У нашай рубрыцы мы неаднаразова абмяркоўвалі важнасць стажыровак і валанцёрскіх праектаў. Яны даюць падлеткам магчымасць яшчэ падчас навучання ў школе ўбачыць знутры пэўную прафесію і прымераць яе на сябе, каб пасля зрабіць больш свядомы жыццёвы выбар.
Пра важнасць такіх магчымасцей ведае і Валерыя АМЯЛЮСІК, аўтар праекта teenjob. by. Разам з іншымі валанцёрамі яна стварыла пляцоўку, дзе падлеткі могуць знайсці стажыроўкі ў цікавых кампаніях альбо дапамагчы пэўнай ініцыятыве. Партал пачаў сваю работу ў кастрычніку, і мы не маглі абмінуць увагай такую падзею. Аказалася, што за гэтым праектам стаіць асабістая гісторыя Валерыі, цэлае даследаванне падлеткаў і больш за год працы.
Асабісты шлях да валанцёрства
Валерыя Амялюсік вывучае псіхалогію ў магістратуры БДУ. Да гэтага яна стала спецыялістам па сацыяльнай рабоце і кіраванні праектамі.
— Я мэтанакіравана пайшла ў гэтую прафесію, каб вывучаць грамадства, шукаць слабыя месцы і ствараць праекты, якія вырашаюць праблемы грамадства, — дэкларуе Валерыя.
Наша суразмоўніца займала актыўную пазіцыю з дзяцінства. Падлеткам яна пастаянна шукала гурткі, каб паспрабаваць сябе ў танцы, у акцёрскім майстэрстве. У 14 гадоў упершыню вырашыла папрацаваць — летам шыла цацкі ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Мінска.
— Калі атрымала першыя грошы, было адначасова і добрае пачуццё, бо грошы свае, уласна заробленыя, — дзеліцца ўспамінамі Валерыя, — і адчуванне таго, як насамрэч складана працаваць рукамі. Як баліць спіна, калі па чатыры гадзіны сядзець над працай!
Пасля Валерыя паспрабавала падпрацоўкі, што звычайна прапануюць падлеткам: расклейвала аб’явы, была прамоўтарам. Але валанцёрствам да ўніверсітэта не займалася: проста не ведала, што такая магчымасць ёсць. Больш даведалася пра гэта ўжо ва ўніверсітэце — будучая прафесія абавязвала, а факультэт даваў шмат напрамкаў для развіцця. Пачаліся студэнцкія трэнінгі і семінары пра бізнес, маркетынг, кіраванне праектамі, з’явіліся запрашэнні паваланцёрыць і прайсці стажыроўку — не ў кожнай УВА столькі прапаноў! І Валерыя выкарыстоўвала іх напоўніцу. Але вельмі шкадавала, што не ведала пра гэта, калі была падлеткам.
— Маёй першай стажыроўкай стала работа офіс-менеджара ў Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕ СКА, — згадвае дзяўчына. — Я працавала з дакументамі і лістамі, званіла і запрашала людзей на мерапрыемствы. Але галоўнае — атрымала магчымасць арганізаваць уласнае мерапрыемства. І я ўпершыню правяла трэнінг — для тых, хто жадае развіваць сваю задумку, каб запусціць асабісты праект. Больш за 5 гадзін працавалі ўдзельнікі, каб сфармуляваць сваю ідэю. А для мяне гэта было незвычайнае пачуццё: правесці ўласны трэнінг.
Мы нездарма столькі расказваем пра асабісты вопыт Валерыі. Менавіта ўласнае шкадаванне пра тое, што валанцёрства, стажыроўкі і цікавыя адукацыйныя мерапрыемствы з’явіліся ў яе жыцці так позна, стала нагодай для стварэння праекта teenjob.by. Дзяўчына знайшла тое, дзеля чаго прыйшла ва ўніверсітэт: спосаб вырашыць рэальную праблему грамадства.
Даследаванне
У рамках свайго дыпломнага праекта Валерыя правяла ўласнае даследаванне. Яна вырашыла ацаніць, наколькі патрэбны сучасным падлеткам праект, які яна задумала.
