Магія аўтэнтыкі

Апошнім часам ва ўстановах дадатковай адукацыі Беларусі адкрываецца шмат студый і аб’яднанняў па інтарэсах па сучасных і традыцыйных замежных відах дэкаратыўнай творчасці: турэцкі роспіс па вадзе — эбру, індыйскі роспіс цела хной — мехендзі, заходнееўрапейскае аздабленне выразкамі — скрапбукінг, вясёлкавая паператворчасць па-галандску — айрыс фолдынг і інш. Яны карыстаюцца вялікім попытам у дзяцей, бо пазнаваць усё новае — у іх прыродзе. Як не згубіцца ў віры гэтых замежных тэрмінаў і тэхнік, а сярод іх — і дзяцей, гутарым з лаўрэатам II ступені фіналу конкурсу “Педагог года” Аленай Алегаўнай Рашэцька, кіраўніком студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Каларыт” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.

— Алена Алегаўна, мяркуючы па тым, што ў вашай студыі штогод не менш як 40 выхаванцаў, росквіт замежнага мастацтва не паўплываў на іх попыт на традыцыі. Як вам удаецца захапляць дзяцей народнай творчасцю?

— Сучасныя віды творчасці цяпер прадстаўлены даволі шырока. Але паралельна з імі беларуская народная творчасць таксама здольна паказаць сваю прыгажосць і шматграннасць выканання. Зацікавіць дзяцей такімі відамі творчасці не заўсёды проста. Важна правільна расказаць аб актуальнасці і значнасці нашых відаў творчасці, цікава падаць тэарэтычны матэрыял і захапіць творчымі заданнямі. Працуючы з вучнямі малодшага звяна, заўважаеш, наколькі ім цікавы традыцыйныя віды беларускай народнай творчасці. Менавіта ў гэтым узросце лягчэй зацікавіць і сарыентаваць дзяцей на заняткі народнай творчасцю. Але немагчыма захапіць толькі прыгожымі словамі, неабходна паказаць на сваім прыкладзе захопленасць беларускай творчасцю. Я сама вельмі люблю мастацкі роспіс — як па дрэве, так і па тканіне. Дзеці бачаць мае творчыя работы, маю захопленасць і зацікаўленасць сваёй справай. І, вядома ж, нельга забываць аб стымуляванні дзяцей, аб стварэнні сітуацыі поспеху для кожнага дзіцяці, аб вялікай значнасці самых маленькіх перамог сваіх выхаванцаў.

Вялікую ролю важна адвесці рабоце з бацькамі (яны таксама з’яўляюцца каардынатарамі захапленняў сваіх дзяцей), данесці да бацькоў, наколькі выніковыя і карысныя нашы заняткі. Неабходна паказаць, што ў студыі займаецца не проста група дзяцей, а дружны і згуртаваны калектыў з падобнымі інтарэсамі, магчымасцямі, каштоўнасцямі як у творчай дзейнасці, так і ў жыцці. Пры гэтым сваю ролю адыгрываюць сямейныя тэматычныя і культурна-масавыя мерапрыемствы і, вядома ж, справаздачныя выставы творчых работ навучэнцаў студыі з наступным іх узнагароджаннем і словамі падзякі ў адрас бацькоў.

— Якімі відамі мастацкай творчасці вы займацеся з дзецьмі ў сваёй студыі? Якія з іх у дзяцей найбольш папулярныя? Раскажыце пра іх падрабязней.

— У беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, акрамя традыцыйных відаў мастацкай творчасці (мастацкая апрацоўка дрэва, ганчарства, кераміка, саломапляценне і інкрустацыя саломкай, лозапляценне), якія маюць шматвекавую гісторыю, шырокае распаўсюджанне атрымалі параўнальна новыя віды народнага мастацтва — роспіс па тканіне (маляванка), роспіс па дрэве і шкле, ажурныя ўзоры з паперы (выцінанка), якія маюць усяго толькі стагадовую гісторыю развіцця.Кажучы аб канкрэтных відах народнай творчасці, нельга спасылацца на прыгажосць і актуальнасць толькі аднаго віду творчасці. Мы імкнёмся адрадзіць, захаваць і папулярызаваць усю беларускую народную творчасць. Творча выкананае ажурнае выразанне з паперы, зробленыя з саломкі птушачкі і анёлкі або маляўнічы роспіс па тканіне, дрэве і шкле — гэта ўсё віды творчасці, якімі з цікавасцю займаюцца нашы выхаванцы. Але сярод усёй гэтай разнастайнасці мне хочацца ўсё-такі вылучыць мастацкі роспіс па тканіне і шкле — гэта тое, што асабліва цікавіць дзяцей і натхняе на творчасць.

Народны мастацкі роспіс у Беларусі распаўсюджаны не так шырока, як, напрыклад, кераміка або ткацтва. Да таго ж гэты від народнай творчасці адносна малады, паколькі ў сялянскай хаце роспіс быў бы недаўгавечны і проста не да месца. Толькі ў другой палове XIX стагоддзя ў інтэр’еры народнага жылля з’яўляецца размаляваная мэбля — куфры, скрыні, дываны на палатне маляванкі, малюнкі на шкле. У якасці ўзораў для дэкаратыўнага роспісу па дрэве, тканіне, шкле выкарыстоўваліся кветкі, а таксама птушкі, звяры, насякомыя, чалавек. Усе гэтыя аб’екты навакольнага свету маляваліся ва ўмоўнай або больш рэалістычнай форме.

