Не сядзець на лаўцы

Спецыяльная медыцынская група (СМГ) — гэта не прычына сядзець на лаўцы, калі твае аднакласнікі гуляюць у баскетбол або валейбол, выконваюць фізічныя практыкаванні. СМГ — гэта магчымасць таксама займацца фізічнай актыўнасцю, удасканальваць сваё здароўе з улікам індывідуальных асаблівасцей арганізма. Менавіта так лічаць у гімназіі № 1 Ашмян, на базе якой працуе абласны рэсурсны цэнтр “Стварэнне адукацыйна-развіццёвай прасторы па фарміраванні культуры здаровага ладу жыцця навучэнцаў”.

Калі шчыра, то ашмянскія навучэнцы, якія адносяцца да СМГ, усё ж сядзяць на лаўцы падчас заняткаў фізічнай культурай. Але робяць яны гэта непрацяглы час, хвілінку-другую, у перапынку паміж спецыяльнымі фізічнымі практыкаваннямі. Пяць хвілін актыўнасці — адпачынак, яшчэ пяць хвілін актыўнасці — зноў адпачынак. У кагосьці 5, у іншага 10 хвілін фізічных практыкаванняў — усё індывідуальна, таму што ў групе СМГ займаюцца навучэнцы рознага ўзросту, з рознымі відамі захворванняў. Работа з СМГ выключна індывідуальная, бо ў аднаго вучня дыягназ звязаны з апорна-рухальным апаратам, у іншага можа быць бранхіяльная астма. Адны і тыя ж практыкаванні нехта выканае 6 разоў, нехта 12, а нехта і 18. Акрамя індывідуальнай работы, такія дзеці павінны авалодаць уменнямі і навыкамі, якія прадугледжаны вучэбнай праграмай. Наогул, усе ўменні і навыкі, атрыманыя на занятках СМГ, абавязкова павінны прымяняцца ў жыцці. Сацыялізацыя навучэнцаў спецыяльнай медыцынскай групы — адна з асноўных задач.

Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Зігмундаўна Гайко, навучэнцы, якія аднесены па стане здароўя да СМГ, займаюцца па вучэбнай праграме вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” для спецыяльных медыцынскіх груп. Методыка арганізацыі такіх заняткаў складаная і спецыфічная, абавязкова ўлічваецца стан здароўя кожнага вучня. Асабліва складаным у рабоце з такім кантынгентам вучняў з’яўляецца кантроль за іх фізічным станам, рэакцыяй арганізма на пэўныя фізічныя і псіхічныя нагрузкі. Таму заняткі праводзяць настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, якія прайшлі адпаведныя курсы павышэння кваліфікацыі. Дарэчы, такім вопытам Ірына Зігмундаўна дзялілася ў мінулым навучальным годзе з калегамі падчас абласнога семінара, калі праводзіла адкрытыя заняткі для СМГ.

Як правільна і галоўнае эфектыўна арганізаваць такія заняткі? Па словах Ірыны Зігмундаўны, у пачатку кожнага паўгоддзя па выніках паглыбленага медыцынскага агляду робіцца загад аб камплектаванні і арганізацыі заняткаў СМГ. Яны пачынаюцца з першых дзён навучальнага года і праводзяцца дзве гадзіны на тыдзень (у гімназіі № 1 Ашмян у аўторак і чацвер раніцай перад урокамі). Недапушчальна аб’яднанне заняткаў СМГ і іх правядзенне ў адзін ці два дні запар. Напаўняльнасць груп СМГ складае да 12 чалавек. Існуе і свая ацэнка паспяховасці навучэнцаў СМГ. Тут прымяняецца форма “залічана”.

Настаўніку варта растлумачыць дзецям, што па стане здароўя яны могуць быць вызвалены не ад урокаў фізічнай культуры, а ад рухальнай актыўнасці на ўроку фізічнай культуры. Таму ўсе навучэнцы, часова або пастаянна вызваленыя ад заняткаў, абавязаны прысутнічаць на ўроках фізічнай культуры. Пры гэтым вызваленне ад рухальнай актыўнасці на занятках па фізічнай культуры і здароўі не азначае, умоўна кажучы, сядзенне на лаўцы. Гэта можа быць дапамога настаўніку ў арганізацыі спаборніцтваў, напрыклад, спартландыі, выкананне агульных фізічных практыкаванняў, пэўных элементаў гульнявых відаў спорту. Цяпер актуальныя зімовыя віды спорту. Заняткі, напрыклад, па лыжным спорце можна праводзіць і для СМГ. Вучняў са спецгрупы варта вучыць карыстацца лыжамі, развучваць пэўныя элементы руху на лыжах.

