Пра сакрэты экасвету

Апошнія гады імёны нашых юных эколагаў загучалі асабліва часта, у тым ліку і ў міжнародным навуковым асяроддзі. Пра сакрэты поспеху ў кірунку экалагічных даследаванняў і тых праблемах, якія прыходзіцца пераадольваць педагогам і іх навучэнцам на шляху да вышынь, мы гутарым з педагогам Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Іванам Анатольевічам Рускіх, выхаванцы якога раз за разам прывозяць перамогі з самых прэстыжных міжнародных экалагічных спаборніцтваў.

Прафесійная адукацыя ў крокавай даступнасці

Вопыт удзелу майго суразмоўніка ў дадатковай адукацыі пачынаецца з 6 класа, калі ён сам прыйшоў на Цэнтральную станцыю юных натуралістаў Беларусі (сучасны Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства), дзе займаўся ў навуковым аб’яднанні навучэнцаў “Генетыка і селекцыя” пад кіраўніцтвам выбітнага селекцыянера Алега Георгіевіча Давыдзенкі. Іван Анатольевіч добра ведае нюансы дадатковай адукацыі не толькі як навучэнец, але і як педагог —18 гадоў назад ён пераняў ад свайго настаўніка кіраўніцтва аб’яднаннем.
У тым, што ў кірунку даследчай работы будучыня менавіта за дадатковай адукацыяй, Іван Анатольевіч ніколькі не сумняваецца. Па яго словах, для кожнага дзіцяці гурток — задавальненне яго дапытлівасці, цікавасці, якое потым, як паказала практыка, часта перарастае ў прафарыентацыю.
“Гэта вялікая справа — да паступлення блізка пазнаёміцца з тым, што сабой уяўляе біялагічная адукацыя і ў прыватнасці выбраны кірунак, — гаворыць Іван Анатольевіч. — Калі дзеці прайшлі праз дадатковую адукацыю і прымаюць рашэнне паступаць у профільную ўстанову, пасля яе заканчэння яны сапраўды становяцца спецыялістамі, якія паказваюць дастойныя вынікі. Не менш важна і тое, што нехта расчараваўся ў прафесіі, пра якую мроіў, — у яго будзе іншы шанс знайсці справу па душы. Я падтрымліваю кантакты і са сваімі выхаванцамі, і з тымі, хто прымаў удзел у экалагічных і праектных алімпіядах, канферэнцыях, адсочваю іх прафесійныя лёсы. З іх ужо даўно выраслі спецыялісты, якія запатрабаваны і ў Беларусі, і за мяжой, ніхто з іх не згубіўся, ніхто не застаўся без справы.
Не згубяцца і атрыманыя веды, нават калі яны і не спатрэбяцца ў прафесіі: эрудзіраванасць патрэбна кожнаму. Сёння ў нас развіваецца спецыялізацыя сярэдняй адукацыі, у прыватнасці вяртаюцца спецыяльныя класы, профільныя ліцэі і гімназіі, але зрабіць іх у крокавай даступнасці для ўсіх жадаючых немагчыма, і якраз дадатковая адукацыя дае дзецям шанс паглыблена вывучаць выбраны кірунак. Тэарэтычныя заняткі ва ўстановах дадатковай адукацыі вядуцца на вельмі высокім узроўні. Напрыклад, тэорыя, якую мы даём у гуртку “Селекцыя і генетыка”, — гэта праграма агульнага курса генетыкі, які чытаецца на трэцім курсе біялагічнага факультэта, толькі крыху спрошчаная. Акрамя таго, каб падрыхтаваць навучэнца да ўспрымання гэтых ведаў, трэба даць яму дадатковыя веды па біяхіміі, сістэматыцы, батаніцы, заалогіі і многіх іншых курсах.
А ўжо калі дзіця хоча атрымаць вопыт навукова-даследчай дзейнасці, то ў гэтым кірунку ўстановы дадатковай адукацыі амаль манапалісты. Фактычна нідзе больш навучэнцы не могуць атрымаць легальны праграмны вопыт навукова-даследчай работы. Ёсць толькі некалькі дастойных аб’яднанняў у школах”.

