Калі ў ката Матроскіна пашпарт — гэта вусы, лапы і хвост, то ў бітбоксераў — гэта, так бы мовіць, рот, язык і вусны. Дзякуючы ўсяго тром кампанентам, яны ўмеюць ствараць музыку, якая пракачае не горш за хіп-хоп. Гэты матэрыял пра тых, для каго музычны інструмент не тое, што ты купіў у магазіне, а тое, што ты сам змог у сабе развіць.
Драм-машына
Тэхнікі, падобныя да бітбоксу, выкарыстоўваліся ў музыцы яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Звычайна яны дапаўнялі амерыканскі фолк, рэлігійныя песні, блюз, рэгтайм і інш. Шмат знакамітых выканаўцаў выкарыстоўвалі вакальную перкусію. Напрыклад, Пол Макартні ў “That would be something” ці Майкл Джэксан у “Billie Jean” і “The girl is mine”. Нават культура некаторых народаў уключала ў сябе падобныя тэхнікі. Напрыклад, у афрыканскай музыцы выканаўцы робяць са свайго цела інструмент: пляскаюць у далоні, выбіваюць рытм нагамі, робяць гукі вуснамі з дапамогай гучнага ўдыху ці выдыху.
Батлы, якія варта паглядзець (вы не паверыце, што такое можна ствараць сваім целам!)
* Skiller vs Reeps One (паўфінал 3-га чэмпіянату свету)
* Alem vs NaPoM (фінал 4-га чэмпіянату свету)
* NaPoM vs Mad Twinz (World Beatbox Camp 2017)
* Alexinho vs Alem (World Beatbox Camp 2017)
* NaPoM vs D-low (Shootout Beatbox Battle 2017)
Расцягваем клубок: beatbox перакладаецца як “драм-машына”. Драм-машына — гэта электронны музычны інструмент, на якім можна стварыць музычныя ўдарныя фрагменты. Там ужо ёсць гатовыя шаблоны і тэмбры ўдарных інструментаў, з якіх можна скласці сваю мелодыю. Гукі такой драм-машыны звычайна і спрабуюць зрабіць бітбоксеры.
Ёсць некалькі значных падзей у развіцці гэтай культуры.
Першая, 1983 год. Darren “Buff the Human Beat Box” Robinson, удзельнік трыа The Fat Boys, на конкурсе талентаў прадэманстраваў уменне ствараць розныя гукавыя эфекты і рытмы хіп-хопа без выкарыстання музычных інструментаў. У тым жа годзе рэпер Doug E Fresh на адным са сваіх выступленняў заявіў, што стварыў бітбокс у 1980 годзе.
Другая, 1999 год. “Godfather of Noyze” Rahzel стварыў адзін з самых уплывовых бітбокс-альбомаў усіх часоў. Ён атрымаў назву “Make the Music 2000” і складаўся з песень, імітацыі скрэтчу, бітбоксу, розных тэхнік. Хіт — “If your mother only new” (трэба ведаць абавязкова, калі захочацца далучыцца да гэтай культуры).
Трэцяя, 2001 год. З’явіўся дыск, які цалкам прысвячаўся бітбоксу.
Чацвёртая, 2002 год. Адкрылася першае ў свеце бітбокс-агенцтва Beatboxer Entertainment. Ужо ў наступным годзе прайшла першая міжнародная канферэнцыя бітбоксераў.
Пятая, 2004 год. На адкрыцці ХХVIIІ летніх Алімпійскіх гульняў у Афінах выступіў бітбоксер Shlomo разам з Bjork.
Для лепшых
Раз на 3 гады праводзіцца чэмпіянат свету па бітбоксе. Усё адбываецца ў фармаце батлаў. Удзельнікі выступаюць у адной з пяці катэгорый: мужчыны, жанчыны, tag-team, каманда і луп-станцыя (прылада, на якую можна запісаць закальцаваную музычную фразу і прайграць яе). Дзверы на спаборніцтвы адчыняюцца розным удзельнікам. Хтосьці выйграе чэмпіянат сваёй краіны, хтосьці становіцца адным з 16 лепшых бітбоксераў на папярэднім сусветным турніры, мужчыны могуць прайсці кваліфікацыю праз конкурс Wildcard Video Beatbox (даслаць відэа), жанчыны і тыя, хто выступае ў катэгорыі “луп-станцыя”, могуць атрымаць асабістае запрашэнне.
Першы чэмпіянат свету прайшоў у 2005 годзе ў Лейпцыгу. Апошні — у 2018 годзе ў Берліне. Сярод жанчын перамагла Kaila Mullady (яна жа заняла першае месца і ў 2015 годзе), сярод мужчын лепшым стаў Alexinho.
Маладосці горы па калена
Адзін з тых, каго б хацелася ўбачыць на батле калі не сусветнага, то нацыянальнага ўзроўню, — Мікіта Шышмолін, ці Kit’s. Яму 19 гадоў, і ён педагог Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Ідэя стварыць гурток па бітбоксе з’явілася ў Мікіты не так даўно, калі ён сам пачаў добра арыентавацца ў гэтым мастацтве гуку.
— Я спрабаваў займацца бітбоксам у 13 гадоў, але кінуў. Вярнуўся да яго, калі мне было 17. Усё пачало так хутка атрымлівацца, гукі даваліся за некалькі хвілін, максімум за дзень, хаця некаторыя адточваюць іх па тыднях.
