Натхненне дораць дзеці

Калі хочаш танцаваць, паспрабуй! Гэтага прынцыпу прытрымліваецца кіраўнік танцавальнага калектыву Non-stop Наталля Янкоўская, таму з ахвотай прымае новых дзяцей да сябе на заняткі. Педагог прапаноўвае выхаванцам цудоўны камплект: раскрыццё асобы, навучанне майстэрству руху, новыя знаёмствы і сяброўскую атмасферу.

Нумар “Залюстрэчча”.

Танцавальны калектыў Non-stop Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў першую чаргу спецыялізуецца на эстрадным танцы. Праўда, апошнім часам яго хоча пацясніць сучасны. Першы від больш падыходзіць маленькім дзецям, другім захапляюцца старэйшыя. Кіраўнік калектыву Наталля Янкоўская з пэўнымі складанасцямі пераходзіла на новыя для сябе сучасныя танцы. Галоўным настаўнікам харэографа стаў інтэрнэт. Там Наталля Валянцінаўна знайшла шмат урокаў з добрым тлумачэннем і разборам і праз некаторы час ужо сама магла выкладаць.

“У нас займаюцца дзеці 6—14 гадоў у 8 групах. Стараюся набіраць іх маленькімі, каб потым гадаваць, назапашваць з імі матэрыял. Кастынгу ў нас няма. Калі дзіця прыйшло на адбор, расхвалявалася, а ты яму кажаш: “Вы не падыходзіце”, яно потым можа наогул закінуць танцы. Дзеці павінны паспрабаваць сябе! Магчыма, праз месяц хтосьці зразумее, што танцы яму не падыходзяць, але дзіця само гэта вырашыць”, — кажа харэограф.

Кожныя заняткі калектыву пачынаюцца з размінкі ў стылі аэробікі. Потым ідзе паўтарэнне ўсяго пройдзенага і развучванне чагосьці новага. Новае — самае цікавае і прыемнае для дзяцей. Спачатку Наталля Валянцінаўна прагаворвае, што трэба асвоіць, і потым усе бяруцца за працу. Вучаць па частках, каб не перагружаць свой арганізм, а ў канцы абавязкова  расцягваюцца. Да таго ж, выхаванцы заўсёды атрымліваюць дамашняе заданне. Напрыклад, калі на трэніроўцы вывучылі дзве васьмёркі, значыць іх трэба адпрацаваць да наступных заняткаў. “Калі яны зробяць гэта дома, то мы зможам рухацца наперад, калі не, то спачатку прыйдзецца паўтараць мінулы матэрыял, потым вучыць новы, але часу на яго застанецца менш. Дзеці адно і тое ж танцаваць не хочуць, таму ў выкананні дамашняга задання зацікаўлены ўсе”.

Заняткі дома.

Калі вясновыя канікулы школьнікаў працягнулі, Наталля Янкоўская пачала пы­таць у сваіх выхаванцаў, чым яны займаюцца дома. Адказы чула стандартныя: ляжу, сяджу, гуляю. Тады педагог зразумела, што трэба вяртаць у іх жыццё танцы. Наталля Валянцінаўна заўважыла, што ў Instagram многія харэографы пачалі праводзіць анлайн-заняткі, і вырашыла паспрабаваць зрабіць тое ж самае. “Трэніроўкі ў самых маленькіх дзяцей пакуль не праводзяцца, а выхаванцы 2—3 гадоў навучання займаюцца. Я запісваю ім відэа з новай звязкай, дзе, напрык­лад, шэсць васьмёрак. Скідваю ім у Viber ролік і музыку і прашу вывучыць дзве васьмёркі. На гэта даецца два дні. Потым яны запісваюць і дасылаюць мне відэа, дзе танцуюць. Я праглядаю і каменцірую кожны ролік, каб дзеці ведалі, над чым трэба працаваць.  Яны выконваюць работу над памылкамі і праз два дні дасылаюць мне “чыстае” відэа. Чакаю, калі скінуць усе, потым паказваю дзве новыя васьмёркі. Дзеці зноў іх вучаць і дасылаюць мне, а пасля злучаюць разам чатыры вывучаныя васьмёркі. Вынік нашай работы можна ўбачыць на старонцы цэнтра ў Instagram: мы зрабілі ролік са звязкамі, у якім удзельнічаюць нашы выхаванкі”.