Роспіс дываноў — гэта адзін з народных промыслаў, які валодае ўсімі прыкметамі традыцыйнага віду народнага мастацтва: асновай калектыўнай творчасці, пераемнасцю нацыянальных традыцый, арганічным спалучэннем з іншымі відамі народнага мастацтва. Насценныя дываны–маляванкі з’яўляюцца рэдкім спалучэннем выяўленчай і дэкаратыўнай манеры. Гаворачы аб выцінанцы, неабходна адзначыць, што мастацтва выразання ажурных узораў з белай і каляровай паперы ўкаранілася ў сялянскім побыце ў сярэдзіне XIX стагоддзя і зараз з’яўляецца адным з арыгінальных відаў беларускага народнага мастацтва. Матывы выцінанак сталі разнастайнымі: пачынаючы ад традыцыйных матываў, напрыклад, букетаў, да складаных кампазіцый, прысвечаных народным святам — Купаллю, Масленіцы, Калядам, Гуканню вясны.

Традыцыйным для беларусаў і тыпова народным рамяством было пляценне з прыроднага матэрыялу — саломы. Маленькія фігуркі плятуцца хутка і спрошчана дзякуючы прыроднай пругкасці, лёгкасці саломы. Акрамя фігур саломапляцення, мае навучэнцы выконваюць работы ў тэхніцы аплікацыі з саломкі. Таксама, працуючы з саломай, навучэнцы студыі ствараюць аб’ёмна-прасторавыя модулі — саламяных павукоў.

— Наведваючы выставы, часам я бачу два падыходы да традыцыйных відаў мастацтва: або гэта класічныя прыёмы (калі саломка, то толькі саломка), або сумяшчэнне розных тэхнік (напрыклад, спалучэнне саломкі з валяным з воўны дэкорам, шклом і г.д.). Што вы думаеце пра такое камбінаванне ?

— Кажучы аб работах з саломкі і змешванні яе з такімі сучаснымі матэрыяламі, як метал, шкло ці бісер, я не прымаю такіх іх. Работы з саломкі настолькі самадастатковыя і дэкаратыўныя за кошт самога прыроднага матэрыялу, яго прыгажосці, чысціні і выбраных дэкаратыўных форм, што не патрабуюць ніякага камбінаванага падыходу ў выбары дадатковых дэкаратыўных матэрыялаў.

— Мяне заўсёды насцярожвала, калі педагогі ў сферы дэкаратыўна-прыкладной творчасці працуюць па прынцыпе “паўтарай за мной”. Як вам удаецца вучыць дзяцей перадаваць свае ідэі ў работах, уносіць нотку іх уласнага ўспрымання?

— Працуючы з дзецьмі, трэба навучыць іх бачыць незвычайнае ў звычайным і заўважаць прыгажосць навакольнага жыцця. Першы год навучання адукацыйнай праграмы студыі “Каларыт” дапускае прынцып падабенства, але наступнае навучанне арыентавана на варыятыўнасць, творчае самавыяўленне, дзеці даюць поўны ход сваёй фантазіі. Удзельнічаючы ў конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, улічваючы зададзеную тэму работ, дзеці самі ствараюць кампазіцыйнае і колеравае рашэнне творчых работ. І, аналізуючы вынікі, робяць гэта вельмі паспяхова. Напрыклад, у Рэспубліканскім конкурсе “Юныя таленты Беларусі” ў нашых выхаванцаў дыпломы І і ІІ ступені, на конкурсе “Лёд. Кветкі. Фантазія” перамога ў нас ужо тры гады запар. Хаця не менш цікавыя работы атрымліваюцца ў дзяцей, калі, каб наблізіцца да аўтэнтычнай тэматыкі, яны рэалізоўваюць творчыя праекты пошукавага і даследчага характару.

— Наколькі я ведаю, вы ў рабоце выкарыстоўваеце сучасныя падыходы. Раскажыце пра гэта больш падрабязна.

— Так, у студыі мы імкнёмся спалучаць сучаснасць і традыцыі беларускай народнай творчасці. Прымаючы ўдзел у конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мы выконваем работы, абапіраючыся на традыцыйную тэхніку выканання беларускай народнай творчасці, ствараючы работы, сучасныя па кампазіцыйным і стылявым рашэнні. Напрыклад, распісваючы маляваныя дываны, мы выкарыстоўваем сучасныя інструменты і матэрыялы, але строга сочым за тэхналогіяй выканання мастацкага роспісу па тканіне, яе характэрнымі асаблівасцямі. Творчая дзейнасць, а менавіта вывучэнне традыцыйных відаў беларускай народнай творчасці, дазваляе дзіцяці раскрыць свой эмацыянальны і творчы патэнцыял, дазваляе даведацца і вывучыць гісторыю, культуру, прыгажосць і паэтычнасць абрадаў і традыцый беларускага народа. А гэта ў сваю чаргу спрыяе адраджэнню і захаванню нацыянальнай культуры краіны і стварае ўмовы для далейшага яе развіцця.

— Што для вашых выхаванцаў творчасць? Прыемны вольны час? Спосаб падняць самаацэнку (бо многія з дзяцей — пераможцы конкурсаў дэкаратыўнай творчасці)? А можа, магчымасць акунуцца ў будучую прафесію?

— Я думаю, гэта ўсё адразу: і зносіны, і арганізацыя вольнага часу, і творчая самарэалізацыя, і выхаванне культуры, і прафесійнае самавызначэнне, і далейшыя магчымасці рэалізацыі сябе ў любой дзейнасці. Гэта непарыўна звязаныя складнікі цікавага жыцця маіх выхаванцаў.

Гутарыла Святлана НІКІФАРАВА.