Перспектыва ўласнага адкрыцця

Канечне, калі педагог мае за плячыма багатую матэрыяльную і метадычную спадчыну сваіх папярэднікаў, вопыт педагагічнай навуковай работы, рухацца наперад прасцей, як у выпадку Івана Анатольевіча. Але для таго каб рабіць крокі, трэба ведаць сакрэты і тонкасці. Па-першае, па словах педагога, поспехі прасцей рабіць у перспектыўных галінах: напрыклад, кірунак генетыкі і селекцыі па вызначэнні ўжо інавацыйны. Па-другое, любая работа павінна мець прыктычную накіраванасць.
“Для дзіцяці фундаментальныя даследаванні не вельмі цікавыя, бо кругагляд школьніка не дазваляе ахапіць яго значнасць, — лічыць педагог. — Акрамя таго, любое фундаментальнае даследаванне, як правіла, шматгадовае. А дзіця больш накіравана на практычны вынік, які пажадана атрымаць хутка. Таму мы ставім мэтай мікраадкрыцці. Іх тэма павінна быць абсалютна новай у адрозненне ад студэнтаў, якім часта даручаюць кавалачак агульнай работы лабараторыі. Можа, і ў гэтым няма нічога дрэннага, урэшце, ёсць свае нюансы, кліматычныя і мясцовыя ўмовы і інш. Але дзіця загараецца толькі ад сваёй ідэі, перспектывы зрабіць уласнае адкрыццё. З такой матывацыяй дзіця можа звярнуць горы, дзень і ноч не выкідвае з галавы ідэю — якія там адведзеныя праграмай гадзіны? Мая задача як кіраўніка — убачыць, што менавіта дзіцяці будзе цікава. Зацікаўленыя дзіцячыя вочы і ёсць падстава спадзявацца на поспех. Гэта адчуваецца і падчас работы з ім, і падчас яго абароны праекта на міжнародных конкурсах. А калі яно горача расказвае двум дзясяткам экспертаў, як праводзіла работу, якіх вынікаў дасягнула, гэта не можа застацца незаўважаным”.
Карысць ад адкрыцця павінна адчуць шырокая аўдыторыя, а не толькі калегі юнага даследчыка. Так, для выхаванкі Івана Анатольевіча Таццяны Пасько высветліць, якога колеру бывае кукуруза, стала толькі пачаткам даследавання. Тое, што кукуруза можа быць і белай, і чырвонай, і сіняй, і чорнай, і ўсіх адценняў вясёлкі, і ў крапінку, і ў рысачкі — стала адкрыццём прыватным, так бы мовіць, для сябе. Параўнаўшы склад раслін, дзяўчына высветліла, што менавіта чорная кукуруза ўтрымлівае рэкордную колькасць флаваноідаў і іншых карысных рэчываў, якія змагаюцца са старэннем і нават анкалагічнымі захворваннямі. Гэта арыенцір не толькі для селекцыянераў, агароднікаў, медыкаў, дыетолагаў, але і для любога чалавека. Гэтая вестка разляцелася па ўсім свеце разам з вынікамі XXII Міжнароднай экалагічнай алімпіяды экалагічных праектаў INEPO, дзе дзяўчына ўзяла залаты медаль.
Трэба сказаць, што гурткоўцы даўно сканцэнтраваліся на тым, каб вяртаць гатункам іх біялагічную каштоўнасць, якая заключаецца ў тых уласцівасцях, якія гатункі прынеслі ў ахвяру ў пагоні за прадукцыйнасцю. Напрыклад, Саша Дамінікан высветліў, што чорнанасенная фасоля значна пераўзышла беланасенную па ўтрыманні ў лупіне антыаксідантаў. Зараз у цэнтры ствараюцца гатункі спаржавага цукровага гароху з чорнымі створкамі, і есці трэба менавіта іх, прычым сырымі, што захавае поўнасцю ўласцівасці культуры. Ксенія Уладыка стварыла ўнікальныя для ўсяго свету лініі такога гароху і на днях як пераможца нацыянальнага адбору павязе гэтую работу ў Тбілісі на міжнародны конкурс навуковых работ.
