Марозная кар’ера, снежнае амплуа…

Хоць зіма ніяк не хоча ўзяць краіну ў свае абдымкі, усё ж каляндар 2018 года хутка перагорне свае апошнія старонкі. А значыць, надыходзіць час для казкі, чараўніцтва і навагодняй феерыі. І якім будзе для дзяцей гэты час, з якім настроем пройдуць іх канікулы, вызначаць тыя, без каго свята не адбываецца. Прыадкрыць кулісы навагодніх прэм’ер дапамог VII Рэспубліканскі агляд-конкурс Дзядоў Марозаў і Снягурак “Ёлка-фэст”, які завіхурыў-заснежыў на тыдні ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Вобразы мілыя роднага свята

У фінале конкурсу прынялі ўдзел 28 педагогаў з устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія сталі пераможцамі ці прызёрамі абласных і мінскага гарадскога этапаў спаборніцтва. Сваё майстэрства яны прадэманстравалі сотням юных гледачоў, а таксама журы, у склад якога ўвайшлі педагогі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Суддзі выбіралі самую каларытную пару ў намінацыі “Дзед Мароз і Снягурка года” і самае адмысловае рэжысёрскае ўвасабленне ў намінацыі “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма”.

Калі казаць у цэлым, то сёлета барадатыя героі сталі куды больш прасунутымі, чым іх папярэднікі, якія прыходзілі на ранішнікі да сённяшніх старшакласнікаў і студэнтаў, вадзілі з імі карагоды і, спаслаўшыся на ўзрост і духату, прысаджваліся пад ёлкай, спадзеючыся на “халаднаваты” танец “сняжынак” і на тое, што дзеці самі раскажуць ім вершы за жменю цукерак.

“Цяпер за дзіцячую ўвагу трэба пазмагацца. Але галоўнае — не вінаваціць у гэтым дзяцей, — папярэджвае Дзмітрый Свірыдовіч, Дзед Мароз з Цэнтра дадатковай адукацыі “Вікторыя” Партызанскага раёна Мінска. — Гэта не дзеці моцна змяніліся — змянілася грамадства, змяніліся мы, нашы інтарэсы. Мы скардзімся, што дзеці ў сваіх лістах просяць новыя мадэлі айфонаў і гіра­скутары… Аднак каб гэтыя рэчы існавалі 20 гадоў назад, то і тады іх заказвалі б. Паверце, калі ў дзіцяці хворая мама, яно папросіць у сваім лісце толькі здароўя для яе, забыўшыся пра любыя гаджэты. Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі: вераць у цуды, ­чакаюць свята. І задача нас, белабародых дзядоў, — быць з імі на адной хвалі, каб яны Мароза ­ўспрымалі як сябра, а не як госця з мінулага стагоддзя. Мы абавязаны дага­няць дзяцей, каб быць з імі нароўні. Толькі так можна заставацца для іх цікавымі. Праўда, і тут ­важна не перастарацца. Я прымаў удзел у “Ёлка-фэсце —2014”, і тады мой герой, ві­даць, быў занадта сучасным, танцаваў рэп. Сёлета я вырашыў знайсці залатую сярэ­дзіну. Мой вобраз класічны, але ўсё ж па духу блізкі дзецям”.

Ужо некалькі гадоў запар Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выдае метадычныя рэкамендацыі, найлепшыя сцэнарыі конкурсных праграм, праводзіць рэспубліканскія вучэбныя семінары, майстар-класы пераможцаў і прызёраў конкурсу. Менавіта гэта спрыяе прафесійнаму росту ўдзельнікаў, што ­адзначылі ўсе члены журы. Наталлю Мікалаеўну Камзалаву, загадчыка аддзела культурна-забаўляльных праграм НЦМТДіМ, асабліва парадаваў настрой, з якім выходзілі практычна ўсе канкурсанты. Але ў якасці лепшых яна вылучыла тыя пары, дзе менавіта Дзед Мароз і Снягурка ігралі галоўныя ролі: нала­джвалі зносіны з залам, праводзілі гульнявыя конкурсы і творчыя нумары. Звярталі ўвагу суддзі і на касцюмы канкурсантаў. Тут галоўная прэтэнзія — канкурсанткі не чу­юць заўвагі журы наконт галаўных убораў.

