Па жыцці — з сонечнай палітрай

Сэ маніфік, гюзэль, пекна, лепа, файна, красна, б’ютыфул! Словы захаплення саламянымі работамі Раіса Аляксандраўна Раманеня, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларускі сувенір” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна, чуе на дзясятках моў падчас шматлікіх выстаў і фестываляў творчасці. А нядаўна прызнанне яе таленту Раіса Аляксандраўна пачула і ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які ўручыў педагогу спецыяльную прэмію “За духоўнае адраджэнне”.

(З творчасцю Раісы Аляксандраўны Раманені “Настаўніцкая газета” ўжо знаёміла сваіх чытачоў. Яе майстар-клас можна знайсці ў № 48 ад 21 красавіка 2012 года.)

Саламяная кругасветка

Захапленне саломкай у маёй гераіні ўзнік­ла яшчэ тады, калі яна, немаўлём, разглядвала праз парэнчы сваёй калыскі насценныя пано і саламяныя кветкі, прымацаваныя да столі павукоў, створаныя яе маці. Потым залацістыя званочкі і лісточкі дзяўчынку вучылі плесці майстрыхі яе роднай вёскі Язылі, што на Старадарожчыне, а ўжо з чацвёртага класа яна вучылася ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.В.Ахрэмчыка для адораных дзяцей. Затым дзяўчына скончыла мастацкае вучылішча, дапоўніла мастацкую адукацыю аддзяленне народных рамёстваў і промыслаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. І ўжо трыццаць пяты год, арганізаваўшы студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларускі сувенір”, педагог вучыць салігорскіх дзетак ператвараць звычайную саломку ў мастацкія шэдэўры.Сама ж Раіса Аляксандраўна ў гэтым майстар. Яе пано, павукі, лялькі, цацкі, арт-аб’екты ўражваюць і звычайных людзей, і прафесіяналаў, не раз прызнаваліся лепшымі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Каля іх падоўгу затрымліваюцца, выбіраючы сабе папаўненне калекцыі, наведвальнікі выстаў у Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Малдове, Швецыі, Швейцарыі, ЗША, Францыі, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Індыі… Стыль салігарчанкі абмяркоўваюць нават у Аргенціне, Бразіліі, Венесуэле.

Дзверы ў жыццё

Акрамя знаёмства свету з беларускай, салігорскай, тэхнікай саломапляцення, не менш важнай сваёй задачай Раіса Аляксандраўна лічыць зацікавіць сваёй любімай справай дзяцей. І гэта ў яе таксама з поспехам атрымліваецца. Пачыналася ўсё са звычайнага гуртка па інкрустацыі саломкай — першымі работамі былі пано, куфэркі. Але, асвоіўшы самыя простыя тэхнікі, выхаванцы студыі вывучалі новыя і новыя.

Асаблівасць студыі “Беларускі сувенір” у тым, што яе выхаванцы, аднойчы адчыніўшы дзверы, адразу вызначаюцца, ці іх гэта справа: калі кідаюць, то кідаюць адразу, пасля першых заняткаў, а калі ж не, то на ўсё жыццё становяцца прыхільнікамі саламянай творчасці.

І гэта той выпадак, калі ўсё залежыць ад асобы педагога. Адчула гэта на сабе і я: пакуль мы гутарылі з ёй, я два разы мяняла час свайго ад’езду на больш позні. І справа не толькі ў тым, што цікава было акунуцца ў тонкасці творчай працы, даведацца пра сакрэты такой папулярнасці. З Раісай Аляксандраўнай проста прыемна гутарыць пра ўсё: пра чалавека, пра сэнс яго жыцця, пра плюсы і мінусы развіцця навукі, пра псіхалогію дзіцяці, пра чалавечыя адносіны. І складваецца ўражанне, што само саломапляценне для навучэнцаў становіцца толькі лейтматывам, фонам для нечага значна большага, што яны атрымліваюць падчас студыйных сустрэч.“Мне хацелася б, каб саломапляценне працягвала сваё развіццё. А як яно бу­дзе, адзін Бог ведае, — разважае Раіса Аляксандраўна, наліваючы ў кубкі каву. — Я бачу, наколькі складана дзецям асвойваць пляцёнкі. Тут трэба ж яшчэ навучыцца, як правільна ўкласці салому, у якой паслядоўнасці, заўважаць яе якасці. І гэта якраз найскладаней даецца сённяшнім дзецям. Яны ўсе чамусьці любяць матэматыку, мала хто мне кажа, што любіць літаратуру ці чытанне. Гэта дзеці новага стагоддзя. Навукоўцы тлумачаць гэта іншымі генамі, якія прыстасоўваюць чалавека да новага часу. Хутка амаль усё будуць рабіць робаты. Мы ўжо шмат чаго не робім самі: не мыем посуд, бялізну, за нас пі­шуць машыны, думае за нас Google. Чалавек губляе чалавечыя навыкі і імкнецца быць падобным на машыну. Сёння мы сытыя, апранутыя, робаты робяць за нас нашы справы. І мы столькі вольнага часу атрымалі, але трацім яго на прагляд тэлевізара. Лю­дзі павінны развіваць свой духоўны падмурак, свае чалавечыя і творчыя якасці: займацца музыкай, жывапісам ці нечым яшчэ. І я ўпэўнена: аднойчы мы ўсе ўсвядомім, што інакш шмат губляем”.Якраз гэта добра ўсвядомілі ўсе выхаванцы Раісы Аляксандраўны. Вось чаму нават першакласнікі, якія яшчэ часам і аловак не ўмеюць трымаць, горнуцца да яе. Другое, што яны цвёрда засвойваюць, — гэта тое, што любую справу трэба рабіць добрасумленна — і сёння ў студыі, і заўтра на працоўным месцы, незалежна ад сферы. Раіса Аляксандраўна ні разу не зрабіла работы хоць з дробнымі недасканаласцямі, спаслаўшыся на мастацкі прыём. Такога прынцыпу пры­трымліваюцца і яе дзеці, дабіваючыся дасканаласці ў сваіх работах. Праўда, часам гэта іграе супраць іх саміх.

