Мадэль поспеху

Рэсурсныя цэнтры па тэхнічнай творчасці — даволі рэдкая з’ява ў параўнанні з рэсурснымі цэнтрамі па краязнаўстве, эстэтычным, грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Адна з нямногіх падобных структур тэхнічнага напрамку (а можа нават і адзіная ў краіне) дзейнічае ў Мазыры. На прыкладзе яе работы разгледзім асноўныя напрамкі і формы работы рэсурсных цэнтраў, даведаемся, што такое наогул рэсурсны цэнтр і наколькі важнай з’яўляецца яго роля ў арганізацыі выхаваўчай работы.

Хоць афіцыйна раённы рэсурсны цэнтр на базе Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі быў адкрыты ў мінулым годзе, аднак асноўныя задачы яго дзейнасці паспяхова вырашаюцца многія гады. Гэта выяўленне і каардынацыя вучэбных патрэб навучэнцаў і педагогаў, іх кансультацыйная падтрымка, арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, наладжванне сеткавага ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі, садзейнічанне рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі, вядзенне інавацыйнай, праектнай дзейнасці, эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных, кадравых рэсурсаў. Калі гэтыя задачы педагогі паспяхова вырашалі і да стварэння рэсурснага цэнтра, дык узнікае справядлівае пытанне: ці патрэбна такая структурная адзінка?— Нельга гаварыць, што рэсурсны цэнтр ствараўся дзеля птушачкі, маўляў, і без яго наша ўстанова дадатковай адукацыі працавала б плённа і эфектыўна. Усё ж такі знаёмства нашых педагогаў з вопытам работы іншых рэсурсных цэнтраў краіны, а таксама спецыяльныя курсы на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі далі свой вынік. Пасля стварэння гэтай структуры дзейнасць Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі выйшла на новы, больш якасны ўзровень. І ў першую чаргу ў плане работы з педагогамі, павышэння іх прафесійнага майстэрства. Наша асноўная мэта — распаўсюджванне перспектыўнага педагагічнага вопыту, накіраванага на вырашэнне прыярытэтных задач развіцця сістэмы адукацыі. Што з’яўляецца праблемным? Што трэба вырашаць у першую чаргу? Акрамя павышэння заработнай платы педагогаў, павелічэння працягласці іх адпачынку, матэрыяльнага аснашчэння цэнтраў, гэта павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў, набыццё імі кампетэнцый, якія б дазволілі паспяхова працаваць у сучасных умовах, — дзеліцца кіраўнік рэсурснага цэнтра Святлана Рыгораўна Сліва.Асноўнымі формамі работы па садзейнічанні прафесійнаму росту педагогаў з’яўляюцца семінары. На базе раённага рэсурснага цэнтра Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі яны праходзяць з перыядычнасцю як мінімум раз у чвэрць. На гэтых мерапрыемствах ужо разглядаліся такія тэмы, як “Прафесійнае майстэрства педагога — адзін з фактараў развіцця і самавызначэння асобы”, “Укараненне мадэлі развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, “Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у працэсе навучання і выхавання”. Асабліва актуальным быў семінар “Атэстацыйныя працэсы педагагічных работнікаў: праблемы, шляхі іх вырашэння і перспектывы развіцця”. Па словах Святланы Рыгораўны, тэма пацвярджэння педагогамі дадатковай адукацыі кваліфікацыйных катэгорый сёння надзвычай актуальная. — Калі ў чалавека вышэйшая катэгорыя, калі ён працуе многія гады, калі ён прафесіянал у сваёй справе, аднак у адзін цудоўны момант яму паведамляюць, што свой прафесіяналізм трэба пацвердзіць, то для педагога гэта як снег на галаву, гэта псіхалагічны стрэс. Калі студэнты здаюць залік за залікам, экзамен за экзаменам, то для іх гэта справа прывычная, а калі ты апошні раз здаваў сесію больш за 20 ці 30 гадоў назад, то, безумоўна, узнікае псіхалагічны бар’ер. Усе мы можам перадаць на словах сутнасць сваёй работы, паведаміць пра яе асаблівасці, вынікі, аднак на пацвярджэнні кваліфікацыйнай катэгорыі гэта трэба зрабіць метадычна правільна. Для пераадолення гэтых бар’ераў і праводзіўся семінар-практыкум з удзелам адпаведных спецыялістаў, — дзеліцца Святлана Рыгораўна.Кожны семінар складаецца з тэарэтычнай і практычнай часткі, у аснове апошняй — творчыя справаздачы, майстар-класы педагогаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Напэўна, самым яркім атрымаўся майстар-клас ад кіраўніка гуртка трас