Валерыя праінтэрв’юіравала 129 падлеткаў, і 98% падкрэслілі, што такі партал патрэбны. Аказалася, тыя школьнікі, якія мелі вопыт падпрацоўкі, цанілі яго незалежна ад таго, наколькі ўдалым ён атрымаўся. Нават суразмоўцы з негатыўнымі ўражаннямі прызнаваліся: дзякуючы такім актыўнасцям яны зразумелі, што такое работа і што ім трэба імкнуцца да нечага большага ў кар’еры.
Высветлілася, што падлеткі на дзіва добра ставяцца і да бясплатнай работы. Каля 58% суразмоўцаў былі гатовы стажыравацца бясплатна, дзеля вопыту і стасункаў, а катэгарычна не прызнавалі стажыроўкі толькі 13% апытаных.
Лічбы даказалі: сучасныя падлеткі вельмі актыўныя ў кар’ернай сферы і цягнуцца да новых магчымасцей.
Што шукаць на партале?
Крыху больш за год спатрэбілася Валерыі, каб запусціць партал. Цяпер любы школьнік можа наведаць сайт teenjob.by і знайсці аб’явы ад кампаній і арганізацый, якім неабходна яго дапамога. Пакуль на сайце працуюць раздзелы з прапановамі валанцёрства і стажыровак.
— Каб запрасіць валанцёраў, кампаніі спярша рэгіструюцца на сайце, — расказвае Валерыя. — Мы прапануем запоўніць форму, дзе, акрамя агульнай інфармацыі пра кампанію, просім пазначаць УНП, спасылкі на сайты ці групы ў сацсетках, а таксама кантакты. Гэта неабходна, каб мадэраваць заяўкі: перш чым размясціць аб’яву, мы правяраем кожную кампанію ў рэестры, ацэньваем, ці супадае прадстаўленая інфармацыя са звесткамі на сайце. Калі ўзнікаюць сумненні, знаёмімся з прадстаўніком кампаніі, каб лепш зразумець, якія праекты яна прапаноўвае валанцёрам.
Хаця фармальна стваральнікі партала не могуць гарантаваць якасць кожнага запрашэння, яны ўважліва ставяцца да бяспекі.
— Таксама сачу, каб у аб’явах не было гучных лозунгаў, заклікаў, спасылак на аўтарытэты, — удакладняе Валерыя. — Я зараз вучуся на псіхолага і разумею, як такія прыёмы ўздзейнічаюць на эмоцыі падлеткаў. Чалавекам у гэтым узросце лёгка маніпуляваць, а для нас важна, каб рашэнні пра стажыроўку падлеткі прымалі рацыянальна.
Рэгістрацыю могуць прайсці і валанцёры. Пакуль што гэта трэба, каб збіраць базу падлеткаў, зацікаўленых у валанцёрскіх праектах. Але з часам на сайце з’явіцца магчымасць падпісацца на тэматычныя прапановы — напрыклад, школьнік, які цікавіцца мастацтвам, будзе атрымліваць запрашэнні на стажыроўкі ў музеях і тэатрах ці валанцёрства на фестывалях. Рэгістрацыя дапаможа таксама ў адборы мерапрыемстваў па ўзросце, бо частае патрабаванне кампаній, каб валанцёры былі старэйшымі за 16 гадоў.
Яшчэ адзін актыўны раздзел сайта — мерапрыемствы для падлеткаў. Тут можна запрасіць школьнікаў на канферэнцыі, лекцыі і любыя іншыя адукацыйныя падзеі.
— Частку аб’яў размяшчаюць арганізатары, частку я знаходжу сама, — расказвае Валерыя. — Напрыклад, вельмі шмат мерапрыемстваў праходзіць для студэнтаў. І хаця падлеткі — не іх мэтавая аўдыторыя, арганізатары не супраць, каб яны далучаліся. Я пытаюся ў арганізатараў, ці можна прапанаваць іх мерапрыемства школьнікам, і публікую яго на партале. Хочацца, каб падлеткі маглі даведацца пра такія падзеі.
Плануецца, што напярэдадні летніх канікул з’явіцца і раздзел з працай на лета. Мадэрацыя аб’яў застанецца такой жа асцярожнай, таму партал можа стаць бяспечнай пляцоўкай для ахвотнікаў знайсці работу і зручным інструментам для кампаній, якія гатовы іх наняць.
Запусціць валанцёрскі праект — рэальна!
