Паўстагоддзя з “Усмешкай”

Педагагічная дзейнасць Таццяны Іванаўны Пагуляевай магла б так і не пачацца, калі б у маладосці дзяўчына працягвала слухацца бацькоў. Па іх настаўленні яна паступіла ў Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж і па плане павінна была працаваць на заводзе ў Наваполацку, але захапленне тэатрам узяло верх. Яно і добра: ужо 26 гадоў Таццяна Іванаўна кіруе тэатрам мініяцюр “Усмешка” Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка.

Арыгінальная “аправа”

Пасля атрымання спецыяльнасці “Рэжысёр тэатральнага калектыву” ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў Таццяна Пагуляева пусціла атрыманыя веды ў практыку. У палацы на той час было шмат творчых напрамкаў: харэаграфічны, музычны, тэатр моды і г.д. Кіраўніцтва хацела стварыць нешта такое, што магло б усё гэта аб’яднаць. Таццяна Іванаўна зразумела, што тэатр мініяцюр падыдзе ідэальна: можна паказваць невялікія сцэнкі, “гармідары”, міні-спектаклі, вершы, рыхтаваць вядучых, ладзіць форум-тэатр.

Напачатку маладому педагогу было крыху складана зацікавіць дзяцей тэарэтычнай часткай. Нельга выходзіць на сцэну, пакуль не ведаеш асноў акцёрскага майстэрства, сцэнічнай мовы, сцэнічнага руху і г.д. Таццяна Іванаўна зрабіла навучанне такім, каб выхаванцы не да канца разумелі, што зараз яны засвойваюць складанае рамяство артыста. “Раней я брала дзяцей толькі ў 5 класе, а цяпер яны пачынаюць хадзіць у 4,5 года. Іх прасцей вучыць, яны адкрытыя, у гэтым пакаленні яшчэ і вельмі кемлівыя. Спачатку дзеці ўваходзяць у вобраз праз гульню, а ў 5—6 гадоў становяцца такімі цікавымі артыстамі, з такой буйнай фантазіяй! Старэйшыя часам нават не разумеюць, як так можна”, — гаворыць Таццяна Іванаўна.

Калектыў тэатра даволі вялікі: каля 60 чалавек у 6 групах. З адоранымі дзецьмі педагог займаецца індывідуальна, на цяперашні момант такіх трое. Некаторыя выхаванцы Таццяны Пагуляевай працягва­юць прыходзіць на рэпетыцыі нават пасля паступлення ў каледж ці ўніверсітэт. Можа, такіх было б больш, калі б дзеці так далёка не з’язджалі.

Уключыцца ў рамяство

Узрост выхаванцаў вызначае іх дзейнасць на рэпетыцыі. Агульнымі для ўсіх з’яўляюцца артыкуляцыйныя практыкаванні і размінка (сцэнічныя рухі). Далей маленькія працу­юць над эцюдамі, вучацца фантазіраваць, узаемадзейнічаць з уяўнымі прадметамі і адно з адным. Старэйшыя ў сваіх эцюдах уключаюць імправізацыю. Напрыклад, Таццяна Іванаўна гаворыць слова “стол” ці “крэсла”, а дзіця павінна з гэтымі прадметамі неяк узаемадзейнічаць. Можна ўдакладніць: сказаць, што крэсла — гэта не проста крэсла ў кватэры, а крэсла ў музеі, на ім калісьці сядзеў кароль. “Па ўсіх асноўных прадметных кірунках існуюць напрацоўкі, плюс уласны вопыт дапамагае на занятках. Складана было засвоіць гульнявыя праграмы з элементамі танца, — прызнаецца педагог. — Я не вельмі ўмею танцаваць, але мне дапамагаюць дзеці. Яны зараз настолькі актыўныя, што самі з лёгкасцю цябе навучаць правільна рухацца паварочвацца, — застаецца толькі адпрацоўваць”.

