Піянерыя: насустрач інтарэсам

Увайшоў у прывычны рытм новы навучальны год, і дзеці, засумаваўшы за лета па школе, чакаюць не столькі новых тэарэм і правіл, колькі насычанага пасляўрочнага адпачынку. Пра тое, чым будзе напоўнена атмасфера школьных стадыёнаў, актавых залаў і пакояў дзіцячых арганізацый, чым будуць адметныя дні тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак — піянераў Беларусі, і пойдзе наша сённяшняя гутарка.

Каб зверыць свае гадзіннікі, піянерважатыя з усёй краіны сабраліся днямі ў Мінску на I Рэспубліканскім форуме важатых БРПА “Будучыня за намі!”. Анонсы новых праектаў і абмеркаванне абноўленага фармату традыцыйных, майстар-класы і парады ад гуру важатых захапілі ўдзельнікаў на два дні. Нагодай для сустрэчы стала і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскіх праектаў.

Сярод пераможцаў — і валанцёрскі атрад Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. 3 гады запар ён прымае ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Пароль — акцябронак”. Спачатку атрад заваяваў перамогу на вобласці, потым атрымаў прызавое месца на рэспубліцы, а сёння яны пераможцы рэспубліканскага конкурсу. Вольга Жыхарка, педагог-арганізатар гэтай школы, піянерважатая з 22-гадовым стажам, адзначае: “Я сваім дзецям гавару: “Добра вучыцца — добра, а быць добрым чалавекам — неабходна”. Таму я ў першую чаргу імкнуся ўкласці ў іх маленькія галоўкі, што трэба дапамагаць не толькі родным, але і сябрам, і малазнаёмым людзям, што Радзіма ў нас адна і мы не можам яе не любіць. У 7—14 гадоў я яшчэ магу гэтаму навучыць і, гледзячы на сваіх выпускнікоў, упэўніцца, што ў мяне атрымліваецца. Шмат хто з іх стаў педагогам, у тым ліку педагогам-арганізатарам, і я бачу, з якім задавальненнем яны працуюць ужо са сваімі піянерамі. Толькі за апошнія 10 гадоў працы ў Жамчужным 10 маіх навучэнцаў сталі педагогамі, трое з іх — педагогамі-арганізатарамі. Усе яны часта прыязджаюць да мяне ў госці, прыходзяць у пакой грамадскіх арганізацый, апранаюць свае валанцёрскія майкі і далучаюцца да нас, як некалі ў дзяцінстве: мы часта ездзім у прытулкі, займаемся цімураўскай работай, валанцёрствам”.

У Вольгі Аляксандраўны шмат узнагарод (сярод іх — перамога ў Рэспубліканскім конкурсе “Валанцёр года — 2018”), але самы дарагі для яе дыплом “Лепшыя сябры асаблівых дзяцей” ад Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Баранавіцкага раёна.

Таццяна Паляжаева, старшыня Мазырскага раённага савета БРПА, са сваімі навучэнцамі робіць стаўку на ўласныя праекты. Летась яны ініцыіравалі абласны танцавальны марафон “Піянер-дэнс”, а зараз у сацсетках запусцілі віншавальны марафон “З днём нараджэння, піянерыя!”, у якім дзеці прадстаўляюць свае відэаролікі, відэапаштоўкі і фотачэлендж. У тым ліку за гэта піянерскі савет Мазыршчыны па выніках 2018 года стаў лепшым у Гомельскай вобласці.

Аляксандра Ганчарова ўзначальвае БРПА няпоўныя 2 гады, але паспела ўжо змяніць аблічча піянерыі: “Я спадзяюся, што менавіта сёлета нам удасца зрабіць Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю больш цікавай, класнай і смачнай для дзіцяці. Мы ўжо распрацавалі альтэрнатыўны лагатып нашай арганізацыі, які прыйшоўся даспадобы дзецям. Яны таксама пачалі заўважаць, што піянерыя становіцца яркай, рознай, і кожны можа знайсці тут занятак на свой густ. Так, за апошнія 2 гады мы прапанавалі дзецям Беларусі некалькі новых праектаў: “Сустрэчы на ўсе 100” — нефармальныя сустрэчы з вядомымі спартсменамі, артыстамі і іншымі аўтарытэтнымі людзьмі свайго рэгіёна, “Піянерскі квіз” — віктарына з пытаннямі ў сучаснай апрацоўцы, якія мік­суюць і мультфільмы, і песні, і заданні на логіку. Актыўна далучыліся дзеці да гульні “Пароль — акцябронак: пакарыцелі вяршынь”. Сёлета ў нас таксама стартуе некалькі новых праектаў — творчых, грамадзянска-патрыятычных, экалагічных. Так, пачнецца вялікая цімураўская гульня “Дабра­дзел”, бо хочацца расшавяліць цімураў­скую дзейнасць. У маі пройдзе вялікі фестываль “Вогнік запрашае сяброў” спартыўна-патрыятычнага кірунку. Дзеці змогуць паспаборнічаць у розных намінацыях: ад чырлідынгу да піянерскіх гонак. А зусім хутка, напрыканцы восені, стартуе першы міжнародны праект, які мы пачнём з нашымі партнёрамі — дзіцяча-юнацкай арганізацыяй “Расійскі рух школьнікаў”.

