Пазнаем Беларусь разам

На мерапрыемствах рэспубліканскага, рэгіянальнага ўзроўняў, прысвечаных пытанням грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, рэгулярна адзначаецца важнасць распрацоўкі экскурсійных маршрутаў па малой радзіме. Усё проста: якаснае выхаванне асобы навучэнца без ведання ім роднага краю немагчыма. А спазнаць родны край можна толькі падчас падарожжа. Калі педагог загадзя да драбніц прадумае кожны крок гэтага падарожжа, уключыць у маршрут цікавыя аб’екты, узбагаціць экскурсію легендамі і паданнямі, імправізацыяй, інтэрактывам, то і вынік будзе адпаведны — на выдатна.

Адкінем коўдры

Экскурсіі з’яўляюцца неад’емнай часткай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. Яшчэ ў 1869 годзе педагогі і навучэнцы Віцебскай гімназіі здзейснілі экскурсію па Заходняй Дзвіне. З таго часу экскурсія з’яўляецца важнай формай правядзення выхаваўчай работы з навучэнцамі, дазваляе азнаёміцца з помнікамі гісторыі, архітэктуры, прыроды, наведаць месцы воінскай славы, музеі, тэатры. Нездарма цікавая, адметная экскурсія ёсць у прафесійнай скарбонцы кожнага педагога. Яшчэ Сухамлінскі адзначаў, што калі мы абкладзём навучэнцаў падушкамі, накрыем коўдрамі і будзем расказваць пра патрыятызм, то нічога не даб’ёмся. Што ж, паслухаем знакамітага педагога, адкінем падушкі і коўдры (у прамым і пераносным сэнсе) і адправімся ў найбліжэйшы выхадны дзень з вучнямі на экскурсію.

Роднымі сцежкамі

Як паведаміла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец, экскурсійныя маршруты па малой радзіме складаюцца ва ўстановах адукацыі многія гады. Маштабна гэтая работа пачала весціся падчас акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, калі быў упершыню праведзены конкурс маршрутаў па малой радзіме. “Разнастайнасць тэм нас, членаў рэспубліканскага журы, прыемна ўразіла. У фінал выйшлі не толькі традыцыйныя маршруты гісторыка-культурнага кірунку, але і маршруты па аб’ектах вытворчасці. Або вось яшчэ тэма, якая помніцца і да сённяшняга часу: “Дарогамі дзядзі Колі” — маршрут складзены па баявых мясцінах знакамітай партызанскай брыгады”. Нельга не адзначыць і штогадовы Рэспубліканскі конкурс на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”, удзельнікі якога дасылаюць на адрас спачатку рэгіянальных, а потым і нашага рэспубліканскага цэнтра апісанні маршрутаў пройдзеных імі пешаходных, веласіпедных, водных, лыжных паходаў, — адзначыла Аляксандра Яўгенаўна.

Конкурс маршрутаў, праведзены ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, стаў добрым штуршком для актывізацыі экскурсійнай работы як ва ўстановах агульнай сярэдняй, так і ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Год роднай зямлі, Год гасціннасці — гэта былі знакавыя перыяды для папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу рэгіёнаў Беларусі. А што з’яўляецца візітоўкай любога краю? Канечне, якасны, адметны, унікальны экскурсійны маршрут. У гэтым навучальным годзе стварэнне маршрутаў выйшла на новы ўзровень: у рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” праводзіцца конкурс экскурсійных маршрутаў “Пазнаем Беларусь разам” па намінацыях “Маршрутамі пазнання”, “Сцежкамі прыроды”, “Культурная спадчына майго краю”, “Зямля, дзе пашчасціла нарадзіцца”.

Намінацыя “Маршрутамі пазнання” прадугледжвае распрацоўку і стварэнне турыстычна-экскурсійных маршрутаў па гісторыка-культурных і ўнікальных мясцінах рэгіёна, даследаванне аб’ектаў маршруту з далейшым яго праходжаннем. У намінацыю “Сцежкамі прыроды” прадастаўляюцца эколага-экскурсійныя маршруты на аснове помнікаў прыроды, адметных прыродных аб’ектаў. Гэта могуць быць нацыянальныя паркі, запаведнікі, заказнікі, участкі водных аб’ектаў, асобныя дрэвы, валуны і г.д. Намінацыя “Культурная спадчына майго краю” — гэта творчыя праекты з апісаннем аб’ектаў духоўнай і матэрыяльнай культуры рэгіёна, правядзенне сустрэч з носьбітамі рэгіянальных культурных традыцый, удзел у рэгіянальных святах і культурных мерапрыемствах. Удзельнікі намінацыі “Зямля, дзе пашчасціла нарадзіцца” прадастаўляюць фотаработы, зробленыя на экскурсійных маршрутах, распрацаваных у адпаведнасці з папярэднімі намінацыямі па наступных тэмах: “Зямля пад белымі крыламі” (фотаздымкі вясковага і гарадскога пейзажаў), “Беларусь сінявокая” (фотаздымкі рэк і азёр Беларусі), “Свет жывёл” (фотаздымкі прадстаўнікоў фаўны Беларусі), “Рэдкі кадр” (фотаздымкі прадстаўнікоў флоры Беларусі), “Спадчына” (фотаздымкі аб’ектаў гістарычнай і этнаграфічнай спадчыны), “Гонар зямлі беларускай” (фотаздымкі памятных месцаў, знакамітых беларусаў).

