Жодзіна — адзін з самых маладых і перспектыўных гарадоў Беларусі. Але, нягледзячы на невялікі гістарычны шлях, гораду ёсць чым і кім ганарыцца. Пачэснае месца сярод вядомых людзей горада займае Генадзь Пузанкевіч. Ён знаёмы школьнікам як таксідэрміст, падарожнік і прыродазнавец, а таксама як чалавек, які заўсёды цягнецца да нечага новага, таямнічага і незвычайнага.
У гэтым годзе 1 студзеня Генадзю Канстанцінавічу споўнілася 60 гадоў, і нядаўна ён зноў здзівіў усіх сваім талентам і неўтаймаванай энергіяй. Гэтым разам падарункам ад яго стала персанальная фотавыстава. Вучні 9 і 10 класаў дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна з энтузіязмам збіраліся на выставу знакамітага выпускніка школы, бо ведалі, што сустрэчы з Генадзем Канстанцінавічам сумнымі не бываюць.
Іх прадчуванні спраўдзіліся. Генадзь Канстанцінавіч расказаў гісторыю свайго станаўлення як фатографа, якая пачалася з 11 гадоў, а таксама пра здымкі плёначным фотаапаратам і пра якасці і ўменні, якімі трэба валодаць, каб зрабіць здымак птушкі ў палёце або дзікай жывёлы ў руху.
Найбольшае захапленне выклікалі фатаграфіі з жыхарамі прыроды. І гэта нядзіўна! Бо думка падлеткаў аб тым, што чалавек, які жыве з імі ў адным горадзе, змог сфатаграфаваць у прыродзе, у джунглях жырафа, слана, тыгра, лемура, зебру, чарапаху і многіх іншых, здаецца нерэальнай.
Не засталіся без увагі вучняў і цудоўныя пейзажы. Школьнікі заміралі практычна перад кожным фотаздымкам, любуючыся незвычайнымі дрэвамі, кветкамі, заходам сонца і вясёлкай над возерам. Майстар так цікава расказваў пра гэтыя дзівы прыроды, што ў слухачоў узнікала непераадольное жаданне ўбачыць усё гэта ўжывую. Магчыма, у будучыні, успамінаючы аповеды Генадзя Канстанцінавіча, хтосьці з сённяшніх падлеткаў зможа наведаць мясціны, па якіх падарожнічаў знакаміты зямляк.
Асобнай зонай на выставе прадстаўлены побытавыя здымкі, на якіх адлюстраваны жыхары тых краін, у якіх пабываў Генадзь Канстанцінавіч. Школьнікі захоплена слухалі аповеды вандроўніка пра лоўлю васьміногаў, пра прадаўцоў лангустаў, пра канібалаў:
— Калі першы раз сустрэўся з прадстаўнікамі племені масаяў, не ўтайваю: было крыху страшна. Але хутка зразумеў, што паводзіць сябе трэба ўпэўнена і спакойна. Напрыканцы падорожжа я нават пасябраваў з важаком і ён запрасіў мяне начаваць у сваё жытло. А гэта знак найвышэйшай павагі.
Словы Генадзя Канстанцінавіча прымусілі ўсіх задумацца пра тое, наколькі незвычайны і разнастайны свет, у якім мы жывём, і колькі цікавага і нязведанага можна пабачыць, калі не сядзець на адным месцы.
Прыемным дадаткам да фотавыставы былі зробленыя аўтарам чучалы ваўка і кракадзіла. Дарэчы, трэба адзначыць, што ў 2018 годзе вучні наведвалі выставу Генадзя Канстанцінавіча “Дзікі свет вачыма падарожніка”, на якой былі прадстаўлены калекцыі чучал разнайстайных птушак і матылькоў.
Па дарозе дадому хлопчыкі і дзяўчынкі яшчэ доўга абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае. І, напэўна, калі ім яшчэ раз выпадзе магчымасць сустрэцца з гэтым незвычайным чалавекам, яны яе абавязкова выкарыстаюць.
Наталля ШЭПЕЛЕВІЧ,
настаўніца гісторыі і кіраўнік школьнага музея дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна.