Як аддзел тэхнічнай творчасці Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стаў знакавым месцам у прасторы стымпанку? Ідэя, з якой потым нарадзіўся вялікі праект, узнікла ў педагога аддзела Наталлі Раманавай, кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “Майстар і Ко” — яе цяпер у цэнтры напаўжартам-напаўсур’ёзна называюць родапачынальніцай стымпанку. Наталлі Генадзьеўне дасталася ў спадчыну вялікая калекцыя гадзіннікавых механізмаў. І калі яе навучэнец Міраслаў Маркушэўскі рыхтаваўся да ўдзелу ў папулярнай рэспубліканскай “ТэхнаЁлцы”, усё пайшло ў ход. Плюс фантазія, крэатыў, дапаможныя матэрыялы, немалая праца — у выніку атрымалася арыгінальная аўтарская работа, якую журы конкурсу адзначыла дыпломам І ступені. Па сутнасці, гэта ўжо быў узор творчасці ў стылі стымпанку.
Ад “ТэхнаЁлкі” да “Гогл-партала”
Акрыленыя поспехам і вельмі зацікаўленыя новым напрамкам, навучэнцы разам з Наталляй Раманавай узяліся за стварэнне серыі работ. Так пабачыла свет эксклюзіўная серыя дэкаратыўных пано з элементамі гадзіннікавых механізмаў з выявамі аўтамабіляў, рыбы, іншых прадметаў і істот — яна выклікала сапраўдны фурор на гарадской выставе тэхнічнай творчасці.
Стымпанк, або парапанк (ад англ. Steampunk), — кірунак навуковай фантастыкі, што мадэлюе цывілізацыю, дзе ў дасканаласці засвоены механіка і тэхналогіі паравых машын і электрычнасці. Сам тэрмін з’яўляецца вытворным слоў “пара” (англ. Steam) і “смецце” (англ. Punk). Стымпанк уяўляе сабой сучасны стыль, які ахоплівае моду, літаратуру, жывапіс, інтэр’ер, кіно, мультыплікацыю, камп’ютарныя гульні і ўжо стаў своеасаблівай субкультурай, якой захоплены не толькі дзеці і падлеткі, але і дарослыя.
Незвычайная справа прывабіла педагогаў і навучэнцаў з іншых аб’яднанняў па інтарэсах. Абрысы агульнага праекта вымалёўваліся ўсё выразней, ён прырастаў новымі пажаданнямі і ідэямі, прагучала і выклікала агульнае адабрэнне назва “Гогл-партал”… Важна, што перспектыўнасць ідэі адразу заўважыла кіраўніцтва.
— У эксперыментальна-творчым праекце “Гогл-партал” мы ўбачылі спосаб фарміравання падзейнай дзіцяча-дарослай агульнасці, — адзначыла метадыст аддзела тэхнічнай творчасці Наталля Ягунёва. — Гаворка ідзе пра арганізацыю той самай першаснай групы, аб’яднанай на аснове эмацыянальна-псіхалагічнай уключанасці, пачуцця агульнасці і прыналежнасці да групы падобных інтарэсаў, каштоўнасцей і сэнсаў, сумеснай дзейнасці. Інавацыйныя працэсы рэалізуюцца сёння практычна ва ўсіх сферах. Не выключэнне і дадатковая адукацыя, дзе інавацыйныя праекты дазваляюць дасягаць якасна новых вынікаў. Менавіта таму ініцыятыва нашых педагогаў па прасоўванні і папулярызацыі маладзёжнай альтэрнатыўнай творчасці ў напрамку стымпанк была ўхвалена кіраўніцтвам і атрымала ўсебаковую падтрымку. Праект “Гогл-партал” стаў інавацыйным мерапрыемствам, якое спрыяла актывізацыі адукацыйнага працэсу і ўкараненню новых сучасных форм арганізацыі адпачынкавай дзейнасці дзяцей і моладзі. Дэвізам праекта стаў слоган “Вырвіся са штодзённасці — удзельнічай у праекце “Гогл-партал”!”. Паводле задумы арганізатараў праекта, стымпанкеры Віцебска павінны былі аб’яднацца, каб у прызначаны час у горадзе адкрыўся віртуальны часавы партал, здольны перанесці ўсіх удзельнікаў у механічны час.