“Работы маіх выхаванцаў прымаюць удзел у шматлікіх мастацкіх конкурсах. Канечне, ім усім хочацца, каб іх ацанілі, але журы мастацкіх конкурсаў і выстаў, гледзячы на работы з выдатнай тэхнікай, не вераць, што яны дзіцячыя. І часам перамогу аддаюць тым, чыя работа зроблена абы-як, без усялякага густу, пад “а-ля дзіцятка”. І бывае прыкра ад таго, што нас вымушаюць саромецца, што ўмеем рабіць добра. Гэта так балюча, так крыўдна!” — прызнаецца Раіса Аляксандраўна.Такая пераацэненасць талентаў студыйцаў стала падставай гля­дзець далей, чым гэтыя конкурсы. Іх персанальныя выставы заўсёды праходзяць з поспехам. Для многіх навучэнцаў дзверы студыі “Беларускі сувенір” сталі  дзвярыма ў прафесію. Сёння з поспехам працуе выкладчыкам у Мінскім дзяржаўным каледжы імя А.К.Глебава Таццяна Пратасеня, член Беларускага саюза мастакоў народнай творчасці. Юлія Лосік членам гэтай арганізацыі стала яшчэ падчас навучання ў студыі, а пасля скончыла аддзяленне народных рамёстваў ва ўніверсітэце культуры і зараз працуе спецыялістам ва ўпраўленні адукацыі аднаго з раёнаў Мінска. Таццяна Сцяпурка выкладае саломапляценне ў мастацкім вучылішчы імя А.К.Глебава. Атрымалі адпаведную адукацыю і выкладаюць саломапляценне Кацярына Хацько, Вольга Пракаповіч, Паліна Пратасеня, Вольга Аўдзей, Алеся Платонава, Эма Федаровіч і многія іншыя. Так што новае дыханне саламянай творчасці — справа часу.

Адраджэнне забытага

Так было і з забытымі традыцыямі мастацкіх рамёстваў іх рэгіёна — поўдня Мінскай вобласці. Азнаямленне з імі стала адным з асноўных кірункаў студыі.Высветлілася, што толькі тут існавала свая адметная традыцыя вырабу саламяных дываноў. Дзеці пачалі ўспамі­наць, што бачылі такія дываны ў сваіх бабуль. Са з’яўленнем прамы­словых вырабаў, недзе ў 1985 годзе, традыцыя амаль знікла. Але ўспаміны сведкаў сталі асновай для адраджэння ўжо амаль забытага рамяства. За кароткі час кіраўнік студыі разам з навучэнцамі ўзнавілі рамяство дываноў, захаваўшы любімыя тэмы народных майстрых, колеры, прыёмы.

Год за годам адточваліся прыёмы выканання, тэхніка. З’явіліся свае сакрэты падбору саломкі, удасканальваліся тэхнічныя характарыстыкі. Была зроблена вялікая колькасць работ, якія і сёння захоўваюцца і складаюць залаты запас студыі. Творчыя работы самой майстрыхі набываліся Міністэрствам замежных спраў для аздаблення пасольстваў некаторых замежных краін, для прадстаўнічых падарункаў. Некалькі работ набыў музей гісторыі і культуры Беларусі. Шматлікія выставы, фестывалі, конкурсы прыносілі поспех, што сведчыла аб цікавасці і ўвазе да адноўленага рамяства.