“Мы з году ў год гаворым нашым педагогам: “Па нашай традыцыі Снягурка не ходзіць у кароне! Беларуская Снягурка прыходзіць зімой, у мароз, таму ў яе можа быць толькі шапачка”. Але ўсё роўна мы бачым і кароны, і какошнікі. На дэкарацыі мы, наадварот, звяртаем менш увагі. Дзед ­Мароз і Снягурка павінны быць мабільнымі, бо калі яны будуць ездзіць да дзяцей, дэкарацыі не возьмеш. Адна справа, калі дэкарацыі толькі дапаўненне, але калі ўся праграма завязана на іх, гэта мінус. Што да гульняў, тут таксама ёсць крытэрыі: не заўсёды атрымліваецца зага­дзя дакладна даведацца, якая аўдыторыя ­бу­дзе на свяце, таму героі павінны мець у запасе некалькі гульняў, каб сарыентавацца і выбраць адпаведныя ўзросту аўдыторыі”, — гаворыць Наталля Камзалава.

“Хочацца адзначыць, што сёлета многія канкурсанты звярнуліся да сучасных дзяцей. Яны ўжо не такія, якімі мы прывыклі бачыць іх у сваім дзяцінстве. І гэта добра: павінна быць і так, і гэтак, і класічнае выкананне гульнявых праграм, класічнае бачанне вобразаў Дзеда Мароза і ­Снягуркі, і сучаснае, крэатыўнае, — гаворыць яшчэ адзін член журы Надзея Коршунава, мастацкі кіраўнік НЦМТДіМ. — Вельмі парадавалі незвычайныя конкурсы, дасканалы падбор і выкарыстанне відэакантэнту, музычнага матэрыялу, таксама сучаснага, бо творчасць удзельнікаў накіравана ў першую чаргу на дзяцей. І калі ім цікава, то і праграма ўдалая. Бачна вялікая работа педагогаў-арганізатараў, адчуваецца адказная падрыхтоўка: ад касцюмаў персанажаў — да дэкарацый, рэквізіту, відэа, музыкі. Асабліва прыемна, што да нас прыехалі педагогі не толькі з абласных цэнт­раў, але і з невялікіх гарадоў і пасёлкаў. Зна­чыць, яны падчас абласных этапаў пераўзышлі ў майстэрстве буйныя цэнтры”.

Гаворачы пра заўвагі, Надзея Кор­шунава адной з галоўных назвала парушэнні рэгламенту, якія часам ­значна ­мянялі сітуацыю ў пратаколах. Зразу­ме­ла, канкурсанты хочуць ­паказаць усю сваю творчасць, раскрыць сябе не толькі як добрыя героі і ігракі, але і як ­артысты, харэографы, культарганізатары.

Ёсць такое імкненне і ў іншых герояў праграм, якіх таксама шмат. Але існуюць канкрэтныя часавыя прамежкі, калі дзіця актыўна ­ўдзельнічае ў працэсе. Калі праграма залішне зацягваецца, гэта стамляе.

Уважліва сачыла журы за рэакцыяй дзяцей на гульні і заўсёды адзначала тыя, якія не выклікаюць у хлопчыкаў і дзяўчынак саперніцтва, не становяцца прычынай для канфліктаў. Напрыклад, ідэя прадставіцца ўсім гледачам залы ў цацачны мікрафон была не вельмі ўдалай, улічваючы колькасць прысутных і абмежаваны час. Як вынік — слёзы ў тых, да каго мікрафон не дайшоў. Стаўка на “хто гучней крыкне” таксама сумніўная: сарваны голас і свіст у вушах суседа — не лепшы вынік. Трывожна было і за дзяцей, якім, па ўмовах гульні, трэба было бегаць па прыступках гля­дзельнай залы і падымацца на сцэну, спаборнічаючы такім чынам на хуткасць. У мяне было жаданне дастаць са сваёй сумкі цукеркі для тых, каму не ўдалося прайсці ўсе этапы гульні і прыйшлося са слязьмі вяртацца ў залу з пустымі рукамі пад нязменнае Марозава: “Не сумуй — наступны раз пашанцуе”.

