ЗЛЖ. Тры літары, якія знаёмы многім з самага ранняга ўзросту. Мы чулі пра важнасць здаровага ладу жыцця ў дзіцячым садку, школе і ўніверсітэце, ад бацькоў і з экранаў тэлевізараў і камп’ютараў. Аднак словы ёсць словы, не заўсёды атрымліваецца іх прытрымлівацца. Даказаць, што адкрыць у дзецях і іх бацькоў любоў да здаровага ладу жыцця можна і не вельмі складана, паспрабавала гімназія № 56 імя А.А.Вішнеўскага Гомеля. Ці атрымалася ў яе, давайце высветлім разам.
Напэўна, вам даводзілася чуць, што дзіцячы мозг, як губка, усё ўспрымае. Так можна сказаць пра ўвесь дзіцячы і падлеткавы арганізм. Менавіта ў гэты перыяд жыцця фарміруюцца марфалагічныя і функцыянальныя структуры, якія ў будучыні вызначаць магчымасці чалавека, таму так важна яшчэ ў школе абудзіць матывацыю і жаданне займацца сваім здароўем. З гэтымі думкамі згодна і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 56 імя А.А.Вішнеўскага Гомеля Таццяна Бычкова. Менавіта яна кіравала праектам “Даёшь ЗОЖ!”, які стаў лепшым у намінацыі “Шосты школьны дзень — тэрыторыя здароўя”. “Па-першае, хацелася, каб дзеці больш наведвалі гімназію ў шосты школьны дзень, па-другое, прапагандаваць здаровы лад жыцця”, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна.
“Даёшь ЗОЖ!” — гэта творчы гульнявы праект, які складаецца з некалькіх блокаў: гульнявога творчага, прафілактычнага, інтэлектуальнага і спартыўнага. Кожны быў разлічаны на адну чвэрць. Удзельнікамі сталі навучэнцы 2—11 класаў і іх бацькі. Падчас праекта іх чакалі разнастайныя спартыўныя святы і мерапрыемствы, выпуск тэматычных фотагазет і прэзентацый, конкурсы плакатаў і лістовак, стварэнне ролікаў, работа з сайтам гімназіі, суполкамі ў сацыяльных сетках і месэнджарах. І дзеці, і дарослыя маглі знайсці для сябе штосьці цікавае і ўцягнуцца ў нешта новае.
Падчас гульнявога творчага модуля вучні і іх бацькі ўдзельнічалі ў знаёмых усім святах “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Вас запрашае спартландыя” і інш. Прафілактычны модуль аб’яднаў у сабе тэарэтычныя веды, спаборніцтвы, творчыя заданні і акцыі. Сярод іх — конкурс калажаў “Пасееш звычку — пажнеш характар”, свята “У краіне Вітамініі”, акцыя “Не” піву і слабаалкагольным напіткам у грамадскіх месцах”. У інтэлектуальным блоку ўпор рабіўся на віктарыны, брэйн-рынгі, інтэрактыўныя гульні, бліцапытанні, гульню “Што? Дзе? Калі?” і многае іншае. Спартыўны модуль прадугледжваў правядзенне спартыўных свят і спаборніцтваў. Напрыклад, “Зарніца”, “Арляня”, “Вышэй, хутчэй, мацней!”, “Дзень індзейца” і г.д.
Віталася, каб кожная каманда (клас) мела сваю атрыбутыку і сімволіку: назву, гімн, крычалку, эмблему, пэўныя колеры ў адзенні. Вучні з радасцю адгукнуліся на такую прапанову. “Былі ў нас “Рабінзоны”, “Эрудыты”, “Веселуны”, — згадвае кіраўнік праекта. — Яны ўсе хадзілі з бэйджамі, хтосьці рабіў эмблемы, напрыклад, у “Рабінзонаў” былі такія яркія расфарбаваныя твары. На спартыўныя мерапрыемствы ўсе прыходзілі ў адзінай форме: лімонныя майкі і цёмна-сінія шорты ці брыджы”.
