Развіваць дзяцей, развівацца самому

Аляксандр Пятровіч Строкач прыйшоў у сістэму дадатковай адукацыі 8 гадоў назад і пакідаць яе не збіраецца. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна малады педагог быў накіраваны на работу ў Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, дзе сёння загадвае аддзелам краязнаўства.

— Геаграфіяй і гісторыяй цікавіўся яшчэ са школьных гадоў, — прызнаецца Аляксандр Пятровіч. — Наведваў адпаведныя гурткі, у тым ліку эколага-біялагічнага профілю. Марыў займацца папулярызацыяй родных мясцін, распрацоўваць краязнаўчыя і турыстычныя маршруты, для чаго планаваў стаць экскурсаводам ці гідам. Работа ў цэнтры дазволіла не толькі паспяхова ажыццявіць жаданае, але і адчуць радасць ад зносін з дзецьмі, перадачы ім сваіх ведаў. Калі вучні бачаць вялікую зацікаўленасць педагога ў пэўнай дзейнасці, то ахвотна ідуць за ім. Мая работа надзвычай творчая, і гэта для мяне вельмі важна. Разам з дзецьмі развіваешся і сам.
У цэнтры дзейнічае каля 15 аб’яднанняў па інтарэсах краязнаўчага профілю: “Географы-краязнаўцы”, “Мой горад”, “Юныя экскурсаводы”, “Юныя этнографы”, “Юныя краязнаўцы”, “Ваенная гісторыя Беларусі”, “Літаратурнае краязнаўства” і інш. Аляксандр Пятровіч займаецца з юнымі краязнаўцамі з ліку вучняў 5—7 класаў. Многія з іх, што асабліва радуе педагога, не страчваюць інтарэс да краязнаўства і пасля школы, калі паступаюць на гістарычныя і геаграфічныя факультэты УВА.
— Падчас заняткаў дзеці комплексна вывучаюць гісторыю, культуру, геаграфію і прыроду Брэстчыны, матэрыяльную спадчыну розных куткоў роднага краю, распрацоўваюць турыстычныя маршруты, збіраюць і вывучаюць краязнаўчы матэрыял, пішуць даследчыя работы, летапісы населеных пунктаў, — расказвае Аляксандр Пятровіч. — Акрамя таго, вучні актыўна ўдзельнічаюць у турыстычна-краязнаўчых экспедыцыях і паходах па малой радзіме, рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, профільных конкурсах і злётах рознага ўзроўню. Так, апошнім часам юныя краязнаўцы пабывалі ў Камянецкім, Баранавіцкім, Пружанскім і Слонімскім раёнах, а таксама ў Пінску.
А.П.Строкач выдатна разумее, што для таго, каб зацікавіць сучасных школьнікаў пэўнай дзейнасцю, неабходна прымяняць актыўныя і інавацыйныя формы навучання. Для гэтага педагог распрацоўвае віктарыны, тэсты і заданні па геаграфіі, гісторыі і культуры Брэстчыны, якія выкарыстоўваюцца на занятках краязнаўчых аб’яднанняў цэнтра, раённых і абласных алімпіядах па краязнаўстве. Дзецям падабаецца ствараць краязнаўчыя праекты, хадзіць у паходы, распрацоўваць новыя турыстычныя маршруты, удзельнічаць у канферэнцыях.
Вялікая ўвага ў аб’яднанні ўдзяляецца турыстычна-экспедыцыйнай падрыхтоўцы, без чаго краязнаўчая работа не з’яўляецца паўнацэннай. Дзеці вучацца арганізоўваць экспедыцыйныя лагеры, ставіць палаткі, распальваць вогнішча, арыентавацца на мясцовасці і выконваць правілы бяспекі падчас паходаў.
— Заняткі фарміруюць у дзяцей канкрэтныя веды па гісторыі, геаграфіі і біялогіі малой радзімы і краіны ў цэлым, практычныя ўменні і навыкі іх выкарыстання, — гаворыць Аляксандр Пятровіч. — Падчас заняткаў фарміруецца моцны краязнаўчы актыў для выніковых выступленняў на абласных і рэспубліканскіх этапах конкурсаў, удасканальваецца турыстычна-экспедыцыйная падрыхтоўка, сабраныя матэрыялы сістэматызуюцца ў даследчых работах, набываюцца навыкі экскурсійнай справы.

А.П.Строкач: “На жаль, у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі існуе шэраг нявырашаных праблем. Па-ранейшаму ў рабоце педагогаў шмат паператворчасці, якая замінае канкрэтнай дзейнасці. Надзвычай актуальнай з’яўляецца кадравая праблема. Моладзь неахвотна ідзе працаваць у сістэму дадатковай адукацыі з-за невысокіх заробкаў. Патрабуе паляпшэння матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Лічу немэтазгодным пры аптымізацыі аб’ядноўваць установы дадатковай адукацыі рознага профілю. Існуе праблема і з наборам гурткоўцаў, хаця аб’яднанні па інтарэсах — добрая магчымасць адцягнуць дзяцей ад шкоднага ўплыву вуліцы і камп’ютараў”.

А.П.Строкач курыруе работу музеяў устаноў адукацыі вобласці, абагульняе і прапагандуе вопыт работы лепшых з іх і кіраўнікоў, праводзіць агляды-конкурсы. Павялічваецца колькасць музеяў, якія маюць статус народных. У арганізацыі работы па выкарыстанні музейнай педагогікі ў патрыятычным выхаванні моладзі Аляксандр Пятровіч цесна ўзаемадзейнічае з абласным Саветам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, УВА, дзяржаўнымі музеямі сістэмы культуры і грамадскімі аб’яднаннямі. Акрамя таго, А.П.Строкач актыўна задзейнічаны ў правядзенні штогадовай абласной краязнаўчай алімпіяды школьнікаў.
Шмат увагі Аляксандр Пятровіч удзяляе метадычнай рабоце. Педагог распрацаваў шэраг метадычных дапаможнікаў і рэкамендацый для настаўнікаў (“Арганізацыя работы музеяў устаноў адукацыі”, “Улік і захаванне музейных фондаў у музеях устаноў адукацыі”, “З вопыту правядзення абласной краязнаўчай алімпіяды”), падрыхтаваў даведнік “Музеі ўстаноў адукацыі Брэсцкай вобласці”. А.П.Строкач — актыўны ўдзельнік конкурсу метадычных матэрыялаў і вопыту работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнскай моладзі сродкамі турызму, краязнаўства і экскурсійнай работы. Дзейнасць педагога адзначана граматамі і дыпломамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва А.П.СТРОКАЧА.