Руль, газ, тормаз? Не. Пульт, выключальнік, кнопка!

Аўтамадэлі, трасы, гонкі, мноства сапернікаў, абласныя спаборніцтвы, канкурэнцыя, увага, хуткасць. Спорт ёсць спорт. Заўсёды цікавы, захапляючы і эмацыянальны, нават калі ён невялікі, нават калі занадта маленькі (па памеры мадэлей). Вітайце: аўтамадэлізм.

Прыйшоў з Захаду

Першую трасу для аўтамадэлей пабудавалі ў 1948 годзе ў Англіі. Трасавы мадэлізм пачаў развівацца ў ЗША, Францыі, ФРГ, крыху пазней — у Венгрыі, Чэхаславакіі, Польшчы, Югаславіі і іншых краінах. Першыя спаборніцтвы СССР прайшлі ў Рызе ў 1969 годзе дзякуючы шматразоваму чэмпіёну краіны па гоначных аўтамадэлях Гунару Дзяніцісу. У 70-х трасы пачалі з’яўляцца і ў Беларусі. Ужо ў 1971 годзе выхаванцы Гомельскага палаца піянераў паехалі на свае першыя ўсесаюзныя спаборніцтвы, а ў 1974-м кампанію ім склалі спартсмены з Магілёўскага палаца піянераў.

Трасы пабудаваны такім чынам: на іх ёсць дарожкі, па якіх право­дзіцца ток. Калі мадэль ставяць на старт, то з’яўляецца напружанне, дзякуючы якому яна можа рухацца. Дарэчы, самая вялікая траса мае даўжыню 4,752 км (гэта 1/3 галоўнай магістралі Мінска — сталічнага праспекта Незалежнасці, даўжыня якога крыху больш за 15 км!). Яе пабудавалі ў Бруклендзе (ЗША) знакаміты вядучы “Топ Гір” Джэймс Мэй і 300 добраахвотнікаў у рамках праграмы “Гісторыя цацак Джэймса Мэя”. Трасавыя мадэлі не мо­гуць ехаць назад, паварот не рэгулюецца (ён ажыццяўляецца дзякуючы пазу ў трасе, за які чапляюцца машыны). Для кіравання застаецца толькі змена хуткасці. Здаецца, проста, так? Але гэта толькі на першы погляд. Калі замоцна націснуў на газ на ўвахо­дзе ў паварот, рызыкуеш вылецець у адбойнік, калі замала — можаш страціць каштоўны час.

Пазней з’явіліся радыёкіруемыя аўтамадэлі. Яны больш блізкія да сваіх вялікіх братоў — сапраўдных аўтамабіляў, чым да цацак. Адрозненне, па сутнасці, толькі ў памерах. Мадэлі бываюць дарожнымі і пазадарожнымі, на вадкім паліве ці электрацязе, з двухступеньчатай аўтаматычнай каробкай перадач, з дыферэнцыяламі і г.д. Шасі вырабляецца з ударатрывалага пластыку, важныя элементы робяцца так, каб іх не сапсавала надвор’е ці хібы дарожнага пакрыцця. У цяперашні час прадстаўлены вялікі выбар шын, амартызатараў, рухавікоў і інш. Калі разбірацца ва ўстройстве вялікіх машын страшна, але тэма вельмі цікавіць, можна для пачатку купіць добрую радыёкіруемую мадэль. Глядзіш — і плюс адзін спартсмен для краіны будзе. Пульт кіравання такім аўтамабілем больш складаны, чым у трасавай мадэлі. Па-першае, тут з’яўляецца магчымасць паварочваць управа і ўлева, па-другое, можна даваць задні ход, па-трэцяе, устанаўліваць яшчэ шэраг настроек (напрыклад, адчувальнасць рулявога кіравання). Даехаць да фінішу першым — цэлае мастацтва. У паварот можна заходзіць у занос, можна не ў занос. Можна хутка прайсці паварот, але на прамой страціць час, а можна спыніцца перад паваротам, а на прамой паскорыцца. Варыянтаў шмат, кожны сам выбірае стратэгію.

