Ці спрабавалі вы калі-небудзь уласнымі рукамі зрабіць мікраскоп? Як аказалася, усё геніяльнае сапраўды проста. Школьнікі сярэдняй школы № 3 Клецка (Мінская вобласць) Павел Блінец і Яўген Шалік зрабілі яго, узяўшы за аснову самую звычайную web-камеру. Іх праект быў ацэнены журы рэспубліканскага конкурсу “Мая ініцыятыва”, дзе хлопцы занялі другое месца.
“Мы не з’яўляемся аўтарамі гэтага вынаходства, — расказвае кіраўнік праекта настаўнік фізікі клецкай сярэдняй школы № 3 Аляксандр Аляксеевіч Шалік. — Шчыра кажучы, саму ідэю падгледзелі ў інтэрнэце, аднак нам удалося ўдасканаліць яе, зрабіць патрэбныя разлікі. Гэта вельмі эфектыўны спосаб ператварэння web-камеры ў лічбавы мікраскоп з высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі. Пры гэтым сабекошт такога мікраскопа невысокі.
Прыемна, што работу ацанілі на конкурсе прадпрымальных ідэй. Мы працягваем працаваць над праектам і ў перспектыве плануем прыняць удзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі, якая пройдзе ў наступным навучальным годзе”.
Сапраўды, для тых, хто цікавіцца даследаваннямі, гэта самы аптымальны варыянт. І найперш па прычыне яго невялікага кошту. Для таго каб набыць мікраскоп школьніку, патрэбна затраціць немалыя грошы, што не ўсім бацькам па кішэні. Камера ж у сваю чаргу можа працаваць у двух рэжымах: як у сваёй першапачатковай ролі, так і ў ролі мікраскопа.
Павел і Яўген расказваюць, што час іх актыўных даследаванняў прыйшоўся на люты, калі пад рукамі было не так шмат біялагічнага матэрыялу. Хлопцы даследавалі клеткі цыбулі, афарбоўку грашовых купюр, розныя віды мікраарганізмаў. Яны падкрэсліваюць, што адным з самых значных плюсоў іх устройства з’яўляецца магчымасць рабіць фотаздымкі і здымаць відэаролікі.
Аляксандр Аляксеевіч у сваю чаргу адзначае, што цікавасць да такой наватарскай работы з дзецьмі ў яго была заўсёды. Ён і раней працаваў над шматлікімі праектамі са старшакласнікамі. Аднак з часам прыйшоў да высновы, што займацца імі са школьнікамі можна пачынаючы ўжо з восьмага класа.
“Мы актыўна карыстаемся мікраскопам у сваёй школе, — расказвае педагог. — Нашы біёлагі здзіўлены, што звычайная web-камера пры яе ўдасканаленні можа мець такія магчымасці. Па ступені павелічэння ўстройства значна пераўзыходзіць любы з тых мікраскопаў, якія мы маем у школе. Цяпер гэта практычна закончаны праект. І калі некаму будзе цікава наша работа, мы рады падзяліцца вопытам. Для гэтага ў нас ёсць усе патрэбныя разлікі”.
І Павел, і Жэня задаволены вынікам і тым, што іх заўважылі на конкурсе. Яны адзначаюць, што для іх у ходзе даследавання былі важнымі дзве рэчы: ім было цікава, і іх работа можа быць карыснай людзям.