Віцебск у стылістыцы стымпанк
Наступны крок — выраб рэкламна-дэманстрацыйнага макета “Стымпанк-Сіці” — своеасаблівы праект у праекце, яго зыходны пункт і цудоўны піяр-ход! Навучэнцы аб’яднання “Майстар і Ко” Міраслаў Маркушэўскі, Кацярына Раброва і Раман Рабцаў пафантазіравалі на тэму “Якім быў бы Віцебск, калі б наступіў механічны час?”. Для панарамы выкарыстоўваліся даступныя матэрыялы і прылады, уключаючы другасную сыравіну: фанера, полікарбанат, пластыкавая і металічная фурнітура, дэталі механічных гадзіннікаў, дрот, часткі друкарскай платы, папера для выканання чарцяжа, кардон для выканання шаблонаў, скура, карпусы ад старых фламастараў, лямпы напальвання, правады, уключальнік, чорная і бронзавая аэразольныя фарбы, акрылавы ўніверсальны контур, клей і клеявыя стрыжні, скотч, прыпой, флюс… Работа закіпела! Аўтэнтычныя гарадскія шыльды пачатку ХІХ стагоддзя пастараліся перадаць як мага больш дакладна паводле матэрыялаў, знойдзеных Наталляй Раманавай у інтэрнэце. Ратушу аднавілі ў натуральных прапорцыях, астатняе — плён фантазіі аўтараў.
Пры распрацоўцы канцэпцыі праекта і ў працэсе рэалізацыі выконваліся асноўныя прынцыпы функцыянавання падзейнай дзіцяча-дарослай супольнасці: добраахвотнасць удзелу; падзейнасць; роўнасць, дыялог, адкрытае пазіцыйнае ўзаемадзеянне; каштоўнасна-сэнсавае адзінства; агульная дзейнасць.
— Для азнаямлення і ўключэння ў адукацыйны працэс культуры стымпанк удзельнікі праекта ўвялі ў праграмы другога і наступных гадоў навучання раздзел “Праект “Гогл-партал”, — паведаміла Наталля Ягунёва. — Навучэнцы знаёміліся са стылістыкай стымпанку ў тэхніцы, літаратуры, музыцы, архітэктуры, модзе. Удзельнікі праекта вырабілі макеты архітэктурных збудаванняў, мадэлі тэхнікі; арт-аб’екты; аксесуары (гоглы, цыліндры, паясы-гарсэты, чокеры, брошкі), сумкі і іншыя прадметы і аксесуары ў стылі стымпанк. Для дэманстрацыі макета на платформе з убудаваным электраабсталяваннем усталявалі ратушу, домікі, дрэвы, лаўку, рэйкі з трамвайчыкам і замацавалі на падвясным абсталяванні дырыжабль. Электрыфікаваць платформу і зрабіць падсветку дапамог наш электрык Дзмітрый Каранеўскі, а дырыжаблем займаліся ўдзельнікі аб’яднання па стэндавым мадэлізме пад кіраўніцтвам Сяргея Скраблова. Такім чынам, у цэнтры макета паўстае наша ратуша-прыгажуня, над горадам праплывае дырыжабль, па ратушнай плошчы манеўруе прагулачны трамвайчык, дамы гараджан заліты яркім святлом… Зноў жа невыпадкова, бо ХІХ стагоддзе — час вынаходніцтва электрычнасці. Між іншым адзін з аўтараў макета на заўвагу Наталлі Генадзьеўны: “Ты недапрацаваў свой домік, у яго свецяцца сцены” вынаходліва адказаў: “А можа, у мяне там ставіць эксперыменты Нікола Тэсла?!”. Дзякуючы крэатыўнасці юных дызайнераў і іх “погляду ў будучыню з мінулага” (формула стымпанку), старадаўні Віцебск набыў новае аблічча і ператварыўся ў фантастычны “Стымпанк-Сіці”. Гісторыя мае развіццё: мы прадставілі наш “Стымпанк-Сіці” на міжнародны дзіцячы конкурс “Школьны патэнт — крок у будучыню!” у намінацыі “Зрабі свет больш прыгожым!”. Чакаем вынікаў.
