Мастацтва палемікі

Кожную суботу ўсе школы расчыняюць свае дзверы пераважна для тых, у каго гэты дзень асацыіруецца з актыўным адпачынкам. Як правіла, большасць удзельнікаў забаўляльных мерапрыемстваў — вучні малодшага і сярэдняга звяна. Старшакласнікаў, для большасці з якіх субота — дзень падрыхтоўкі да выпускных і ўступных экзаменаў, педагогам-арганізатарам часам бывае складана далучыць да такіх мерапрыемстваў. Але ёсць спосаб аб’яднаць гульню і навучанне. Пакуль дэбаты набылі не так многа прыхільнікаў, але тыя, хто імі сур’ёзна захапляецца, гатовы паспрачацца, што цікавейшых за гэтае інтэлектуальнае спаборніцтва заняткаў не бывае. У чым жа яго перавагі? Чым яно падкупляе маладых людзей? І як праводзіць дэбаты? Паспрабуем разабрацца.

Знайсці апантанага трэнера — палова поспеху

Дэбаты бяруць свой пачатак у Старажытнай Грэцыі, дзе яны былі важным элементам дэмакратыі. У Афінах грамадзяне ўступалі ў спрэчку аб перавагах і недахопах законаў, вучні вучыліся спрачацца, аналізуючы праблемы з розных пунктаў погляду, каб лепш зразумець іх. У Сярэднявеччы ў Еўропе былі распаўсюджаны дыспуты, курсы аратарскага майстэрства і дэбатаў. У сучасным грамадстве дэбаты адбываюцца ў парламентах і на тэлеэкранах, у ВНУ і школах, часта і ў паўсядзённым жыцці.
Алена Алегаўна Стэфановіч з’яўляецца каардынатарам дэбатнай праграмы ў Беларусі. Яна выкладае англійскую мову і ўзначальвае клуб “Мастацтва палемікі” ў сталічнай гімназіі № 7. Старшакласнікі з розных гарадскіх школ, якія хочуць авалодаць гэтым мастацтвам, збіраюцца ў клубе пад яе ж кіраўніцтвам у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.
“У сістэме адукацыі Беларусі дэбатная праграма, як і ў іншых краінах СНД, з’явілася 20 гадоў назад, — гаворыць Алена Алегаўна. — Але, нягледзячы на гэта, шырока распаўсюджанай назваць яе нельга. Напрыклад, у нашай гімназіі дэбатамі займаюцца каля 15 чалавек, у гарадскім клубе не намнога больш — каля 20.
Па папулярнасці дэбаты прайграюць такой інтэлектуальнай гульні, як “Што? Дзе? Калі?”, якая стала надзвычай распаўсюджанай, амаль у кожнай школе ёсць каманды ігракоў. Дэбатная праграма рэгламентацый не мае, і пра такую папулярнасць нам застаецца толькі марыць. Хаця раённыя адміністрацыі заўсёды вітаюць правядзенне дэбатных турніраў, і апошнім часам на нас сталі глядзець па-новаму.
Справа ў тым, што сама па сабе гульня куды больш складаная. Каб яна адбылася, недастаткова сабраць 6 чалавек і задаць ім пытанні: падрыхтоўка да турніру займае шмат часу. Тэма дэбатаў аб’яўляецца, як правіла, за два месяцы. І ад таго, як падрыхтуецца каманда за гэты час, залежыць вынік гульні. Часта цяжка знайсці апантанага кіраўніка клуба, нават энтузіяста, бо кіраўніцтва клубам звычайна аплачваецца як адна гадзіна ў тыдзень, а падрыхтоўка вядзецца кожны дзень гадзінамі. Для параўнання: за мяжой трэнер дэбатнага клуба звычайна больш нідзе не працуе, гэта яго асноўная работа, і аплачваецца яна намнога лепш, чым праца настаўніка ў школе”.

