Мінск. Ліцэй № 2. Вялікі перапынак. У фае не прабіцца, цесна нават на лесвіцах. Пакуль не празвінеў званок на ўрок, пад пералівы ірландскіх джыгі, рыла і хорнпайпа ногі старшакласнікаў адчаканьваюць неверагодна хуткія і дакладныя, сінхронныя рухі, а пастава захоўвае нерухомымі рукі і спіны. Відовішча варта таго, каб не толькі на яго глядзець, але і знайсці сабе месца на танцпляцоўцы. Ніякіх плаўных пераходаў, ніякай слязлівай лірыкі — выключна драйв і пазітыў, рытм і дынаміка. Сёння мы ў гасцях у ініцыятара ліцэйска-ірландскіх перапынкаў Дзмітрыя Дрожжы.
Танцавальны старт
Нашым чытачам Дзмітрый Аляксандравіч знаёмы як гісторык і пераможца конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Але ў ліцэі яго ведаюць яшчэ і як танцора, першага ўладальніка майкі з надпісам “Я ненавіджу ірландскія танцы” і кілта ў клетку.
Жадаючых асвоіць стэп пад яго кіраўніцтвам шмат, але толькі самыя вытрыманыя атрымліваюць ад Дзмітрыя Аляксандравіча на выпускным фірменную майку, бандану і кубак з лагатыпам клуба — лістком зялёнай канюшыны.
“Маё хобі зарадзілася больш за 15 гадоў назад, яшчэ ва ўніверсітэце, падчас аднаго з рыцарскіх фестываляў у Полацку, калі латышскі калектыў прапанаваў станцаваць пад традыцыйную латышскую музыку, — успамінае педагог. — Потым былі танцы падчас этнаграфічных экспедыцый, не раз быў на майстар-класах у вядомага этнахарэографа Міколы Козенкі. Знаёміўся з сярэдневяковымі танцамі на фестывалях. А аднойчы адна з практыкантак з лінгвістычнага ўніверсітэта праводзіла класную гадзіну ў маіх вучняў на тэму сярэдневяковага танца, чаго я, зразумела, не мог прапусціць. Паступова мы прыйшлі да таго, што сталі ладзіць свае майстар-класы па сацыяльных танцах у Мінску. Але ў выніку я пераключыўся на ірландскія: з захапленнем глядзеў шоу Lord of the Dance, выступленні легендарнага танцора Майкла Флэтлі, а потым трапіў у школу ірландскага танца, дзе палюбіў і ірландскія, шатландскія, брэтонскія танцы”.
Ліцэй — гэта ўстанова толькі для старшакласнікаў, вучняў 10 і 11 класаў. Калі яны прыходзяць вучыцца ўсе з розных устаноў, ім трэба хутка пазнаёміцца і стаць адной камандай, і танец тут найлепшы спосаб. Неўзабаве ён стаў для ліцэістаў не проста спосабам пасябраваць — Дзмітрый Аляксандравіч арганізаваў у ліцэі клуб Folk Dance, у які кожны год прыходзіла некалькі дзясяткаў ліцэістаў.
“Сёння мы з дзецьмі рыхтуем выступленні для самых буйных нашых свят — “Віват ліцэй!” і выпускнога, прымаем удзел у прадметных тыднях, у будні ладзім музычныя перапынкі, — расказвае Дзмітрый Дрожжа. — Калі для сцэны мы ставім відовішчныя танцы, са складанымі элементамі, то для фае падбіраем максімальна простыя, каб да нас з лёгкасцю маглі падключыцца нават навічкі. Так, за вялікі перапынак — 20 хвілін — мы паспяваем станцаваць 3 — 4 танцы. У кожнага танца ёсць свая фішка — нейкі рух, паскарэнне, адметная музыка. У свой рэпертуар мы ўключылі беларускія, літоўскія, латышскія, сярэдневяковыя, традыцыйныя шатландскія, ірландскія, брэтонскія танцы. Праўда, якраз з беларускім рэпертуарам ёсць праблема: у нас чамусьці дагэтуль няма якаснай музыкі для такіх вечарынак. У латышоў, літоўцаў, эстонцаў, ірландцаў і іншых ёсць, а ў нас — няма”.
