнага лясніцтва, — тлумачыць сваю ініцыятыву Таццяна Антонаўна. — Гэта адзін з кірункаў экалагічнай адукацыі, тое, на чым варта выхоўваць дзіця ад нараджэння, асабліва жывучы ў вёсцы, у такіх маляўнічых мясцінах. І таму аднавіць лясніцтва, наладзіць пераемнасць ад школьнай парты да прафесіі было адной з першых маіх спраў на пасадзе дырэктара. Нам гэта блізка, нам гэтага хочацца і ў нас гэта атрымліваецца. А ў Год малой радзімы мы пастараемся яшчэ больш актывізаваць яго дзейнасць”.

Супрацоўніцтва з агульнай мэтай

Члены школьнага лясніцтва — вучні 7—11 класаў, хоць да пасільнай працы далучаюцца і выхаванцы дзіцячага сада і пачатковай школы. Сёння ў аб’яднанні 37 школьнікаў — больш за чвэрць усіх навучэнцаў школы (іх 150). Сяброўства з лясніцтвам — справа добраахвотная, і спецыялісты мясцовага лясніцтва, у тым ліку яго кіраўнік, робяць усё для таго, каб старшакласнікам было цікава. У календары практычных спраў юных натуралістаў не толькі пасадка лесу, але і падкормка зімуючых птушак, агароджванне мурашнікаў, шэраг экалагічных акцый і мноства іншых цікавых і карысных заняткаў.


Паміж прафесійнымі лесаводамі і вучнямі ўсталяваліся трывалыя дзелавыя адносіны. Дзеці часта наведваюць лес, а спецыялісты лясніцтва — школу. Штогод у Міжнародны дзень лесу юных лесаводаў становіцца больш — ва ўрачыстай абстаноўцы школьнае лясніцтва прымае ў свае рады новых аматараў прыроды.

“Прыбіраем мы і лес, бо мясціны нашы багатыя на лясныя дары, таму з Мінска едзе шмат грыбнікоў і ягаднікаў, якія пакідаюць пасля сябе многа смецця, асабліва пластыкавых бутэлек. Агароджваем мурашнікі, каб іх не разбуралі. Канечне, мы не прывядзём у парадак увесь лес, хаця б ускраек, палянку. Галоўнае, што нашы дзеці, якія прымаюць удзел у такой уборцы, ніколі не насмецяць, не разбураць мурашнік. Птушыныя домікі — гэта ўжо наша традыцыя. І дома, і ў школе на ўроках працоўнага навучання дзеці майструюць домікі, а малодшыя дзеці даглядаюць птушак, кормяць іх, назіраюць за імі”, — гаворыць Ларыса Міхайлаўна.
Юныя ляснічыя праводзяць і свае даследаванні. Напрыклад, Аляксандр Сяміжон прыняў удзел у конкурсе даследчых работ і са сваёй работай па вырошчванні хвойнікаў заняў 1-е месца ў раёне.

Яслі для дрэў

На тэрыторыі Драчкаўскага лясніцтва размешчаны гадавальнік, дзе вырошчваюцца разнастайныя віды хваёвых і ліставых парод дрэў, дэкаратыўныя расліны. Члены школьнага лясніцтва тут частыя госці. Па яго ўзоры школьнікі стварылі і свой маленькі гадавальнік, дзе з поспехам прымяняюць навыкі па лесаводстве.

“Пачыналі з елкі, сасны, потым з’явіліся насаджэнні самшыта, брызгліны, туі, ядлоўцу, клёна, спірэі, ціса, чырвонага і зялёнага барбарысу і іншых раслін, — расказвае Ларыса Міхайлаўна. — Летась да іх дабавілася некалькі радкоў сібірскай сасны, кедра, лістоўніц. Спадзяёмся ў будучыні рассадзіць усе гэтыя дрэўцы ў наваколлі. Нешта ўжо паспелі зрабіць. Мы двойчы выязджалі ў Смалявічы з “калючымі” падарункамі, і на іх тэрыторыі разам з малышамі закладвалі лясны куток. 70-годдзе Перамогі мы адзначылі акцыяй “70 саджанцаў Перамогі”. У суседняй пікалінскай школе саджалі дрэвы. Так, разам з ветэранам вайны пасадзілі дрэва памяці, тады ж пасадзілі блакітную елку ля падножжа Кургана Славы. Каласальны ўрон нашым лясам прынёс ураган, ёсць поўнасцю знішчаныя лясы. Мінулай вясной наша валанцёрская група высаджвала новыя дрэвы на іх месцы, у тым ліку з нашага гадавальніка.

І, канечне, упрыгожваем прышкольную тэрыторыю”.

Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

Многія школьныя лесаводы задумваюцца пра тое, каб перайсці на прафесійны ўзровень. На нядаўняй раённай канферэнцыі “Мой выбар — “Школьнае лясніцтва”: прафесія, кар’ера, дарога да поспеху”, якая праходзіла на базе драчкаўскай школы, прысутныя даведаліся, што з ліку нядаўніх выпускнікоў школьнага лясніцтва два чалавекі скончылі каледжы і працуюць майстрамі лесу. Яшчэ каля 10 выпускнікоў працуюць у Смалявіцкім лясгасе.


Прафесійны лёс Аляксандра Сяміжона вызначыла яго навуковае даследаванне, якое вельмі захапіла хлопца. Хутка ён закончыць Полацкі дзяржаўны лясны каледж, і яго ўжо чакаюць у лясніцтве. Аляксандр плануе завочна паступаць на лесагаспадарчы факультэт БДТУ. Цяпер на гэты факультэт паступіў і Максім Сіўчык.

