Мы кажам “Так!” дзіцячай мары

Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі — адна з найбуйнейшых устаноў дадатковай адукацыі нашай краіны. Больш за 800 аб’яднанняў па інтарэсах адчыняюць кожны верасень свае дзверы для звыш 8 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат сталіцы і наваколля. Сёлета палац адзначыць сваё 55-годдзе. Якім будзе юбілейны навучальны сезон, чым установа парадуе новых і здзівіць даўніх сяброў, стала відавочна для сотняў гасцей, што завіталі днямі на свята “Добры дзень, палац!”.

Маштабная падзея разгарнулася на летняй сцэне пад адкрытым небам. Гасцей вітаў галоўны захавальнік свету дзяцінства — Дварэцкі. Пачалі канцэртную праграму самыя галасістыя і самыя пластычныя навучэнцы — удзельнікі шматлікіх творчых калектываў.

Вакол цэнтра разгарнуліся вулічныя пляцоўкі. Так, эпіцэнтрам рэканструкцыі сярэдневяковага побыту стаў рыцарскі двор, госці падпявалі клубу бардаўскай песні “Сокал” падчас пікніка на паляне, школа адважных ад ваенна-патрыя­тычнага клуба выстройвала вакол сябе шэрагі хлопчыкаў (і зрэдку дзяўчат) падчас майстар-класаў па самаабароне і рука­пашным баі.

Самай папулярнай у гасцей была майстэрня мастакоў, дзе прайшлі майстар-класы “Вінаградная лаза” (акварэль у тэхніцы ўсходняга жывапісу), “Лепка з гліны”, “Паштоўка для настаўніка”, “Упрыгажэнні з фаамірану”, “Паштоўкі з прыроднага матэрыялу”, “Сувенір” і інш.

Навучэнцы школы моды і стылю правялі майстар-клас “Ад куцюр” і далі слушныя парады юным модніцам і моднікам. Порцыю драйва можна было атрымаць у школе картынгу. Не менш эмацыянальная атмасфера панавала на пляцоўцы “Імперыя шахматнай каралевы”, дзе свае шахі і маты юныя Карпавы і Каспаравы выстаўлялі падчас гульні ў класічныя шахматы, японскія сёгі, а таксама ў настольныя, падлогавыя, насценныя шахматы.

Акрамя таго, многія здзейснілі падарожжа ў Тэхнаград. Тут дзеці даведаліся, як ствараюцца самалёты, пажарныя машыны. Каля басейна праходзілі водныя баталіі ад навучэнцаў секцыі судамадэлізму. Нягледзячы на тое, што, каб стаць за пульт кіравання караблём і абагнуць усе водныя перашкоды, выстраілася чарга, значна менш было жадаючых у бягучым годзе навучыцца такія караблі ствараць.

Мікалай Уладзіміравіч Амбражэй, загадчык суднамадэльнага кабінета, кандыдат у майстры спорту, патлумачыў гэта так: “Каб займацца ў нашай секцыі, трэба ахвяраваць шмат часу, таму ў нас добра працуюць ці выдатнікі, ці троечнікі: выдатнікі ўсё ведаюць, усё паспяваюць, а троечнікам няма чаго губляць. Напрыклад, наш навучэнец Сяргей Бабіцкі заўсёды быў круглым выдатнікам, цудоўна вучыўся ён і ў нас, стаў майстрам спорту, а на чэмпіянаце Еўропы заняў 2-е месца. Цяпер ён ужо студэнт. Не менш паспяхова сябе паказаў і 16-гадовы Дзмітрый Леўчанка. Яго фішка — скорасныя мадэлі. У суднамадэльным спорце шмат кірункаў, і мы стараемся ўсе іх ахапіць. Пакуль у нас не развіты хіба толькі парусны спорт: няма чалавека, які ўмеў бы кіраваць яхтай, бо гэта не прасцей, чым кіраваць вялікай. Але зараз да нас прыйшоў хлопчык, які займаўся парусным спортам і кіраваў сапраўднымі яхтамі. Спадзяюся, яму прыйдуцца даспадобы і іх паменшаныя копіі”.

Непадалёк праходзіў кастынг у дзіцячае тэлеагенцтва, ладзіўся спектакль лялечна-драматычнага тэатра “Галактыка”, разам з Мінскім планетарыем адбылася тэлескапічная вандроўка “Праз хмары да зорак”. Шмат было гульнявых пляцовак, атракцыёнаў, бяспройгрышных латарэй і інш. 

Прайшоў таксама гарадскі квест (ад Мінскага завода безалкагольных напіткаў сумесна з пракатам Kolobike) з прызамі і дэгустацыяй прадукцыі. Сапраўдная казачніца сабрала самых маленькіх гасцей, каб яны маглі паслухаць казку. Завяршылася свята тэатралізаваным шоу са спецэфектамі і запускам шароў-гігантаў “Мы кажам “Так!” дзіцячай мары”.

З упэўненасцю для новых навучэнцаў адчыніла дзверы ў палац яго дырэктар Ганна Лявонаўна Аверына: “Скончылася лета, пачынаецца новы навучальны год, і мы, канечне, гатовы да таго, каб прыняць нашых дзяцей. Безумоўна, кожны новы год — свое­асаблівы экзамен для нас, педагогаў. Штогод мы прыдумляем, чым здзі­віць дзяцей і іх бацькоў, і адкрываем новыя аб’яднанні па інтарэсах. Не стаў выключэннем і гэты год. Цяпер мы бу­дзем рыхтаваць вядучых, а таксама адкрываем школу журналістыкі, якая пачне працаваць на базе факультэта журналістыкі БДУ, адкрываем таксама школу блогінгу. З’явіцца шмат новых аб’яднанняў тэхнічнага профілю, бо на базе нашага палаца рэалізоўваецца інавацыйны праект Міністэрства адукацыі па стварэнні дзіцячага тэхнапарка. Прыемна, што апошнія два гады ў нас ёсць стыпендыяты прэзідэнцкага фонду. Гэта гаворыц­ь пра якасць работы педагогаў палаца, пра тое, што мы рухаемся ў правільным кірунку. У 2018 годзе наша ўстанова была занесена на Рэспубліканскую дошку гонару. У нас ёсць імідж у горадзе. Калі зададзена высокая планка, няпроста яе трымаць, але мы стараемся”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.