Арганізаваць здымачны працэс харэографу было нескладана, для гэтага спатрэбіўся толькі тэлефон і мінімальныя веды па рэдагаванні відэа (хаця яны неабходны толькі пры наяўнасці нейкіх недахопаў). Магчыма, было б складана, калі б дзецям трэба было вучыць не звязкі, а цэлы нумар, дзе ў кожнага свае ролі.

“Усе падтрымалі ідэю такіх заняткаў, бацькі з удзячнасцю пісалі мне, таму што не ведалі, чым зацікавіць дзяцей, — дзеліцца Наталля Янкоўская. — Трэніравацца такім чынам даволі зручна, бо выхаванцы могуць распараджацца сваім часам, як хочуць. Напрыклад, калі ў мяне афлайн-заняткі ў 4 гадзіны, то ўсе павінны прыйсці ў 4. Цяпер жа звязкі яны могуць вывучыць і ў 8 вечара дома. Але гэта не прадукцыйныя трэніроўкі. Калі заняткі праходзяць у зале, дзеці ма­юць зносіны, сябруюць, калектыў становіцца адным арганізмам. Яны бачаць, як танцуе сусед, параўноўваюць з сабой і да чагосьці імкнуцца, існуе пэўная канкурэнцыя. На анлайн-занятках яны больш расслабленыя”.

Калі афлайн-трэніроўкі адновяцца, калектыў зможа вярнуцца да вывучэння нумароў. Іх Наталля Янкоўская прыдумала ўжо нямала, некаторыя для яе асаблівыя. Напрыклад, “Залюстрэчча”. З ім калектыў Non-stop у мінулым годзе на абласным этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” заняў 2-е месца. Як можна здагадацца, нумар пастаўлены па творы “Аліса ў краіне цудаў”. У ім удзельнічала 16 чалавек, кожны меў сваю ролю. Хтосьці ўвасабляў на сцэне Алісу, хтосьці — Вар’яцкага Капялюшніка, хтосьці — Белую і Чырвоную каралеў і г.д. Атрымалася сапраўднае тэатралізаванае шоу. А вось у нумары “Віртуальная рэальнасць” разгарнулася сапраўдная драма. Дзяўчынка вельмі хацела танцаваць, але бацькі забаранялі ёй, казалі вучыцца. Аднойчы, калі дзяўчынка праглядала відэа з танцамі, да яе прыйшла сяброўка і сказала: “Навошта ты глядзіш відэа? Пайшлі на сапраўдныя танцы!” Так яны трапілі ў свет танцаў. У канцы, калі дзяўчынка вярнулася са сваіх мар, мама падарыла ёй абанемент на танцы і новыя красоўкі. Вось такі хэпі-энд.

“Усе нумары прыдумляю я сама. У інтэрнэце можна ўзяць для сябе нейкую задуму, але перапрацаваць па-свойму. Натхненне чэрпаю ад дзяцей. Са старэйшымі мы вельмі шмат разважаем на занятках. Напрыклад, я ім прапаную зрабіць нумар на нейкую тэму, а яны расказваюць, як сабе гэта ўяўляюць. Вялікі ўклад робяць бацькі. Яны мне кажуць: “Наталля Валянцінаўна, што б вы ні задумалі, мы на ўсё згодны”. Дапамагалі шыць касцюмы для нумароў, на сваіх машынах вазілі на турніры. Некаторыя бацькі, дарэчы, мае былыя выхаванцы”.

Адны дзеці прыходзяць на заняткі да Наталлі Валянцінаўны, бо так захацелі бацькі, другія для таго, каб пахудзець, а многія зацікаўлены менавіта ў танцах. 80% выхаванцаў пераходзяць кожны год на новы ўзровень, а значыць, яны знайшлі ў калектыве Non-stop менавіта тое, што шукалі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Н.В.Янкоўскай.