Валанцёрства набыло ў Беларусі небывалы размах. Нехта ўпершыню становіцца добраахвотнікам, нехта дапамагае рэалізоўваць буйныя рэспубліканскія і міжнародныя мерапрыемствы, якія праходзяць у нашай краіне, нехта ўдзельнічае ў замежных валанцёрскіх праграмах. Валанцёрства з’яўляецца не проста кірункам дзейнасці, а ладам жыцця, які захоўвае ў сабе дапамогу тым, хто адчувае ў гэтым патрэбу, новыя знаёмствы з людзьмі, якія падзяляюць агульныя каштоўнасці, цікавыя прыгоды і вандроўкі. Аднак многія лічаць, што займацца валанцёрствам можна толькі дарослым, а школьнікам шлях у гэтую дзейнасць забаронены. Відавочны прыклад, які абвяргае такую думку, — валанцёрскі атрад “Крылы” ў НДЦ “Зубраня”.
Адгукніся, валанцёр!
Сёння “Крылы” з’яўляюцца ў цэнтры сапраўднай легендай. Тысячы беларускіх навучэнцаў за шэсць гадоў існавання атрада сталі яго выхаванцамі і прайшлі школу юнага валанцёра. Асабліва плённа ў гэтым кірунку вядзецца работа з вучнямі гімназіі № 20 Мінска. Амаль кожная змена валанцёрскага атрада “Крылы” не абыходзілася без сталічных гімназістаў, якія ў тэорыі і на практыцы ў рэальных умовах даведваюцца, што такое валанцёрства.
Пра тое, як вучні трапляюць у валанцёрскі атрад “Крылы”, што іх чакае падчас насычанай праграмы змены і якія веды, атрыманыя ў цэнтры, дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам знайсці сваё “я”, мы расказваем на прыкладзе супрацоўніцтва НДЦ “Зубраня” і гімназіі № 20 Мінска.
Амаль на кожную вучэбную змену працягласцю 21 дзень ажыццяўляецца набор у валанцёрскі атрад “Крылы”. Іх падборам займаюцца непасрэдна педагогі, якія працуюць з юнымі валанцёрамі. Кожнага кандыдата разглядаюць індывідуальна, улічваюць яго прыналежнасць да педагагічных класаў, а таксама актыўную жыццёвую пазіцыю.
Узаемадзеянне з педагагічнымі класамі мінскай 20-й гімназіі за 2018/2019 навучальны год было наладжана амаль да аўтаматызму. Важатыя профільнага атрада сталі з прадстаўнікамі сталічнай гімназіі добрымі партнёрамі, зацікаўленымі ва ўсебаковым развіцці падлеткаў у кірунку валанцёрскай дзейнасці.
За два тыдні да старту змены выхавальнік цэнтра і прадстаўнік гімназіі абмяркоўваюць магчымых кандыдатаў у профільны атрад. Складаюцца спісы кандыдатаў у цэнтр, і пачынаецца падрыхтоўка юнакоў і дзяўчат да інтэнсіўнай добраахвотніцкай работы ў “Зубраняці”.
Дарэчы, усе жадаючыя школьнікі Беларусі, якія займаюцца ў педагагічных класах, могуць самастойна падаць заяўку ў профільны валанцёрскі атрад “Крылы”. Для гэтага дастаткова запоўніць анкету на сайце НДЦ “Зубраня” (zubronok.by / Профільныя атрады / Навучальны год), пакінуўшы свае кантакты. І педагог цэнтра абавязкова звяжацца з патэнцыяльным кандыдатам.
Крыху лічбаў:
• За 2018/2019 навучальны год у валанцёрскім атрадзе “Крылы” прынялі ўдзел 49 навучэнцаў гімназіі № 20 Мінска.
• Вучні гімназіі сталі ўдзельнікамі 9 валанцёрскіх змен у “Зубраняці”.
• Больш за палову вучняў, якія былі ўдзельнікамі валанцёрскага атрада “Крылы”, атрымалі лісты падзякі і граматы па выніках сваёй практыкі.
Ад практыкі — да практыкі
Валанцёрскі атрад “Крылы” — гэта профільны атрад, удзельнікі якога спрабуюць педагагічную прафесію ў тэорыі і на практыцы, праходзяць курс заняткаў у “Акадэміі юнага валанцёра”, які паглыбляе іх веды ў сферы педагогікі і валанцёрства. Практычная частка адукацыйнай праграмы прадугледжвае дапамогу іншым выхаванцам у быце, уменне працаваць з малодшымі дзецьмі, падрыхтоўку агульнацэнтральных мерапрыемстваў, рэалізацыю індывідуальных педагагічных праектаў, акцый. Агульная адукацыйная праграма ажыццяўляецца на павышаным узроўні і складае 35 гадзін.
У кастрычніку 2018 года 13 выхаванцаў гімназіі трапілі ў НДЦ “Зубраня” для сваіх першых педагагічных проб. Развіць свае здольнасці яны змаглі падчас заняткаў з выхаванцамі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, якія ў гэты час таксама адпачывалі ў цэнтры. Дапамога ў побытавых справах, правядзенне гульняў у хвілінку чакання і абавязковы рытуал — казка перад сном — уваходзілі ў штодзённую дзейнасць валанцёраў.
5 асаблівасцей профільнага валанцёрскага атрада “Крылы”
1. Удзельнікамі валанцёрскага атрада “Крылы” могуць стаць навучэнцы педагагічных класаў, якіх сёння ў Беларусі налічваецца 438.
2. У валанцёрскі атрад НДЦ “Зубраня” запрашаюцца толькі 10-класнікі.
3. У вучэбны час змена для атрада “Крылы” доўжыцца 21 дзень, у летні перыяд — 9 дзён.
4. Навучанне ў профільным валанцёрскім атрадзе “Крылы” праводзіцца бясплатна, аднак ажыццяўляецца бацькоўская даплата за харчаванне ў памеры 60% ад грашовых норм на харчаванне.
5. Навучанне прадугледжвае як тэарэтычную падрыхтоўку, так і праходжанне практыкі.
Летам 2019 года дзеці мелі магчымасць папрацаваць з гасцямі з Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якія прыязджалі ў “Зубраня” на адпачынак і аздараўленне па запрашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Свае новыя ўменні гімназісты працягваюць прымяняць і ў сваіх школах падчас школьных лагераў: ладзяць пазакласныя мерапрыемствы і педагагічныя пробы на ўроках у малодшых класах пад кіраўніцтвам гімназічных настаўнікаў, падчас трэнінгаў “роўны вучыць роўнага” — усё гэта працяг той дзейнасці, якая пачынаецца ў “Зубраняці”.
Настасся ЦЭРКОВІЧ,
cпецыяліст па рэкламных камунікацыях і сувязях з грамадскасцю НДЦ “Зубраня”.