Гульнявая навука

У тым, што сюжэтна-гульнявая праграма павінна быць, ніхто не сумняваецца. Пытанне ў тым, якой яна павінна быць. Сваю версію прапанавала Дар’я Івано­ва, ­“унучка” Д.М.Свірыдовіча з Цэнтра ­да­датковай адукацыі ­“Вік­торыя” Мінска: “Па-першае, сюжэтна-гульнявая праграма па­­­вінна быць цэласнай, каб увага дзіцяці не адцягвалася ад галоўных ­герояў. Па-другое, сёння праграма павінна мець сучасныя элементы, знаёмыя дзіцяці рэчы, каб яго вочы гарэлі, бо яно гэта ведае. Не хачу нікога пакрыў­дзіць, але снежкі ў зале ўжо прыеліся. Сёння шмат іншых магчымасцей зымітаваць снежныя забавы ў зале. Па-трэцяе, гульнявое напаўненне праграмы павінна быць або ­ўніверсальным, або індыві­дуальным. Мы, як і ўсе нашы калегі, прымаем удзел у акцыі “Нашы дзеці”, таму трэба ўмець хутка сарыентавацца на тых дзяцей, якія сядзяць у зале: на іх колькасць, узрост, магчыма, псіхафізічныя асаблівасці”.

Забягаючы наперад, скажу: сюжэтна-гульнявая праграма менавіта гэтай пары стала лепшай у фінале. І тут трэба крыху падрабязнасцей. Па сюжэце, Дзед Мароз сабраўся кінуць сваю кар’еру, бо стаў нямодным ва ўсім: ад старога гардэроба — да “поўнага сацыяльнага ігнору”, нават не меў старонкі ў Instagram. Адгаворваючы ад гэтага кроку, Снягурка з гномамі пастаралася падабраць Дзеду Марозу новы імідж, каб зноў вярнуць яму дзіцячую ўвагу. Але, прымераўшы вобраз Рэпера і Лайка, Мароз усё ж апрануўся ў любімую шубу. А пра тое, што яму рана ісці на пенсію, што менавіта яго заўсёды будуць чакаць каля ёлак, расказалі ў інтэрв’ю вядомыя ў маладзёжным асяроддзі блогеры, акцёры і спевакі. У выніку белабароды перастаў хандрыць і ўзяўся за сваю прывычную справу: забаўляў дзяцей, аздабляў з імі ёлку. Фішкай праграмы стаў конкурс тэлезагадак: такія блізкія дзецям эмодзі выстраіліся на экране ў рэбусы, расшыфраваўшы якія, можна было ­адгадаць любімыя фільмы і мульцікі. Падзякай за тое, што дзеці вярнулі Дзеду Марозу веру ў сябе, стаў амаль сапраўдны ўраган: белабароды зрабіў мяцеліцу, раздзімаючы па зале паветранадзімалкай (гэтым агрэгатам камунальшчыкі восенню здзімаюць апалае лісце) снежныя гурбы з папяровых стужак з рук Снягуркі. Калі не на вуліцы, то хаця б тут у дзяцей была магчымасць уволю паабсыпацца “снегам”!

Цікавых ідэй і рэжысёрскіх хадоў у сваіх сюжэтна-гульнявых праграмах кан­курсанты прадэманстравалі нямала. Перад маленькімі гледачамі ўзнікалі Каралеў­ства забытых сноў, дзе ў сне Дзядуля ­Мароз даведваецца пра дзі­цячыя мары, каралеўства Снежнай Каралевы, якая выкрала дзіцячыя лісты, і толькі чароўныя гукі флейты Дзеда Мароза змаглі зруйна­ваць яго. Дзед Мароз і Снягурка з Гомельшчыны адкрывалі першы навагодні канал “Рэчыца-ТВ”, з Гродна — праводзілі кастынг на замену хворага Дзеда Мароза сярод яго пляменнікаў Мароза III і Санты II. Віцебскі белабароды Дзед паглыбіў веды юных гледачоў у фінансавай дасведчанасці, абараніўшы мяшок з падарункамі ад лясной нечысці пін-кодам, расказаў пра беларускае машынабудаванне і інш.

