На дыстанцыі, але разам

Упершыню такія вялікія, канікулы выпалі гэтай вясной хлопчыкам і дзяўчынкам усёй краіны. Пакуль кніжкі і сшыткі чакаюць свайго часу на паліцах, педагогі дадатковай адукацыі прапанавалі сваім навучэнцам не закідваць далёка фарбы, пластылін, музычныя інструменты і далучыцца да іх віртуальных заняткаў. Першым у анлайн-прастору хлопчыкаў і дзяўчынак запрасіў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Мы на сувязі!

Дырэктар установы Надзея Васільеўна Васільчанка гаворыць: “У дні канікул мы не толькі прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам стаць гледачамі і ўдзельнікамі нашых анлайн-мерапрыемстваў, але і, дзякуючы конкурсам, марафонам і чэленджам, якія праводзяцца ў сетцы інтэрнэт, прапанавалі стаць стваральнікамі свайго ўнікальнага кантэнту. Мы зацікаўлены і ў тым, каб у анлайн-мерапрыем­ствах удзельнічала ўся сям’я.

На гэта, у прыватнасці, накіраваны наш сямейны Instagram-марафон “Разам на канікулах”, які мы распачалі яшчэ ў мінулым годзе. Летась падчас гэтага марафону мы кожны дзень разам з нашымі падпісчыкамі выконвалі пэўныя заданні. А на гэтых канікулах у нас ладзіцца конкурс “Карысныя парады”, у межах якога хлопчыкі і дзяўчынкі дзеляцца відэа і фота цікавых спраў, якімі яны займаюцца на канікулах. Кожны дзень у ім тэматычны і заклікае дзяцей разам з татамі і мамамі маляваць, чытаць, канструяваць, гуляць на свежым паветры і г.д.

Гэта не першая спроба наладжваць камунікацыю ў фармаце анлайн. Мы ўжо маем нядрэнны вопыт правядзення маштабных інтэрнэт-мерапрыемстваў і праектаў. Так, у мінулым годзе мы арганізавалі і правялі рэспубліканскі конкурс дзіцячых творчых работ “Ліст ветэрану”, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рэспубліканскі конкурс праходзіць у сетцы інтэрнэт, і ў ім прынялі ўдзел больш за 5 тысяч дзяцей з усіх куткоў Беларусі. Таксама ў мінулым годзе адбыўся рэспубліканскі інтэрнэт-квест “Скарбы краіны”, у якім прынялі ўд зел хлопчыкі і дзяўчынкі з усёй краіны, а зараз праходзіць рэспубліканскі інтэрнэт-конкурс літаратурных работ “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечаны 90-годдзю У.Караткевіча і прыўрочаны да Года малой радзімы.

Для моладзі працуе маладзёжны YouTube-канал “ОN!”, праводзіцца адкрыты конкурс блогераў “Блогасфера 2.0 pro”, лекцыі, вэбінары. Актыўна працуе акаўнт у Instagram і сайт Moladz.by, дзе мы маем зваротную сувязь з моладдзю. Для педагогаў рэгулярна ў вэб-рэжыме праходзяць метадычныя вэбінары, анлайн-кансультаванне, семінары ў рэжыме анлайн і многае іншае.

А сёння, падчас канікул, якія зацягнуліся, мы яшчэ больш актыўна супрацоўнічаем у інтэрнэце, каб нашы дзеці былі побач адно з адным, а мы — побач з дзецьмі. Мы не чакаем, што хлопчыкі і дзяўчынкі  адкладуць убок свае гаджэты, а ід зём да іх у гаджэты. І мы заклікаем усіх сваіх калег, педагогаў устаноў дадатковай адукацыі краіны, падхапіць эстафету і таксама пастарацца наладзіць сувязь са сваімі навучэнцамі, працягваць заняткі ў тым ліку ў анлайн-фармаце”.

“Канікулы — AIR”

Менавіта такую назву атрымаў анлайн-праект Нацыянальнага цэнтра, які ахапіў усе тры тыдні канікул і, плануецца, працягнецца даўжэй. Заняткі тут вядуцца па чатырох блоках, у кожны з якіх уключаны шэраг мерапрыемстваў.

Першы блок — гэта адукацыйныя лекцыі і дыялогі аб мастацтве “Бэкграўнд”. Кожны тыдзень па аўторках педагогі разважаюць пра розныя віды і жанры мастацтва. Педагог народнай студыі “Востраў” Ірына Юр’еўна Сарнацкая выбрала тэму “Новыя ўражанні. Імпрэсіянізм”. Цікавая была і яе лекцыя пра гульні, адлюстраваныя ў мастацтве.

Другі блок пераносіць ад тэорыі да практыкі, запрашаючы хлопчыкаў і дзяўчынак на майстар-класы па выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мультыплікацыі, ігры на барабанах, па спартыўнай аэробіцы, сцэнічным маўленні, акцёрскім майстэрстве.

“Галоўнае, што гэта не разавыя майстар-класы, а курсы майстар-класаў, накіраваныя, у першую чаргу, на далучэнне як мага большай колькасці людзей без папярэдняй падрыхтоўкі. Напрыклад, педагогі ўзорнай скульптурна-керамічнай студыі “Крынічка” правялі майстар-класы па лепцы, на мінулым тыдні — па стварэнні падстаўкі пад велікоднае яйка ў выглядзе птушкі, а на гэтым — майстар-клас па роспісе яек і стварэнні велікоднай паштоўкі ў тэхніцы выцінанкі.

