На слімаковай ферме

Кожнае лета ў Баравікоўскай сярэдняй школе Светлагорскага раёна мнагалюдна, бо пакінуць без увагі свае зялёныя і кветкавыя аазісы дзеці не могуць. Ды і не хочуць. Школа даўно ўжо стала пляцоўкай, дзе зранку да вечара віруе жыццё: тут табе і адпачынак, і натхненне, і тэрыторыя для эксперыментаў. А гэтым летам ва ўстанове ўвогуле аншлаг — школьнікі разам са сваімі педагогамі адкрылі тут слімаковую ферму.

Арцём Аляксеенка і Валерыя Краўчанка — галоўныя на ферме.

Ідэя пад панцырам

Рэалізаваць смелую ініцыятыву баравікоўцам прапанаваў іх новы настаўнік беларускай мовы Аляксандр Уладзіміравіч Плешкуноў. Хоць ён чалавек гарадскі, сам не на жарт захапіўся вясковымі клопатамі, а за першы год свайго настаўніцтва ўжо значна змяніў жыццё школы.

“Каб унесці свежую хвалю ў жыццё нашай школы, мы вырашылі наладзіць узаемадзеянне з грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”. У прыватнасці, для ўдзелу ў кірмашы бізнес-ідэй у межах іх конкурсу для школ “Школьны сад. Ад ідэі да школьнага бізнесу” мы хацелі прапанаваць новую ідэю. Але ж новае, як вядома, — гэта добра забытае старое. Мы з дзецьмі выпадкова даведаліся, што яшчэ ў XVII стагоддзі на нашых землях вырошчвалі і адпраўлялі за мяжу жаб і слімакоў. І мы прадставілі тры ідэі — вырошчванне лаванды, чарвякоў для біягумусу і стварэнне слімаковай фермы. Журы падтрымала якраз апошнюю задуму”, — расказвае настаўнік.

З наваселлем, слімакі!

Хоць ідэя новая, але ж цалкам рэалістычная. Вялікую колькасць далікатэсу можна вырабляць на адносна невялікіх плошчах школьнага саду, што робіць гэты бізнес прывабным і высокапрыбытковым — кошт слімакоў на беларускім рынку вельмі высокі.

Каб натхніць дзяцей і даведацца пра ўсе тонкасці справы, гэтай вясной былі арганізаваны азнаямленча-навучальныя паездкі да прадпрымальніка Паўла Станіслаўчыка ў Слаўкава Нясвіжскага раёна, які ў будынку былой школы арганізаваў слімаковую ферму, а таксама азнаёміліся з фермерскай гаспадаркай сям’і Піліпчук з Брэста. На сённяшні дзень толькі лічаныя афіцыйна сертыфікаваныя фермы займаюцца вырошчваннем малюска ў прамысловых маштабах. Цяпер развіваць гэты бізнес разам з імі будуць і школьнікі з Баравікоў.

Слімакоў па восені лічаць

“Мы пачалі з таго, што выбралі ўчастак, распрацавалі яго, пабудавалі “пашу”, — пачынае экскурсію па ферме Аляксандр Уладзіміравіч. — Для гэтага засеялі ўчастак рапсам, абгарадзілі яго і зрабілі солевы бар’ер, каб слімакі не распаўзаліся. Гэтыя малюскі лю­бяць прахалоду і цень, ад прамых сонечных прамянёў могуць загінуць, таму мы арганізавалі ім паліў, а на зямлі разлажылі драўляныя паддоны, пад якімі яны змогуць хавацца днём. Тут мы і пасялілі партыю малюсенькіх, як зярняткі, слімачкоў. Яны хутка прайшлі акліматызацыю і цяпер ахвотна знаёмяцца з нашым меню, актыўна растуць, набіраюць вагу. Кормім мы іх зерневым камбікормам. Можна было б выкарыстоўваць для корму і ачысткі морквы, капусты, кабачкоў, яблыкаў, зеляніны і іншыя адходы са сталовай, але гэта — ласункі для іншых нашых гадаванцаў — чарвякоў пароды Беларускі араты (у нас яшчэ ідзе эксперымент па вермікампаставанні)”.

