Любіць дзяцей, а не проста выхоўваць

Таццяну Пастэрнак з гімназіі Фаніпаля Дзяржынскага раёна яе калегі ведаюць добра: амаль 20 гадоў яна ўзначальвае раённае метадычнае аб’яднанне выхавальнікаў групы прадоўжанага дня і заўсёды рада дзяліцца сваім вопытам. Яго выхавальніца неаднаразова перадавала і на семінарах, майстар-класах, у СМІ. Яе выпускнікі і іх бацькі кажуць, што вучоба ў першым класе не надта запомнілася, затое яны ў дробязях памятаюць прадоўжанку з яе атмасферай, насычаным творчым жыццём, вячэрнімі святамі і фестывалямі. Але галоўная фішка Таццяны Антонаўны — дзіцячыя даследчыя праекты. Менавіта яны не даюць спакою дзецям і падштурхоўваюць іх штодзень даведвацца пра нешта новае.

Арыенцір на інтарэсы

“Продленка — для ребенка” — гэта стала дэвізам Таццяны Антонаўны, і яна кожны дзень для сваіх выхаванцаў стараецца зрабіць незабыўным. Па адукацыі яна фізік, працавала інжынерам, пакуль не прыйшла працаваць настаўніцай фізікі ў школу. А ў групу прадоўжанага дня трапіла выпадкова: папрасілі на некалькі дзён замяніць выхавальніка. І засталася там працаваць на амаль тры дзясяткі гадоў.

“Мне цікава было пражываць разам з дзецьмі іх жыцці, вучыць іх новаму, бачыць іх зацікаўленыя вочкі. Мяне грэла, як яны мяне чакалі і сустракалі. І я засталася ў прадоўжанцы, і кожны дзень знаходжу новыя і новыя перавагі ў сваёй рабоце”, — гаворыць Таццяна Антонаўна. — Недастаткова бачыць перад сабой дзяцей: бачыць трэба кожнае дзіця паасобку. Усе дзеці розныя, і падбіраць сваю працу педагогу трэба пад кожнага з іх. Калі прагулка, абед, сон — рэчы нязменныя, то ўсё астатняе ў нас пабудавана на творчасці, на занятках па інта­рэсах. Праграма існуе толькі для педагога — не варта строга падпарадкоўваць ёй дзяцей.

Акрамя таго, у дзяцей розны ўзровень уменняў: хтосьці ўжо ўмее чытаць і пісаць, а хтосьці — не, нехта выдатна малюе, танцуе, гуляе ў шахматы. Загадзя не ведаеш, з якімі схільнасцямі і інтарэсамі прыйдуць да цябе дзеці. Але поспех залежыць ад таго, ці прыгледзішся ты да іх, ці “раскусіш” кожнага. Тут дапамагае наступны падыход: задаяце агульную тэму, а як яе ўвасобіць — кожны выбірае сам (фарбамі, словамі, танцам і інш.). Напрыклад, у сёлетняй маёй групе шмат аматараў канструктара. Для іх мы ўжо намецілі “LEGO-фестываль”. Навучальны год у нас завершыць “Фестываль талентаў”, які стане падвядзеннем вынікаў года, праектаў і ўласных адкрыццяў дзяцей”.

Дзіма Селіванаў расказвае пра бабуліны вышыванкі.

Праектнае натхненне

У педагога кожны год новыя дзеці — яна набірае ў сваю групу толькі першакласнікаў. Але яшчэ некалькі наступных гадоў дзеці прыбягаюць пасля ўрокаў да любімага выхавальніка. І сакрэт якраз у некалі пачатых імі праектах.

А пачыналася праектнае жыццё некалькі гадоў назад, калі пры правядзенні ў групе тэматычнага тыдня “Горад, у якім жыву” высветлілася, што дзеці мала што ведаюць пра свой горад. Так у педагога з’явілася ідэя арганізаваць праектную дзейнасць навучэнцаў, каб паглыбіць іх веды пра родны горад. Штуршком стаў удзел у рэспубліканскай фотакарэспандэнцкай гульні “Мой дом, мой горад, мая краіна”.

“Гульня складалася з некалькіх міні-праектаў, і ўдзел у іх стаў займальным не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў. Нягледзячы на тое, што мы былі самымі юнымі ўдзельнікамі, наша каманда “Следапыты” заняла 3-е месца”, — успамінае педагог.

Наступным быў праект “Таямніцы бабулінага куфра”, які доўжыцца і сёння.

За шматгадовую працу Т.А.Пастэрнак неаднаразова была ўзнагароджана дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Мінаблвыканкама, на яе рахунку званні “Лепшы па прафесіі” і “Педагог года”. Некалькі разоў імя выхавальніцы было занесена на Дошку гонару як “Педагог-аўтар”.

“Я сама збіраю і захоўваю вышыванкі ад сваёй бабулі і прабабулі. І 21 лютага, на Дзень беларускай мовы, аформіла кабінет арнаментам, вышыванкамі. Мы малявалі, знаёміліся з арнаментам, гутарылі. Дзіма Селіванаў расказаў пра сваю бабулю, якая і сёння шмат вышывае. Яна перадала для нашага кабінета вышытую падушку, ручнікі “на долю” і “на шчасце”. Бабуліны вышыванкі — коўдру, навалочкі — прынесла і Насця Мікуловіч. Далучыліся і астатнія дзеці. Некаторыя рэчы бацькі падарылі школе, і мы якраз цяпер робім выставу. Падчас выстаў кабінет мае выгляд бабулінай хаты: на дзіцячыя ложкі засланы посцілкі, стаяць стосы падушак з вышыванкамі, развешаны касцюмы, ручнікі. Мы з дзецьмі працягваем знаёміцца са значэннем узораў на ручніках, малюем іх, складаем свае арнаменты, вучымся выказваць адно аднаму пажаданні арнаментальнымі знакамі. Гэты праект мы прадстаўляем і ў гімназіі, і ў раёне, дзеці абараняюць яго — расказваюць пра сваіх бабуль, прабабуль, ды і самі бабулі прымаюць удзел у абароне”, — расказвае Таццяна Антонаўна.

