Што больш за ўсё кранае вас у газетных артыкулах? Мяне, як правіла, гісторыі пра людзей неабыякавых. Пра такіх яшчэ кажуць, што ім да ўсяго ёсць справа. Не да ўсяго, але справа сапраўды ёсць. Герой майго сённяшняга артыкула чалавек незвычайны: калекцыянер, рэстаўратар, бліскучы аўтамеханік і знаўца гісторыі аўтамабіляў, а яшчэ сапраўдны педагог. Чалавек зямлі і слова.
Мы сустракаемся другі раз. І другі раз Уладзімір Адамавіч Пратасеня, які кіруе Слуцкім раённым цэнтрам аўтамабільнай культуры і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і моладзі “Аўтасвет”, пачынае з аповеду пра родныя Казловічы — вёску, дзе ён нарадзіўся і вырас. Менавіта сюды ён вязе свае ўражанні і творчыя знаходкі з розных краін. У яго калекцыі — больш за 30 дастаткова рэдкіх аўто. І, дзякуючы некаторым з іх, Казловічы ведаюць далёка за межамі Слуцкага раёна.
Пра “Аперацыю “Ы” і сапраўдны савецкі аўтамабіль
Ці трэба казаць, што Цэнтр аўтамабільнай культуры і тэхнічнай творчасці — свайго роду візітная картка вёскі. Гэта адзіны цэнтр у краіне, дзе падлеткі, акрамя заняткаў па традыцыйных тэхнічных кірунках, маюць магчымасць займацца рэстаўрацыяй тэхнікі. І, дарэчы, не толькі аўтамабільнай і матацыклетнай. Патэфоны, грамафоны, рарытэтныя радыёпрыёмнікі, лямпы, прымусы і нават тэлефонны апарат, якім не сорамна ўпрыгожыць сучасны інтэр’ер у вінтажным стылі, сёння ў калекцыі цэнтра. Самыя рэдкія экспанаты — радыё, па якім абвяшчалі вайну, грамафон 1870 года, а таксама тоўстыя, як патэльня, пласцінкі тэатра “БУФ” і лейбгвардыі коннага гусарскага палка. Цікава, што ўсё гэта знаходзіцца ў рабочым стане.
“Я займаюся калекцыяніраваннем з 1983 года, — расказвае Уладзімір Адамавіч. — Сёння, дзякуючы пэўнай вядомасці ў прафесійных колах, рэдкія экспанаты знаходзяць мяне самі.
Разам з выхаванцамі мы ствараем экспазіцыі як ваеннай, так і цывільнай тэхнікі. Нярэдка даводзіцца бываць за мяжой, і мне цікава, як падобныя рэчы прадстаўлены там. Зразумела, што проста паставіць экспанат, якім бы рэдкім ён ні быў, нецікава. Каб перадаць атмасферу таго часу, мы і выкарыстоўваем старыя рэчы. Дзеці апранаюць ваенную форму, і гэта таксама дапамагае стварыць настрой”.
Адзін з незвычайных аўтамабіляў калекцыі — СМЗ, у народзе “інвалідка”. З’явілася яна ў канцы 50-х па прычыне вялікай колькасці інвалідаў пасля вайны. Мой суразмоўца расказвае, што яна настолькі складана сканструявана, што кіраваць ёй няпроста, нават маючы дзве нагі і дзве рукі, а рамантаваць яе інвалід зусім бы не змог. Адным словам, сапраўдная савецкая машына! Вядомая яна яшчэ і тым, што ў свой час прымала ўдзел у здымках знакамітага фільма “Аперацыя “Ы”, або Іншыя прыгоды Шурыка”. Для таго, каб наведвальнікі маглі акунуцца ў вясёлую атмасферу кінастужкі, казловіцкія падлеткі, прадстаўляючы яе на выставах, трымаюць у руках такіх жа, як у фільме, пеўнікаў на палачках. Ёсць у хлопцаў і адпаведная цюбецейка, якую насіў кінагерой Юрыя Нікуліна.
Жамчужына калекцыі — першы аўтамабіль-амфібія
Дарэчы, цэнтр аўтамабільнай культуры і тэхнічнай творчасці нездарма мае такую гучную назву. Вывучэнне гісторыі тэхнікі не абмяжоўваецца чытаннем тэматычнай літаратуры. Акрамя шматлікіх выстаў, выхаванцы цэнтра разам са сваім педагогам удзельнічаюць у рэканструкцыі падзей Другой сусветнай вайны.