Тэатр і псіхалогія — пара, даўгавечнасц­ь якой не паставіш пад сумненне. Таццяна Пагуляева вучыць выхаванцаў, што з фантазіямі трэба быць акуратнымі. Педагог прывяла такі прыклад: “Дапусцім, старэйшыя бяруц­ь тэму “Вакзал”. Важна звярнуць увагу на тое, якую дзіця сабе прыдумала ролю. Напрыклад, хтосьці стаў веселуном, з усімі размаўляе, жартуе. Другі можа быць сумным чалавекам і нават заплакаць. У такім выпадку трэба бачыць грань, каб не давесці сябе да нервовага зрыву. Мы вучымся, як пачуцці не ператварыць у бяду”.

Дзеці вельмі любяць чытаць вершы на занятках. Зараз гэта модна, плюс ёсць шмат конкурсаў, у якіх можна паказаць майстэрства. Таццяна Іванаўна бачыць запатрабаванасць у групавым чытанні, калі тэкст разбіваецца і чытаецца групай. Гэта ўсё абыгрываецца, таму верш ператвараецца ў міні-спектакль.

Дзецям сярэдняга школьнага ўзросту хочацца паспрабаваць сябе ў мініяцюрах. Вялікі спектакль ставіцца доўга, гэта ім нецікава. У мініяцюрах падзеі развіваюцца хутка: трэба прыйсці, пагаварыць і ўцячы. “У нас быў “Гармідар”, дзе сем мініяцюр адбіваліся легендарнай застаўкай з аднайменнага кіначасопіса. Потым мы прыдумалі “Маленькія сцэнкі для вялікага перапынку”, там было шэсць гісторый пра школу”, — узгадвае кіраўнік тэатра.

Старэйшым дзецям цікавы форум-тэатр, таму што там яны могуць расказац­ь пра свае набалелыя праблемы, абмерка­ваць іх, усталяваць кантакт з гледачамі. Апошнім часам ім спадабалася акунацца ў мінулае і браць творы не сучаснікаў, а класікаў: Чэхава, Зошчанкі, Тэфі. “Усе дзеці любяць імправізаваць. Часам даеш адну і тую ж тэму малодшым і старэйшым і назіраеш, атрымліваеш задавальненне. Таксама ім падабаецца тэатральная дыктоўка, якая праходзіць у трох дзеяннях, — дзеліцца Таццяна Пагуляева. — Спачатку я гавару, што трэба рабіць. Напрыклад, скакаць. Другое дзеянне — з якімі эмоцыямі трэба гэта выконваць — скакаць радасна. Трэцяе — у якіх умовах адбываецца дзеянне — на снезе. Дзецям падабаецца, таму што гэта нечаканасць, яны не ведаюць, што далей я ў іх папрашу”.

Трымайце, калі ласка, дыстанцыю

Часова заняткі ў тэатры перайшлі ў анлайн, толькі “індывідуальнікі” працягваюць хадзіць на рандэву з кіраўніком. Асноўнай платформай для ўзаемадзеяння стаў Viber. Туды Таццяна Іванаўна размяшчае відэа з заданнямі, там жа яна атрымлівае адказы.

“Многія дзеці перасталі хадзіць на заняткі, з’ехалі да бабуль і дзядуляў, пачалі тэлефанаваць, гаварыць, што сумуюць. Для іх такі фармат навучання — проста казка. Я разумею, што ў цяперашніх умовах гэта выйсце, тым больш часта да заняткаў дзеці прыцягваюць бацькоў. Галоўны мінус для мяне ў тым, што тэатр — гэта калектыўная творчасц­ь, гэта згуртаванне, кантакт адно з адным, а анлайн такога не адчуць. Але мы не можам рызыкаваць. Лепш такія зносіны, чым ніякіх”, — лічыць кіраўнік.

Якія ж заданні атрымліваюць маленькія і юныя артысты? Па-першае, нядаўна старэйшыя выхаванцы рыхтаваліся да конкурсу “Паэзія Перамогі”. Яны дасылалі Таццяне Іванаўне відэа ці галасавое паведамленне з вершам, а педагог праводзіла кансультацыю (гаварыла, ці ў правільным напрамку ідуць, што можна выправіць). Гэта было няпроста, але незвычайна і цікава.

