Нашы ў гарах!

Чаму нашых землякоў цягне ў горы? Чаму ім спакойна не сядзіцца, не спіцца, не жывецца на роднай нізіннай, раўніннай, узгорыстай беларускай зямлі? Што шукаюць яны на скалах Крыма, сярод аблокаў Карпат або вечных снягоў Каўказа? І наогул, што трэба ведаць сярэднестатыстычнаму беларусу, які не валодае альпінісцкімі ўменнямі і навыкамі, калі ў яго з’явілася жаданне пакарыць, скажам, Эльбрус? Па адказ на гэтыя пытанні адправімся ўслед за Коласам, углыб Палесся, а потым услед за кіраўнікамі секцыі “Спартыўнае скалалажанне” Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Пінска Васілём Пятровічам і Аксанай Пятроўнай Сідарчукамі да вяршынь Цянь-Шаня.

Ні дня без экстрыму

Талерантным, памяркоўным, для простага чалавечага шчасця нам патрэбна нямнога: спакойнае і размеранае жыццё, стабільны матэрыяльны даход, а таксама магчымасць здзяйсняць экстрэмальныя ўчынкі. Скокнуць з парашутам, пераплыць глыбокую і паўнаводную раку або забрацца на некалькі дзён з рукзаком у лясную гушчэчу — падобныя ўчынкі дапамагаюць напоўніць мітуслівае і аднатоннае дарослае жыццё яркімі фарбамі, надаюць сіл, падтрымліваюць жыццёвы тонус. Прага да экстрыму ў нас у крыві. Дастаткова ўзгадаць дзяцінства. Ні дня без экстрыму — прыкладна такім быў дэвіз нашых далёкіх і бесклапотных гадоў, якія прайшлі ўдалечыні ад камп’ютараў і сацыяльных сетак. І па дрэвах лазілі, і скакалі на зямлю з самых высокіх галін, прычым рабілі ўсё гэта без страхоўкі. Часам узгадаеш гэтыя прыгоды, дык аж дрыжыкі праймаюць. А калі б сарваўся, а калі б няўдала прызямліўся? Але што было, тое было. Затое ёсць што ўспомніць.
Для адных людзей такія ўспаміны застаюцца проста ўспамінамі, а для некага з’яўляюцца пачатковай школай скалалажання, штуршком для далейшага, ужо дарослага, экстрэмальнага жыцця. Не скажу, што маё жыццё ўжо занадта экстрэмальнае, аднак падобныя ўспаміны дзяцінства падштурхнулі нас з сябрамі (педагогамі па адукацыі) у адзін з летніх дзён адправіцца на пакарэнне няхай і невысокіх, як мяркуюць прафесійныя альпіністы, але не менш маляўнічых карпацкіх вяршынь. Як і ў дзяцінстве на пакарэнне стройнай таполі, што расла ў двары нашай пяціпавярхоўкі, у паход у Карпаты мы адправіліся без належнай падрыхтоўкі. Нават са спецабутку ў нас былі толькі шкарпэткі і кеды, а са спецадзення — дажджавікі. Сабралі рукзакі, узялі палаткі — і наперад! Адна ноч у цягніку — і раніцай мы ўжо ля падножжа родных для беларусаў Карпат. Гэта цяпер мы б абавязкова ўзялі гумовыя боты, накідкі на рукзакі ад дажджу. А так давялося шэсць дзён ісці нібыта ў парніку (ад дажджавіка ў вільготнае надвор’е за адну хвіліну з нас выцякала па сем ручаёў поту), скакаць праз лужыны і слізгаць у кедах па брудзе, спаць у мокрых палатках пад мокрымі спальнікамі. Затое!.. Затое мы здолелі забрацца амаль на 2 тысячы метраў над узроўнем мора! Экстрым, ды і толькі…