Алмазы Магілёўскай вобласці

У Беларусі ёсць некалькі гарадоў, дзе найбольш актыўна развіваецца аўтамабільны мадэлізм. Мэтрам тут з’яўляецца Салігорск. Педагог Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Аляксандр Скалабан рыхтуе спартсменаў з 2002 года. Іх нікому не пажадаеш убачыць у саперніках. Каманда Салігорска ўжо 13 разоў станавілася пераможцай Рэспубліканскай спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”.

Канкурэнцыю такому калектыву скласці складана, але і ў чэмпіянаце Беларусі па футболе пра барысаўскі БАТЭ так думалі да мінулага сезона. За прызавыя месцы разам з салігарчанамі змагаюцца навучэнцы з Гродна, Мазыра, Мінска, Оршы і Бабруйска. Пра апошні — больш падрабязна.

У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска ўжо 8 гадоў працуе Віталь Гудкоў. Ён зацікавіўся аўтамадэльным спортам, калі яму было 13. Тады хлопец прыйшоў у гэты ж цэнтр, запісаўся ў гурток і пачаў займацца, а ў хуткім часе ездзіць на спаборніцтвы. Станавіцца трэнерам ён не планаваў, але так здарылася, што яго педагог памёр і, каб гурток не спыніў сваю дзей­насць, Віталь Вячаслававіч уладкаваўся на працу ў цэнтр.

— Нават сам не думаў, што так доўга буду тут працаваць, а ўжо вось колькі часу прайшло, — кажа педагог.

Віталь Вячаслававіч вядзе адну групу, у якой 12 чалавек па спісе, а на справе у каля 30. Многія з тых, хто калісьці прыходзіў у гурток, не змаглі пакінуць любімыя мадэлі.

Віталь Гудкоў.

— Займаемся не толькі па раскладзе, але і дадаткова, каб атрымаць нейкі вынік, — расказвае Віталь Гудкоў. — З мадэлямі трэба пастаянна працаваць, удасканальваць іх. Нельга адзін раз зрабіць і ездзіць. Штосьці становіцца старым, штосьці ламаецца.

У гуртку больш хлопцаў. За ўвесь час у Віталя Вячаслававіча займаліся толькі 3 дзяўчыны, зараз засталася адна. Дарэчы, шматразовая пераможца абласных спаборніцтваў. Падрыхтоўка дзяўчын і хлопцаў для педагога не адрозніваецца.

— Для мяне ёсць проста гоншчык. Яго ці яе справа — ездзіць, — кажа Віталь Гудкоў.

Галоўнае для будучага спартсмена у мець вытрымку і цярпенне. Мадэль аўтамабіля нагадвае канструктар “Лега”: ёсць мноства запчастак, з якіх трэба нешта сабраць. Толькі тут гэтае “нешта” яшчэ павінна паехаць. Калі атрымалася — супер, можна пачынаць трэніроўкі.

Канкурэнцыя дапамагае расці

У бабруйскім Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ёсць дзве трасы: адна — пад адкрытым небам для радыёкіруемых мадэлей (даўжыня складае 340—370 м, на ёй аўтамабіль можа разганяцца да 100 км/г, але сярэдняя хуткасць — 60 км/г з-за паваротаў), а другая — у памяшканні для трасавых мадэлей (адзін круг — 27 м, мадэль з месца разганяецца да 60 км/г). Трэніроўкі праходзяць стандартна: язда па трасах. Перад спаборніцтвамі прыходзіцца дапрацоўваць свае машыны.

— Трасы ва ўсіх гарадах розныя. Калі мы рыхтуемся да спаборніцтваў, напрыклад, у Мінску, то за 2 месяцы пачынаем працаваць над ма­дэллю. Па старой памяці пачынаем набудоўваць: дзесьці памяншаем зазор, дзесьці павялічваем, глядзім перадатачны лік, падрыхтоўваем корпус для мантажу, рэгулюем цэнтр цяжару, правяраем праточку гумы, замяняем падшыпнікі. Дапрацоўкі іду ць пад спартсмена, пад яго манеру язды.