Але час ідзе — традыцыя набывае сучаснае аблічча, адаптуецца да часу. Калі няма патрэбы ў вялікіх дыванах, чаму б не зрабіць пано для сучаснага інтэр’ера? Раіса Аляксандраўна распрацавала новыя прыёмы аздаблення. Сёння навучэнцы студыі выраб­ляюць невялікія пано з выявамі букетаў,  жывёл, птушак, з вобразамі роднага краю, улюбёная  тэма — нацюрморт з кветкамі і побытавымі рэчамі.

Раіса Аляксандраўна стварае і іншыя аўтарскія вырабы, напрыклад, абярэгі. Бадай, самы цікавы з іх — жытняя баба.

“Жыта зжыналі, ставілі ў снапы, і ўсе гэтыя снапы накрывалі адным вялікім снапом. Яго і называлі жытняй бабай, — тлумачыць Раіса Аляксандраўна. — Яна лічылася памочніцай жанчыны. І я стварыла свой вобраз памочніцы. У ім няма галавы, ёсць толькі намёк на яе твар і фігуру. З аднаго боку, гэта сноп, з другога — жанчына”.

Любімая сфера майстра — жаночыя галаўныя ўборы. І тут на ўсю праявіўся мастацкі талент. Яе саламяныя галаўныя ўборы набылі папулярнасць і ў Беларусі, і за мяжой, сталі часткай вобразаў удзельнікаў вядомых фальклорных калектываў і спявачак Беларусі і Расіі.

Яе сакрэты — усяму свету

Канечне, каб ператварыць звычайны выраб у шэдэўр, майстар мае свае сакрэты. Хаця і сакрэтамі іх складана назваць: імі яна дзеліцца з усімі жадаючымі. Галоўны з іх — сорт жыта. Яго Раіса Аляксандраўна ўбачыла шмат гадоў назад на Любаншчыне і сарвала некалькі каласкоў (дагэтуль удзячна ўладальніку, якога тады так не і знайшла, каб папрасіць дазволу). Ні­дзе і ніколі яна больш такога не сустракала. Заўсёды калгаснае жыта пругкае, каб выстаяць у любое надвор’е, а гэтае высокае, каля двух метраў, мяккае, таму яго складана вырасціць — пасля дажджу можа палегчы.  Але яно таго варта, бо сцёблы маюць не чатыры калены, як звычайна, а тры, а сама салома значна мякчэйшая, лепш кладзецца.
Усю сваю салому яна штогод сама сее ў вёсцы ў сваякоў, зжынае, сушыць, перабірае і разразае на каленцы. З рознымі тэрмінамі нарыхтоўкі салома атрым­ліваецца каляровай: калі за месяц да спеласці са­браць, яна будзе зялёнай, да даж­джу сабраць — яна будзе белай, пасля — жаўцейшай.

Дарэчы, свае агранамічныя якасці, а потым і якасці любанскага жыта ацэньваюць многія сябры Раісы Аляксандраўны — майстры па саломапляценні з Расіі, Літвы, ЗША, Швейцарыі і іншых краін свету, з якімі Раіса Аляксандраўна ахвотна дзеліцца насеннем.
“У нашай справе галоўнае — захацець, бо без жадання нічога не атрымаецца. Усё, што мы робім, павінна ісці ад сэрца, — гаво­рыць майстрыха. — Каб рабіць прыгожа, трэба прыглядацца, удумвацца. Маё любімае слова — “думай”. Мы ж кожную саломінку падбіраем. Узяўся за салому — паглядзі на яе ўважліва, пакруці, а не проста механічна адрэзаў і наклеіў. Цэнтр кампазіцыі ў нас свеціцца, бо на яго бярэцца бліскучая саломка. Матавую выкарыстоўваем для лісточкаў. Гэта маленечкі нюанс, але на ім трымаецца ўся справа”.Вырабы майстра сёння пазнаюцца па амаль ювелірнай тэхніцы пляцення. Рафінаваныя ў лепшым сэнсе гэтага слова, вытанчаныя рэчы здзіўляюць сваёй дасканаласцю і рэалістычнасцю, бо замест традыцыйных для саломапляцення стылізаваных сюжэтаў на яе палотнах з’яўляюцца быццам жывыя. Нават зблізку складана зразумець, хто ствараў гэтыя кветкі і лісточкі — прырода ці майстар. Гадзінамі разглядваючы залацістыя пералівы саломкі, удыхаючы яе водар, проста дзіву даешся: адкуль можна ўзяць столькі ідэй?!

 “Мяне натхняе жывапіс, — адказвае Раіса Аляксандраўна. — Вельмі люблю фата­графію. У маім камп’ютары ёсць калекцыя нацюрмортаў, партрэтаў. Часам свой дзень я пачынаю, праглядваючы іх. Прыга­жосць прыроды наталяе душу і дае натхненне. А ўвогуле, калі душа ў суладдзі з Сусветам, ідэй вакол лунае мноства. Важна толькі захацець прыслухацца, прыгледзецца”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Р.А.Раманені.