Падчас заняткаў СМГ развучваецца комплекс дыхальных практыкаванняў, рухальныя навыкі і ўменні ў паласе перашкод, удасканальваюцца індывідуальныя комп-лексы практыкаванняў у залежнасці ад відаў захворванняў вучняў. Умацаванню здароўя дзяцей з СМГ садзейнічаюць элементы хадзьбы, бегу ў павольным тэмпе, практыкаванні для фарміравання правільнай паставы, практыкаванні з гімнастычнымі палкамі, мячамі. Асабліва разнастайным з’яўляецца комплекс дыхальных практыкаванняў і карыгіруючай гімнастыкі. У залежнасці ад захворванняў могуць выкарыстоўвацца трэнажоры.

Пры рабоце з СМГ складана выкарыстоўваць вопыт іншых калег, таму што да кожнага дзіцяці патрабуецца індывідуальны падыход. Канечне, агульныя прыёмы існуюць, аднак работа ў асноўным выключна індывідуальная. Схема заняткаў прыкладна такая: нагрузка — дазіроўкі — кантроль. Таму ў настаўніка павінна быць наладжана цесная сувязь з бацькамі. Хто як не таты і мамы найбольш поўна раскажуць пра адчуванне дзяцей у тых ці іншых сітуацыях, пры тых ці іншых нагрузках?

— Праца з такімі дзецьмі — каласальная. Трэба вывучыць кожнае дзіця, яго захворванне, што пры ім можна рабіць, што нельга. Падчас заняткаў трэба падысці да кожнага і паглядзець на яго адчуванне, замераць пульс. Дзеці абавязкова павінны ўмець рабіць гэта самастойна, разоў 4—5 за заняткі. Добрымі памочнікамі тут з’яўляюцца “разумныя гадзіннікі”. Наогул, існуе сістэма самакантролю, якому важна вучыць дзіця, бо вучань можа атрымаць комплекс практыкаванняў і самастойна працаваць дома, калі настаўніка побач не будзе. Вельмі важна, каб дзіця сабе не нашкодзіла. Наогул, сачыць за фізічным станам дзяцей з СМГ павінна медсястра, аднак калі штатны расклад не дазваляе рабіць гэта своечасова, адказнасць бярэ настаўнік, — дзеліцца Ірына Зігмундаўна.

І.З.Гайко: “Для фізічнага выхавання навучэнцаў, аднесеных па стане здароўя да СМГ, важна індывідуальна падбіраць сродкі і метады, кантраляваць дазіроўку і змест фізічных практыкаванняў, каб ліквідаваць вынікі перанесеных захворванняў, недахопаў у фізічным развіцці. Такія заняткі павышаюць агульную працаздольнасць дзяцей, спрыяюць іх паспяховай вучобе”.

Галоўная мэта заняткаў СМГ — падрыхтоўка дзяцей да дарослага жыцця, аднаўленне пасля перанесеных захворванняў працаздольнасці, тонус мышцаў. Наогул, падобныя задачы ставяцца ў рабоце педагагічнага калектыву гімназіі № 1 Ашмян не толькі з групай СМГ, але і з усімі навучэнцамі. Па словах дырэктара ўстановы Вольгі Ула-дзіміраўны Саванец, у гімназіі сістэма здароўезберажэння прадстаўлена ва ўсім адукацыйным працэсе. Калі гаварыць пра ўрочную дзейнасць, то гэта адзіная выпрацаваная сістэма фізкультхвілінак. Акрамя таго, пасля кожнага ўрока на перапынках для дзяцей арганізавана рухальная гімнастыка. У якасці трэнераў выступаюць вучаніцы старшых класаў, якія разам з Ірынай Зігмундаўнай развучваюць рухальныя комплексы практыкаванняў і прапаноўваюць іх малодшым вучням. На кожным паверсе будынка гімназіі арганізаваны пэўныя віды дзейнасці. Так, на 2 і 3 паверсе стаяць тэнісныя сталы. Ёсць шахматна-шашачны стол. У памяшканні рэсурснага цэнтра для рэлаксацыі арганізаваны пясочны столік, за якімі дзеці могуць атрымаць псіхалагічную разгрузку. Адным словам, кожны вучань можа правесці перапынак карысна, фізічна актыўна.

Фізічна актыўна наладжана і пазаўрочная дзейнасць установы. Адзіныя дні здароўя для вучняў 2—11 класаў праводзяцца кожную другую суботу месяца ў рамках шостага школьнага дня. Напрыклад, нядаўна прайшло спартыўнае свята “Марозка”. Навучэнцы рэгулярна ўдзельнічаюць і ў вялікай колькасці спаборніцтваў, абласной акцыі “Спорт для ўсіх”. СМГ не застаецца ў баку ад гэтых мерапрыемстваў.

Вопыт работы калектыву гімназіі № 1 Ашмян і, у прыватнасці, Ірыны Зігмундаўны Гайко (аўтара праграм і спецыяльных практыкаванняў для навучэнцаў спецыяльнай медыцынскай групы) выдатна сведчыць, што фізкультура — яна для ўсіх, для кожнага, у тым ліку і для прадстаўнікоў СМГ. І чаму толькі гэтая абрэвіятура часам становіцца сінонімам фізічнай неактыўнасці?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.