Мы не маглі не спытаць і пра саму работу над праектам. Ведаючы, як складана распрацаваць такі сэрвіс без бюджэту і супрацоўнікаў, абмеркавалі, як атрымалася стварыць teenjob.by.
— Значную частку праекта распрацавалі на хакатонах, — гаворыць Валерыя. — З гэтай ідэяй я паўдзельнічала ў Social Weekend і хакатоне краін “Усходняга партнёрства”. На першым хакатоне нас падтрымаў адзін са спонсараў: hoster.by выдзеліў нам хостынг для сайта. А на другім я пазнаёмілася з дызайнерам з Украіны, якая зрабіла дызайн-канцэпцыю сайта.
Дзяўчына прызнаецца, што дайсці да рэалізацыі валанцёрскага праекта сапраўды складана. Трымаюць такія праекты толькі людзі ўнутры каманды і іх адказнасць, а таксама карыстальнікі, якія нагадваюць, што праект неабходны і варты намаганняў.
— У любым валанцёрскім праекце трэба з самага пачатку разумець, што гэта не толькі весела, але і сур’ёзна і доўга, — адзначае Валерыя. — Трэба настроіцца на тое, што будзе шмат цяжкасцей, а ў стасунках з валанцёрамі — паважаць іх час. Зразумела, што ў іх шмат больш прыярытэтных спраў, таму трэба цаніць іх дапамогу, колькі б часу яны ні ўдзялялі праекту.
Зараз над праектам працуе цэлая каманда валанцёраў: сярод іх і распрацоўшчык сайта, і адміністратары суполак у сацыяльных сетках, і адказныя за стасункі з кампаніямі, што рэгіструюцца на сайце. Але далучыцца да ініцыятывы можа любы жадаючы: сярод іншых валанцёрскіх прапаноў на сайце teenjob.by можна знайсці і запрашэнні ад самога партала. У праекце падлеткі маюць магчымасць заняцца SEO-прасоўваннем, мадэрацыяй аб’яў і стасункаў з арганізацыямі і кампаніямі.
— Мы будзем рады, калі настаўнікі будуць раіць праект школьнікам, а самі ахвотна дапаможам ім з любымі ўласнымі ініцыятывамі, — запрашае Валерыя. — З цягам часу мы хацелі б праводзіць жывыя майстар-класы для падлеткаў па камунікацыі, кіраванні сваім часам, каманднай рабоце, таму нам можна напісаць, калі вашым вучням было б цікава наведаць такі майстар-клас.
Валанцёры teenjob.by — пра свой вопыт валанцёрства
Эвеліна МУРЖАК:
“Для мяне валанцёрства стала адным з адкрыццяў года. Я ўсвядоміла, што шмат часу праводжу дома і не магу сказаць, як праходзіць мой вольны час, чым захапляюся. Захацелася выйсці з зоны камфорту. Але мне заўсёды складана даваліся стасункі з людзьмі, таму я пачала з валанцёрства. Першым маім вопытам было валанцёрства на турніры маладых прыродазнаўцаў IYNT-2019, пасля я фатаграфавала на фестывалі навукі. Для teenjob.by я перакладаю сайт на беларускую мову. Для мне важна падтрымаць гэты праект, бо мне самой не хапала нечага падобнага ў пачатку валанцёрскага шляху”.
Аляксандра ГІМБІЦКАЯ:
“Мне 15 гадоў, і я даведалася пра валанцёрства зусім нядаўна, але ўжо паспела папрацаваць на фестывалі Vulitsa Ezha і стала часткай каманды ЮНІСЕФ. Арганізатары ўдзяляюць валанцёрам шмат увагі: вучаць, падтрымліваюць, уручаюць падзякі за добрую работу. А самі валанцёры могуць паспрабаваць новыя сферы дзейнасці”.
Дар’я ЧАРНУХІНА:
“Я пачала займацца валанцёрствам толькі месяц назад, калі задалася пытаннем, як магу разнастаіць сваё жыццё. Для мяне валанцёрства — магчымасць паспрабаваць сябе ў нечым новым, бо кожнаму мерапрыемству ці арганізацыі патрэбны валанцёры ў нейкай новай сферы. Можна рабіць тое, што табе падабаецца, таму што так хочацца, а не таму што так трэба”.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота Эвеліны МУРЖАК.