Мастацтва радасці

Салодкая вата, чырвоныя крэслы, заміранне сэрца ад трукаў артыстаў, рыжы клоўн і дзіцячы смех… Гэтыя асацыяцыі не мяняюцца з гадамі. Сталеючы, мы радзей пагружаемся ў гэтую атмасферу, але любоў да яе ў нас не праходзіць. Для тых дзяцей, якія хочуць удосталь атрымаць асалоду ад цырка, выпрабаваць уласныя магчымасці, у сталічным Палацы дзяцей і моладзі “Золак” другі год дзейнічае эстрадна-­цыркавая студыя Fantasy. Кіруе студыяй прафесійны рэжысёр цырка, выпускнік студыі клаўнады Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары Фёдар Казлоў.

Фёдар Казлоў упэўнены: артыстамі не становяцца, імі нараджаюцца. Сведчаннем было і яго ўласнае жыццё. З самага маленства і пачатковай школы ён быў на сцэне. Ролі іграў і ў летніках, і на школьнай сцэне, у старшых класах вучыўся ў цыркавой студыі пры Палацы культуры. Пасля школы служыў на флоце — там таксама працягваў свае выступленні, загрыміраваўшыся тушшу ці гуашшу. Пасля арміі рвануў вучыцца ў студыю клаўнады ў Маскоўскім цырку на Цвятным бульвары. 40 гадоў аддаў цырку. Працаваў з такімі вялікімі майстрамі, як Нікулін, Папоў, Кіа, Альпераў і інш. Аб’ехаў з гас­тролямі ўвесь свет, збіраючы ўзнагароды ў цырках Францыі, Швецыі, Швейцарыі, Японіі, Зімбабвэ, Мальты і інш. Працаваў і рэжысёрам у Маскоўскім тэатры ілюзій, але пасля апошніх гастроляў у 2019 годзе вырашыў заняцца выключна падрыхтоўкай апантаных і захопленых цыркам дзяцей. І менавіта ў Беларусі.

Некалькі гадоў назад, калі Фёдар Казлоў бываў на радзіме, па запрашэнні быў старшынёй экспертнай камісіі па ацэньванні цыркавых калектываў Беларусі, якія прэтэндавалі на званне народнага ці ўзорнага. Так ён шмат паездзіў па краіне, пазнаёміўся з калектывамі, ацаніў іх творчыя магчымасці. І калі купіў сабе пад Мінскам дом, вырашыў адкрыць непадалёк і сваю цыркавую студыю.

Педагагічны вопыт у яго такі ж багаты: у Маскве ў яго шмат гадоў была свая студыя “Арэна” — адна з лепшых у горадзе. На яго рахунку ёсць і званне “Педагог года Маск­вы”. Таму з дзецьмі ён на адной хвалі. Ён добра бачыць у маленькім чалавечку таленты і з запалам іх раскрывае.

У аснову праграмы студыі кіраўнік паклаў сінтэз цырка, эстрады, тэатра з элементамі клаўнады і ілюзіі. Студыя ўключае ў сябе відовішчны паказ разнастайных здольнасцей чалавечага цела, сцэнічны рух, прыгажосць трукавых рашэнняў. На занятках юныя артысты авалодваюць многімі цыркавымі жанрамі: акрабатыкай, пантамімай, клаўнадай, жангліраваннем, харэаграфіяй, эквілібрыстыкай, эксцэнтрыкай і сцэнічным рухам. Няма толькі паветраных гімнас­таў: на жаль, у “Золаку” нізкія столі.

Усяго ў студыі каля 60 артыстаў ад 5 да 14 гадоў. Сярод іх — 11­гадовы Глеб Касцюкевіч. Гэта тое дзіця, якое ніколі не крыўдзіцца, калі з яго смяюцца равеснікі: для яго смех — найлепшы камплімент.

