Пасляўрочны рэлакс

Па меры разрастання гарадоў часта тэма арганізацыі вольнага часу для многіх дзяцей і іх бацькоў бывае нават больш актуальнай, чым вучоба. Бо калі школы будуюцца ў першую чаргу, то інфраструктура для адпачынку часам з’яўляецца ў апошнюю. Таму школы імкнуцца сумясціць і вучобу, і адпачынак. Так, у Лошыцы, адным з маладых мікрараёнаў Мінска, цэнтрам творчасці стала сярэдняя школа № 24, дзе вясной быў адкрыты гарадскі рэсурсны цэнтр “Школа — сучасны цэнтр вольнага часу”.

Грамадская місія

“Наш мікрараён дастаткова малады, і ў ім пакуль яшчэ няма кінатэатраў, спартыўных комплексаў, мастацкіх школ і іншых сацыяльна-культурных аб’ектаў, таму мы вырашылі ўзяць на сябе гэтую місію і на базе нашай школы стварыць такі цэнтр вольнага часу, які б дазваляў аб’яднаць у сабе ўсе гэтыя кірункі, — гаворыць дырэктар школы Святлана Міхайлаўна Грыцюта. — Спачатку мае калегі не разумелі, навошта нам гэта, маўляў, ёсць у мікрараёне Цэнтр дадатковай адукацыі “Маяк” і няхай ён гэтым і займаецца. У “Маяку”, дарэчы, таксама шырока прадстаўлены розныя напрамкі, але мы палічылі, што, калі ёсць такая багатая база ў школе, шкада яе не выкарыстоўваць. Гэтую ідэю мы паклалі ў межы праекта “Сацыякультурная місія ўстановы адукацыі. Школа як сучасны цэнтр вольнага часу”, які быў адзначаны грантам Мінгарвыканкама ў 2012 годзе. Мадэрнізаваць нічога значна не прыйшлося — школа адкрылася толькі 7 гадоў назад і творчая рэалізацыя была закладзена ўжо архітэктурна, тут прадугледжаны памяшканні для студый і была створана добрая матэрыяльная база. Заставалася толькі знайсці спецыялістаў”.

Музыка нас звязала…

Цяпер у школе цэлы комплекс прапаноў, і зрабіць выбар вельмі складана. У прыватнасці, самыя галасістыя навучэнцы атрымалі магчымасць развіваць свой талент пад кіраўніцтвам педагогаў па вакале. Адна з іх — Жанна Пятроўна Грыцава, кіраўнік вакальнай арт-групы “Вясёлка”. У школе яна сабрала два калектывы, якія паспелі заявіць пра сябе нават на міжнародных творчых спаборніцтвах.
1