Для таго каб паўдзельнічаць у адным з этапаў, трэба было запоўніць заяву і падаць у аргкамітэт. Нагадаем, што праект праходзіў ва ўстанове адукацыі, таму без адзнак не абышлося. За выкананне заданняў каманды атрымлівалі балы, якія падлічваліся ў канцы. Гэта, па словах Таццяны Бычковай, выклікала дадатковую цікавасць ва ўдзельнікаў. Быццам бы ў чэмпіянаце па футболе/баскетболе/хакеі ўсе сачылі, хто зараз на якім месцы, колькі балаў аддзяляе ад саперніка, каго варта баяцца на найбліжэйшых спаборніцтвах.
Этап першы, гульнявы
“Рабі з намі, рабі, як мы, рабі лепш за нас” — такім стаў дэвіз гэтага модуля праекта. Гульня і дзяцінства непадзельныя. Асабліва зручна іх выкарыстоўваць для навучання, бо дзецям гэта цікава і яны з радасцю ўцягваюцца ў працэс. Гульні ў фізічным выхаванні — гэта стапрацэнтнае пападанне. Згадайце: “Два капітаны”, піянербол, валейбол, баскетбол і г.д. Кожны знаходзіць для сябе нешта па душы. З кожным годам гульні ўскладняюцца, з’яўляюцца дадатковыя правілы, каб удзельнікі развівалі больш якасцей. У той жа час гэта даволі просты спосаб аб’яднаць дзяцей і іх бацькоў.
Падчас праекта “Даёшь ЗОЖ!” у гімназіі прайшлі свята “Вас выклікае спартландыя”, дзе ўдзельнікі пагулялі ў спартыўныя гульні, прайшлі веласіпедную паласу перашкод і паказалі сябе ў конкурсе радыёкіруемых аўтамашын; гульнявая праграма “Спортлато”, дзе дзякуючы паспяхова пройдзеным заданням і сітуацыям можна было атрымаць прызы; конкурс “Гульні і цацкі”, дзе кожны жадаючы мог стаць пераможцам за лепшае правядзенне гульні з залай ці за лепшы выраб настольнай гульні. Канечне, не магло абысціся без традыцыйнага свята “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, якое дае магчымасць адпачыць са сваякамі, зблізіцца з імі і адчуць да іх павагу. Першы этап адзначыўся і сваімі акцыямі, якія былі накіраваны на з’яднанне і дапамогу адно аднаму. Напрыклад, “Будзь разам з намі!” (конкурс на лепшы флэш-моб) і “Наш дружны клас” (збор макулатуры). “Конкурс агітбрыгад у нас прайшоў вельмі ярка, — расказвае Таццяна Бычкова. — Калі класы рыхтавалі свае музычныя выступленні з флэш-мобамі, гэта было так цікава. Яны і пелі, і танцавалі, і рабілі нейкі заклік. Да флэш-мобу маглі далучыцца і ўсе іншыя класы”.
Этап другі, прафілактычны
Другая чвэрць прайшла пад дэвізам “Папярэджаны — значыць узброены”. Гэта тая ісціна, якую ўжо шмат гадоў педагогі спрабуюць данесці сваім вучням. Зразумела, што калі з году ў год праглядаць відэа ці слухаць на класных гадзінах пра шкоду алкаголю, нікаціну і наркотыкаў, то гэта можа надакучыць. Але што рабіць, калі ўсё сапраўды так? Даць слова прафесіяналам! “Дзецям вельмі спадабалася, што мы ўзаемадзейнічалі з прадстаўнікамі розных прафесій: псіхолагамі, інспектарамі ДАІ і па справах непаўналетніх, урачамі, — дзеліцца Таццяна Бычкова. — Адна справа, калі табе нешта расказвае настаўнік, і зусім іншая, калі прафесіянал у сваёй сферы. У першую чаргу было цікава, бо яны прыводзілі прыклады з жыцця. Калі ёсць праўдзівая гісторыя, то вучні з большай уважлівасцю слухаюць”.
Прафілактычны модуль доўжыўся два месяцы (хаця, па сутнасці, ён ішоў увесь праект, бо тэма здароўя і здаровага ладу жыцця ўзнімалася пастаянна). За лістапад і снежань атрымалася правесці мерапрыемствы розных напрамкаў і тэм. Была тэорыя: выступленні на тэмы шкодных звычак і іх уплыву на жыццё, ВІЧ-інфекцыі, пра шляхі паляпшэння стану арганізма. Не абышлося без практыкі: інсцэніроўкі, спартыўныя эстафеты і спаборніцтвы, круглыя сталы і гутаркі. І знайшлося месца творчасці: конкурсы малюнкаў, плакатаў, аратараў, стварэнне радыёгазеты, танцавальная праграма.