Самая вялікая складанасць нас чакае ў верасні, калі трэба будзе сабраць ураджай для рэалізацыі і частку матачнага пагалоўя пакінуць на зімоўку, каб ўвесну зноў выпусціць на пашу. Для зімоўкі ім неабходна тэмпература ад 3 да 6 градусаў — ад гэтага залежыць будучае патомства ад зімуючых слімакоў. Але ў баравікоўцаў яшчэ ёсць жаданне частку слімакоў не адпраўляць на зімоўку ў холад, а пакінуць у кантэйнерах, каб дзеці і зімой іх падкормлівалі.

Сустракаем гасцей-малюскаў.

Навучэнцы школы, ужо 10-класнікі Арцём Аляксеенка і Валерыя Краўчанка — самыя актыўныя ­ўдзельнікі праекта. Арцём з аднакласнікамі будаваў загон для сваіх гадаванцаў, Валерыя ж з дзяўчынкамі садзіла рапс, высаджвала слімакоў.

“Наш прышкольны ўчастак не такі вялікі, як хацелася б, таму нам прыйшлося зменшыць плошчы кветнікаў, каб на іх месцы пабудаваць загон для слімакоў, — расказвае Арцём. — Для нас самым вялікім уражаннем быў момант перасаджвання малюскаў на пашу. Ажно 6 тысяч асобін змясцілася ў маленечкай каробачцы, настолькі дробнымі яны былі. Дарослыя малюскі павінны быць памерам з далонь. Спа­дзяюся, мы зможам іх такімі выгадаваць. Аляксандр Уладзіміравіч нам па­абяцаў, што калі добра пойдзе справа, мы зможам узяць сабе слімакоў для развядзення і дома. Таму я ўжо хаджу па сваім участку і прадумваю, дзе для іх было б лепш пабуда­ваць невялікі загончык”.

“Мы ўжо маем дамоўленасці з прадстаўнікамі прыватнага бізнесу ў Светлагорскім раёне на продаж малюскаў. Прадукцыю іншых слімаковых ферм ахвотна забіра­юць рэстараны Мінска. Але як і што будзем рэалізоў­ваць — мы яшчэ падумаем. Дзеці настолькі загарэліся справай, столькі любові ўкладва­юць у яе, што ўжо папярэджваюць: на ежу сваіх гадаванцаў не аддадуць. Таму мы прадумваем варыянты вырошчвання іх для фармацэўтыкі. Магчыма, будзем рэалізоў­ваць муцын — слізь, якую выпрацоўваюць слімакі — вельмі каштоўная сыравіна для касметалогіі. Тое ж датычыцца слімаковай ікры. Калі карміць малюскаў морквай і капустай, а на паддоны паставіць баначкі з глебай, то яны туды запаўзаюць і адкладва­юць ікру. Слімаковая ікра даражэйшая за чорную, таму мы хочам паэксперыментаваць і з іншымі варыянтамі атрымання даходу”, — дзеліцца кіраўнік праекта.

Іна Уладзіміраўна Гошка, дырэктар школы: “У нас не заўсёды ўсё атрымліваецца з першага разу, але самае страшнае — гэта не “зноў не атрымліваецца”, а “я больш не хачу спрабаваць!”. Толькі разам можна ісці да пастаўленай мэты. Калі ёсць каманда аднадумцаў, зацікаўленых у канчатковым выніку, то вынік не прымусіць сябе доўга чакаць, а такая каманда ва ўстанове ёсць! Гэта неабыякавыя педагогі, дапытлівыя дзеці, актыўныя бацькі”.

