Пазлспорт — гульня для будучых бізнесменаў

Сярод маладых прадпрымальнікаў сёння модна валодаць тэорыяй рашэння вынаходніцкіх задач, умець кантраляваць і размяркоўваць свае рэсурсы і заўсёды шукаць шлях да максімальнай выгады і эфектыўнасці. Коўчы па бізнес-ашчаднасці і вынаходніцкім мысленні вучаць адаптавацца да любых умоў працы і мысліць нестандартна, выконваючы простыя заданні. Аказваецца, навучыцца гэтаму можна яшчэ ў дзяцінстве, напрыклад, з дапамогай рэдкага сёння інтэлектуальнага спаборніцтва — пазлспорту.

Адраджаюць цікавы і карысны занятак у Цэнтры тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна “Зорка”. У гэтым годзе там з’явіліся заняткі па нестандартным відзе інтэлектуальных гульняў. Больш падрабязна пра яго расказаў кіраўнік клуба “Піфагор” Генрых Львовіч ПАДОРСКІ.

Галаваломкі ў штодзённым жыцці

Любоў Генрыха Львовіча да пазлспорту пачалася, калі ён упершыню ўбачыў складаныя заданні ў часопісе “Навука і жыццё”. Ён з дзяцінства цікавіўся матэматыкай, і галаваломкі нагадалі яму задачы “з зорачкай” — яны патрабавалі развітага лагічнага мыслення і ўважлівых разваг.

— Пазлспорт — гэта рашэнне галаваломак, інтэлектуальная гульня, даступная і моладзі, і сталым людзям, — тлумачыць Генрых Львовіч. — Яна дапамагае школьнікам абагульніць веды па матэматыцы, падрыхтавацца да вывучэння праграмавання, палепшыць логіку, якая спатрэбіцца нават у штодзённым жыцці.

Заданні ў пазлспорце можна падзяліць на дзве групы. Да першай адносяцца задачы, у якіх ёсць адзін правільны адказ. Знайсці яго як мага хутчэй або вырашыць як мага больш задач такога тыпу за абмежаваны час звычайна прапануюць на вочных турнірах па пазлспорце. Да гэтага тыпу заданняў можна аднесці, напрыклад, кубік Рубіка ці прывычныя нам судоку.

— У часопісах і газетах звычайна публікуюць вельмі простыя шматварыянтныя судоку для аматараў, — раскрывае сакрэты Генрых Львовіч. — А прафесіяналы шукаюць адзіны правільны алгарытм рашэння складаных судоку.

Другі тып задач — аптымізацыйныя. Гэта задачы, якія маюць шмат варыянтаў адказу. Гулец павінен знайсці найлепшы з іх, улічваючы ўсе ўмовы і абмежаванні. Напрыклад, падзяліць фігуру з пэўнай плошчай на меншыя фігуры так, каб іх атрымалася як мага больш.

Такія задачы падаюцца абстрактнымі і адарванымі ад жыцця. Але гэта толькі на першы погляд. Калі іх ускладніць, яны якраз набліжаюцца да модных сёння бізнес-задач. Штодзень інжынерам па ўсім свеце даводзіцца вырашаць, як аптымальна пракласці чарговую лінію метро, праграмістам — як знайсці баланс паміж хуткасцю і якасцю праграмы, бухгалтарам — як выбраць найбольш выгадную сістэму падаткаабкладання для пэўнай кампаніі. Што гэта, як не задачы на аптымізацыю?

Турніры, што ўключаюць у сябе такія задачы, праходзяць звычайна дыстанцыйна: на пошук найлепшага адказу можа спатрэбіцца не адзін дзень. Бывае зручным і дадатковае абсталяванне.

— Каб рашыць некаторыя задачы, я ствараю табліцы з мноствам формул у Microsoft Exel, — расказаў Генрых Львовіч. — Аднойчы яны дапамаглі нават аптымізаваць вытворчасць у рэальнай кампаніі, дзе я працаваў!
Сам настаўнік пазлспорту двойчы станавіўся прызёрам адкрытага завочнага чэмпіянату Расіі па рашэнні галаваломак і з’яўляецца членам створанага ў 1993 годзе ў Расіі клуба знаўцаў галаваломак “Дыяген”. Клуб уваходзіць у Міжнародную федэрацыю пазлспорту (World Puzzle Federation). Дарэчы, менавіта Беларусь прымала XVII чэмпіянат свету па пазлспорце, арганізаваны федэрацыяй у 2008 годзе.

“Піфагор” упершыню

Пазлспортам Генрых Львовіч заўсёды займаўся для сябе, думка рыхтаваць да гульні дзяцей узнікла зусім нядаўна. Па-першае, засмучае, што пазлспорт пачаў губляць папулярнасць. Галаваломкі — занятак вельмі карысны для развіцця асобы, шкада, калі яго пакідаюць без увагі. Па-другое, як прызнаецца сам наваспечаны педагог, хочацца пакінуць след, падзяліцца карыснымі ведамі і ўменнямі з новым пакаленнем.
Праграму заняткаў клуба “Піфагор” Генрых Львовіч рыхтаваў з усёй сур’ёзнасцю. Перш-наперш пагартаў падручнікі для 5—7 класа, каб зразумець, што ўжо знаёма будучым вучням і на які ўзровень заданняў арыентавацца. Пасля прагледзеў галаваломкі апошніх чэмпіянатаў — вочных і завочных — і адабраў заданні, якія будуць адначасова і цікавымі, і даступнымі маленькім эрудытам.

