Русальны тыдзень

Якраз гэтымі днямі, калі стаіць такая спякота, ратунак можна знайсці каля вады. У прышкольным летніку Шпакаўшчынскага дзіцячага сада — базавай школы Полацкага раёна гэтых дзён чакалі асабліва, каб пад пырскі вады школьнага вадаёма, пад песні і карагоды ўзнавіць адно з самых незвычайных свят сваіх продкаў — “Русальны тыдзень. Абліваха”.

“У нашай школе пяты год праходзіць змена “Нясумнае лета”, і кожны раз яна мае сваю тэматыку. Сёлета — “Наследнікі сваёй краіны”. На працягу 18 дзён навучэнцы 2—8 класаў вывучаюць родную Віцебшчыну, яе славутасці, фальклор, святы і традыцыі. У прыватнасці, у нас у Полацкім раёне некалі ў самыя спякотныя дні, калі доўга не было дажджу, нашы продкі яго выклікалі — праводзілі абрад “Абліваха”. У сваім летніку і мы правялі гэты абрад, — гаворыць начальнік лагера настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Іванаўна Зуціс.

Як расказалі ўдзельнікі лагера, гэтае свята нашы продкі прысвячалі незвычайным, вельмі прыгожым істотам, насельнікам вады — русалкам. Людзi ўпрыгожвалi cвае хаты зелянiнай, кляновым цi бярозавым лiсцем, падлогу высцiлалi аерам. Продкі лічылі, што русалкі — гэта душы памерлых дзяўчат. Толькі раз на год, у гэты тыдзень, яны могуць на працяглы час выйсці з вады і пабыць на зямлі, сярод людзей.

Алена Сташкевіч, 13 гадоў, удзельніца летніка: “Мне падабаецца, што ў нашым летніку мы не проста даведваемся пра жыццё нашых продкаў, пра іх святы, абрады, а можам і самі ўзнавіць такія святы і абрады, пабыць у ролі герояў. Учора я пабывала ў ролі русалкі. Дарэчы, гэты вобраз нашы продкі і паважалі, і баяліся яго, бо русалкі, па павер’і, маглі як дапамагаць ратаваць ураджай ад засухі, так і губіць людзей”.

Дні Русальнага тыдня насілі пэўныя назвы, у залежнасці ад абрадаў і дзеянняў. Аўторак называўся конскім днём, серада — градавой, чацвер — сухім. У сухі чацвер нашы продкі ніколі не працавалі на зямлі: не капалі, не палолі, увогуле “не варушылі” зямлі, інакш, лічылася, увесь ураджай пасохне. Традыцыйна гэты дзень прысвячаўся рытуалам па ўшанаванні і выкліканні да жджу. У народзе яго называлі аблівахай. Дождж выклікалі або жанчыны-ўдовы, або дзяўчаткі ва ўзросце 10—12 гадоў.

“А каб русалкі спрыялі ўрадлівасці зямлі, не рабілі шкоды людзям, у Русальны тыдзень дзяўчаты збiралiся ў гурты, плялі вянкі, вадзiлi карагоды, шмат спявалі і танцавалі. Мы ж у межах летніка таксама збіралі песні ад старэйшых мясцовых жыхарак, даведваліся, якія песні спявалі іх мамы і бабулі. Адаптавалі іх для дзяцей. Яны ў нас не толькі спяваюць бабуліны песні, але і самі складаюць вершы пра до ждж, прыдумваюць лічылкі, гульні, плятуць і пускаюць вянкі па школьным вадаёме, рассцілаюць там ручнік, водзяць карагоды”, — расказвае Наталля Іванаўна. Па меркаванні педагога і яе навучэнцаў, гэта дапамагае лепш зразумець жыццё нашых продкаў, натхніцца іх творчасцю, адчуць сябе іх наследнікамі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Наталлі ЗУЦІС.