авага аўтамадэлізму Аляксандра Пятровіча Філіпцова. Па словах педагога, з трасавым мадэлізмам вучні пачынаюць знаёміцца ў малодшых класах. Аднак тут варта ўлічваць некалькі момантаў. Самы галоўны заключаецца ў тым, што з-за сваіх узроставых асаблівасцей малодшыя школьнікі не могуць правільна ацаніць свае фізічныя і інтэлектуальныя магчымасці. Ім хочацца як мага хутчэй стварыць мадэль і запусціць яе. Аднак гэта не заўсёды атрымліваецца, таму ў многіх пачаткоўцаў наступае расчараванне. Тут педагогу неабходна выкарыстоўваць правільную тэхналогію стварэння мадэлі ў адпаведнасці з узростам навучэнцаў. Толькі так можна прыцягнуць і зацікавіць юных трасавікаў.Для папулярызацыі трасавага мадэлізму педагогам дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю неабходна падтрымліваць сувязь з настаўнікамі працоўнага навучання. Напрыклад, адным са школьных заняткаў можа быць экскурсія ў Цэнтр тэхнічнай творчасці і знаёмства з работай гуртка. З гэтага знаёмства і пачынаюцца першыя прафесійныя крокі будучых тэхнікаў. Значную ролю ў папулярызацыі трасавага мадэлізму могуць адыгрываць і сацыяльныя сеткі. Нават самы звычайны фотаздымак вучня, скажам, 5 класа з мадэллю гоначнага аўтамабіля на фоне пакручастай трасы, за адзін дзень можа набраць да сотні лайкаў. Нярэдка наведваюцца ў памяшканне, дзе праходзяць заняткі гуртка, і студэнты Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, а гэта будучыя калегі Аляксандра Пятровіча, будучыя папулярызатары тэхнічнай творчасці.Падчас майстар-класаў Аляксандр Пятровіч аказвае дапамогу педагогам тэхнічных гурткоў у правядзенні заняткаў па аўтамадэляванні, узбройвае іх методыкай стварэння трасавых мадэляў з вучнямі рознага ўзросту, паказвае алгарытм гэтай работы, расказвае, як правільна выбраць клас мадэлі ў адпаведнасці з правіламі правядзення спаборніцтваў, як спраектаваць, зрабіць хадавую частку і сілавы вузел, кузаў, як правільна выпрабоўваць мадэль на трасе.— У цяперашні час у краіне праводзяцца спаборніцтвы па дзевяці класах трасавых мадэлей. Гэта міжнародная група класаў, куды ўваходзяць F-1 (мадэль-копія гоначнага аўтамабіля з адкрытымі коламі), ES-32, 24 (мадэль-копія сучасных спартыўных прататыпаў груп у маштабах 1:32 і 1:24), G-7 (мадэль свабоднай канструкцыі), G-12 (мадэль-копія сучасных спартыўных аўтамабіляў з закрытым кузавам, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянатах па шашэйна-колавых гонках, ралі, ралі-рэйдах), G-33 (мадэль свабоднай канструкцыі без выкарыстання магнітаў з рэдказямельных сплаваў). Ёсць і нацыянальная група класаў. Гэта ТА-1 (мадэль-копія гоначнага аўтамабіля з адкрытымі коламі), ТА-3 (пазамаштабная мадэль-копія грузавога аўтамабіля), ТВ (мадэль свабоднай канструкцыі на шасі са шклотэксталіту і кузавам з паперы), — расказвае Аляксандр Пятровіч. Цікава, ці не праўда? Працяг майстар-класа абавязкова будзе на старонках нашага выдання.Кадравыя рэсурсы — адно з галоўных багаццяў Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Як сапраўдны прафесіянал, Святлана Рыгораўна занадта не выхвалялася сваімі дасягненнямі, аднак што тут утойваць: яе гурток па стэндавым мадэлізме (на занятках якога нават сумяшчаецца тэхнічная творчасць з краязнаўствам і турызмам) з’яўляецца сапраўднай візітоўкай установы дадатковай адукацыі, ён адзін з лепшых у краіне, і матэрыял пра яго ўжо ўпрыгожваў старонкі “Настаўніцкай газеты”. Праграмай гуртка прадугледжана работа па адным з напрамкаў дзейнасці рэсурснага цэнтра — работа з адоранымі навучэнцамі.— Галоўным для нас з’яўляецца арганізацыйна-дыягнастычная работа. Гэта значыць арганізацыя і ажыццяўленне дзейнасці па прапагандзе перспектыўнага педагагічнага вопыту работы, кансультацыйная падтрымка па пытаннях функцыянавання рэсурснага цэнтра. Падчас вучэбна-метадычнай работы арганізоўваюцца і праводзяцца навукова-практычныя і тэарэтычныя канферэнцыі, семінары, майстар-класы, практычныя заняткі ў рамках павышэння кваліфікацыі педа
гогаў. Навукова-метадычная работа — гэта ўдзел педагогаў у навукова-даследчай, праектнай, інавацыйнай, выдавецкай дзейнасці, распрацоўка, рэалізацыя і суправаджэнне інфармацыйных рэсурсаў у сферы адукацыі праз стварэнне праграмных прадуктаў, электронных сродкаў навучання, прэзентацый, арганізацыю сеткавага ўзаемадзеяння, работы з адоранымі навучэнцамі, — паведаміла Святлана Рыгораўна.Рэсурсныя цэнтры па тэхнічнай творчасці яшчэ не настолькі распаўсюджаны, як, напрыклад, рэсурсныя цэнтры па краязнаўстве, эстэтычным, грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Ці трэба папулярызаваць іх стварэнне? Вядома, яны не будуць панацэяй ад усіх праблем, якія існуюць у сістэме дадатковай адукацыі тэхнічнай творчасці, аднак актыўнае стварэнне падобных структурных адзінак стане значным крокам на шляху вырашэння гэтых праблем.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.