Этап трэці, інтэлектуальны
Паўтор аднаго і таго ж стамляе, настаўнікі ўсё часцей гавораць, што, каб дзецям было цікава, трэба пастаянна прыдумляць нешта новае. Напрыклад, замяніць спартыўныя гульні на гульні інтэлектуальныя. Зараз такі род заняткаў вельмі папулярны, а рыхтавацца да яго цікава і карысна.
“Інтэлектуальная дзейнасць павінна рэалізоўвацца ў актыўнай гульнявой форме, — упэўнена Таццяна Уладзіміраўна. — Трэба, каб кожны быў задзейнічаны ў працэсе. Мне падабаюцца творчыя гульні і прайграванні сітуацый, дзе вучні могуць уявіць сябе ў той ці іншай ролі ў розных жыццёвых сітуацыях. Дарэчы, тэмы тычыліся не толькі здаровага ладу жыцця, інакш дзецям стала б сумна. Былі пытанні пра прававую адказнасць, медыцыну, хімію, экалогію. Яно ўсё перасякалася”.
Таццяна Бычкова ўпэўнена, што інтэлектуальныя заданні маюць шмат плюсоў: матэрыялаў для падрыхтоўкі дастаткова; самі гульні вельмі актыўныя; трэба хутка пераходзіць ад аднаго задання да іншага; кожны з вучняў прыносіць нешта для каманды; вынікі работы відаць адразу. Гэта ўсё дапамагае ўдзельнікам праявіць індывідуальныя здольнасці і зразумець, што трэба несці адказнасць за асабістыя ўчынкі і паводзіны.
У гомельскай гімназіі для гэтага блока выбралі такія формы работы, як віктарына, брэйн-рынг, інтэрактыўная гульня, гульня-рэфлексія, бліцапытанне, бліцтурнір, крыжаванка і інш.
Этап чацвёрты, спартыўны
Спартыўны блок нечым нагадвае гульнявы: тут таксама ўпор робіцца на рухі і актыўны від работы. Аднак спорт бывае розным. Вучні ўдзельнічалі ў турнірах па шахматах, шашках і камп’ютарных гульнях, а потым у спаборніцтвах па мнагаборстве, міні-футболе, валейболе, парусным спорце. Стваралі каманду, каб перамагчы ў “Зарніцы” і “Арляняці” і праверыць сябе ў турыстычным паходзе “Дзень індзейца”.
“Больш за ўсё запомнілася спартландыя, дзе сапернічалі настаўнікі і дзеці. Быў сапраўдны дух спаборніцтва. Часам педагогі нават забывалі, што выступаюць супраць дзяцей, і ўспрымалі іх як абсалютна роўных сабе. Балельшчыкам, напэўна, было не менш складана, чым удзельнікам. Яны падтрымлівалі і сваіх (вучняў), і настаўнікаў. Але перамагло сяброўства”, — усміхаецца Таццяна Уладзіміраўна.
Па выніках усяго праекта абсалютным пераможцам сярод вучняў пачатковай школы стаў 3 “В” клас (цяпер 4 “В”). Найбольш яркім сярод 5—8 класаў быў прызнаны 7 “Б” (цяпер 8 “Б”). У старшых класах удзельнікі ішлі амаль аднолькава, таму аднаго чэмпіёна не выбралі.
Таццяна Бычкова адзначыла, што вынікі праекта былі адчувальнымі. “У вучняў і іх бацькоў павысілася цікавасць да пытанняў захавання здароўя, фізічная падрыхтоўка таксама стала лепшай. Многія зацікавіліся работай у спартыўных і трэнажорных залах. Паказчыкі па захворванні на ВРВІ з 2017 года скараціліся на 18%. І вельмі радасна для ўсёй гімназіі, што правапарушэнняў, звязаных з ужываннем алкаголю, наркотыкаў і тытуню, не было ўвогуле”. У планах — не спыняцца і працягваць праект. Праўда, пакуль у гімназіі заняты прыдумляннем новых фішак, заданняў, тэматычных мерапрыемстваў, бо паўтарацца не хочацца. Хутчэй за ўсё, “Даёшь ЗОЖ!” у 56-й гімназіі Гомеля зноў скажуць у студзені.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва герояў матэрыялу.