Інфармацыйна-рэкламная група педагогаў і навучэнцаў правяла кастынг у форме фотасесіі на вызначэнне лепшай рэкламнай асобы праекта. Яшчэ адна арыгінальная задума: быў створаны рэкламны плакат з выкарыстаннем QR-кода, што дало магчымасць на сайце цэнтра праз спецыяльны дадатак на планшэце ці мабільным тэлефоне атрымаць доступ да матэрыялаў праекта. Гатовую панараму “Стымпанк-Сіці” выставілі ў акне цэнтра, дзе яе маглі падрабязна разгледзець прахожыя. Трэба было бачыць іх рэакцыю: людзі ішлі, бакавым зрокам заўважалі нешта нязвыклае, спыняліся, фатаграфавалі, а потым, заўважыўшы плакат, ішлі па QR-кодзе на сайт, каб даведацца больш. І даведваліся пра ўсе навіны, бо там наладзілі поўную трансляцыю аб ходзе рэалізацыі праекта.
Запрашэнне на “Стымпанк-паці”
Кульмінацыяй праекта стала культурна-забаўляльнае мерапрыемства “Стымпанк-паці” (вечарына). Планаваннем займаліся разам і пастараліся ўлічыць усе дробязі, абмяркоўвалася кожнае пажаданне і прапанова, лепшыя зацвярджаліся. Прыняць удзел у “Стымпанк-паці” мог любы стымпанкер або каманда стымпанкераў з любой установы адукацыі Віцебска. Акрамя таго, запрасілі ўсіх жадаючых. Адпаведна сярод удзельнікаў былі і стымпанкеры, якія даведаліся пра мерапрыемства дзякуючы рэкламе і “Стымпанк-Сіці”. Нават з суседняга Гарадка каманда прыехала — забягаючы наперад, яны і выйшлі ў пераможцы інтэлектуальнай гульні.
Ключавой пазіцыяй у арганізацыі вечарыны была выключная добраахвотнасць. Дзеці і педагогі працавалі і рабілі праекты не таму, што спадзяваліся на пэўныя бонусы ці ўзнагароджанне, — ім проста было цікава.
Кожнаму ўдзельніку давялося грунтоўна падрыхтавацца. На ўваходзе строгі дрэс-код — касцюм стымпанкера або англійскі стыль з элементамі стымпанку, значыць, трэба прадумаць вобраз, падабраць адзенне (а нешта і пашыць), вырабіць аксесуары… Праграма ўключала інтэлектуальную гульню “Пасяджэнне Геаграфічнага таварыства”, выставу работ у стылі стымпанк, дэманстрацыю касцюмаў і аксесуараў, конкурс на лепшы касцюм і аксесуар (гоглы, чокеры, бранзалеты, сумкі, барсеткі); майстар-клас па вырабе брошак ад педагога Ганны Вараб’ёвай, танцавальна-забаўляльную праграму.
— Спецыяльна для інтэлектуальнага конкурсу група навучэнцаў на чале з педагогам Сяргеем Маркавым падрыхтавала пытанні паводле літаратурных твораў, фільмаў, мультыплікацыйных фільмаў, загадзя рэкамендаваных да прачытання і прагляду, — расказала Наталля Ягунёва. — Таксама прапаноўваліся пытанні, якія дазвалялі прадэманстраваць кругагляд з галіны механікі, фізікі, геаграфіі і гісторыі, бо стымпанк — гэта прарыў, рух наперад, развіццё тэхнікі і тэхналогіі стагоддзя электрычнасці і пары, загадкавы і прывабны свет без рухавіка ўнутранага згарання, атамнай энергетыкі і сучасных гаджэтаў. Каманды сабраліся рознаўзроставыя, дзе кіраўнік — ён жа трэнер, ён жа цьютар, ён жа паважаны педагог або актыўны бацька (маці) — запрашаўся для дапамогі ў падрыхтоўцы ўдзельнікамі каманды. Кіраўнік таксама выконваў усе ўмовы правядзення мерапрыемства. У каманд былі незвычайныя назвы — поўнасцю ў стылістыцы “Стымпанк-паці”: “Рытм механізмаў”,“Лорд Байран”,“Калумбія”,“Дырыжабль”. Пераможцы інтэлектуальнай гульні, конкурсу касцюмаў і аксесуараў атрымалі тытул сэра або лэдзі з рук каралевы Вікторыі — апякункі стымпанкераў, гэтую ролю выканала член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Таццяна Лабунова. Дзякуючы праекту “Гогл-партал”, навучэнцы аддзела тэхнічнай творчасці сур’ёзна і надоўга захапіліся гэтым сучасным, модным і цікавым напрамкам, набылі многа новых, карысных ведаў і ўменняў, і ў зусім незвычайнай форме арганізавалі і правялі свой вольны час.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена аддзелам тэхнічнай творчасці Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.