Справу сабе знойдзе кожны

“Для дзяцей з сельскай мясцовасці самае цікавае — праекты. На градках яны і дома папрацуюць — ва ўсіх ёсць агароды. Таму нават вырошчваючы агародніну на прышкольным агаро­дзе, за аснову бяром эксперымент. Напрыклад, калі мы вырошчваем моркву, то абавязкова незвычайную — жоўтую, белую, фіялетавую, каб высветліць, якая з іх самая смачная, самая салодкая, самая ўраджайная. Тое ж і з таматамі, перцамі, дынямі… Калі ў дзяцей на градцы растуць незвычайныя культуры, то ім цікава назіраць за гэтым працэсам, яны з задавальненнем прыбягаюць і прапалоць іх, і паліць. А гэтым летам у нас асабліва мнагалюдна. Агарод ужо стаў справай другаснай — уся ўвага на слімакоў. Вакол фермы заўсёды не прабіцца — столькі дзяцей збіраецца! Мне самому прыемна бачыць, наколькі гэта зацікавіла дзяцей. Ды і мне самому цікава. Мне часта кажуць, што я памыліўся профілем, выбіраючы адукацыю, — настолькі я люблю экаініцыятывы. Але мне проста важна, каб любая наша агульная справа прыносіла карысць і задавальненне нам самім, нашым навучэнцам, каб яна мела практычны вынік. Галоўная ж ідэя такіх праектаў — паказаць дзіцяці, што і ў яго вёсцы можна заняцца нечым цікавым, мець добры даход і рэалізоўваць сябе, не шукаючы хлеба на чужыне”, — гаворыць А.У.Плешкуноў.

У Беларусі на продаж разводзяць у асноўным два віды слімакоў — Helix Aspersa Muller і Helix Aspersa Maxima. У Баравіках вырошчваюць другі від. Яго яшчэ называюць вялікім шэрым слімаком. Гэты від малюска больш адаптаваны да нашых умоў, выкарыстоўваецца ў кулінарыі, фармацэўтыцы, касметалогіі, таму на сённяшні дзень карыстаецца самым вялікім попытам у Еўропе, прадаецца па добрай цане і вялікімі партыямі ў параўнанні з іншымі відамі.

Каб кожны выпускнік баравікоўскай школы ў будучыні знайшоў сваю нішу, Аляксандр Уладзіміравіч ужо сёння прапануе ім паспрабаваць сябе ў розных кірунках. Напрыклад, будучыя ландшафтныя дызайнеры рэалізуюць свае творчыя эксперыменты ў школьным дэндрапарку. Азеляняльнікі штогод разбіваюць новыя кветнікі і клумбы. Тут беласнежна-зялёныя колеры зімовага перыяду змяняюцца першацветамі крокусаў, прымулы, цюльпанаў і пяшчотнай вясенняй зелянінай. Духмяную хвалю гарачага лета “малююць” флёксы, алісум, ружы. Восенню эстафету прымаюць насычаныя фарбы пладоў рабіны, каліны, айвы, сумаху, суквецці астры, хрызантэм, гладыёлусаў.

“Заўсёды хочацца спрабаваць нешта новае, цікавае і далучаць да гэтага дзяцей, — расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Мы ­ўдзельнічаем у многіх конкурсах і кірмашах, наладзілі супрацоўніцтва з сектарам вермітэхналогій навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах і з Цэнтральным батанічным садам, якія нам шмат у чым дапамагаюць. Напрыклад, акадэмія навук прадаставіла нам магчымасць паўдзельнічаць у праекце па вырошчванні чарвяка Беларускі араты, які з’яўляецца лепшым вытворцам біягумусу. Партыю гэтых чарвякоў яны якраз нам перадалі. На гэтым тыдні наша навучэнка разам з настаўніцай біялогіі Ірынай Міхайлаўнай Ігнатовіч прадставіла вопыт школы на V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па вермікампаставанні. Батанічны сад прэзентаваў вялікую калекцыю лекавых раслін (23 віды) для нашага ап­тэкарскага агарода. Да кастрычніка — лістапада плануем атрымаць першы ўраджай вешанак, якія нядаўна заклалі. Ёсць задума па вырошчванні і рэалізацыі мікразеляніны. Не супраць эксперыментаў і бацькі нашых навучэнцаў. Нехта з іх прафесійна займаецца вырошчваннем кветак, агародніны, ягад (у прыватнасці, буякоў), а нехта — лозапляценнем, вышыўкай ікон, жывапісам. Зносіны з такімі дзецьмі, з такімі іх бацькамі ў звязку з паплечнікамі-педагогамі — адно задавальненне!”

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.