Mobile travel “Мой родны куточак Варонча”

На гэта лета Варанчанскі дзіцячы сад — сярэдняя школа паставіў перад сабой задачы, блізкія, напэўна, кожнай установе адукацыі: дапамагчы вучням аздаравіцца падчас канікул, развіваць іх пазнавальную актыўнасць, цікавасць да навакольнага асяроддзя, выхаваць любоў да родных мясцін. У Год малой радзімы асаблівую ўвагу надалі мерапрыемствам, прысвечаным нашаму аграгарадку.

Падчас арганізацыі звычайных для школы мерапрыемстваў (канцэртаў, конкурсаў), мы сутыкнуліся з некалькімі праблемамі. Па-першае, вучняў усё больш складана зацікавіць традыцыйнымі формамі правядзення свят і конкурсаў. Актыўныя камп’ютарныя карыстальнікі, яны цікавяцца найперш сваім віртуальным жыццём. Па-другое, хочацца, каб выхаваўчы працэс не заканчваўся па завяршэнні мерапрыемства. Мы паставілі перад сабой мэту зрабіць так, каб цікавасць да роднага краю жыла і за парогам школы, каб у вучняў з’явіўся жывы інтарэс да яго гісторыі і сучаснасці.

Праект Mobile travel “Мой родны куточак Варонча” — мадэль мясцовага падарожжа з мноства асобных мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнай тэмай. Як падкрэслівае дырэктар школы Таісія Дзмітрыеўна Грыбок, у кожным акцэнт робіцца на камп’ютарныя тэхналогіі.

Так, амаль усё лета прымаюцца работы на конкурс сэлфі “Мая любімая мясціна”. Падлеткі актыўна фатаграфуюцца побач з вядомымі турыстычнымі аб’ектамі Варончы і суседніх вёсак і публікуюць свае здымкі ў сацыяльных сетках. Работы даслала ўжо больш за 25 вучняў (а гэта палова школы!).

Прыняць удзел у акцыі “Складзі скарбніцу YouTube” больш складана — патрэбна зняць невялікі відэааповед пра архітэктурны ці прыродны аб’ект роднага краю, узгадаць яго гісторыю і асаблівасці. Акрамя фактаў, якія можна знайсці ў кнігах ці інтэрнэце, абавязкова апісаць уласныя ўражанні і заўвагі. Такая работа развівае не толькі эстэтычныя ўяўленні школьнікаў, але і здольнасць самастойна інтэрпрэтаваць убачанае.

Малодшыя школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у флэшмобе “#мая усмешка на роднай сцежцы”: дзеці малююць свае асацыяцыі з малой радзімай на асфальце ці паперы і фатаграфуюцца з малюнкамі. У якасці сімвалаў Варончы школьнікі выбіралі жывёл, кветкі, гістарычныя будынкі і нават казачных персанажаў. Умовы гэтага конкурсу сугучныя з тэмай школьнага летніка, у якім дзеці штодзень прыдумваюць новы лагатып аграгарадка, таму работы на конкурс дасылаюць пастаянна.

Сярод піянераў быў арганізаваны конкурс лайфхакаў “Месца адпачынку ў родным куточку”. Ім прапанавалі параіць гасцям Варончы і наваколля цікавыя турыстычныя месцы і раскрыць сакрэты ўдалага адпачынку: калі лепш наведаць, чым заняцца, што і каго ўзяць з сабой. Галасаванне сярод піянераў будзе доўжыцца да канца лета.

Прамежкавыя вынікі конкурсу можна падвесці ўжо зараз. Школьнікі добра ведаюць сваю малую радзіму і яе славутасці. Многія конкурсныя работы былі прысвечаны возеру Свіцязь: удзельнікі здымалі відэа пра самыя прыгожыя і зацішныя берагі, расказвалі легенды. Менш выдзяляюць турыстычную вёску Белыя Лугі за яе старажытную гаспадарку з козамі ды авечкамі. Найбольш часта ўзгадваюць мясцовы бровар, касцёл святой Ганны, старажытныя каталіцкія могілкі, рэшткі дуба Адама Міцкевіча і прысядзібнага парку Любанскіх.

Дзякуючы таму, што праект праходзіць анлайн, ён заахвочвае да даследавання малой радзімы не толькі дзяцей, што наведваюць школьны летнік, але нават тых, хто адправіўся адпачываць у суседнія вёскі і не змог бы прыняць удзел у традыцыйных мерапрыемствах. Гэтыя школьнікі таксама спрабуюць сябе ў ролі экскурсаводаў і фато-графаў, удзельнічаюць у галасаваннях і абмяркоўваюць работы іншых. Каб заставацца на сувязі з такімі вучнямі, а таксама пашырыць кантакт з наведвальнікамі лагера, старшыня піянерскай дружыны разам з настаўнікамі стварыў старонку ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Тут дзеці могуць пакідаць свае пытанні да выхавальнікаў, сацыяльнага педагога, педагога-псіхолага. Ніхто з іх не даведаецца аб аўтарстве, таму школьнікі могуць быць адкрытымі і шчырымі. Іх пытанні разам з адказамі ананімна публікуюцца ў стужцы старшыні дружыны.

Ідэя вучням спадабалася: спачатку яны насцярожана правяралі, як дзейнічае сістэма, а сёння задаюць любыя пытанні. Адны цікавяцца, дзе лепш адпачыць і цікава правесці час, другія пытаюць пра рэальныя праблемы ў стасунках з бацькамі ці сябрамі. Нават вучні з суседніх школ, як расказаў старшыня піянерскай дружыны, звяртаюцца да яго старонкі.

Напрыканцы лета будуць падведзены вынікі конкурсаў, аўтары найбольш удалых работ атрымаюць узнагароды. Але ўжо сёння можна сказаць, што дзеці ацанілі сучасны падыход і застаюцца на сувязі са школай, ахвотна падключаюцца да творчай дзейнасці нават падчас канікул.

Вольга ПІСАРЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Варанчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.