Навагоднія героі з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Мінскага раёна “ўзялі” ўсіх гледачоў на борт самалёта і адправіліся на міжнародную танцавальную канферэнцыю Дзядоў Марозаў і Снягурак. Так, у дзяцей была магчымасць у ілюмінатары ўбачыць, як беларускія дэлегаты сустракаюць кітайскімі нацыянальнымі танцамі Новы год у Пекіне, даведацца, што “Сінь янь хау! — пераклад на кітайскую нашага “З новым годам!”, дазнацца пра значэнне магічных танцаў народаў Афрыкі і завяршыць мерапрыемства беларускімі танцамі на плошчы Мінска.

Госці з Бялыніч пабудавалі сваю праграму на мясцовых легендах і народных традыцыях (паводле Года малой радзімы), таму галоўную ролю сыграў Дзед Бялын. Замест таго каб вынаходзіць сучасныя гульнявыя прыёмы, ён вярнуў дзяцей у мінулае. “Чэбер” — менавіта гэтая гульня зацікавіла больш за ўсё: неабходна было пэўным чынам скакаць праз складзеныя крыж-накрыж вілкі. Акрамя таго, дзеці пакармілі сімвал надыходзячага года — свінню.

Цікавай была і праграма творчай пары са Шчучына, а дакладней, тройкі — Дзеда Мароза і адразу дзвюх ­Снягурак. Па сюжэце, Баба Яга зачаравала снегапад Снягуркі, помсцячы такім чынам за тое, што 30 гадоў назад Снягурка праг­нала Ягу з ранішніка. І каб выправіць сітуацыю і вярнуць на зямлю снегапад, Снягурка адправілася праз партал часу ў 1988 год, дзе яна, яшчэ юная (ролю сы­грала дачка актрысы-Снягуркі — як дзве кроплі вады падобная на маму), знай­шла падыход да шкоднай старой і пасябравала з ёй.

Дарэчы, шчучынскія героі — ветэраны конкурсу. Снягурка Ірына Анатольеўна Краўчук ужо шосты год запар перамагае на абласным этапе і прымае ўдзел у фінале фэсту, а Дзед Мароз — трэці раз. І заўсёды яны ў прызёрах на рэспубліканскім этапе. У многім гэтаму спрыяе багатае “снежнае” амплуа.

“У нашым Палацы творчасці дзяцей і моладзі штогод праходзіць толькі ранішнікаў мінімум два дзясяткі. Акрамя таго, навагоднія спектаклі, калядныя сустрэчы, гарадскія навагоднія мерапрыемствы, мноства дабра­чынных свят. Сёлета гарачая пара ў нас пачалася з 8 снежня, і да паловы студзеня мы будзем у вобразах”, — гаворыць Ірына Анатольеўна. Раскрываючы сакрэты поспеху, яна зазначае: “Мы працуем не для журы, а для дзяцей. Калі ім цікава — гэта ўжо поспех. І ледзь не самы важны яго складнік — музыка. Таму для замацавання поспеху трэба ў праграму ўключаць тыя музычныя хіты, якія гучаць у навушніках дзяцей, пад якія яны сам-насам танцуюць. Абавязкова трэба пастарацца ­здзівіць арыгінальнай ідэяй, хаця прыдум­ваць нешта новае з кожным годам усё складаней. Але толькі не эксперыменты з вобразам Мароза. Дзядуля ў любым выпадку павінен заставацца сабой, бо калі ён трансфармуецца ў іншых, занадта сучасных персанажаў, дзеці, магчыма, і захопяцца імі першыя пару хвілін, але ўсё роўна будуць чакаць сапраўдных Дзеда Мароза і Снягурку. Што да гульняў, то базавых існуе каля 20. Усё астатняе — іх інтэрпрэтацыя. І разнастайнасць дасягаецца за кошт рэквізіту, музыкі, перавернутых гульняў, суправаджэння іх новымі рухамі”.

