Прыродныя матывы

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад зроблены сваімі рукамі сувенір ці звязаны світар хутчэй быў сведчаннем татальнага дэфіцыту, і таму рукадзельніцам не заставалася нічога іншага, як ствараць індывідуальныя рэчы сваімі рукамі. Але з таго часу ўсё цалкам змянілася: прамысловасць прапануе столькі ўсяго, што ўся гэтая разнастайнасць нас ужо не радуе. Хочацца акружыць сябе рэчамі з характарам, з уласным стылем. Ужо чвэрць стагоддзя надаваць вырабам гэты самы стыль і характар вучыць дзяцей Кацярына Самчук, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці Лунінца. Апошнім часам увагу выхаванцаў захапіў вельмі папулярны сёння матэрыял фааміран.

Спачатку Кацярына Сяргееўна ў сваім аб’яднанні па інтарэсах “Оч.умелые ручки” вырабляла з дзецьмі карціны, пано, кампазіцыі, калажы і з падручнага матэрыялу, і з прыроднага.  Але часам хочацца змяніць прыглушаныя прыродныя фарбы на больш яркія, а замест кары і шышак тварыць з матэрыяламі мяккай тэкстуры. Ды яшчэ і інтэрнэт якраз застракацеў шэдэўрамі з фаамірану. У выніку, змяніўшы засушаныя кветкі на кветкі “як жывыя”, аб’яднанне перайменавалі ў “Фам-фларыстыку”.

“Спачатку мы з дзецьмі толькі разбаўлялі прыродны матэрыял фааміранам, асабліва там, дзе неабходна было замяніць кветкі — з гэтага матэрыялу яны выглядалі як жывыя, засушаныя тут значна саступалі. А потым цалкам перайшлі на работу з фааміранам. Гэта вельмі практычны ў выкарыстанні матэрыял: лёгка паддаецца тэрмаапрацоўцы, вільгацеўстойлівы, а галоўнае, бяспечны для дзяцей, — расказвае педагог. — Работы кожны раз усклад­няюцца: пачынаем з крокусаў, пралесак, далей ствараем браткі, дзе неабходна прарысоўка, апрацоўка краёў пялёсткаў.

Калі нам трэба зрабіць пялёсткі для валошак, расціраем іх краі — гэта добрая гімнастыка для пальцаў”.

У прыродзе не бывае лісточкаў ці пялёсткаў аднаго тону, таму юныя мастачкі імкнуцца ў сваіх работах паўтараць прыродныя колеры. На адным пялёстку ў іх можа быць па некалькі адценняў аднаго колеру.

“Таніраванне сухой пастэллю стварае больш мяккія колеры, дае магчымасць паўтараць прыродныя пераходы колеру, тоны і паўтоны. Масляная ж пастэль больш насычаная, таму ёй мы робім адбіткі пражылкаў і падкрэсліваем іх. Так пялёсткі і лісточкі атрымліваюцца больш рэалістычнымі”, — тлумачыць асаблівасці каларыстыкі Яна Кнырэвіч.

“Я вучылася ў лепшых майстроў фларыстыкі. Сярод іх — Галіна Макеева з Мінска. Яна праводзіла для ўсіх жадаючых бясплатныя майстар-класы, тлумачыла ўсе тонкасці справы. На YouTube вельмі шмат ролікаў па стварэнні адной і той жа кветкі. Я іх усе праглядваю, раблю ўзоры, каб знайсці тыя нюансы, якія могуць быць перашкодай у рабоце з дзецьмі, і спрашчаю выраб пад узрост сваіх навучэнцаў, пад іх уменні. А аднойчы была сітуацыя, калі дзяўчаты паспрабавалі самі па відэароліках зрабіць кветкі. Я папрасіла пасля гэтага паказаць іх вырабы. Але яны не прынеслі, сказалі, што складаная падача інфармацыі. Так, відэаролікі разлічаны на дарослых рукадзельніц. Іх трэба адаптаваць для дзяцей”.

Педагог вучыць дзяўчат да любой работы падыходзіць творча, а не проста паўтараць створанае некім.

“Я заўсёды за эксперыменты. Дзеці ўносяць свае прапановы на любым этапе работы. У кагосьці падгледзець можна толькі ідэю, але выраб заўсёды атрымліваецца свой, не падобны на той, што ўбачыў. Так з’яўляюцца ўнікальныя вобразы, — гаворыць Кацярына Сяргееўна. — У мяне ёсць навучэнка, Аліна Сыцэвіч, якая прынцыпова не паўтарае чужыя работы. Напрыклад, замест звычайнай яна зрабіла мініяцюрную ляльку-альбіноса, а калі мы ўпрыгожвалі торт пячэннем, безэ, яна аздабляла яго ружамі. Дзеці любяць эксперыментаваць з лялькамі, ствараючы ім мудрагелістыя прычоскі і сукенкі. Старшакласніцы ўпадабалі вясельныя ўпрыгажэнні на посуд”.

Дзецям хочацца пахваліцца тым, што яны ўмеюць, таму ствараюць і розныя аксесуары — бранзалеты, вянкі на галаву. Бывае, не паспелі яшчэ дарабіць кветку, а ўжо прымацавалі яе на невідзімку і аздобілі прычоску. Вырабы з той жа саломы не такія практычныя. Яны крохкія, таму стаяць на паліцах. Фаамірану ж не страшны ні дождж, ні вецер.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Кацярыны САМЧУК.