Мікіта некалькі разоў выступаў на сцэне лідскага цэнтра, кожны раз да яго падыходзілі дзеці і пыталіся: “А як ты гэтаму навучыўся? А пакажаш нам?” Так і прыйшла ідэя стварыць гурток. У снежні 2018 года была пробная версія, а з кастрычніка 2019 стала ліцэнзаванай.
— Зараз у мяне займаецца 6 чалавек ад 12 да 18 гадоў. Зусім маленькіх не возьмеш, таму што патрэбна добрая дыкцыя і сфарміраваныя мышцы на шчоках. Мы сустракаемся 3 разы на тыдзень. У адзін дзень прыходзяць два вучні, кожнаму я ўдзяляю па гадзіне. Крыху прасцей займацца з ужо дарослымі дзецьмі, бо ім трэба менш часу на тлумачэнне.
Сярод гэтых шасці чалавек — дзве дзяўчыны. У плане выкладання розніцы няма, але ў плане навыкаў яна з’яўляецца. Дзяўчаты не могуць зрабіць гарлавы бас з-за будовы арганізма.
Да таго як вучні пачынаюць бітбоксіць, яны выбіраюць жанр, у якім будуць рухацца. Гэта можа быць хіп-хоп, дабстэп, дып-хаус, трэп. Некаторым цікава паспрабаваць некалькі, але часцей за ўсё спыняюцца на хіп-хопе, таму што на ім добра гучыць база. База — тры галоўныя гукі: кік (b), хэт (t) і снэр (pf). Для таго каб зрабіць кік, трэба набраць паветра і сказаць літару Б без голасу, выпіхнуць паветра вонкі. Хэт — гэта літара Т без гуку, пры вымаўленні язык павінен упірацца ў верхнія зубы. Снэр складаецца з кіку (першы гук) і працяглай ФФФ. Калі аснова вывучана, можна перайсці да бітоў. Напрыклад, b — t — pf — t ці b — t — pf — tt — b — pf — t.
— Заняткі пачынаюцца з паўтарэння таго, што мы вучылі на папярэдніх занятках. Калі хтосьці не разумее ці забыў гукі, то я тлумачу яшчэ раз. Той, у каго ўсё атрымліваецца, рухаецца далей, але не нашмат, каб не ўзнікала вялікай розніцы паміж вучнямі. Яшчэ мы глядзім відэа з батлаў, абмяркоўваем музыку, больш за ўсё класічную, дзе не выкарыстоўваюцца ўдарныя інструменты. Фартэпіяна, скрыпка, гітара, каб можна было паспрабаваць забітбоксіць пад мелодыю.
Як самастойна навучыцца бітбоксіць?
Падрыхтаваць цела. Трэніраваць звязкі, развіваць дыханне, пачуццё рытму і слых. Існуе шмат практыкаванняў у розных варыяцыях, выбірайце тыя, на якія вам хопіць часу і жадання.
Палепшыць артыкуляцыю. Дзякуючы заняткам, вы пачнеце лепш адчуваць свае зубы, вусны, язык, паднябенне. Пры няўдачы ў бітбоксе прасцей будзе стаць вядучым.
Засвоіць базавыя гукі b, t, pf — кік, хэт, снэр. Каб уявіць, як яны гучаць, можна скарыстацца відэаўрокамі (YouTube-каналы “Valentin Fokin”, “Дом музыканта”, “ДОБРЫЙ ЮРА”).
Рабіць звязкі. Асноўныя гукі вывучылі, чаму б іх не аб’яднаць? Пачынайце з простага, потым кампануйце гэтае простае — і ваша першая мелодыя з’явіцца на свет хутчэй, чым новае фота вядомай зоркі.
Пасля першага года навучання гурткоўцы павінны засвоіць амаль усю тэхніку. Далей — практыка і ўдасканальванне. Мікіта складаў праграму, зыходзячы са свайго вопыту. Педагог спадзяецца знайсці такіх жа таленавітых дзяцей, з якімі пазней можна будзе ездзіць на мерапрыемствы і конкурсы.
— Я ім гавару займацца столькі, колькі яны лічаць патрэбным, хаця сам займаўся, пакуль не пачнуць балець сківіцы. Напэўна, менавіта таму ў мяне так хутка ўсё атрымалася. Мне знаёмы паказаў тры асноўныя гукі, я іх адточваў, прыдумваў камбінацыі, потым глядзеў відэа. Спачатку думаў, што гэта мантаж, што так немагчыма. Але калі ў мяне атрымалася, то зразумеў: не мантаж.
У лістападзе Мікіта ўзяў гран-пры на абласным этапе творчага фестывалю-конкурсу дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці DIАMONDS. У лютым пройдзе яго фінал у Мінску. Калі Kit’s добра пакажа сябе і на ім, то зможа паехаць на выступленне ў Расію ці Украіну, а там і да чэмпіянату свету рукой падаць. Яго вучні ўжо таксама прайшлі праверку сцэнай і парадавалі публіку на абласной творчай справаздачы ўпраўлення адукацыі Лідскага раёна. Гучыць афіцыёзна, але бітбоксеры не выглядалі чорнымі авечкамі сярод іншых выступоўцаў.
— Бітбоксам могуць займацца ўсе, — упэўнены малады педагог.
Магчыма, гэта гучыць складана, а калі паглядзець відэа прафесіяналаў, то неверагодна. Але ацаніце сябе, падумайце, што вы ўмееце лепш за ўсё, і прыгадайце, як пачыналі гэтым займацца. Было страшна, было цяжка, але вынік варты любых выпрабаванняў. Мабыць, зараз самы час паставіць новую мэту і пакрысе пачаць да яе рухацца?
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота А.М.Більдзя і героя матэрыялу.