Мы ўдзельнічаем у спаборніцтвах, каб атрымаць вопыт, бо можна дома ўсё жыццё трэніравацца, а як выйдзеш на іншую трасу, нічога не атрымаецца. Трасы трэба наезджваць. Канечне, ты разумееш, што трэба рабіць, але вельмі складана адразу сарыентавацца, — разважае Віталь Вячаслававіч.

На першы погляд, гэта несправядліва: калі спаборніцтвы прахо­дзяць, напрыклад, у Салігорску, то спартсмены адтуль маюць перавагу, бо па трасе могуць ледзь не з заплюшчанымі вачыма праехаць. Астатнія ж вымушаны прымяняць максімум сваіх навыкаў, каб узяць прызавое месца.

— Тут спартсмен правяраецца на трываласць, — упэўнены Віталь Гудкоў. — Калі гонка пачынаецца, на першае месца выходзіць работа педагога, трэнера, важную ролю адыгрывае псіхалагічны стан. Колькі разоў ужо здаралася: спартсмены маюць вялікі багаж ведаў, вопыт за плячыма, але нервы здаюць — і ўсё.

Ганяць можна ў любым класе мадэлей. Сярод радыёкіруемых бабруйчане выбіраюць F-2, TC-10, TC-13,5 i TCS Euro Truck. Сярод трасавых — Es-24, Es-32, F-1, G-12 i G-7. Адзін спартсмен можа выступаць толькі ў адным класе, за які і атрымае ачкі для каманды. Часта той жа спартсмен для іншага можа быць механікам. Рабіць усё самому было б надта доўга і нерацыянальна, а калега ўсё роўна тут, і чаму б не папрасіць дапамогі. На сур’ёзных міжнародных спаборніцтвах механік — асобны чалавек.

Віталь Вячаслававіч ездзіць на чэмпіянаты не толькі ў якасці трэнера ці суддзі. Ён сам яшчэ дзеючы спартсмен. Часам педагог дапаўняе каманду, напрыклад, на дарослых чэмпіянатах. Там выступаюць нават яго 14-гадовыя вучні, бо іншага варыянта для практыкі не на сваёй трасе няма.

Выязджалі спартсмены з Бабруйска і на міжнародныя спаборніцтвы. Летась яны праводзіліся на іх дамашніх трасах. Былі ўдзельнікі з Літвы, Украіны, Расіі.

— У нашым спорце няма такога размежавання, што “ты — з Бабруйска, а я — з Віцебска”, — упэўнівае Віталь Гудкоў. — Усе ставяцца адно да аднаго па-сяброўску. Калі патрэбна нейкая дапамога — без праблем.

На жаль, радасць ад вопыту, які спартсмены атрымліваюць на чэмпіянатах, часам азмрочваецца паломкамі машын.

— Дэфармацыя мадэлей у гонках непазбежная. Абнаўленне радыёкіруемым аўтамабілям часта патрэбна пасля сур’ёзнай аварыі, калі, напрыклад, гнецца мотарама. Яе ўжо не выраўнаваць, прыходзіцца набываць новую, сярэдні кошт складае прыкладна 250 рублёў (хаця ёсць варыянты ўзяць ужываную). Купіць дэталі можна ў Амерыцы, Кітаі. У трасавым ма­дэлізме ўсё па-іншаму. Калі мадэль перастала еха ць, бярэш паяльнік, шкло, роўную паверхню, перапайваеш раму — і яна, можна сказаць, новая.

Уклад у будучыню

Аўтамабільны мадэлізм развівае ў дзяцей памяць, маторыку (дзякуючы рабоце з дробнымі дэталямі), вучні атрымліваюць навыкі ручной працы, якія вельмі патрэбны ў штодзённым жыцці. У працэсе распрацоўкі мадэлей яны выкарыстоўваюць розныя інструменты (вымяральныя, сталярныя, слясарныя), што прынясе ім толькі карысць.

— Усё дапамагае ў жыцці, нічога проста так не даецца, галоўнае — умець гэта выкарыс­таць, — лі­чыць Віталь Гудкоў. Яго навучэнцы на кожных занятках правяраюць гэтыя словы на сабе, а на кожных спаборніцтвах даказваюць: гэта чыстая праўда.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена В.В.Гудковым.