“Кожны чалавек, незалежна ад свайго таленту, павінен яго развіваць, — разважае Жанна Пятроўна. — Спрадвеку людзі гэта разумелі, таму ім было што паказаць і абмеркаваць падчас сустрэч, на балях. Але заняткі музыкай некалі дорага каштавалі, таму маглі іх сабе дазволіць толькі багатыя людзі. Цяпер жа адкрыццё таленту ў дзецях часта таксама адбіваецца на кішэнях іх бацькоў, прычым звычайна дзеці адбіраюцца, я ж бяру ў свае калектывы і тых дзяцей, у якіх гэта атрымліваецца, і тых, якія проста вельмі хочуць, прычым бясплатна. Яшчэ калі працавала ў школе мастацтваў, мы праводзілі эксперымент — набіралі ўсіх дзяцей, якія толькі хацелі. І тады я пераканалася, што дзеці, пра якіх крыўдна жартуюць, што ім мядзведзь на вуха наступіў, заспявалі чысцютка, нотка ў нотку. Яны радаваліся, што ў іх усё атрымліваецца. І гэта адчуваў глядач у зале. З такімі дзецьмі вельмі прыемна працаваць, хоць і цяжэй. А калі разам з імі праходзіш праз цяжкасці, гэта становіцца і мне даражэй”.2
Як вынік, не толькі самыя таленавітыя, але і самыя ўпартыя і зацікаўленыя пераходзяць на заняткі да Уладзіміра Іосіфавіча Курловіча, які працуе з імі ўжо індывідуальна ў студыі гуказапісу, робіць ім аранжыроўку, стварае музычныя нумары. Трэба сказаць, што такое памяшканне і прафесійны гукарэжысёр — раскоша нават для музычных устаноў, не кажучы ўжо пра агульнаадукацыйную школу.
Але, як адзначае Уладзімір Іосіфавіч, хоць сюды трапіць імкнуцца многія дзеці, аднаго вакальнага таленту мала — неабходна яшчэ і неймаверная вытрымка. Таму з усіх прафесійна займацца застаюцца 10—15 чалавек.
“Гэтая студыя — зыходны пункт для многіх дзяцей, — гаворыць Уладзімір Іосіфавіч. — Ставіш іх да мікрафона, надзяеш навушнікі — і нават той, хто думаў, што добра спявае, разумее, што вучыцца яшчэ трэба шмат. Творчы поспех будзе залежаць выключна ад таго, наколькі дзіця гатова да гэтага”. Першыя поспехі ўжо ёсць, і не толькі ў маштабе раёна ці горада. Напрыклад, добра сябе і школу прадставіла на рэспубліканскім конкурсе “Алё, мы шукаем таленты” дзевяцікласніца Вераніка Васюк.
У школьнай студыі харэаграфіі працуюць два харэографы: адзін займаецца з навучэнцамі з 1 па 10 клас, а другі працуе выключна з адзінаццацікласнікамі ў шосты школьны дзень. На гэтых занятках юнакі і дзяўчаты рыхтуюць выступленні для выпускнога вечара, для гарадскіх і раённых мерапрыемстваў. Цяпер, напрыклад, завяршаюць рэпетыцыі да ўдзелу ў флэш-мобе, які правядуць у межах акцыі па прафілактыцы курэння.3
Як толькі яны вызваляюць пасля рэпетыцый сцэну актавай залы, яе займаюць музыканты. Акрамя цудоўнай акустычнай апаратуры, у школе ёсць мноства інструментаў для ансамбля, шмат гітар, ударная ўстаноўка. Усё гэта напоўніцу выкарыстоўваюць старшакласнікі. Напрыклад, дзевяцікласнікі стварылі рокавы ансамбль. Часам іх шумныя рэпетыцыі склікаюць усю школу, але дырэктар гаворыць, што гэты шум яе радуе, — галоўнае, што дзеці заняты справай.

Усміхніцеся, вас здымаюць

Абсталявана ў школе і фотастудыя для аб’яднання па інтарэсах “Асновы фота- і відэатворчасці”. Гэта асобнае памяшканне з фонамі, асвятленнем, камп’ютарнай тэхнікай з праграмамі, фотаапаратамі. Кіраўнік студыі — творчы педагог настаўнік гісторыі Дзмітрый Вітальевіч Мамантаў. Яго адукацыйны праект у гэтым навучальным годзе быў адзначаны грантам Мінгарвыканкама. 4Навучэнцы фотастудыі шмат часу прысвячаюць пошуку цікавых сюжэтаў для відэа- ці фотаздымкаў, самі агучваюць відэаролікі ў студыі гуказапісу, ажыццяўляюць мантаж і накладанне гуку, спаборнічаюць з калегамі з іншых школ. Напрыклад, учора адправілі сваю работу на конкурс “Мінск-сіці”, дзе ў намінацыі “Мінск маімі вачыма” выбралі тэму графіці. Для гэтага яны праехалі на веласіпедах ледзь не ўвесь горад і знайшлі вельмі цікавыя рэчы.
Ёсць у студыі і музей фотаапатараў. Яго старэйшым экспанатам дзясяткі гадоў. Некаторымі з іх, напрыклад, старэнькім “Зенітам”, і цяпер дзеці робяць здымкі. Прычым ацанілі майстэрства дзяцей у мікрараёне — іх часта запрашаюць быць фатографамі на раённых і гарадскіх мерапрыемствах.

