Мастацтва зачаравання прыгажосцю

У далёкім 1992 годзе юную Надзею Барсукову, якая прыйшла працаваць у Гомельскі палац піянераў і школьнікаў, натхняла яе кіраўнік і калега Людміла Дабравольская. Цяпер у яе самой вочы гараць, калі яна працуе з дзецьмі або расказвае дарослым, якім чынам падрыхтаваць навучэнцаў да выставы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ці спланаваць работу з падлеткамі.

Зусім нядаўна Надзея Георгіеўна атрымала нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта гонар не толькі для педагога, але і для ўсяго Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, дзе майстар працуе амаль 30 гадоў. 

Надзея Георгіеўна даўно пераехала з сям’ёй у Беларусь з суседняй Браншчыны, дзе закончыла педагагічнае вучылішча, а потым Бранскі педінстытут імя І.Г.Пятроўскага. Настаўнік абслуговай працы па першай адукацыі паступова стала сапраўдным майстрам і кіраўніком студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Яе старанныя вучаніцы не заўсёды выбіраюць прафесіі, звязаныя з мастацкай ручной працай, хаця ёсць і такія. Сярод яе выпускніц ёсць айцішніцы, якія адпачываюць, калі займаюцца пэўным відам творчасці. Некаторыя сумяшчаюць асноўную работу з набыццём навыкаў бачыць свет праз прызму прыгажосці. Напрыклад, гэта тыя, хто займаецца графічным дызайнам.

Сама Надзея Георгіеўна пачынала з бяросты — традыцыйнага ў Расіі матэрыялу. І ўжо тут, у Беларусі, віртуозна асвоіла традыцыйную беларускую саломку. Гаворыць, што і зараз падтрымлівае свае навыкі, але ж час дае новыя магчымасці і матэрыялы. Як жа не скарыстацца імі, як не ўдасканаліцца? Таму ў жыццё ўваходзяць і карыстаюцца папулярнасцю, напрыклад, халодны парцалян і эпаксідная смала.

Цяпер у студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці рознымі відамі творчасці пад кіраўніцтвам сямі педагогаў займаюцца больш чым 120 дзяцей. Яны асвойваюць мастацкую работу з саломкай, бяростай, скурай, тэкстылем, пацеркамі, паперай, ткуць дываны, займаюцца выцінанкай, керамікай, размалёўкай па шкле… Кіраўнікі, дарэчы, не абсалютызуюць адзін від творчасці, а прапануюць навучэнцам некалькі кірункаў дзейнасці. Многія асвойваюць модныя новыя: папяровую пластыку, квілінг, дэкупаж, скрапбукінг… Дырэктар Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Якіменка гаворыць, што педагогі студыі выкарыстоўваюць разнастайныя формы і метады арганізацыі вучэбнай дзейнасці:

— Гэта сучасныя адукацыйныя тэхналогіі: гульнявыя, праектныя метады навучання, навучанне ў супрацоўніцтве, сістэма ацэнкі “партфоліа”… У студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці створаны групы для адораных дзяцей. Праводзіцца работа з дзецьмі-інвалідамі ў іх дома, а таксама на базе Гомельскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзе ў адукацыйным працэсе прымяняюцца максімальна індывідуальны і дыферэнцыраваны падыходы.

Цікава было даведацца, што галоўным настаўнікам Надзея Георгіеўна лічыць свайго дзеда Івана Пазнякова. Ён некалі шыў верхнюю вопратку і ў сваім асяроддзі нават меў мянушку “залаты”. А ўсё таму, што рукі ў яго былі залатыя, усё імі мог рабіць. Талент перадаўся “ў спадчыну” шматлікім яго вучням.

Дарэчы, у Надзеі Георгіеўны вучацца і калегі. Яны часцяком звяртаюцца да яе па дапамогу. На Рэспубліканскую выставу навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі Н.Г.Барсукова прадставіла матэрыял “Захаванне культурнай спадчыны роднага краю: сістэмнасць і варыятыўнасць у навучанні”, які быў адзначаны дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Педагог дадатковай адукацыі распрацавала шэраг рэкамендацый па падрыхтоўцы навучэнцаў да выстаў, конкурсаў дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, планаванні выхаваўчай работы з дзецьмі і падлеткамі.

Распаўсюджванне лепшага вопыту — гэта і шматлікія семінары-практыкумы, метадычныя аб’яднанні, творчыя лабараторыі, і абласныя конкурсы дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Па ініцыятыве Надзеі Георгіеўны з 1995 года на базе Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі праводзіцца абласны конкурс юных мадэльераў “Рознакаляровая мазаіка”. Педагог неаднаразова арганізоўвала тэматычныя выставы дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці горада, вобласці, краіны, каардынавала ўдзел выхаванцаў студыі ў міжнародных выставах і конкурсах. Узнагарод у яе і вучняў  шмат. За апошнія тры гады яе выхаванцы перамагалі ў рэспубліканскіх конкурсах “Калядная зорка”, “Юныя таленты Беларусі”, “Ідзі за марай”, “Прывітанне, свет!”, міжнародным конкурсе “У імя будучага дня”.

— Важна ісці ў нагу з часам разам з дзецьмі, — разважае Надзея Барсукова. — Трэба, каб педагог пастаянна развіваўся. Мне здаецца, што ручная дзейнасць будзе запатрабавана заўсёды — гэта тое непаўторнае, што робіцца ў адзінкавых экзэмплярах і таму мае каштоўнасць. Важнае значэнне мае не толькі развіццё дробнай маторыкі, што ўсім відавочна. Галоўнае, што дзеці вучацца бачыць прыгажосць жыцця. Дарэчы, веданне камп’ютарных тэхналогій гэтаму не перашкаджае. Дзецям, якія займаюцца ў нас маляваннем, а потым ідуць асвойваць камп’ютарную графіку, значна прасцей авалодаць сучаснай прафесіяй. Да таго ж, любая дзяўчынка ў будучыні стане гаспадыняй і для яе будзе не лішнім многае ўмець рабіць сваімі рукамі.

Між тым, для самой Надзеі Георгіеўны важна проста шчыра любіць дзяцей — тады не будзе расчаравання ў выбранай справе. 

Ірына АСТАШКЕВІЧ.