“Акцыя прымеркавана да Сусветнага дня дзіцяці і будзе праходзіць на базе школ з 19 па 21 лістапада, — тлумачыць сутнасць праекта Дзяніс Клябанаў, выканаўчы дырэктар агульнарасійскай дзіцяча-юнацкай арганізацыі “Расійскі рух школьнікаў”. — Для гэтага ў кожнай школе фарміруюцца каманды па 6 чалавек (у кожнай павінны быць вучні з 1 па 11 клас), двое з якіх кру­цяць скакалку, а чацвёра праз яе скачуць. Тут важныя і правіль­насць, і даклад­насць скачкоў, і іх арыгінальнасць. Знятыя ролікі ўдзельнікі дасылаюць нам, і мы сумесна з Федэрацыяй роўп-скіпінгу Расіі ацэньваем работу лепшых каманд і ўзнагароджваем пераможцаў. У 2017 годзе мы таксама праводзілі такі турнір, і ў ім прыняло ўдзел каля 46 тысяч чалавек, але тады наша арганізацыя існавала толькі другі год. Наступны турнір правядзём разам з піянерамі Беларусі, таму чакаем яшчэ большай колькасці ўдзельнікаў. Тым самым мы створым адзіную спартыўную прастору і пастараемся далучыць дзяцей да гэтага крыху забытага віду спорту”.

Асаблівую цікавасць выклікаў у піянерважатых аповед Дзяніса Клябанава пра Усерасійскі конкурс “Ліга выступоўцаў”, які набыў неверагодную папулярнасць у расійскіх хлопчыкаў і дзяўчынак: “Мэта конкурсу — навучыць дзяцей выступаць перад публікай, выказваць свае думкі, прэзентаваць сябе і свае праекты, прыгожа і пераканаўча гаварыць, трымаць увагу аўдыторыі, упэўнена адказваць на пытанні. Пасля рэгістрацыі на сайце нашай арганізацыі школьнікі (5—11 класы) праходзяць навучанне і тэсціраванне. Так адбіраецца тысяча ўдзельнікаў, якія працягнуць навучанне і выкананне дамашніх заданняў. У выніку 30 лепшых трапяць у фінал — вочную частку конкурсу. Пераможцы конкурсу атрымаюць магчымасць стаць вядучымі анлайн-трансляцыі нацыянальнай тэлевізійнай прэміі “Дай пяць!”, прайсці стажыроўку на “Класным радыё” і стаць пастаяннымі вядучымі аўтарскай праграмы, а таксама весці ўсерасійскія мерапрыемствы нашай арганізацыі. Эксперты і цьютары праекта — вядомая рэжысёр і прадзюсар Ліна Арыфуліна і яе памочнікі-педагогі “Майстэрні Ліны Арыфулінай”.

Магчыма, гэтую сферу, майстэрства выступоўцы, у найбліжэйшай будучыні возьмуць пад увагу нашы піянерважатыя, бо Аляксандра Ганчарова і яе паплечнікі імкнуцца падхапіць як мага больш дзіцячых захапленняў. “Наша сённяшняя задача — пазбавіцца фармалізму, жорсткай дысцыпліны, бо дзеці мяняюцца і тое, што давала вынік 30, 40, 50 гадоў назад, у фармаце новай арганізацыі не працуе. А прымушаць іх рабіць тое, што не падабаецца ці складанае для разумення, бессэнсоўна. Калі я прыйшла ў піянерыю старшынёй, то першае, што пастаралася зрабіць, — перайсці да інтэрактыўных мерапрыемстваў, дзе можна нефармальна гутарыць з вядомымі людзьмі, жартаваць, танцаваць, смяяцца. Праўда, з-за гэтага мне часам даводзілася чуць, што, маўляў, піянеры кінуліся ў забаўляльную праграму. Гэта не так. Проста мы стараемся праз цікавыя формы работы прадставіць дзецям тое, што лягчэй успрымаецца ў іх узросце.

Хтосьці можа спытаць: “А як жа галоўная мэта — выхаванне грамадзяніна-патрыёта?” Але якраз такія праекты і ставяць перад сабой гэтую задачу, толькі яна не выносіцца ў назву. Так, назвы акцый кшталту “Мае добрыя справы табе, Айчына” засталіся ў мінулым. Калі мы гаворым пра экалагічную акцыю, то яе аснова — клопат пра наш край. Калі мы ладзім квест-праект “Па слядах Перамогі”, то менавіта ў ім бу­дзе выхоўвацца павага да гістарычнай памяці. Задача ўдзельнікаў праекта “Вотчына.by” — скласці экскурсійны маршрут па сваёй малой радзіме, зняць відэаролік і аформіць яго ў выглядзе QR-кода. Мы не проста падхапілі модную сёння фішку: пакуль дзіця не даведаецца ўсё пра родны край, не навучыцца распрацоўваць экскурсійныя маршруты, яно не ство­рыць і QR-код. Нават вопратка сучасных піянераў змянілася: з-за таго, што ў нас цяпер шмат спартыўных мерапрыемстваў, мы многа часу право­дзім у парках, на прыро­дзе, у нас, акрамя афіцыйнай формы, з’явіліся піянерскія майкі, байкі, кепкі і інш. Усё згаданае дапамагае зразумець нашым хлопчыкам і дзяўчынкам, што дзяцінства — гэта смех, гэта розныя колеры, цікавыя справы і шмат сяброў”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.