Крокамі майстроў — з майстрамі.

Тэму выбіраюць дзеці

Самае галоўнае — арыентавацца выключна на інтарэсы дзяцей. Тэма павінна быць для іх зразумелай, знаёмай, даступнай. Напрыклад, мы пачынаем праект “Казачны свет” — разам абмяркоўваем, што хочам атрымаць у выніку. Плануем выгляд і афармленне клумб — малюем эскізы, падлічваем колькасць раслін, сеем расаду, даглядаем. Нехта прапанаваў дадаць і фігуркі казачных герояў. І атрымліваецца гатовы праект — ад ідэі да ўвасаблення. І, акрамя саміх прыгожа аформленых клумб, якімі шмат гадоў будуць усе любавацца, на памяць у дзяцей застаюцца ўзнагароды — гэта абавязковы фінал усіх іх праектаў.

Каб праект быў цікавы навучэнцам, ён павінен быць пасільным для іх узросту, займальным і карысным. І галоўнае — дзеці павінны бачыць перспектыву свайго праекта.

Подзвіг у памяці

Праект “Мы памятаем пра вас, ветэраны” складаўся з некалькіх праектаў, адзін з якіх — “І памятае свет выратаваны”. Дзеці самі аб’ядналіся ў групы і ўзялі на сябе канкрэтныя задачы: правялі экскурсію “Па месцах баявой славы”, сумесна з бацькамі сабралі інфармацыю “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны ў маёй сям’і”, знайшлі шмат інфармацыі ў іншых крыніцах. Абарона гэтага праекта праходзіла ў актавай зале гімназіі на ўроку памяці “Мір памяці, мір сэрца, мір душы”, на які былі запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Кветкавы баль.

У рамках праекта “Мы памятаем пра вас, ветэраны” ў групе прадоўжанага дня прайшлі заняткі “Салдацкі трохвугольнік”. У сям’і Захара Міхалёва захаваўся ліст ад прадзеда, напісаны ў лютым 1945 года. Гэтую сямейную рэліквію — аркуш, складзены трохвугольнікам, — Захар прынёс на абарону праекта. На практычным этапе праекта дзеці выпусцілі фотагазету “Дзякуй за мір!”, зрабілі сувеніры ў падарунак ветэранам, прынялі ўдзел у падрыхтоўцы да свята, прысвечанага Дню Перамогі. Адным з падарункаў для ветэранаў былі салдацкія трохвугольнікі, якія дзеці ўручылі ім на свяце і на мітынгу.

Сёлета да 9 Мая навучэнцы Таццяны Антонаўны запусцілі праект “Подзвігу прадзедаў жыць у стагоддзях”, каб гутарыць пра тое, як важна не забываць подзвіг нашых продкаў, пра тое, як страшна жыць у вайну, пра людскія страты. Дзеці стварылі паштоўкі для ветэранаў, салдацкія трохвугольнікі, прынеслі партрэты сваіх прадзедаў-ветэранаў і расказалі пра іх. Напрыклад, у Машы Цыбіравай ёсць кніга пра яе дзядулю. Яна прынесла яе і разам з сябрамі з задавальненнем пачытала.

“Для мяне асабіста гэта таксама важная тэма. Я імкнуся ўнесці сваю лепту ў захаванне памяці пра ветэранаў, таму збіраю фота, відэа з усіх нашых мерапрыемстваў. Да мяне часта звяртаюцца калегі па метадычную дапамогу, па пэўныя фотаматэрыялы”, — гаворыць педагог.

Для ўдзелу ў фотаконкурсе “Мы абараняем мір!” школьнікі распрацавалі праект “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць”. Вынікам праекта сталі фотагазета, выстава тэматычных малюнкаў “Нам патрэбен мір!” і фотаальбомаў аб службе ў арміі. За ўдзел у фотаконкурсе дзеці атрымалі ажно тры дыпломы. Былі ўзнагароджаны і ў раённым конкурсе “Сэрцам да подзвігу дакраніся”. Па выніках конкурсу быў выдадзены зборнік “Сэрцам да подзвігу дакраніся”, у які ўвайшлі фатаграфіі іх праекта. Кніга стала яшчэ адной узнагародай для гімназістаў.

Як зацікавіць малышоў — учарашніх дашкольнікаў? На гэта ў педагога такі адказ: “Настаўнікам складана зацікавіць дзяцей вучобай. У прадоўжанцы ж галоўнае — зацікавіць агульнай справай. Самым няўрымслівым дзеткам можна прапана­ваць раздаць запрашэнні на свята, самым творчым — іх намаляваць, некаму — вывучыць верш і расказаць. Знайдзіце тое, што ім па сілах, што ім цікава. Калі ў дзіцяці не атрымліваецца нешта — не прымушайце рабіць гэта. Знай­дзіце тое, з чым яму цікава і лёгка будзе справіцца. Адносьцеся да дзяцей як да сваіх родных. Іх трэба не проста выхоўваць, а любіць. І гэта,

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Т.А.Пастэрнак.