Спаборніцтва па-англійску

У дэбат-паядынках выступаюць па дзве каманды, у кожнай па тры ўдзельнікі, ці спікеры. Адна — за, другая — супраць. Напрыклад, адна прыводзіць аргументы на карысць сацыяльных сетак, другая даказвае, што яны шкодныя. І задача кожнага — пераканаць суддзяў у тым, што іх аргументы лепшыя, чым у апанента. Здавалася б, сутнасць простая, але стратэгія і тактыка, якія прымяняюцца, часта бываюць складанымі. Але асвоіць іх мае сэнс.
Дэбаты — гэта не толькі эфектыўны спосаб навучыцца крытычна і лагічна мысліць, але і бездакорна валодаць англійскай мовай: заняткі ў клубах праводзяцца пераважна на англійскай мове, значна радзей — на рускай. Таму нядзіўна, што ўсе пераможцы алімпіяд па англійскай мове — гэта дэбатчыкі. Акрамя таго, гэта магчымасць адчуць сябе больш упэўненым, навучыцца працаваць у камандзе, слухаць свайго апанента, канцэнтравацца на сутнасці праблемы.
Дэбаты вучаць паглыбляцца ў тэму, шукаць і аналізаваць інфармацыю, знаходзіць шляхі вырашэння самых складаных праблем. Безумоўна, развіваюць і талерантнасць. Часта чалавек мае свой пункт погляду на пэўную праблему і іншыя меркаванні не прымае. Калі навучэнцы рыхтуюцца да выступленняў, яны разумеюць, чаму існуюць іншыя меркаванні, вучацца прымаць іх.
“Па правілах гульні, удзельнікі рыхтуюцца адразу па дзвюх пазіцыях, — тлумачыць Алена Алегаўна. — На спаборніцтвах каманды чаргуюцца: выступаюць то “за”, то “супраць”. Часам дзеці гавораць: мы прайграем. Я заўсёды ім кажу: можна прайграць тое, з чым вы згодны, і прайграць у тым, супраць чаго вы выступаеце. Бо ацэньваецца не меркаванне, а ўменне яго даказваць. А вось нашы дэбатчыкі, нягледзячы на тое, што іх мала, падрыхтаваны добра. Беларуская праграма на постсавецкай прасторы — калі не самая, дык адна з самых моцных.
Найбольш падрыхтаваныя — пераважна каманды гімназій. У Мінску — гэта каманды гімназій №№ 7 і 30, сярэдняй школы № 210, Ліцэя БДУ, а ў рэгіёнах — гімназіі № 1 Гродна, гімназіі № 3 Барысава Мінскай вобласці, гімназіі № 8 Віцебска, каманды з баранавіцкіх гімназій №№ 1 і 5 і некаторыя іншыя. Нашы дзеці перамагаюць абсалютна на ўсіх турнірах сярод краін СНД. У Расіі нам могуць скласці канкурэнцыю толькі школьныя каманды з Санкт-Пецярбурга, іншых канкурэнтаў я там не бачу. А вось Прыбалтыка — моцны канкурэнт. На апошнім чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у Чэхіі, наш удзел быў не такі паспяховы. Удзел у ім прымалі 43 каманды з розных краін свету з вельмі высокім узроўнем падрыхтаванасці. І хоць прасунуліся мы толькі да сярэдзіны выніковай табліцы, для нас гэта таксама значная перамога, улічваючы, што для многіх нашых канкурэнтаў англійская мова — родная, напрыклад, для пяці каманд з Канады, пяці — з ЗША і іншых”.

Дэбаты на кожны дзень

“Для мяне дэбаты — гэта магчымасць адтачыць англійскую мову, бо больш эфектыўнага, хуткага і цікавага спосабу, на мой погляд, не існуе, — гаворыць адзінаццацікласніца гімназіі № 7 Дана Ястрэмская. — На сённяшні момант я абсалютна не адчуваю моўнага бар’ера, калі размаўляю з носьбітамі англійскай мовы. Гэта прыемнае адчуванне, калі ты і за мяжой можаш не толькі пазнаёміцца з чалавекам, расказаць пра сябе, пра свае захапленні, але і кампетэнтна разважаць на любую тэму: пачынаючы ад эканомікі і экалогіі і заканчваючы палітыкай, можаш аналізаваць актуальныя для ўсяго свету з’явы і падзеі”.
Калі чалавек рыхтуецца да паступлення ў канкрэтную навучальную ўстанову, ён “падцягвае” тыя прадметы, якія яму спатрэбяцца на экзаменах. Здавалася б, ужо сакавік: большасць выпускнікоў гэтага года ўжо вырашылі, куды будуць паступаць і якія экзамены іх чакаюць. Дана ж пакуль канчаткова не вызначылася, але, прадаўжаючы займацца ў клубе, працягвае і падрыхтоўку да экзаменаў. Дзяўчына пераканана, што і студэнт, і дыпламаваны спецыяліст павінен не толькі добра ведаць канкрэтныя дысцыпліны, а і мець шырокі кругагляд, аднолькава добра арыентавацца ў розных галінах.
Каманда Даны традыцыйна ў лідарах і на рэспубліканскіх, і на міжнародных спаборніцтвах. За ўласнае майстэрства палемікі тры гады запар дзяўчына заваёўвае званне топ-спікера Рэспублікі Беларусь, гэта значыць, уваходзіць у дзясятку лепшых.
“Спікер — гэта чалавек, які ўмее даказваць сваю слушнасць, — гаворыць Дана. — Гэтае ўменне ў спалучэнні з красамоўнасцю і харызмай не можа не спатрэбіцца ў штодзённым жыцці: пры зносінах у сям’і, сярод равеснікаў, у творчым, працоўным калектыве. Спатрэбіцца і для таго, каб трапіць у працоўны калектыў: падчас субяседавання пры паступленні на працу важна пераканаць будучага начальніка, што менавіта вы дастойны той вакансіі, якую хочаце атрымаць. Многім людзям часта даводзіцца выступаць перад аўдыторыяй, і чытаць з лістка — велізарны мінус любога выступоўцы, такія выступленні не бываюць захапляльнымі. А вось уменне гаварыць так, каб паслухаць захацелі ўсе прысутныя, — гэта дарагога каштуе”.