Кожнаму сваё

Уяўляю, як пасля прачытвання гэтых радкоў некаторыя педагогі-альпіністы, за плячыма якіх (дакладней, пад нагамі) не адна тысяча метраў звілістых горных сцяжын, усміхнуцца. Маўляў, хіба ж гэта экстрым? Гэта так, прагулка ў горы ў дажджлівае надвор’е. Спрачацца не буду, экстрым, як і ўсё ў нашым жыцці, паняцце няпэўнае. Для некага звычайны паход у грыбы — ужо экстрэмальны ўчынак, сапраўдны подзвіг. Для Васіля Пятровіча і Аксаны Пятроўны сапраўдны экстрым у залежнасці ад складанасці маршруту можа пачынацца з вышыні 4 тысяч метраў над узроўнем мора. Пераадольванне горных перавалаў, пад’ём па скалах для пінскіх педагогаў дадатковай адукацыі — гэта праверка сваіх здольнасцей і магчымасцей, выдатная нагода чарговы раз даказаць самому сабе, што ты нечага варты, можаш быць прыкладам для сваіх выхаванцаў. А можа, гэта проста магчымасць збегчы ад штодзённай мітусні, забрацца туды, дзе цябе дакладна ніхто не дастане?

Уладары скал

Калі ў дзяцінстве да аблокаў нас клікалі вяршыні дрэў, то пінскіх педагогаў — сапраўдныя горы. Справа ў тым, што дзяцінства і юнацтва нашых герояў прайшло ў Та-джыкістане. Пасля вяртання разам з жонкай на малую радзіму Васіль Пятровіч не змог забыцца пра хобі (дакладней, лад жыцця). Ды і як можна, калі падчас любавання задуменным краявідам роўнай, нібыта зялёны настольнік, поймы Прыпяці час ад часу ў думках вырасталі заснежаныя вяршыні? Яны клікалі, ды яшчэ як! Прыкладна з такой сілай, як кліча рыбакоў і ў дождж, і ў спёку, і ў парывісты вецер таямнічая сустрэча з рыбай, дагэтуль невядомых памераў. Таму нядзіўна, што Васіль Пятровіч і Аксана Пятроўна не пакінулі любімае захапленне. Акрамя таго, яны вырашылі перадаць падрастаючаму пакаленню свае ўменні і навыкі, пачалі весці секцыю спартыўнага скалалажання і на працягу ўжо больш як 20 гадоў з’яўляюцца для юных палешукоў сапраўднымі ўладарамі гор і скал.
— У альпінізме існуюць абмежаванні па ўзросце, таму трэніроўкі на скаладроме ў памяшканні мы праводзім з навучэнцамі рознага ўзросту, а вось у паход бяром толькі тых, каму споўнілася 16 гадоў, і далёка не кожны, хто просіцца, залічваецца ў каманду. Тут самому ісці ў горы — рызыкоўна, а тым больш весці дзяцей. Магу сказаць упэўнена, што тыя з маіх калег, хто адважваюцца на гэта, — сапраўдныя героі, мужныя людзі. Апошнім нашым выпрабаваннем было амаль месячнае пражыванне сярод малых гор Крыма з пастаяннымі трэніроўкамі, адпрацоўваннем тэхнікі скалалажання ў рэальных умовах. Хоць крымскія горы і называюцца малымі, таму што іх вышыня не перавышае 1,5 тысячы метраў, гэта не значыць, што на іх лёгка ўзысці. Чалавек павінен не толькі добра лазіць, але і ўмець правільна арганізаваць страхоўку, карыстацца ўсімі тэхнічнымі прыстасаваннямі, узнімацца па вертыкальных парэнчах, спускацца па вертыкальнай вяроўцы. Для гэтага на дапамогу прыходзяць розныя прыстасаванні, або, як гавораць у нашым асяроддзі, “жалеза”. Без навыку работы з ім навучэнцы не дапускаюцца на маршрут. Многія нашы выпускнікі не забываюць пра горную рамантыку, працягваюць займацца скалалажаннем і падчас вучобы ва ўніверсітэтах. А для некаторых Цэнтр турызму і краязнаўства становіцца стартавай пляцоўкай у прафесійны альпінізм, — расказвае Аксана Пятроўна.