Калі сур’ёзна аддаешся танцу, часам не абыходзіцца без траўм. Але ў гэтым выпадку ліцэісты яе хаваюць. Быў выпадак, калі дзяўчына танцавала на абязбольвальных, і педагогу давялося сілай прымусіць яе спыніцца і звярнуцца да ўрача.
Настасся Савіч, выпускніца ліцэя. “Я два гады запар уставала ў 5 гадзін раніцы, толькі каб даехаць на другі канец горада і каб не спазніцца на заняткі — у нас жа было ўсяго 45 хвілін перад урокамі. Акрамя таго, гэта быў самы дзейсны спосаб узняць сабе настрой на цэлы дзень. Без трапных жартаў Дзмітрыя Аляксандравіча не абыходзілася ні адна рэпетыцыя. Мы шмат танцавалі беларускіх народных танцаў, прычым даўно забытых, тых, якія танцавалі яшчэ нашы бабулі ці прабабулі на вечарынах. Нашы музычныя перапынкі былі рэдкімі, можа, раз на месяц, і мы іх чакалі з асаблівым нецярпеннем. Але самым чаканым момантам было “Пасвячэнне ў крываногія алені”. Не, гэта не было крыўдным званнем, а, наадварот, сведчыла пра добры танцавальны ўзровень. Пры гэтым Дзмітрый Аляксандравіч выклікаў кожнага з нас на сцэну, дарыў бандану з выявай лістка канюшыны, а чалавек, які ста яў за намі, прымяраў нам рогі аленя. Гэта быў самы смешны і самы хвалюючы момант”.
“Я з дзяцінства танцую, шмат гадоў гэта былі бальныя танцы, затым — сучасныя, а цяпер ірландскія, — расказвае, аддыхаўшыся пасля джыгі, 10-класніца Юлія Алексіевіч. — Танцы — гэта каласальная фізічная нагрузка, часам ледзь ногі цягнеш пасля рэпетыцыі, але эмацыянальна — гэта ўз дым і выдатны настрой. Я ніколі не цікавілася гісторыяй. Для мяне гэты ўрок быў урокам малявання ў блакнотах. Але мы не ведалі, які гісторык нас чакаў у ліцэі. Цяпер у нас гісторыя — любімы прадмет. Ды і на танцы мы прыходзім не столькі дзеля танцаў, колькі да настаўніка”.
Выпускны не прыгавор
“Я пачала займацца ірландскімі танцамі ў Дзмітрыя Аляксандравіча 8 гадоў назад, але не адразу, — успамінае выпускніца Святлана Клішэвіч. — Я была сарамлівай, замкнёнай, і мне было складана камунікаваць з людзьмі, і каб танцаваць, мне неабходна было пераступіць праз саму сябе. Калі на Новы год Дзмітрый Аляксандравіч арганізаваў майстар-класы па ірландскіх танцах, я ўсё ж адважылася перамагчы саму сябе, забылася пра страхі і сваю няўпэўненасць. І не прагадала. Ён знаходзіў падыход да любога дзіцяці, і ад любых комплексаў пазбаўляў проста, з гумарам. Я настолькі ўцягнулася ў танцы! Асабліва мяне захапілі ірландскія — іх фальклорная музыка, энергічныя рухі, эмоцыі. Найперш у групавых танцах, дзе ідзе камандная работа. У мяне заўсёды былі некаторыя праблемы са зносінамі, але гэтая прыналежнасць да групоўкі, нашы выступленні выправілі сітуацыю. Я праніклася і гэтай культурай, і самімі танцамі, таму паўтара года ў ліцэі мне не хапіла, і пасля яго заканчэння 7 гадоў я займалася ў школе ірландскага танца “Фенікс” у Цэнтры дадатковай адукацыі “Вікторыя”. Нават сабрала шмат перамог у розных чэмпіянатах: і рэспубліканскіх, і ўсходне-еўрапейскіх. Толькі ў гэтым годзе я ад гэтага адышла, бо ў мяне новае захапленне — я танцую хіп-хоп. Вырашыла паспрабаваць нешта новае. Тут ёсць адзін важны момант: Дзмітрый Аляксандравіч мяне і такіх жа сарамлівых, як я, спачатку літаральна бянтэжыў сваёй прамалінейнасцю. Цяпер я сама педагог (выкладаю англійскую ў МДЛУ) і разумею, што прамалінейнасць педагога была дарэчы, гэта адна з лепшых яго якасцей. З дзецьмі трэба гаварыць як з дарослымі, не цацкацца і не спяшацца падаслаць саломку.