Крокамі Мельпамены

Адна з самых запатрабаваных у школе — тэатральная студыя, яна ж адна з самых маладых. Сёлета яе кіраўніком і рэжысёрам стаў прафесійны акцёр Дзяніс Алегавіч Валахановіч. Таму, спадзяецца кіраўніцтва, гэта ў спалучэнні з жаданнем педагога знаёміцца з інавацыямі ў тэатральным кірунку дасць свой плён.
“Мая методыка будуецца на сумесным вопыце Расіі, Польшчы і ЗША, — расказвае Дзяніс Алегавіч. — Яе асаблівасць у тым, што развіццё творчых задаткаў дзіцяці ў цэлым праходзіць у першую чаргу дзякуючы развіццю дыхання праз спецыяльныя практыкаванні. Напрыклад, дзеці вучацца дыхаць жыватом і нават спінай, вучацца гаварыць так, каб іх было чуваць нават пры дрэннай акустыцы ў зале. А майстэрства акцёра развіваецца ў першую чаргу за кошт развіцця фантазіі. Я прапаноўваю дзецям уявіць сябе, напрыклад, у XVIII стагоддзі на гарадской плошчы. А на якой плошчы, у ролі каго і што яны там робяць — на гэтыя пытанні дзеці адказваюць у сваёй мініяцюры. Ці такое практыкаванне: дзеці павінны як мага хутчэй рухацца і не сутыкацца адно з адным, а па камандзе замерці. І ў залежнасці ад іх позы працягнуць дзеянне: у каго рукі ў кулаках перад сабой — пачынаюць баксіраваць, далонямі ўверх — жангліраваць, у размашку — уяўляюць сябе дырыжорам ці птушкай. Падчас такіх практыкаванняў ідзе арганічнае раскрыццё акцёрскіх талентаў і выпрацоўваецца ўменне прыстасоўвацца да любой сітуацыі на сцэне”.
У рамках праекта нарадзілася і была рэалізавана яшчэ адна ідэя — адкрыць пакой вольнага часу з 3D-кінатэатрам. Так ён з’явіўся на першым паверсе школы — гэта ўтульнае камернае памяшканне, якое выкарыстоўваецца не толькі непасрэдна для кінапраглядаў, але і для пасяджэнняў сямейнага клуба, пляцоўкі “Зносіны”, правядзення мерапрыемстваў у шосты школьны дзень. Тут жа праводзяцца дыспуты па прафілактыцы шкодных звычак, правапарушэнняў і злачынстваў і, канечне, кінасеансы. Студыя валодае багатай відэа- і медыятэкай, багаж якой папаўняецца ўласнымі відэаматэрыяламі. Дарэчы, і кінасеансы, і ўсе заняткі праходзяць у школе на бясплатнай аснове. Выключэнне складаюць толькі некаторыя індывідуальныя заняткі. Прычым карыстаюцца паслугамі дзеці не толькі з гэтай школы, а нават з іншых раёнаў.
5А вось для таго, каб правесці агульнашкольныя творчыя сустрэчы, трэба перайсці ў прасторную актавую залу — сэрца гэтай творчай школы. Менавіта тут праходзяць усе святочныя канцэрты і выступленні. Многія навучэнцы знаходзяць тут прымяненне сваім творчым здольнасцям: нехта развівае акцёрскае майстэрства, вакальныя і харэаграфічныя даныя, нехта піша спэнарый і рэжысіруе праект, нехта стварае дэкарацыі і адказвае за іх змену. У ролі касцюмераў выступаюць старшакласніцы, напрыклад, шмат касцюмаў на ўроках працоўнага навучання пашылі дзевяцікласніцы. Вучацца дзеці і ствараць спецэфекты — кіраваць асвятленнем, дымавымі пушкамі і іншымі прыстасаваннямі.
Але, бадай, самая любімая ў школе традыцыя — сумесныя нумары, у якіх прымаюць удзел і навучэнцы, і педагогі. Самы яркі прыклад — школьныя мюзіклы, якія традыцыйна ладзяцца на Новы год.
“У іх аснову кладуцца старыя добрыя казкі — “Вечары на хутары паблізу Дзіканькі”, “Золушка”, “Каралеўства Крывых Люстэркаў” і інш., — гаворыць Наталля Георгіеўна Туркевіч, кіраўнік рэсурснага цэнтра. — Сёлета ў нас будзе творчая трактоўка “Брэменскіх музыкантаў”. Над кожным мюзіклам мы працуем разам — і рэжысёры, і харэографы, і вакалісты. Акрамя змешаных акцёрскіх складаў, ёсць і выключна настаўніцкія мюзіклы. Вельмі прыемна, што нашы мюзіклы ўпадабалі навучэнцы не толькі нашай школы, але і іншых, а таксама іх бацькі і проста жыхары мікрараёна. Часта ў школе бываюць дзеці-сіроты з дзіцячага гарадка і сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Ленінскага раёна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы”.
Але самымі частымі гасцямі ў школе сталі педагогі з іншых школ, якія таксама развіваюць у сябе эстэтычны кірунак. У прыватнасці, у сераду сюды прыязджалі слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі — 25 намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце Мінскай вобласці. Цяпер у школе вядзецца работа па сістэматызацыі вопыту па арганізацыі вольнага часу навучэнцаў. Плануецца стварыць банк відэапрадуктаў і рэкамендацый па іх выкарыстанні, хутка будзе выпушчаны электронны зборнік сцэнарыяў з музычнымі праграмамі да ўсіх традыцыйных школьных свят, мюзіклаў і конкурсаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.