Ігра на барабанах — гэта таксама шэраг майстар-класаў, арыентаваных на старэйшых навучэнцаў, якія толькі асвойваюць барабаны. Наш педагог аб’яднання па інтарэсах “Ударныя інструменты” Кацярына Іванаўна Мялешка расказвае пра спецыфіку трэніровак, асаблівасці барабанных установак і, канечне, дае навыкі самой ігры. Відэа-майстар-класы — гэта магчымасць для ўсіх жадаючых далучыцца да нашых навучэнцаў і праводзіць фізічныя і спартыўныя размінкі дома”, — гаворыць мастацкі кіраўнік НЦМТ ДіМ Надзея Іванаўна Коршунава.

Трэці блок — гэта штотыднёвы анлайн-праект “Гульні ў мастацтва”. Кожны чацвер у фармаце “дзеці — дзецям” юная вядучая навучэнка НЦМТДіМ Соня Сабалеўская расказвае на дзіцячай мове пра розныя віды і жанры мастацтва, — ад тэатра да мультыплікацыі, пра мастацкія прафесіі, пра тое, як ажывіць малюнкі, як намаляваць добрую карціну, якія сакрэты хавае закуліссе.

Чацвёрты блок — праект “Дні мастацтваў у цэнтры анлайн”, дзе ўвазе гледачоў прадстаўляюцца кан­цэртныя праграмы творчых калектываў Нацыя­нальнага цэнтра: узорнага ансамбля танца “Натхненне” і харэаграфічнага ансамбля “Смайлікі”, узорнага эстрадна-сімфанічнага аркестра і ўзорнага тэатра “Сіняя птушка”, заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ан­самбля танца “Белая Русь” і народнай харавой капэлы “Раніца” і іншых.

Акрамя таго, у межах праекта “Канікулы — AIR” стартаваў анлайн-праект “Музей у цябе дома” і была запушчана анлайн-экскурсія “Дзеці і авангард” па Рэспубліканскай выставе-конкурсе мастацкіх праектаў калектываў выяўленчага мастацтва ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія маюць званне народнага і ўзорнага. На афіцыйным YouTube-канале і на сайце Нацыянальнага цэнтра праходзіць творчы меседж ад пераможцаў абласных і мінскага гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам”. Там жа, а таксама ў Instagram (акаунт @nchtdm) можна паглядзець усе відэа, анонсы і вынікі конкурсаў.

З афлайну ў анлайн

З 13 красавіка Нацыянальны цэнтр запусціў новы маштабны анлайн-праект “Лабараторыя творчасці”, у рамках якога ладзяцца дыстанцыйныя адукацыйныя і забаўляльныя анлайн-мерапрыемствы для дзяцей і мола­дзі. Акрамя таго, тут прайшоў вэбінар па пытаннях супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі ў інтэрнэт-прасторы (сумесна з факультэтам журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і рэдакцыяй газеты “Пераходны ўзрост”). Пасяджэнне членаў Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў таксама прайшло ў рэжыме анлайн. Яго ўдзельнікі далі старт рэспубліканскай акцыі “Пасланне ветэрану”, у межах якой моладзь усёй краіны напярэдадні Дня Перамогі адправіць ветэранам Беларусі свае паштоўкі-віншаванні.

У аўторак, 21 красавіка, адбудзецца анлайн-адкрыццё рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці “Салют Перамогі — 75!”, прысвечанай 75-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У межах праекта “Музей у цябе дома” пройдзе анлайн-экскурсія па гэтай выставе.

“У заключным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу прынялі ўдзел больш за 650 навучэнцаў устаноў адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны ва ўзросце ад чатырох да 16 гадоў. Як вынік — на нашай анлайн-выставе будзе прадстаўлена больш за 400 работ. Гэта выяўленчыя і дэкаратыўна-прыкладныя работы, мастацкія фатаграфіі, анімацыйныя фільмы, вершы. У намінацыі “След вайны ў гісторыі маёй сям’і і маёй краіны” дзеці малявалі сваіх прадзедаў, выкарыстоўваючы архівы сямейных альбомаў, герояў Беларусі часоў Вялікай Айчыннай вайны, трагічныя падзеі вайны, гераічныя подз­вігі сваіх прадзедаў у баях за Радзіму, працаўнікоў тылу і дзяцей вайны. У намінацыі “Салют Перамогі” навучэнцы малявалі святочнае шэсце ветэранаў, парад ваеннай тэхнікі на 9 Мая, святочны салют, віншаванні і кветкі тым, хто набліжаў Дзень Вялікай Перамогі, і іншае. У намінацыі “Нашчадкі Перамогі” адлюстравана мірнае жыццё, мірныя дасягненні (прамысловыя, будаўнічыя, спартыўныя, асабістыя), якія сталі магчымымі дзякуючы перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне”, — гаворыць Святлана Леанідаўна Скварнюк, загадчык сектара выставачнай работы НЦМТДіМ.

Працягвае Нацыянальны цэнтр і метадычную работу. Так, у чацвер, 16 красавіка, праводзілася анлайн-кансультаванне ў межах рэспубліканскай стажорскай пляцоўкі метадыстаў “Тэхналогіі эфектыўнай метадычнай дзейнасці і прафесійнага развіцця метадыста”. На наступным тыдні, 22—23 красавіка, пройдзе II Рэспубліканская навукова-метадычная сесія ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Інавацыйны патэнцыял метадычных службаў як фактар якасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” ў рэжыме анлайн.

А 21—24 красавіка для ўсіх аматараў гумару тут пройдзе чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па гульні КВЗ сярод школьных каманд “У будучыню — з усмешкай”. Упершыню ў фармаце анлайн.

Святлана НІКІФАРАВА.