На працягу мінулага тыдня камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі пры падтрымцы Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама праводзіўся заключны этап традыцыйнага, ужо чацвёртага па ліку, гарадскога спартыўна-патрыятычнага конкурсу “Арляня”.
Як адзначыў арганізатар конкурсу начальнік штаба паста № 1 горада-героя Мінска Сяргей Мікалаевіч Быкаў, галоўная мэта спаборніцтваў — патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, фарміраванне ў іх павагі да подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, знаёмства з ваеннымі прафесіямі і ваеннай справай, прапаганда здаровага ладу жыцця. Для пераможцаў мінскіх раённых этапаў “Арляняці” была падрыхтавана насычаная праграма, якая прадугледжвала правядзенне 10 выпрабаванняў інтэлектуальна-этычнага кірунку (“Візітоўка каманды”, песенны конкурс “Спяём, сябры”, конкурс па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь “У гонар Айчыны”, баявых лісткоў) і прыкладнога характару (“Меткі стралок”, на веданне Правіл дарожнага руху “Дарога бяспекі”, на ўзровень фізічнай падрыхтаванасці, гульня на мясцовасці “Пераадолець і выстаяць”, конкурс страявой падрыхтоўкі).
Асабліва відовішчнай была гульня “Пераадолець і выстаяць”. Удзельнікам каманд (кожная складалася з 16 навучэнцаў 15—17 гадоў і двух педагогаў-кіраўнікоў) прапаноўвалася пераадолець выпрабаванні за як мага меншы адрэзак часу — на спецыяльна абсталяванай трасе ў лясным масіве насупраць Ваеннай акадэміі (паралельныя вяроўкі, бярвенні, “купіны”), паказаць уменне распальваць вогнішча, арыентавацца на мясцовасці, перасоўвацца бегам і паскораным крокам, перабежкамі і перапаўзаннем, пераадольваць умоўныя мінныя палі, пераносіць умоўна параненага камандзіра.
Па выніках пяці конкурсных дзён у агульнакамандным заліку пераможцай стала каманда сярэдняй школы № 209 Маскоўскага раёна, 2 месца — у каманды сярэдняй школы № 2 Фрунзенскага раёна, 3 месца — у каманды сярэдняй школы № 47 Ленінскага раёна. Пераможцы ўвойдуць у склад гарадской каманды і будуць абараняць гонар Мінска на рэспубліканскіх ваенна-патрыятычных спаборніцтвах.