Тэма здаровага ладу жыцця заўсёды актуальная незалежна ад часу ці краіны пражывання. Тут важна і агульная падрыхтоўка, эрудыцыя, бо, калі праект абараняецца, ацэньваецца і валоданне мовай, і веданне тэорыі, уменне падтрымаць навуковую дыскусію. За той аб’ём гадзін, які прадугледжаны праграмай, даць неабходны аб’ём ведаў немагчыма. А можа, гэта і не трэба: гурток не павінен быць адзінай крыніцай атрымання ведаў.
Што тычыцца даследчай дзейнасці, то да яе вядомы выраз “Галоўнае не перамога, галоўнае — удзел” не падыходзіць. Якраз яе ацэнка экспертамі тут вызначальная. На міжнародны ўзровень трапляюць усе годныя работы — яны ж пераможцы нацыянальных адборачных конкурсаў. А ў тым, што беларускія дзеці заўсёды ў лідарах, мой суразмоўца не бачыць нічога дзіўнага: “У нас захавалася спадчына ад савецкай адукацыі. Хоць наша адукацыя сарыентавалася на правільнае рашэнне тэстаў, а не на грунтоўныя веды, у настаўнікаў майго веку і старэйшых захавалася імкненне навучыць не толькі выбіраць правільныя адказы ў тэстах, а выхоўваць эрудзіраваных вучняў, развіваць у іх логіку, уменне разважаць. Я кожны раз слухаю дыскусію нашых выхаванцаў і здзіўляюся: адкуль яны столькі ведаюць? Нават калі мы гэта з імі не абмяркоўвалі — пра гэта яны даведваюцца самастойна. А вось іх замежныя равеснікі, наадварот, маюць вельмі вузкую накіраванасць, якую атрымліваюць у школах вельмі рана. Іх вымуштравалі на пэўныя адказы на пытанні, якія могуць прагучаць. А адхіліся крыху ўбок — яны слова не скажуць. За ўменне мысліць шырока, комплексна нашых вучоных любяць за мяжой”.
Як адзначыў Іван Анатольевіч, не менш важная і тая работа, якая будзе актуальная не цяпер, а праз нейкі час. Напрыклад, Алеся Аляксандраўна Шавялёва, кіраўнік навуковага аб’яднання навучэнцаў “Батаніка” РЦЭіК, асістэнт кафедры батанікі біялагічнага факультэта БДУ, з дзецьмі з Лунінца даследуе шалфей — не лекавыя ўласцівасці (яны шырока вядомы), а іншыя, напрыклад, вітамінізацыю кармоў для сельскай гаспадаркі. У перспектыве ў іх — маштабная работа ў межах краіны. Дабаўленне ў камбікорм сушанага шалфею — таннай і простай у вырошчванні культуры — можа стаць альтэрнатывай замежным антыбіётыкам, гармонам і іншым дабаўкам. Алеся Аляксандраўна ўжо стварыла навуковую базу для арганічнага земляробства. Яна працуе на перспектыву, тым больш у звязцы з дзецьмі. Калі такая работа будзе эканамічна-актуальнай для нашай краіны, з дзяцей вырастуць спецыялісты, якія змогуць прымаць удзел у распрацоўках і ўкараняць іх, бо будуць тэарэтычна, метадычна і, галоўнае, ментальна падрыхтаваны да такой работы.