Па-другое, разміначныя практыкаванні. Іх Таццяна Пагуляева здымала з тымі, хто прыходзіў займацца індывідуальна. Дзеці паказвалі — педагог запісвала і дасылала іншым выхаванцам. Ім падабаецца, што яны робяць практыкаванні не самі, а гля­дзяць на сваіх знаёмых і паўтараюць. З адной дзяўчынкай педагог зняла практыкаванні па гаворцы: Таццяна Іванаўна гаварыла, што рабіць, а выхаванка паўтарала.

“Вельмі цікава праходзяць заняткі па грыме. У палацы ў асноўным я сама грыміравала дзяцей або старэйшыя грыміравалі адно аднаго. Не ведала, як прапанаваць дыстанцыйна гэтым пазаймацца. Паспрабавала нанесці грым акварэльнымі фарбамі — даволі добра атрымалася. Тады распісала дзецям, што трэба рабіць. Хацела зняць відэа, але ў той момант не было на кім паказац­ь. Дзеці справіліся выдатна. Яны грыміравалі бацькоў, тыя — дзяцей, і нават бабулі падключыліся. Спадабалася выхаванцам практыкаванне на расслабленне. Гэта вельмі важна, бо кожны артыст павінен умець канцэнтравацца і расслабляцца. Як выконваецца практыкаванне: спачатку я чытаю расслабляльны тэкст, а калі гавару ўстаць, дзеці павінны падняцца і расказаць скорагаворку “От топота копыт пыль по полю летит”. Не з першага разу ў дзяцей атрымліваецца зрабіць гэтае практыкаванне”.

У планах Таццяны Іванаўны — дарабіць загадкі ў вобразе і зняць відэавандроўку па казках. Загадкі ў вобразе — гэта калі дзіця апранае нейкі адметны касцюм казачнага персанажа, чытае тэкст і пытаецца: “Хто я?” Пакуль у скарбонцы педагога ляжаць Бабка Ёжка, кракадзіл Гена і Лясун.

На сцэне

У мінулым годзе тэатр мініяцюр падарыў гледачам “Пяць п’ес пра каханне”. Твор аб’яднаў міні-п’есы аб розным каханні ў розных эпохах. Гэта было не толькі прыгожа і цікава, але яшчэ і павучальна. Імёны аўтараў і назвы п’ес гучалі са сцэны, таму бацькі і дзеці маглі ўпадабанае пазней прачытаць.

Старэйшыя дзеці штогод робяць шоу-праграму для малодшых на Новы год. Дзед Мароз, Снягурка і іншыя героі прыходзяць, гуляюць, танцуюць з дзецьмі, загадваюць ім загадкі.

Летась тэатр мініяцюр адзначыў 25-гадовы юбілей. Адсвяткаваў такую вялікую дату юбілейнай праграмай “Тэатральны праменад”, на якой сабраліся выхаванцы, выпускнікі, бацькі, бабулі, дзядулі. Гэта была экскурсія па тэатры, дзе гледачам паказалі ўсё, на што здольна “Усмешка”.

“Калі дзеці займаюцца з ранняга ўзросту без перапынкаў, яны становяцца вельмі разняволенымі і камунікабельнымі. Іх бяруць у розныя конкурсы, пастаноўкі, канцэрты. Напрыклад, зараз усе мае выхаванцы ўдзельнічаюць у дыстанцыйным конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка”, прычым большасць прадстаўляе свае школы”, — расказвае Таццяна Пагуляева. Дзеці становяцца ўпэўненымі ў сабе, яны спакойна і прыгожа размаўляюць у школе, чым адразу вылучаюцца сярод аднагодкаў. Заняткі ў тэатры дапамагаюць па жыцці: выхаванцы лёгка сыходзяцца з людзьмі ў любых сітуацыях. Яны добра фантазіруюць і потым перадаюць гэта сваім дзецям.

З вуснаў педагога я чую прызнанне: “Тэатр для мяне — гэта жыццё. Я вельмі люблю дзяцей, люблю эмоцыі, якія, дзякуючы ім, адчуваю, люблю глядзець на тое, як дзіця сталее, расце разам з тэатрам. Калі слухаю сваіх выхаванцаў на конкурсах, канцэртах, мерапрыемствах, чую, як прыгожа яны выказаць думкі, як гучыць іх голас, разумею, што для гэтага і трэба жыць”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Т.І.Пагуляевай.