Узнагароды — белабародым!

У выніку напружанай творчай барацьбы журы дало сваю ацэнку ўсім канкурсантам па такіх крытэрыях, як уменне ўключыць у гульню гледачоў, імправізацыя, падбор музычнага суправаджэння, рэквізіту, а таксама артыстызм, культура маўлення, уменне выкарыстоўваць сцэнічную прастору, ствараць атмасферу свята. Так, пераможцамі ў намінацыі “Дзед Мароз і Снягурка года” сталі Іван Канстанцінавіч Кіцун, педагог-арганізатар, Вольга Валер’еўна Стасевіч, культарганізатар Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч. Менавіта іх вобразы, шчы­расць і неверагодна добрыя вочы падкуплялі і журы, і дзяцей. Спусціліся на прыступку ніжэй і занялі 2-е месца ў гэтай намінацыі Сяргей Аляксандравіч Колеснеў і Валерыя Вячаславаўна Цімохіна, культарганізатары Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Мінска­га раёна, а таксама Дзяніс Уладзіміравіч Руцкі, метадыст, і Марына Аляксандраўна Юрчанка, педагог-арганізатар шматпрофільнага цэнтра “Ветразь” Бялыніч. Завяршылі тройку прызёраў таксама дзве пары: Васіль Веньямінавіч Мурза, настаўнік фізічнай культуры, і Таццяна Сяргееўна Машэўская, настаўніца танцаў дзіцячага сада — пачатковай школы № 7 Брэста; Анатоль Анатольевіч Шчогалеў, педагог дадатковай адукацыі, і Кацярына Васільеўна Харытоненка, загадчык аддзела з Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У намінацыі “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма” перамаглі культарганізатары з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Партызанскага раёна Мінска Дзмітрый Міхайлавіч Свірыдовіч і Дар’я Міхайлаўна Іванова. 2-е месца падзялілі Дзмітрый Аляксандравіч Кухарга, акампаніятар, Ірына Анатольеўна Краўчук, педагог дадатковай адукацыі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, і Леў Мікалаевіч Новікаў, канцэртмайстар, Людміла Уладзіміраўна Мешчаракова, настаўніца музыкі сярэдняй школы № 5 Наваполацка. Дыпломы за прызавое 3-е месца павязуць у Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі яго педагогі Аляксандр Мікалаевіч Ціханенка і Хрысціна Канстанцінаўна Курылас. Яшчэ адну “бронзу” заваявалі Віталь Уладзіміравіч Залатароў і Вольга Уладзіміраўна Беняк, педагогі дадатковай адукацыі Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Спецыяльнымі дыпломамі журы “За захаванне казачных вобразаў” былі ўзнагароджаны Ва­дзім Андрэевіч Валоўчык і Ганна Дзміт­рыеўна Гарнашэвіч, педагогі сярэдняй школы № 51 Мінска.

Але ўсё ж галоўныя адзнакі, хоць ужо і не баламі ў пратаколах, а апладысментамі і ўсмешкамі, казачным парам выстаўлялі з глядзельнай залы галоўныя эксперты, якіх часам і з-за крэслаў ледзь было відаць. Добрую порцыю шчырых адзнак падораць белабародым дзядулям і іх гарэзлівым унучкам і падчас акцыі “Нашы дзеці”, старт якой даў са сцэны конкурсу “Ёлка-фэст” Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Традыцыйна гэты конкурс становіцца галоўнай рэпетыцыяй напярэдадні шэрага свят у межах акцыі “Нашы дзеці”, якія будуць праходзіць да 11 студзеня наступнага года. Самыя творчыя педагогі наведаюць дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, бальніцы, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, апякунскія сем’і.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва НЦМТДіМ.