Дакладна вядома, што майстрамі кунг-фу не нараджаюцца. Артыстамі — таксама. А вось стаць можна, і ў гэтым дапаможа праграма “PROсвет”, якую рэалізавалі педагогі сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”. Яе фішка ў тым, што праграма рэзаніруе з вядомым радком “Не трэба саромецца”.
Канцэпцыю распрацавалі дырэктар цэнтра Валянціна Мікалаеўна Румава, педагог-арганізатар Таццяна Іванаўна Ярмашук і загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Ірына Сяргееўна Гнюсевіч. Сутнасць у тым, каб дапамагчы навучэнцам “Ветразя” перамагчы страх перад сцэнай. “PROсвет” у Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня быў узнагароджаны дыпломам II ступені ў намінацыі “Шосты дзень — тэрыторыя ідэй”.
— На першы погляд наша задума вельмі простая — расказвае Валянціна Мікалаеўна. — Дзеці, калі прыходзяць займацца творчасцю, як правіла, не маюць сцэнічнага вопыту. І каб паўдзельнічаць у тэатральнай пастаноўцы, выканаць песню або танец, ім неабходна настроіцца, падрыхтавацца да выхаду на публіку, адкінуць сарамлівасць. Сцэна — асаблівая пляцоўка, якая ўжо прадугледжвае пэўнае майстэрства. І менавіта на нашых суботніх “PROсветах” мы даём дзецям магчымасць атрымаць першы сцэнічны вопыт, лёгка прайсці этапы заціскаў і сарамлівасці. Здавалася б, проста выйшаў, стаў і праспяваў. На справе гэта нялёгка даецца нават дарослым.
Менавіта для таго, каб навучыць хлопчыкаў і дзяўчынак атрымліваць задавальненне ад сваіх выступленняў, дапамагчы ім пераадолець псіхалагічныя бар’еры, і дзейнічае суботняя культурна-адукацыйная пляцоўка “PROсвет”.
Толькі знайшоўшы падыход да кожнага дзіцяці, можна дасягнуць жаданага эфекту. Тут не абысціся без падтрымкі, заахвочвання і даверлівых адносін паміж выхаванцамі і педагогамі.
— Мы правільна матывуем сваіх падапечных. Праводзім свайго роду псіхатэрапеўтычную работу. Яе галоўныя складнікі — гуманістычныя метады, каманднае ўзаемадзеянне і педагагічная падтрымка. І яны выдатна працуюць. Калі ў пачатку года ў многіх у групе прысутнічаюць заціскі, страх публікі, то бліжэй да канца ўся сарамлівасць знікае. Дзякуючы “PROсвету”, дзеці ператвараюцца ў маленькіх артыстаў, — адзначыла дырэктар цэнтра.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.