“У нас ёсць свае макеты ваеннай зброі, — адзначае Уладзімір Пратасеня. — Але даводзілася трымаць і сапраўдную падчас удзелу ў рэканструкцыі ваенных падзей на Лініі Сталіна. У цэлым за год мы прымаем удзел прыкладна ў 12—15 мерапрыемствах рознага маштабу.
Тэма вайны ўвогуле асаблівая для мяне. Аднак я не навязваю дзецям сваё меркаванне — я даю ім штуршок задумацца самім. У нашай калекцыі шмат нямецкіх ваенных машын, але мы прыйшлі да агульнай высновы, што ў далейшым будзем займацца пераважна савецкай тэхнікай ваеннага перыяду і рэстаўрыраваць у першую чаргу яе. Уважліва вывучаючы нямецкую і савецкую тэхніку, можна толькі здзіўляцца, як нам удалося перамагчы. Здаецца, у асноўным дзякуючы неверагоднай мужнасці і адданасці савецкага народа, бо ў тэхнічным плане гэта было амаль немагчыма.
Мне ні ў якім разе не хочацца пець дыфірамбы нямецкаму ўзбраенню. Не так даўно ў сталічным музеі Вялікай Айчыннай вайны ўзнімалася пытанне, як прадставіць у экспазіцыі гэтую тэхніку. Я выказаў сваё меркаванне, згодна з якім яна павінна стаяць у разбітым выглядзе. Акцэнтаваць увагу трэба на нашай перамозе, а не на тэхнічных перавагах фашыстаў. Яны і так бачныя. Няхай савецкі салдат стаіць з трохлінейкай, але каля падбітага “Тыгра” — у знак таго, што нашы продкі ўзялі немцаў амаль голымі рукамі. Цікавы факт: нямецкі ас за час вайны падбіваў на сваім танку прыкладна 180—200 савецкіх танкаў, у той час як савецкі — усяго 5”.
Сапраўды ўнікальным экспанатам аўтакалекцыі Уладзіміра Пратасені можна назваць аўтамабіль ГАЗ-011. Гэта не што іншае, як першая савецкая вадаплаўная машына. А ўнікальная яна тым, што ў свой час была выпушчана ў вельмі невялікай колькасці. Сёння, па словах Уладзіміра Адамавіча, у свеце ўсяго два такія аўто. Адно з іх знаходзіцца ў Політэхнічным музеі Масквы. І да апошняга часу яго супрацоўнікі былі ўпэўнены, што іх аўтамабіль адзіны з тых, што засталіся. На словы педагога, што другі такі ж знаходзіцца ў беларускай вёсцы Казловічы, рэакцыя была прадказальная: не паверылі. Прыйшлося падмацоўваць свае словы фотаздымкамі.
Які з аўтамабіляў у калекцыі любімы, кіраўнік цэнтра адказваць не спяшаецца. Старыя “опелі” і “мерсэдэсы”, знакаміты “гарбаты” “Запарожац”, “Масквіч-401”, “Волгі” і “Пабеды”?
“Калі ўзнаўляеш аўтамабіль па крупінках, настолькі прарастаеш у яго, што на гэты час ён становіцца самым любімым, — усміхаецца мой суразмоўца, — потым рэстаўрыруеш новы і захапляешся ім. Так што любімыя яны ўсе”.
Ці страчаны ў Беларусі традыцыі працоўнага выхавання?
Уладзімір Адамавіч успамінае, з чаго пачалося яго захапленне. Аказваецца, таксама з настаўніка. Леанід Лявонцьевіч Сучок у свой час выкладаў у яго працоўнае навучанне і чарчэнне.
“Я памятаю, на якім высокім узроўні ў мае школьныя гады была прафесійная арыентацыя, — адзначае кіраўнік цэнтра. — Мы вывучалі тэхніку, спрабавалі нешта стварыць сваімі рукамі. І гэта зацягвала. Ужо пасля заканчэння індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума зацікавіўся рэстаўрацыяй. У той час гэта было зусім не папулярна, кірунак ніяк не развіваўся. Хто б мог падумаць, што самымі ўдзячнымі памочнікамі і аднадумцамі стануць дзеці. Яны пастаянна забягалі да мяне ў майстэрню: паглядзець, спытацца, ключ падаць… А я ніколі не зачыняў дзвярэй, разумеў іх цікавасць. Ужо пазней у мяне з’явілася ідэя стварэння спецыяльнага тэхнічнага цэнтра для дзяцей, якім сёння і кірую. Цяпер у “Аўтасвеце” 20 выхаванцаў ад 11 да 18 гадоў, гэта мясцовыя падлеткі, летам — значна больш, бо дзеці, якія прыязджаюць у Казловічы да бабуль і дзядуляў, таксама ходзяць займацца да нас”.
