Вясна прыйшла! У эколага-біялагічным цэнтры Мастоўскага раёна працягваецца гарачая пара — высадка расады. Каб знайшлося месца пад сонцам на нашых падаконніках расадзе каранёвага сельдэрэю, перцу, баклажанаў, таматаў, капусты, кветкавых аднагадовых культур, мы знайшлі незвычайныя спосабы высадкі — у рулоны.
Перавагі вырошчвання расады ніхто аспрэчваць не будзе, асабліва ўлічваючы настойлівае нежаданне вясны радаваць нас цяплом, прынамсі, як сёлета, калі да лета засталося 40 дзён, а мы ніяк не развітаемся з маразамі.
Але з расадай шмат клопатаў. І для таго каб іх паменшыць, скандынаўскія, нямецкія агароднікі перанялі ў вучоных чыстую тэхналогію вырошчвання раслін. Заключаецца яна ў высадцы насення ў папяровых рулончыках. Нескладана, непрацаёмка, чыста, а галоўнае, вельмі цікава. А пры дэфіцыце месца на падаконніках яшчэ і эканомна. Таму перанялі гэтую тэхналогію і мы.
Напрыклад, зараз навучэнцы, якія наведваюць нашы аб’яднанні па інтарэсах, такім спосабам вырошчаюць расаду таматаў.
Для высадкі трэба: нешырокая палоска (8—10 сантыметраў) поліэтыленавай плёнкі, танная туалетная папера і насенне. Плёнку і паперу наразаем на палоскі даўжынёй да 50 сантыметраў. Спачатку кладзём палоску плёнкі, зверху палоску паперы, далей раскладваем на адзін яе бок насенне (10—15 міліметраў ад краю). Апырскваем з пульверызатара, накрываем другой палоскай плёнкі. Потым акуратна скручваем рулончыкам, замацоўваем скотчам, пазначаем культуру, гатунак, дату высадкі і ставім расаду ў шклянку. Насенне знаходзіцца на верхнім зрэзе. Наліваем ваду на ўзроўні 1—2 сантыметраў, падліваючы кожны дзень, каб расада не перасыхала. Праз тыдзень насенне прабіваецца. Для цяпла і паскарэння з’яўлення ўсходаў рулончыкі можна накрыць поліэтыленавым пакетам, зрабіўшы ў ім шмат дробных дзірачак. Такі метад асабліва падыходзіць для тых, хто вырошчвае шмат расады.
У рулоннай высадцы ўвесь працэс адбываецца на вачах, таму дзеці могуць назіраць за ростам раслін. Галоўнае — не дапусціць перасыхання вады ў шклянцы. У рулончыку сеянцы не перарастаюць, таму пікіраванне можна рабіць так, як нам зручна для высадкі расады ў цяпліцу. І яшчэ адна зручнасць: рулончыкі можна ставіць не ў асобныя шклянкі, а ў адну шырокую пасудзіну.
Паколькі мы практыкуем арганічнае земляробства, то стараемся не карыстацца хімічнымі ўгнаеннямі. Падкормкай служаць раствораныя ў вадзе дрожджы.
Для пікіравання рулончыкі раскочваем, прымаем верхнюю плёнку і выцягваем расліны разам з паперай. Буйныя сеянцы бяром рукамі, дробныя — пінцэтам.
Вырашчаная такім спосабам расада атрымліваецца моцнай. Расліны не хварэюць на чорную ножку, не схільны да нападзення шкоднікаў. Відаць, што ўяўляюць сабой расліны, бачна іх каранёвая сістэма. Такі спосаб вырошчвання расады спадабаецца многім, асабліва тым, у каго для гэтага не хапае месца.
Нашы навучэнцы з задавальненнем назіраюць за развіццём раслін. Асабліва ім падабаецца вырошчваць расліны, эксперыментуючы. Спадзяюся, гэта ім спатрэбіцца ў жыцці.
Кацярына РЭКУЦЬ,
дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна.