Рыхтуюць будучых інжынераў

Мінскі гарадскі тэхнапарк дапамагае развівацца карысным тэхналагічным ініцыятывам. Каб такіх ініцыятыў было больш, пачынаць вырашылі з дзяцей і падлеткаў — у студзені ў тэхнапарку запрацавала інжынерная школа. Чаму будуць вучыць будучых інжынераў, праграмістаў, стартапераў, прадпрымальнікаў, нам расказаў стваральнік школы Максім Аляксандравіч Шаўцоў.

Шлях інжынера

Ідэю запусціць адукацыйны праект у Мінскім гарадскім тэхнапарку выношвалі каля 2 гадоў. А ў снежні да калектыву далучыўся Максім (менавіта Максім, без імя па бацьку — так ён просіць дзяцей звяртацца да яго). Ён загарэўся жаданнем запусціць школу і весці заняткі ў вольны ад асноўнай работы час: Максім — інжынер па эксплуатацыі абсталявання і ў тэхнапарку курыруе цэнтр калектыўнага карыстання абсталяваннем.

— Вопыт у мяне ёсць. Я з камандай 2 гады праводзіў заняткі па робататэхніцы, 3D-мадэляванні, дызайне ў Бабруйску, — расказвае Максім. — Таму спатрэбілася ўсяго каля трох тыдняў, каб падрыхтавацца і запусціць школу.

У апісанні школы чытаем: “Робататэхніка, 3D-мадэляванне, 3D- друк”.

— Робататэхніка — гэта такое рэкламнае слова, якое дапамагае прыцягнуць увагу бацькоў, — з усмешкай тлумачыць Максім. — Але наша задача не ў тым, каб збіраць з канструктара робатаў. Мы хочам навучыць дзяцей крок за крокам ствараць устройства ад эскіза, тэхнічнага задання да гатовага прадукту — праходзіць той жа шлях, што і сапраўдны інжынер, які атрымаў заказ на ўстройства.

Але пакуль школьнікі атрымліваюць базавыя навыкі і агульныя ўяўленні пра работу з робатамі.

— У залежнасці ад узросту мы сфарміравалі тры групы па 8 чалавек, — расказвае Максім. — Гэта школьнікі 6—8, 9—11 і 12—18 гадоў. Праграма для ўсіх прыкладна аднолькавая, толькі групы праходзяць яе на розным узроўні. Напрыклад, вучні малодшых класаў, якія добра валодаюць смартфонамі, пры гэтым часта не ўмеюць карыстацца камп’ютарнай мышшу. Таму першыя заняткі для іх у большай ступені падрыхтоўчыя.

Праекты і пітчы

Кожная сустрэча для вучняў інжынернай школы — гэта невялікі праект, які дапамагае засвоіць тэму.

— Дзеці малююць, перакладаюць блокі, але ў выніку абавязкова павінна адбыцца нешта цікавае: напрыклад, запісалі свой голас на дыктафон — і робат яго прайграў, — расказвае Максім.

Так дзеці прызвычайваюцца да праектнай работы, каб пачаць працаваць над уласнымі прадуктамі. Многія школьнікі прыдумваюць ледзь не ракету, якая павінна даставіць іх на Месяц, і задача кіраўніка — захаваць іх задуму, але зрабіць яе больш рэальнай, каб яе мог здзейсніць вучань.

Бывае і наадварот — ідэі простыя, але іх вельмі шмат: на кожным новым занятку дзіця адмаўляецца ад папярэдняга праекта і прапануе новы. Лекі ад такой зменлівасці — просты сшытак, у які аўтар праекта запісвае яго назву. Так ён бярэ на сябе абавязак перад настаўнікам і іншымі дзецьмі. А сам сшытак напаўняецца падрабязным планам праекта, складзеным разам з педагогам, а таксама ідэямі і падказкамі, якія збірае школьнік.

— Я сам стараюся паказ­ваць вучням праекты, падобныя да задуманых імі. Мы абмяркоўваем іх моцныя і слабыя бакі, думаем, як палепшыць.

Работа над праектам ідзе паралельна з вывучэннем робататэхнікі, мадэлявання і праграмавання.

— Мы плануем навучанне семестрамі, — удакладняе Максім. — Кожны семестр — новая тэхналогія. Калі зараз яны за­свояць асновы: што такое праграма, з чаго складаецца робат, як ім кіраваць, — то ў наступным семестры мы будзем вывучаць стварэнне мабільных дадаткаў для кіравання робатамі. І паступова школьнікі змогуць ствараць інфраструктуру вакол свайго ўстройства.

Яшчэ адзін важны этап — фарміраванне навыкаў прэзентацыі праектаў. Для вучняў інжынернай школы прой­дуць своеасаблівыя пітч-сесіі, на якіх бацькі і сябры змо­гуць ацаніць іх устройствы, за­даць пытанні і проста ўба­чыць, чаго дасягнулі юныя інжынеры.

— Гэта дапамагае дзецям зразумець, што мы не проста робім устройства дзеля ўстройства, — тлумачыць Максім. — На пітчы неабходна дакладна патлумачыць, што гэта за ўстройства і навошта яно патрэбна, хто яго мэтавая аўдыторыя і чаму яна зацікавіцца гэтым устройствам, нарэшце, колькі праект каштуе. Мы хочам стварыць умовы, максімальна блізкія да сапраўдных прэзентацый праектаў.

Веды і фан

У дадатковай адукацыі, на думку Максіма, ёсць пэўная асаблівасць — дзеці хо­дзяць на такія заняткі або дзеля забавы, фану, або дзеля ведаў. І правільнага адказу, як падкрэслівае наш герой, сярод гэтых двух няма. Але педагог павінен адчуваць, як настроены дзеці, і разумець іх чаканні.

— Калі бачу, што трэба больш фану, то мы часцей адпачываем і гуляем. Асабліва гэта важна на першых занятках. Напрыклад, у малодшай групе я стаў на некалькі хвілін робатам і прапанаваў дзецям кіраваць маім рухам — задаваць мне праграму з блокаў, каб я хадзіў ці наліў і выпіў вады.

Максім з усмешкай прызнаецца, што яму даводзілася ўразацца ў сцяну, але з часам дзеці пачынаюць усе разам думаць, разлічваць крокі і “праграмаваць” свайго педагога на больш бяспечныя марш­руты.

— Калі дзеці настроены на адукацыю, калі прыходзяць мэтанакі­равана за ведамі, то мы больш увагі звяртаем на базу, уважліва сочым, каб кожны зразумеў тэму — інакш складана будзе асэнсаваць наступную.

Яшчэ адна маленькая хіт­расць — рыхтаваць асобныя заданні для паспяховых выхаванцаў.

— Важна сачыць за вучнямі, якія засвойваюць матэрыял хутчэй за іншых, — падкрэслівае Максім. — Калі даць ім вольную хвіліну, пад партай адразу з’яўляецца тэлефон з гульнёй — і сусед, які да гэтага ў поўнай канцэнтрацыі выконваў заданне, пачынае сачыць за ходам гульні. Каб такога не адбылося, заўсёды даю дадатковае заданне кожнаму, хто вызваліўся раней за астатніх.


Інжынерная школа толькі пачала сваю работу, але ў Максіма шмат планаў: з часам хочацца наладзіць кантакт з найбліжэйшымі школамі і гімназіямі, разам рыхтаваць каманды для робататэхнічных конкурсаў ці праводзіць свае. Галоўнае, каб як мага больш дзяцей і падлеткаў магло далучыцца да вывучэння інжынернай справы і паспрабавала заснаваць свой праект.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва Максіма Шаўцова.