Хлопчык расказвае: “Я з маленства люблю цырк. Я часта там бывало і заўсёды вельмі чакаю выступлення менавіта клоўна. Гэта самае складанае, што можа толькі быць, і самае цікавае. І не толькі таму, што трэба ўмець падняць настрой лю­дзям, рассмяшыць іх, нават калі ім не да смеху (напрыклад, пацыентаў бальніц). Гімнаст умее рабіць толькі акрабатычныя трукі, жанглёр — толькі жангліраваць. Клоўн жа — і гімнаст, і акрабат, і жанглёр, і парадыст, і фокуснік… Калі да нас у школу прыйшоў Фёдар Рыгоравіч і сказаў, што адкрывае цыркавую студыю і набірае ў яе актыўных дзяцей, мая настаўніца адразу зазначыла: “Вунь Глеб — самае актыўнае дзіця! Энергіі праз край!” Я не стаў супраціўляцца. Так, я заўсёды вясёлы, заўсёды на пазітыве. І хоць ніколі не думаў, што так атрымаецца, але я знайшоў сабе прафесію”.

Зараз хлопчык — вядучы артыст у студыі. Ён асвоіў амаль усе традыцыйныя для клоўна жанры, але спыняцца не збіраецца. У прыватнасці, цяпер ён трэніруецца як фокуснік.

“Фокусы свае я трэніруюся ставіць на аднакласніках, на маме. Часам прос­та падыходжу да прахожых на вуліцы і прапаную ім паглядзець фокусы. Не ўсе людзі згаджаюцца, ду­маюць: “Ага, і вокам ні міргну, а ён у мяне ўжо гадзіннік зніме!” Але і трэніровак хапае”, — усміхаецца Глеб.

Мама Глеба, Юлія Красавіна, гаворыць: “У нас дома лятае ўсё: і ручкі, і маркеры, і палкі — Глеб увесь у фокусах. Настаўнікі кажуць, што ўжо хутка і яны пачнуць фокусы паказваць. Цырк — гэта яго выбар, яго мэта, яго жаданне. Я ж гэтаму толькі рада. Ды і з Фёдарам Рыгоравічам у яго поўнае ўзаемаразуменне: педагог умее і зацікавіць, і навучыць, і натхніць”.

Не прапускае ніводных заняткаў і 8-­гадовы Максім Шафарэнка: “Я ўжо ўмею стаяць на катушцы, умею жангліраваць мячыкамі і кольцамі. Калі бяру шмат прадметаў, доўга не атрымліваецца, але тут галоўнае — трэніроўкі. Толькі так становішся ўпэўненым, і не страшна выходзіць на сцэну. Таму, акрамя студыі, трэніруюся і дома”, — гаворыць хлопчык.

Дзясяткі і сотні былых выпускнікоў Фёдара Казлова сталі прафесійнымі артыстамі і працуюць у лепшых цырках свету. Фёдар Рыгоравіч ужо і ў новай студыі бачыць, хто з яго сённяшніх навучэнцаў зможа некалі працягнуць іх яркую справу. І ў першую чаргу ў Беларускім дзяржаўным цырку.

“Калі ў тэатры галоўнае — Яго Вялікасць Слова, то ў цырку — Трук. І я імкнуся навучыць дзяцей трукам незалежна ад іх магчымасцей. Дарэчы, у некаторых яны абмежаваныя, але гэта не перашкаджае нам развівацца і рухацца з усімі ра­зам наперад. І няхай адразу гэтае дзіця не магло прысесці, цяпер яно не толькі прысядае, але і куляецца, і жангліруе, і асвоіла эквілібр”, — гаворыць педагог.

“Многія дзеці баяцца сцэны. Часам настолькі, што ў самы адказны момант проста не выходзяць. Каб не баяцца сцэны, дзіця павінна быць упэўнена ў тым, што яно робіць, і рабіць гэта бездакорна. Над гэтым і працуем. Ды і сам нумар трэба правільна паставіць. Тут трэба адштурхоўвацца ад уменняў артыста, ад усяго таго багажу, які ў яго ёсць. Змешванне жанраў заўсёды павінна быць, таму чым больш ты ўмееш, тым лепш. Гляджу і на характар дзіцяці, на фанаграму, на тое, ці раскрывае яна гэты канкрэтны нумар. Улічваем і пластыку рухаў, сам рэквізіт. Але ўсё ж галоўнае ў цырку — жаданне дзіцяці ісці наперад. Не будзе яго — не атрымаецца нічога”, — падсумоўвае Фёдар Рыгоравіч.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва студыі.