Пра сакрэты экасвету

Чым з карысцю для сябе і планеты заняцца ў вольны час? Як педагогу ва ўмовах дэфіцыту часу павысіць узровень экалагічных ведаў? Ці можна стаць эколагам, будучы школьнікам? Можна, калі стаць анлайн-студэнтам.

Не так даўно ў Беларусі была запушчана першая дыстанцыйная школа па экалагічна дружалюбным ладзе жыцця. Для “паступлення” на адукацыйны курс трэба было ўсяго толькі зарэгістравацца на сайце study.ecoidea.by, іншых умоў арганізатар школы — Цэнтр экалагічных рашэнняў — для абітурыентаў не ставіў. Стаць студэнтам мог кожны жадаючы незалежна ад узросту, адукацыі і нават месца жыхарства. Галоўнае — мець жаданне і крыху вольнага часу для выканання заданняў. Ды і перавага новай формы экалагічнай адукацыі відавочная: кожны студэнт можа самастойна планаваць сваю нагрузку, выбіраць час для заняткаў, раўнамерна размяркоўваць для сябе вялікі аб’ём новай інфармацыі.
Адукацыйны курс складаўся з сямі ключавых тэм. Найбольш цікавымі сталі пытанні выбару карысных прадуктаў і бяспечных тавараў — цацак, бытавой хіміі. Цікавілі слухачоў асноўныя хітрасці, якімі карыстаюцца вытворцы для прасоўвання сваіх тавараў як экалагічна дружалюбных.
— Вельмі ўсхвалявала нашых студэнтаў тэма веласіпеднага руху. Ці можна ў школу ездзіць на веласіпедзе і дзе яго прыпаркаваць? Якое выйсце можа быць у тых, хто павінен прытрымлівацца дрэс-коду? Ці можна паўплываць на колькасць велаінфраструктуры ў горадзе? На гэтыя і многія іншыя пытанні мы разам шукалі адказы, — расказвае кіраўнік школы Дар’я Чумакова.
Удзельнікі школы актыўна ўключаліся ў адукацыйны працэс, падтрымлівалі “зялёныя” ініцыятывы і праекты. Напрыклад, дапамагалі запаўняць “зялёную карту” (электронны рэсурс www.greenmaр.by, які акумулюе інфармацыю пра пункты збору адходаў у розных гарадах), шукалі спосабы эканоміі рэсурсаў і энергіі дома, у сваіх установах адукацыі, офісах.
Усяго ў анлайн-школе адначасова вучыліся каля 350 чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў. Слухалі відэалекцыі, вывучалі тэматычную літаратуру, актыўна ўзельнічалі ў абмеркаваннях, задавалі пытанні трэнерам і выконвалі дамашнія заданні нават настаўнікі!
— Я з задавальненнем удзельнічала ва ўсіх уроках анлайн-школы і дакладна ведаю, што гэтыя веды змагу выкарыстоўваць і на сваіх занятках з дзецьмі, і ў сваім што-дзённым жыцці. Любая тэарэтычная інфармацыя заўсёды падмацоўвалася прыкладамі, парадамі і рэцэптамі — гэта вельмі важна, — дзеліцца ўражаннямі настаўніца пачатковых класаў Руднецеляшоўскай базавай школы Гомельскага раёна Надзея Міхайлаўна Лебедзева. — Акрамя таго, мне заўсёды цікава ўдзельнічаць у такіх пазнавальна-адукацыйных праектах, а тут яшчэ і цікавая форма падачы ведаў.
Дыстанцыйны фармат курса дазволіў падключыцца да анлайн-школы ўсім зацікаўленым, таму геаграфія ўдзельнікаў аказалася вельмі шырокай. Удзел прымалі людзі са сталіцы, абласных і раённых цэнтраў, невялікіх гарадоў і нават вёсак.
— Вельмі прыемна, што на гэты раз мы змаглі дастукацца і да тых людзей, тых мясцін, куды не можам даехаць з жывымі семінарамі і сустрэчамі. Мы падарылі ўсім жадаючым магчымасць атрымліваць ад нас актуальную правераную інфармацыю, — каментуе кіраўнік анлайн-школы. — Нам асабліва прыемна было разумець, што ўдзел прымалі не толькі беларусы, але і людзі з іншых краін — такіх было некалькі чалавек. Некаторыя ўдзельнікі падчас нашай вучобы пастаянна падарожнічалі: адна са студэнтак аб’ехала некалькі краін, пры гэтым яна добрасумленна выконвала ўсе заданні анлайн-школы.
Вельмі важным плюсам адукацыйнага курса стала тое, што ўдзельнікі маглі атрымаць не толькі агульную інфармацыю, але і задаць спецыялістам свае канкрэтныя пытанні, атрымаць кваліфікаваную дапамогу.
Навучанне першай групы студэнтаў скончана, аднак матэрыялы дыстанцыйнай школы знаходзяцца ў адкрытым доступе для ўсіх зарэгістраваных удзельнікаў. Арганізатары анлайн-школы плануюць запусціць “прасунуты” ўзровень школы па экалагічна дружалюбным ладзе жыцця, а ў будучыні закрануць і іншыя тэмы, напрыклад, энергазберажэнне.

Вольга АСТАПОВІЧ.