Мы завіталі якраз напрыканцы першых заняткаў: Генрых Львовіч ужо расказаў сваім выхаванцам гісторыю пазлспорту і разабраў з імі нескладаную геаметрычную задачу. Публіка сабралася вельмі розная. Нестандартны гурток выклікаў такую цікавасць, што ў групу запісаліся і васьмікласнік, які ўжо займаецца праграмаваннем і свядома імкнецца развіваць аналітычнае мысленне, і хлопчыкі з 4 класа.

— Мабыць, прыйдзецца падзяліць групу на дзве, каб кожны рашаў заданні свайго ўзроўню, — падводзіць настаўнік вынікі першай сустрэчы. — Хаця аднаго таленавітага чацвёртакласніка ўсё роўна пакіну займацца са старэйшымі: ён ні на хвіліну ад іх на адставаў!

У кіраўніка “Піфагора” вялікія планы. Акрамя рашэння галаваломак, ён плануе навучыць дзяцей асновам шахмат і шашак, магчыма, нават правесці паміж імі міні-чэмпіянат. Гэтыя гульні развіваюць логіку і будуць вельмі карыснымі ў падрыхтоўцы да турніраў. Прымаць удзел у адкрытым чэмпіянаце Расіі па пазлспорце можна ў любым узросце. Генрых Львовіч спадзяецца, што хутка яго вучні таксама будуць гатовы да дэбютнага выступлення.

— Каб даць школьнікам магчымасць набрацца вопыту гульні, мы ўжо задумаліся над магчымасцю правесці, напрыклад, раённыя спаборніцтвы па пазлспорце на базе нашага цэнтра, — расказала Дзіна Леанідаўна Кобрын, загадчыца аддзела грамадска-гуманітарнай работы Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна “Зорка”. — Таму будзем рады, калі знойдуцца іншыя аматары гульні, якія таксама рыхтуюць вучняў і хочуць паўдзельнічаць.

Тым, хто цікавіцца матэматычнымі і лагічнымі задачамі, займаецца падрыхтоўкай вучняў да конкурсаў і алімпіяд, раім таксама звярнуць увагу на пазлспорт. Разам з Генрыхам Львовічам мы падабралі некалькі нескладаных заданняў для цікаўных.

Таксама трэнажоры і заданні можна знайсці на сайтах:

клуба “Дыяген” — diogenclub.com, праекта Forsmarts мінчаніна Уладзіміра Партугалава, уладальніка Кубка Масквы па пазлспорце, — forsmarts.com/rus/puzzles, Міжнароднай федэрацыі пазлспорту (на англійскай мове) — www.worldpuzzle.org.

1. “Г-шлях”

У сетцы 12х12 складзіце замкнуты, які не дакранаецца сам да сябе, шлях — таўшчынёй у адну клетку, выкарыстоўваючы 16 вуглоў 2х3. Потым размалюйце вуглы ў два колеры, каб сустракаліся ўсе магчымыя камбінацыі размалёвак (ні ад зін вугал нельга сумясціць з іншым, выкарыстоўваючы кручэнні і перавароты, каб колеры супалі). Палічыце колькасць слупкоў і радкоў, дзе ў клетках шляху сустракаецца толькі адзін колер. Ваша задача — зрабіць колькасць такіх гарызантальных і вертыкальных ліній як мага большай. У прыкладзе — чатыры такія вертыкальныя рады і два гарызантальныя.

2. Трохвугольнік

Разрэжце квадрат 8х8 на як мага большую колькасць трохвугольнікаў. Усе яны павінны быць рознай плошчы і мець вяршыні ў вузлах сеткі. У прыкладзе квадрат 4х4 разрэзаны на пяць трохвугольнікаў. Плошча кожнага (у палавінках клетак) адзначана.

3. КРУЖКІ

Дваццаць кружкоў размешчаны па вуглах правамугольніка. За адзін ход можна штурхнуць любы кружок у любым з чатырох напрамкаў па гарызанталі ці вертыкалі, і ён будзе рухацца, пакуль не ўпрэцца ў сценку прамавугольніка ці іншы кружок. Ваша задача — перамясціць кружкі ў жоўтыя клеткі, якія ўтвараюць лік 24, набраўшы як мага менш ачкоў. За кожны ход да іншага кружка вы атрымліваеце 1 ачко, за ход да мяжы прамавугольніка — 2 ачкі. Калі не ўсе кружкі ўдасца паставіць у жоўтыя клеткі — 30 штрафных ачкоў за кожны кружок, які стаіць няправільна. Запішыце вашы хады, як у шахматнай натацыі.


Напрыклад, калі вы сходзіце так:

1. a2 — h2, 2. a3 — h3, 3. h7 — h4, то за хады атрымаеце 3 ачкі і 17 х 30 штрафных ачкоў на 17 кружкоў, якія стаяць няправільна. Разам — 513 ачкоў.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.