Для атрымання высокіх балаў ад журы ўдзельнікам конкурсу неабходна прадаставіць унікальны і арыгінальны маршрут, максімальна поўна раскрыць абраную тэму, прапагандаваць і папулярызаваць маршрут праз СМІ, сацыяльныя сеткі. Плануецца, што па выніках конкурсу, якія стануць вядомы ў канцы навучальнага года, будзе створаны зборнік экскурсійных маршрутаў.

Адукацыйны дадатак

Падобныя зборнікі ўжо ствараюцца. Так, у мінулым годзе пад эгідай Міністэрства адукацыі Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі быў выдадзены Пералік экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання навучэнцамі ў рамках правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў з улікам зместу вучэбных праграм па вучэбных прадметах. Пералік будзе карысны не толькі для настаўнікаў-прадметнікаў, але і для класных кіраўнікоў, педагогаў дадатковай адукацыі. Падобны пералік маршрутаў складзены і для навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. У пералік увайшлі сем экскурсійных маршрутаў з беларускага і сем — з расійскага боку. З беларускага боку маршруты распрацаваны такім чынам, каб можна было пазнаёміцца з каштоўнымі аб’ектамі кожнага рэгіёна краіны.

Нормы заканадаўства

Па словах намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзіі Андрэеўны Жур, пры арганізацыі экскурсій абавязкова трэба прытрымлівацца норм дзеючага заканадаўства. Па выніках пасяджэння ў намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2015 года Міністэрствам адукацыі краіны былі распрацаваны рэкамендацыі па гарантаванні бяспекі навучэнцаў, удзельнікаў турыстычна-экскурсійных праграм.

— У лістападзе мінулага года гэтыя рэкамендацыі былі дапоўнены ў спецыяльным дакуменце “Аб некаторых пытаннях арганізацыі ўдзелу навучэнцаў у адукацыйных мерапрыемствах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за мяжой”. Гэтыя рэкамендацыі былі прыняты невыпадкова, паколькі перыядычна выяўляюцца факты няўзгодненых з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі выездаў арганізаваных груп навучэнцаў за мяжу, экскурсійныя туры арганізоўваюцца без уліку ўзроставых і псіхафізічных асаблівасцей навучэнцаў, не дастаткова забяспечваецца абарона правоў і законных інтарэсаў навучэнцаў суправаджаючымі асобамі. У мэтах рэгулявання пытанняў арганізацыі ўдзелу навучэнцаў у паходах, турах, экскурсіях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ў адукацыйных мерапрыемствах за мяжой педагогам неабходна абавязкова карыстацца Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб турызме”, Канцэпцыяй бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Абавязкова трэба ведаць змест і патрабаванні Інструкцыі аб арганізацыі ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі ў турыстычных паходах і экскурсіях № 35а. Пры арганізацыі ўдзелу навучэнцаў у паходах, турах, экскурсіях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ў адукацыйных мерапрыемствах за мяжой у вучэбны час і ў выхадныя дні неабходна кіравацца педагагічнай мэтазгоднасцю паездак, улічваць інтэлектуальныя, фізічныя, псіхалагічныя, узроставыя асаблівасці дзяцей і моладзі. Здаецца, усё гэта простыя ісціны. Аднак, як паказвае практыка, пра гэтыя ісціны трэба перыядычна нагадваць педагогам, у тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі, — адзначыла Лідзія Андрэеўна Жур.

Экскурсійны след

З таго часу, як у 1869 годзе педагогі і навучэнцы Віцебскай гімназіі здзейснілі экскурсію па Заходняй Дзвіне, мінула 147 гадоў. За амаль паўтара стагоддзя на беларускай зямлі, напэўна, не засталося мясціны, дзе б ні ступала нага ўдзельніка арганізаванай экскурсійнай групы. Наколькі цікава пакідаць экскурсійны след сучасным навучэнцам? Адказ на гэтае пытанне залежыць ад якасці распрацаваных намі маршрутаў. Так што, як казаў Сухамлінскі, адкінем падушкі і коўдры. Дзеці чакаюць экскурсіі, экскурсіі па цікавым маршруце.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.