— Нехта марыць стаць урачом, нехта — інжынерам. Добра, што ёсць і тыя, хто сёння плануе быць лесаводам, — гаворыць кіраўнік лясніцтва. — Мы, канечне, стараемся падштурхнуць дзяцей да выбару прафесіі, звязанай з лесам, каб яны вярталіся ў свой раён працаваць. Нездарма кажуць, што “дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”, бо чалавек лепш зразумее, што патрэбна яго роднаму краю, яго землякам, і будзе старацца. Чалавек чужы не хварэе за справу, часта адбывае свае працоўныя дні, а калі нешта не атрымліваецца, спрабуе ў іншым месцы. Калі ты вырас на гэтай зямлі, калі тут жывуць твае бацькі, сваякі, то хочаш для сваёй радзімы лепшага.

Плануюць стаць студэнтамі і вывучаць лясную справу, а потым абавязкова вярнуцца на сваю малую радзіму і дзесяцікласнікі Аляксей Касцяневіч і Кірыл Маліноўскі.

Адзінаццацікласніцы Юліі Тышкевіч такі выбар калег па лясным цэху падаецца натуральным, бо, па яе прызнанні, лес сапраўды прыцягвае. “Я прыехала жыць у Беларусь з Расіі, з Архангельскай вобласці, толькі ў мінулым годзе, — гаворыць дзяўчына. — Беларускі клімат адрозніваецца, тут цяплей, таму і дрэвы больш прыгожыя. Для мяне першым уражаннем стала тое, што ў беларускіх лясах, акрамя прывычных нам елак, ёсць і мноства іншых дрэў. Мне падабаецца, што мы можам самі даглядаць лясы, нават закладваць новыя. Мы жылі ў мясцовасці гарадскога тыпу, і ў нашым лесе ніхто не збіраў ні ягады, ні грыбы — усе хадзілі толькі на шашлыкі, ніхто не прыбіраў за сабой смецце. А тут — чысціня”.

Дар’я Шэлег стараецца прымяняць дома веды, атрыманыя на занятках у школьным лясніцтве: “Ва ўсіх нас ёсць прысядзібныя ўчасткі, і нашы бацькі стараюцца таксама -зрабіць іх прыгожымі. Усё тое новае, пра што мы даведваемся, прымяняем дома з бацькамі на практыцы: тэсціруем арганічныя ўгнаенні, саджаем новыя віды хвойнікаў у свае дэндрарыі. Яны маюць вельмі далікатную каранёвую сістэму, таму не так проста іх размнажаць і асабліва перасаджваць. Пакуль яны маленькія і вельмі марудна растуць, трэба іх праполваць, каб трава, кусты не заглушылі іх. Некаторыя расліны адмоўна ўплываюць на прыжывальнасць, некаторыя, наадварот, гэтаму спрыяюць”.

Арцём Абрамаў заўважае, што клопат пра лес неабавязкова павінен быць прафесійным: “Лес — тое, чым мы дыхаем, дзякуючы чаму жывём. І ад таго, як мы сёння будзем з ім абыходзіцца, залежыць, што мы пакінем дзецям”.

“Зелянград” у вёсцы

Нядаўна ў школе пачала працаваць і школьная бізнес-кампанія “Зелянград”. Пакуль што Ірына Леанідаўна Маліноўская, настаўніца біялогіі і геаграфіі, кіраўнік школьнай бізнес-кампаніі, і яе 8 падапечных робяць свае першыя бізнес-спробы.


“Канечне, на хвойніках зарабляць цяжка, бо мы вядзём саджанцы ад чаранка, — тлумачыць Ірына Леанідаўна. — Каб развілася каранёвая сістэма, трэба прыкласці тытанічныя намаганні. Гэта расаду кветак можна вырасціць за месяц-два, а хвойніку, каб атрымаць таварны выгляд, неабходна 4—5 гадоў. Акрамя таго, цяпер вельмі нізка апускаюцца грунтавыя воды, таму высыхаюць нават дарослыя ельнікі і сасоннікі, не кажучы ўжо пра саджанцы. Іх прыжывальнасць невялікая. Мінулай вясной мы пасадзілі каля 600 чаранкоў, з іх толькі трэць прыжылася. Паспрабавалі і самшыты ўкараняць. Яны карыстаюцца большай папулярнасцю, дэкаратыўныя круглы год, і, галоўнае, у іх прыжывальнасць большая за 95 працэнтаў. Сёлета мы апрабуем самыя прыбытковыя расліны, падбяром агратэхніку, і, магчыма, нехта скарыстае гэта для сябе ў будучыні, пабудаваўшы на гэтым свой бізнес.

А сваю бізнес-кампанію мы стварылі не столькі для заробку, колькі для далучэння дзяцей да працы лесавода. У многіх бацькі працуюць у лясной прамысловасці. Гэта перспектыўная галіна, а ўлічваючы прырост і нарыхтоўку лесу, такой будзе заўсёды — як прамысловае будаўніцтва, так і лясная гаспадарка. Хаця азеляненне і стварэнне дэндрарыяў на сваім участку, на пустках, на вуліцах можа быць і хобі. У Драчкаве прыемна прайсціся па зялёных вуліцах, палюбавацца ядлоўцамі, кіпарысавікамі, цісамі. І мы хочам і заўтра бачыць свой край зялёным, а ў ім абавязкова — сваіх землякоў”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.