Пра спорт для субот

Прапанаваць школьнікам дастойную альтэрнатыву суботняму адпачынку дома — задача не з лёгкіх. Дапамогуць нестандартныя задумы і творчы падыход. Сюды ж дабаўляем разнастайнасць актыўнасцей, каб кожны выбраў нешта па душы. Урачыстыя мерапрыемствы — выдатна. Аб’яднанні па інтарэсах — абавязкова! Спартыўныя секцыі — куды ж без іх?

Фота з асабістага архіва Таццяны Зеляньковай і Ігара Сігневіча.

Кірмаш талентаў

Бараўлянская сярэдняя школа № 3 Мінскага раёна з упэўненасцю ставіць птушачку насупраць кожнага з пунктаў. Тут праграму па арганізацыі шостага школьнага дня распрацоўвае спецыяльная творчая група, куды ўваходзяць педагогі і актывісты. Менавіта за кошт сплаву маладосці і вопыту нараджаюцца, а затым увасабляюцца ў жыццё цікавыя праекты.

— Субота — найбольш спрыяльны дзень для арганізацыі вольнага часу, — расказала педагог-арганізатар Таццяна Аляксандраўна Зелянькова. — Гэта магчымасць далучыць навучэнцаў да валанцёрскай дзейнасці і грамадскіх ініцыятыў, прывіць ім любоў да спорту. Хтосьці проста адпачывае ад вучэбнага працэсу, а хтосьці імкнецца праявіць свае таленты. Дзеці нават сумуюць, калі не атрымліваецца наведаць нас у выхадныя.

Як правіла, падзеі прымеркаваны да рэспубліканскіх і міжнародных свят. Напрыклад, нядаўна ў сценах нашай навучальнай установы прайшоў зімовы кірмаш. Атрыманыя грошы мы пералічылі ў Беларускі дзіцячы фонд і ў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Пачатковыя класы адказвалі за выпечку і продаж кулінарных вырабаў, а старшакласнікі ўдзельнічалі ў конкурсе навагодніх касцюмаў.

На ўрок і на гурток

У бараўлянскай сярэдняй школе № 3 паспяхова рэалізуецца праект безбар’ернага асяроддзя, каб дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі таксама маглі праводзіць з аднагодкамі як мага больш часу. На базе ўстановы дзейнічаюць разнастайныя творчыя аб’яднанні і спартыўныя секцыі, якія вядуць педагогі і запрошаныя спецыялісты.

— Ёсць студыі выяўленчага мастацтва, квілінг, брэйк-данс, чырлідынг, тэатральнае майстэрства, харэаграфія, народныя спевы, — пералічвае Таццяна Аляксандраўна. — Дзецям вельмі падабаюцца такія актыўнасці. Нашы педагогі шукаюць актуальны і цікавы матэрыял, а падапечныя з задавальненнем яго асвойваюць.

Традыцыйна папулярнасцю карыстаюцца секцыі па гульнявых відах спорту: футболе, баскетболе, валейболе. У нас створаны ўсе ўмовы і для заняткаў настольным тэнісам, плаваннем, працуе сучасная трэнажорная зала. Восенню і летам практыкуем велатурызм. Дзякуючы такой колькасці аб’яднанняў па інтарэсах, некаторыя дзеці прыходзяць у школу раніцай, а сыходзяць вечарам: спачатку ўрокі, а потым гурткі і трэніроўкі.

З хлопчыка ў мужчыну

У 2018 годзе ў школе стартаваў рэспубліканскі праект “Тата-зала”. Ён створаны, каб дапамагчы бацькам арганізаваць сумесны вольны час з іх дзецьмі і прыцягнуць да заняткаў фізкультурай. Курыруе гэтую ініцыятыву пяціразовы чэмпіён свету па гіравым спорце Ігар Уладзіміравіч Сігневіч, дзеці якога таксама вучацца тут.

— Развітая інфраструктура школы дазваляе выкарыстоўваць трэнажорную залу і басейн як у вучэбным працэсе, так і ў арганізацыі грамадскай дзейнасці, — расказаў Ігар Уладзіміравіч. — Сут­насць ініцыятывы “Тата-зала” заключаецца ў тым, што дзеці разам з бацькамі займаюцца па сучасных методыках, якія спатрэбяцца ў штодзённым жыцці. За кошт гэтага можна вырашыць некалькі ключавых задач: даць правільнае выхаванне, а таксама наладзіць зносіны паміж членамі сям’і ў нефармальнай атмасферы. Яшчэ адна фішка: калі звычайныя наведванні трэнажорнай залы і басейна трэба аплачваць, то “Тата-зала” гарантуе ўвесь спектр паслуг абсалютна бясплатна.

— У гэтым навучальным годзе асноўны акцэнт зроблены на спецыяльную падрыхтоўку — практыкаванні дваябор’я і доўгі цыкл. Таксама не забываем і пра кардыятрэніроўкі, практыкуем работу на трэнажорах і з аблегчанымі гірамі. Асноўная мэта — агульнае развіццё не толькі ў гіравым кірунку, але і ў іншых дысцыплінах. Мы імкнёмся да ўніверсальнасці: адзінаборствы, абцяжарванні, функцыянальная нагрузка — усё гэта ўмацоўвае арганізм і спрыяе правільнаму фарміраванню асобы.

Далей — больш!

Акрамя правядзення трэнінгаў і майстар-класаў, Ігар Уладзіміравіч часта запрашае на заняткі яркіх асоб, якія могуць падзяліцца вопытам. Напрыклад, заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь па боксе Магамеда Нурутдзінава і яго таварыша — сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў у Афінах Магамеда Арыпгаджыева.

— Тытулаваныя спартсмены з радасцю адгукнуліся на маю просьбу. Раней мы разам працавалі над іншымі праектамі, накіраванымі на развіццё фізічных навыкаў у моладзі. Таксама займаліся выхаваннем цяжкіх падлеткаў у рамках ініцыятывы “Добрае сэрца”.

З верасня 2021 года Магамед Нурутдзінаў фарміруе групы з навучэнцаў школы і праводзіць трэніроўкі па боксе. Яго ўзровень і дасягненні дадаткова матывуюць аўдыторыю. І гэта толькі пачатак. Мы пастаянна запрашаем выдатных атлетаў, якія дапамага­юць дзецям развівацца і фізічна, і ментальна. Далей — больш!

Мы ўзялі за аснову нестандартныя дысцыпліны: бокс і гіравы спорт. Усё пачалося з паказальных выступленняў лепшых гіравікоў нашай краіны — прадстаўнікоў нацыянальнай каманды. Гіравы спорт найбольш універсальны, таму што не патрабуе ніякіх выдаткаў. Для ператварэння хлопчыкаў у мужчын неабходна ўсяго некалькі снарадаў.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.