Метр за метрам

Па словах Васіля Пятровіча, дасягаюцца альпінісцкія вяршыні, як і жыццёвыя, паступова. Спачатку здзяйсняюцца ўзыходжанні першай катэгорыі, потым другой, трэцяй і г.д. Нельга адразу ісці на маршрут самай складанай шостай катэгорыі. Недахоп кіслароду — вось вынік бяздумных учынкаў.
— Правільнае ўзыходжанне патрабуе асаблівай падрыхтоўкі. Гэта не так проста: узяў палку і ўзышоў. Акрамя тэхнічнай складанасці, на маршруце можа ўзнікнуць недахоп кіслароду, што прыводзіць да развіцця так званай горнай хваробы, ацёку лёгкіх, сардэчнай недастатковасці. Сімптомы простыя: спачатку можа быць эйфарыя, потым згасанне сіл. Нават калі вы фізічна моцны чалавек, наверсе можаце быць як цяля і не разумець, што з вамі адбываецца. Акліматызацыя павінна прысутнічаць абавязкова. Да штурму вяршыні трэба сур’ёзна рыхтавацца. Нават калі вяршыня на ўзроўні 3 тысячы метраў, усё роўна 3—4 дні знаходзішся ля яе падножжа, трэніруешся. На 5—6 дзень пачынаецца выхад у высакагорную зону, каб арганізм прывыкнуў, інакш у ім могуць пачацца незваротныя працэсы. Падымаецеся, потым спускаецеся ўніз. Калі здзяйсняеце высокае ўзыходжанне, то павінна адбывацца ступеньчатая акліматызацыя. Напрыклад, падняцца на 4 тысячы метраў, пераначаваць там, а потым спусціцца ўніз. Потым набіраем вышыню яшчэ на кіламетр і зноў спускаемся ўніз. Такім чынам адно ўзыходжанне можа адбывацца на працягу месяца, — дзеліцца педагог.
Як і ў кожнага калекцыянера, у Васіля Пятровіча і Аксаны Пятроўны таксама ёсць любімыя прадметы з багатай калекцыі вяршынь. Для пінскіх педагогаў гэта сямітысячнік пік Каржанеўскай. Наогул, вылучыць нейкі асобны маршрут або раён узыходжання маім суразмоўцам аказалася няпроста. І Памір, і Каўказ, і Хібіны, і Альпы, і Карпаты, і Крым, і Цянь-Шань унікальныя па-свойму. Напрыклад, летам, як жартуюць педагогі, яны зімавалі на Цянь-Шані ва ўрочышчы Ала-Арча ў раёне ледавіка Карона, вакол якога, нібыта выступы каралеўскай кароны, узвышаюцца некалькі пяцітысячнікаў. Найбольшая частка калекцыі педагагічна-альпінісцкай сям’і Сідарчукоў — гэта пяці-, шасці- і сямітысячнікі. Дарэчы, калі скласці ўсе вяршыні, на якія ўзбіраліся нашы героі, то акурат атрымалася б адлегласць да Месяца. “Вы ўзбіраліся на Месяц?” Во, сапраўднае альпінісцкае пытанне!

(Не)тыповыя ўчынкі

Чаму нашых землякоў цягне ў горы? Што шукаюць удзельнікі секцый і гурткоў па скалалажанні сярод аблокаў, сярод вечных снягоў? Гэтым пытаннем мы часта задаёмся, калі чытаем паведамленні пра тое, што чарговыя беларусы ўзняліся на чарговую вяршыню, куды нага чалавека ступае не часцей, чым у Сахары ідуць дажджы. Наколькі б цяжкім ні было ўзыходжанне, якімі б ільдамі ні былі пакрыты вяршыні, нашы памяркоўныя і талерантныя землякі, якія любяць ціхае і размеранае жыццё, здольны здзейсняць учынкі, што выходзяць далёка за межы стэрэатыпаў пра наш тыповы характар. Беларусы ў гарах — і не трэба лішніх пытанняў, гэтым усё сказана.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва В.П. і А.П.СІДАРЧУКОЎ.