Дзмітрый Аляксандравіч — вельмі харызматычны чалавек. Ён можа выкладаць гісторыю з рапірай у руках для антуражу, можа ёй жа дапоўніць свой вобраз на касцюміраванай вечарынцы. Яго ўрокі — гэта запамінальныя прэзентацыі, квесты па горадзе. Тых, хто не адважыўся адразу прыйсці на танцы, спачатку падкупляў як прадметнік. Сярод такіх і Дар’я Сінюгіна, якая ўжо другі год працуе настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства ў сярэдняй школе № 61 Мінска.
Таццяна Мікалаеўна Сагаль, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. “Мы з Дзмітрыем Аляксандравічам працуем разам з 2003 года. Усё пачыналася з тыдняў ВКЛ, з ліцэйскіх рыцарскіх турніраў, з чырвоных дарожак і яго каралеўскіх вобразаў. Потым гісторыю Беларусі і ліцэісты, і настаўнікі вывучалі на перапынках праз вясковыя беларускія танцы. Але падчас трансфармацыі культуры розных народаў у нас асабліва прыжыліся ірландскія танцы. На выпускныя вечары клуба Дзмітрыя Аляксандравіча збіралася паўраёна: ліцэісты, іх бацькі, знаёмыя, сябры. Да нас далучаліся па просьбе Дзмітрыя Аляксандравіча і яго сябры — вядомыя беларускія музычныя гурты “Эйрут”, якія выконвалі ірландскія песні ў перакладзе на беларускую мову, “Кельцкі дракон” і інш.”.
“Я паступала ў ліцэй на хіміка-біялагічны профіль, але ў выніку выбрала гістфак — пасля ўрокаў Дзмітрыя Аляксандравіча ў форме гульняў, гістарычнага біятлона, турніраў з рапірамі, з пастановачнымі харакіры, пасля заняткаў у яго “Клубе падарожніка”, у складзе якога мы ездзілі і вывучалі культурную спадчыну Беларусі, я не бачыла сябе ў іншай сферы. І цяпер усе прыёмы і метады выкладання Дзмітрыя Аляксандравіча я стараюся пераносіць ужо на свае ўрокі.
Самае важнае, што нам давалі танцы, — магчымасць рэалізавацца, там нас прымалі. Мы хадзілі не столькі дзеля танца, мастацтва — падкупляла прыналежнасць да гэтай суполкі, магчымасць быць адным калектывам з дзясяткамі сяброў. Сёння наша дружба самая моцная якраз з тымі, з кім мы разам танцавалі. Самай запамінальнай, нават культавай, была гісторыя, калі мы толькі-толькі пачыналі танцаваць, прынялі ўд зел у раённым конкурсе ірландскіх танцаў і з трох калектываў-удзельнікаў занялі 4-е месца. Праўда, потым, да канца вучобы, мы ставілі феерычныя канцэрты, неверагодна відовішчныя. Але не гэта было галоўным: нават калі нехта памыляўся, мы кожнага вельмі любілі. Нам быў важны не выніковы танец, а сам працэс”, — расказвае Дар’я.
Сучасная ліцэйска-ірландская харэаграфія — гэта майстэрня, амаль ювелірнае спалучэнне рухаў і перастановак, у якіх спалучаюцца каліва стэпу, кропелька фламенка, дробка балета і бясконцае мноства дынамізму і пазітыву. Плюс запальныя матывы! І галоўнае — усё гэта не заканчваецца выпускным вечарам. Працяг — у афіцыйнай групе ва “УКантакце”. Тут усіх, хто не хоча закідваць кілт і канцэртныя ірландкі ў антрэсоль, вітаюць так:
“Вы прыйшлі па адрасе, калі любіце танцаваць і тварыць вар’яцтва! А яшчэ калі ў вас крывыя ногі. Нас, такіх калечаных, ужо 5 выпускаў! Запрашайце ў групу ўсіх танцораў, былых і цяперашніх, танцуйце і атрымлівайце асалоду!”
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота ліцэістаў.