Каларыйны пажытак для розуму

Дэбатнаму клубу гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна ўжо 16 гадоў, і яго ўдзельнікі займаюцца дэбатамі вельмі сур’ёзна. Дзякуючы гэтаму, многія з іх — асобы, вядомыя далёка за межамі Беларусі. Гэта адзін з самых шматлікіх клубаў у краіне, і колькасць яго ўдзельнікаў не змяншаецца, а пастаянна павялічваецца: калі ў верасні было 30 чалавек, то зараз — каля 40. І гэта пры тым, што дэбаты праходзяць тут зусім экстрэмальна. Урокі ў гімназіі пачынаюцца ў 8.30, заняткі клуба вядуцца ў розных класах, колькасць урокаў у якіх розная. Немагчыма было іх скаардынаваць, таму кіраўнік клуба Міхаіл Іосіфавіч Фрыдман прапанаваў жорсткі рэжым — нулявыя ўрокі. І жадаючых па-ранейшаму многа: дэбатчыкі прыходзяць у школу ажно чатыры разы ў тыдзень а палове восьмай! Тое, што яны мяняюць лішнюю гадзіну самага салодкага ранішняга сну на дэбаты, найлепш гаворыць пра іх зацікаўленасць.
“У той перыяд, калі чалавек пачынае сябе ўспрымаць як чалавека, які думае, яму неабходна даваць пажытак для розуму. Мы ж даём ім вельмі каларыйны пажытак, падштурхоўваючы да абмеркавання такіх тэм, як выкарыстанне ядзернай энергіі, служба ў арміі, прафарыентацыя, эканомія рэсурсаў, бясплатная вышэйшая адукацыя, небяспечнасць касмічных даследаванняў, праблемы нанатэхналогій і многія іншыя, — гаворыць Міхаіл Іосіфавіч. — Мы абмяркоўваем з дзецьмі, скажам, смяротнае пакаранне, разважаем, ці мае права адзін чалавек пазбавіць жыцця іншага. І, увогуле, што гэта — мера пакарання, абарона ці нешта трэцяе. Можа, нехта палічыць марным тое, што дзеці абмяркоўваюць тыя пытанні, якія нават дарослыя адназначна не вырашылі. Маўляў, калі не вырашаць, няма чаго гаварыць. Гэта няправільна. Ёсць такое выказванне: “Лепш дэбатаваць праблему і не вырашыць яе, чым вырашыць, не дэбатуючы”. Бо ў першым выпадку ты хоць падумаў, а ў другім вырашыў не падумаўшы”.
Мае выхаванцы, калі многа даведваюцца пра рэчаіснасць, разумеюць, як многа яны ведаюць, асабліва калі перамагаюць на міжнародных дэбатных турнірах. Гэта ў сваю чаргу павышае іх самаацэнку. Ва ўзросце 14—17 гадоў яе ролю нельга пераацаніць. Калі чалавек ведае сабе цану, то і іншыя на яго глядзяць па-другому”.

Шырокая кваліфікацыя

Магчыма, камусьці можа падацца, што маладыя людзі, якія захапляюцца дэбатамі, надзвычай сур’ёзныя, што вольны час яны праводзяць ці ў бібліятэках са стосамі англамоўных кніг, ці ў інтэрнэце, калі трэба знайсці даследаванні, скажам, брытанскіх ці амерыканскіх вучоных па тэматыцы чарговых дэбатаў. Але гэта будзе памылкай. Акрамя таго, добры дэбатчык не заўсёды выдатнік. Часта дэбаты прыцягваюць тых, чые паводзіны насцярожваюць і іх бацькоў, і педагогаў. “Хаця, як паказвае практыка, гэта толькі напачатку: калі сур’ёзна займаешся цікавай працай, на абы-што часу не хапае, — гаворыць Міхаіл Іосіфавіч. — Мы вельмі часта выязджаем на міжнародныя турніры, якія доўжацца каля двух тыдняў. Гэта час не толькі непасрэдна на дэбаты, а яшчэ і на культурны адпачынак. І калі маладыя людзі бачаць, як можна праводзіць час, яны становяцца больш адказнымі, неразумным нікому не хочацца падацца”.
Рэдка дэбаты бываюць адзіным сур’ёзным захапленнем. Многія выхаванцы гродзенскай гімназіі з поспехам займаюцца спортам, музыкай, танцамі. Выхаванцы гімназіі № 7 Мінска Мікіта Шапавал і Уладзіслаў Брыль амаль прафесійныя гітарысты, Аляксандра Люндышава цудоўна іграе на домры, Аляксандра Кічыгіна з поспехам займаецца ў мадэльным агенцтве Сяргея Нагорнага, Ганна Мялік па-майстэрску выконвае ўсходнія танцы… І гэты спіс можна працягваць доўга, бо калі маеш шырокі погляд на свет, то натуральна мець і разнастайныя захапленні.

Святлана НІКІФАРАВА.