Не падабраў абсталявання — падбяры тэму

“Калі я сустракаюся з педагогамі дадатковай адукацыі ў рэгіёнах, яны часта наракаюць, маўляў, у вас у Мінску ўсё добра: абсталяванне ёсць, сувязі ва ўніверсітэтах — таксама, — гаворыць Іван Анатольевіч. — Так, нам пашанцавала. Ва ўсялякім выпадку, мы можам выбраць такія праекты, якія можна весці з выкарыстаннем спецыяльнага абсталявання, бо яно ў нас ёсць. Але не ўсе праекты патрабуюць спецыяльнага абсталявання: цікавыя работы могуць быць і без яго. І прыкладаў такіх шмат. Напрыклад, настаўніца геаграфіі Ірына Мікалаеўна Пічугіна з гімназіі № 1 Жодзіна стварыла цудоўную школу па праектнай дзейнасці, хоць асаблівых умоў яна не мае. Яе выхаванцы прапанавалі свае ідэі па ўтылізацыі апалай лістоты, стварыўшы з яе паліўныя брыкеты, даследавалі ўзаемасувязь паміж нашым гардэробам і яго ўплывам на навакольнае асяроддзе, у прыватнасці разлічылі ўрон, які наносяць землям Беларусі залежы сінтэтычнага імпарту. Гэта былі залатыя медалі на міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў. Цудоўная ў жодзінцаў была работа па атрыманні біягазу з тапінамбуру, які пераўзыходзіць па эфектыўнасці кукурузу, самую папулярную сыравіну ў свеце для біягазавых установак. Гэтая ідэя не новая, ёй займаліся многія вучоныя, у прыватнасці з батанічнага саду, але практычнага прымянення яна не атрымала. Школьнікі ж знайшлі рашэнне прама ў школе: для вырошчвання культуры ім дастаткова было прышкольнага ўчастка, а для доследаў — звычайных прабірак.
Але пры ўсім гэтым я не кажу: не маеце абсталявання — не трэба. Канечне, было б добра, каб у нас быў, напрыклад, агульны рэсурсны цэнтр, у якім школьнікі маглі б браць у карыстанне любое абсталяванне ці праводзіць на яго базе свае даследаванні. Канечне, гэта б павялічыла якасць выканання работ, пашырыла б іх спектр. У той жа час, пакуль мы пра яго марым, мы ўжо прапаноўваем сваім калегам умовы нашай лабараторыі”.
Не менш актуальная праблема для кіраўнікоў навукова-даследчых таварыстваў — метадычны дэфіцыт. Калі матэрыялы па агульнай адукацыі педагогі знайсці яшчэ могуць, то ў практычным плане часта бываюць вялікія праблемы. У прыватнасці, многія не ведаюць, як курыраваць навуковы праект, якія ў яго этапы, чым ён адрозніваецца ад вучэбнага. Як педагог вядучай у гэтым кірунку ўстановы дадатковай адукацыі Іван Анатольевіч імкнецца дапамагаць у гэтым сваім калегам. Не толькі ў прыватным парадку — нумар яго мабільнага ёсць у многіх педагогаў з розных рэгіёнаў. Шмат пытанняў паспяхова вырашае дыстанцыйнае навучанне.
“Акрамя таго, у практыку цэнтра ўвайшлі анлайн-заняткі, вэбінары, наладжана зваротная сувязь,— падагульняе спецыяліст. — У асноўным гэта тэарэтычная падрыхтоўка — практычныя заняткі на адлегласці не правядзеш. Але ў перспектыве РЦЭіК і практычныя заняткі з тымі, хто дыстанцыйна вучыцца, каб яны маглі пэўную частку заданняў, больш простую, выконваць у сябе на месцах, а для больш дасканалай прапрацоўкі прыязджаць па выхадных і займацца ў цэнтры. Праўда, у маіх выхаванцаў сёлета ажно сем праектаў, але, калі бачу непадробную зацікаўленасць педагогаў, абавязкова буду знаходзіць час на работу з імі”.

Святлана НІКІФАРАВА.