На думку Уладзіміра Адамавіча, сёння ў краіне вельмі востра стаіць праблема працоўнага выхавання, і для сельскіх школьнікаў таксама. Дзеці развучыліся працаваць рукамі, няма і традыцыйнай для беларусаў павагі да чалавека працы.
“Разам з тым мы страчваем і традыцыі прафарыентацыі, — падкрэслівае педагог. — Напрыклад, факультатывы, дзе дзеці вывучалі трактары, закрываюцца. Улічваючы спецыфіку сельскага жыцця, я лічу, што гэтае ўменне не лішняе ні для тых, хто пасля дзевяці класаў ідзе вучыцца ў вучылішча, ні для тых, хто плануе паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Бацькі ж усё роўна застаюцца ў вёсцы, ім трэба дапамагаць.
Дарэчы, многія з маіх хлопцаў збіраюцца звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. У вёсцы сёння на трактар няма каго пасадзіць, я гэта выдатна ведаю, бо мае выхаванцы летам падпрацоўваюць у калгасе. Тэхніка энерганасычаная, вельмі складаная, і ў ёй трэба быць дасведчаным”.
Уладзімір Адамавіч упэўнены, што далучаць да тэхнікі школьнікаў неабходна як мага раней. Да дзявятага класа хлопцы павінны не проста ўмець кіраваць ёй, але і няблага разбірацца ў механізмах. Самае цікавае, што ідэі педагога рэдка разыходзяцца са справай. Сёння ў яго планах стварэнне праграмы павышанай складанасці па вывучэнні трактароў з далейшай атэстацыяй. Кіраўнік цэнтра мяркуе, што гэта першачарговая неабходнасць для ўсяго Слуцкага раёна.
Калегі Уладзіміра Адамавіча ўжо не здзіўляюцца, што 95 працэнтаў яго выхаванцаў выбіраюць для паступлення ўстановы адукацыі менавіта тэхнічнага профілю. Новая змена цэнтра таксама гатова зрабіць свой жыццёвы выбар. Коля Радзюк плануе стаць студэнтам Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, яго выбар — аграрна-механічны факультэт. Дарэчы, з тэхнікай ён ужо на “ты”. За плячамі хлопца не толькі вопыт рэстаўрацыі і абслугоўвання тэхнікі, але і фігурнае ваджэнне матацыкла.
Як расказваюць самі выхаванцы цэнтра, спачатку ўсіх іх прывабіла магчымасць пакатацца. І толькі потым яны зразумелі, што не ўсё так проста: “свой” матацыкл у педагога трэба заслужыць.
“Мне хочацца, каб сельскія дзеці былі больш актыўнымі ў жыцці, — падкрэслівае мой суразмоўца. — Важна, каб яны развіваліся не горш за гарадскіх, таму я заўсёды падтрымліваю і іншыя іх захапленні, напрыклад музыкай. Выдатна, калі падлетак умее іграць на музычным інструменце, разбіраецца ў тэхніцы, малюе…
Творчасць можна знайсці абсалютна ў любой справе. На цяперашні момант мы ствараем адзіную ў Беларусі калекцыю рухавікоў унутранага згарання. Нехта збірае паштоўкі, нехта — этыкеткі, а мы — рухавікі! Калекцыя налічвае ўжо 15 экзэмпляраў рухавікоў, у ёй нават тыя, якія працуюць на сырой нафце. Ёсць інфармацыя, што ля вытокаў іх стварэння стаяў сам Нобель. Усе рухавікі будуць у рабочым стане.
З наступленнем вясны часу не хапае. Столькі планаў наперадзе, столькі цікавых мерапрыемстваў. Хачу, каб дзеці бачылі, што адбываецца вакол. Я адказваю за іх. Мы жывём рэальным жыццём сельскіх жыхароў! Мы мыслім рэальна!”