Пластылінавая анімацыя

Экалагічнае выхаванне з кожным годам набывае ўсё большую актуальнасць і маштаб. Каб выхоўваць у дзецях беражлівыя адносіны да прыроды, дарослыя даюць волю сваёй фантазіі: складаюць экалагічныя казкі, вершы, пішуць песні, ладзяць конкурсы па зборы макулатуры і выкарыстаных батарэек, робяць павучальныя тэлеперадачы. А на Гомельшчыне прапанавалі вучыць дзяцей берагчы прыроду праз мультфільмы, прычым вучыць тэлегледачоў узяліся іх жа равеснікі. Дзіцячая анімацыйная студыя збірае дзяцей у Рэчыцкім эколага-культурным цэнтры.

Пра тое, як хутка запамінаюць дзеці фразы з мультфільмаў, Наталля Васільеўна Ігнаценка, якая выконвае абавязкі дырэктара цэнтра і кіраўніка студыі, ведае не па чутках. Яе дзевяцігадовая дачка Ульяна — аматарка мультфільмаў, але яшчэ больш яна любіць ляпіць — з салёнага цеста, гліны, пластыліну. І неяк, вырашаючы, як правесці вечар, — узяць у рукі пульт ці пачак пластыліну, дзяўчынка па прапанове мамы паспрабавала сумясціць гэтыя два заняткі. А дакладней, тры: мультфільмы павінны быць не проста для забавы, а павучальныя. Ульяна вельмі захапілася. Падтрымалі гэтую ідэю Наталлі Васільеўны і ў Гомельскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адразу выдзелілі сродкі на закупку абсталявання для мультыстудыі.
Уся анімацыйная каманда — гэта восем хлопчыкаў і дзяўчынак ад 8 да 10 гадоў. Менавіта яны прымяраюць на сябе розныя прафесіі — сцэнарыста, рэжысёра, скульптара, мастака, дэкаратара, гукарэжысёра, асвятляльніка, фатографа, пакуль не вызначацца, што ў іх найлепш атрымліваецца.
“Можа падацца, што калі мульцік дзіцячы, то і зрабіць яго лёгка, — знаёміць з анімацыйнай кухняй Наталля Васільеўна. — Насамрэч, не ўсё так проста. Напрыклад, каб стварыць сцэнарый, мы ходзім на экскурсіі па горадзе і за горад, часта бываем каля Дняпра, шмат чытаем, рашаем рэбусы на экалагічныя тэмы і толькі потым вырашаем, як прадставіць праблему і яе вырашэнне на экране, якія персанажы павінны з’явіцца ў кадры. І калі зляпіць персанажаў з пластыліну і нават стварыць дэкарацыі — справа прывычная для многіх дзяцей, то навучыць іх рухацца ў кадры плаўна, без рыўкоў — справа вельмі карпатлівая. Каб зняць мультфільм на паўтары хвіліны, трэба зрабіць каля паўтысячы кадраў. І гэта толькі чыставых. А колькі даводзіцца пераробліваць! Калі фотаапарат “скокне” ці блікі ўпадуць, гэта можна паправіць, а калі ўпадзе сам персанаж, некалькімі кадрамі не абыдзешся — прыйдзецца пераздымаць усё спачатку”.
Над першым сваім мультфільмам “Лясная прагулка” дзеці працавалі ўсё лета, затое сваю студыю ў верасні яны адкрывалі уласнай мультыплікацыйнай прэм’ерай. Гэтым мультфільмам пра лесавіка, які вучыць дзяцей правільна паводзіць сябе ў лесе, адкрыўся і Рэспубліканскі экалагічны форум, які праходзіў у Мінску.
У тым, наколькі пераканаўча юным аніматарам удаецца гутарыць з гледачом, упэўніліся і дарослыя, якія клапоцяцца пра чысціню Рэчыцы. Мультфільм пра асобны збор смецця студыйцы зрабілі па заказе “Спецкамунтранса”. Плануецца, што гэты мультфільм будуць паказваць у дзіцячых садках і пачатковых класах школ горада.
Новая работа аніматараў — сучасная інтэрпрэтацыя пушкінскай “Казкі пра рыбака і рыбку”. Толькі тут стары закідвае невад у раку і выцягвае не залатую рыбку, а пластыкавыя бутэлькі і іншае смецце, з-за якога рыбка не можа падплысці да берага. Таму не дзед рыбцы перадае просьбы жонкі, а рыбка просіць дзеда злітавацца і выбраць з ракі смецце.
Акрамя экалагічнага выхавання, Наталля Васільеўна мае яшчэ адну мэту. “Мне хочацца, каб дзеці навучыліся працаваць у камандзе, каб былі памочнікамі адно аднаму, а не сапернікамі, — гаворыць яна. — Так, Ігар прапаноўвае стварыць вобраз Вадзяніка, які на сабе адчувае, наколькі цяжка жыць у бруднай вадзе, Насця з Дарынай дадаюць, што іх гераіні не проста будуць праходзіць паўз раку і кідаць у ваду бутэлькі ад “Колы”, а будуць загараць на беразе. А каб дзяўчаты загарэлі, уключаецца ў работу асвятляльнік Мікіта, які “ставіць святлом” спякотны дзень. І я ўпэўнена, што не выдуманыя, а перанесеныя на экран моманты іх уласнага жыцця, простыя, па-дзіцячаму наіўныя сюжэты куды больш зразумелыя для іх равеснікаў, чым па-майстэрску прадуманы дарослы сцэнарый. Мне ўвогуле хочацца, каб у мультфільмах не гучалі словы дарослых, каб не адчувалася, што гэта іх работа. Дарослыя без дзяцей могуць здымаць мастацкія і дакументальныя фільмы або працаваць у іншых жанрах. А само слова “мульцік” — дзіцячае, і няхай анімацыя будзе выключна дзіцячай тэрыторыяй”.

Святлана НІКІФАРАВА.