Для многіх субота — гэта дзень, у які думаць пра вучобу забаронена. Ды што там вучоба! Нават прымусіць сябе прачнуцца дзеля заняткаў у секцыі па плаванні ці ў мастацкай школе і то не кожнаму вучню пад сілу. А можа, уся справа ў правільнай матывацыі і адданасці любімай справе? Думаецца, менавіта ў гэтым сакрэт інфармацыйнай кампаніі “Шанс”, якая дзейнічае ў шосты школьны дзень у Касцюковіцкай гімназіі Магілёўскай вобласці.
Гімназічная школа журналістыкі
Месяц назад у рэспубліканскім конкурсе праектаў па арганізацыі шостага школьнага дня распрацоўка “Дзейнасць гімназічнай інфармацыйнай кампаніі “Шанс” у шосты школьны дзень” атрымала ІІІ месца ў намінацыі “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага дня”. Аднак перш чым прыйсці да такой перамогі выхаванцам “Шанса” давялося прайсці даволі нялёгкі шлях.
Пяць гадоў назад у Касцюковіцкай раённай гімназіі пачала выдавацца школьная газета “Гімназічны веснік”. І гісторыя пераўвасаблення гэтага сродку масавай інфармацыі са звычайнай газеты ў сапраўдную медыйную пляцоўку, на якой з цягам часу нарадзіліся яшчэ некалькі СМІ, уражвае.
Не валодаючы ў дасканаласці журналісцкім майстэрствам, але жадаючы пры гэтым адчуць увесь смак адпаведнай прафесіі, вучні гімназіі на чале з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Алінай Альгірдаўнай Фраловай вырашылі рызыкнуць і стварыць інфармацыйную кампанію “Шанс”. У аснову кампаніі пакладзена стварэнне прэс-цэнтра, “рабочым” днём у якім стала субота. Шанс паспрабаваць свае сілы ў новым, творчым амплуа даваўся кожнаму жадаючаму. І ахвотнікі да творчасці знайшліся.
Першыя ўрокі ў прэс-цэнтры былі прысвечаны зусім не арганізацыі прэс-канферэнцый, а падрабязнаму вывучэнню аспектаў сучаснай журналістыкі. Дзеці прыносілі з сабой вядомыя перыядычныя выданні, вывучалі структуру тэкстаў, выпісвалі загалоўкі. Шмат увагі ўдзялялася і жанрам журналістыкі. Так, найбольш запатрабаванай на першых парах работы прэс-цэнтра аказалася інфармацыйная заметка. Вельмі важна ўмець знайсці цікавую навіну, выдзеліць з яе галоўнае і прыгожа падаць чытацкай аўдыторыі. Не засталіся без увагі і рэпартажны жанр, а таксама інтэрв’ю. Касцюковіцкія рэпарцёры праглядвалі матэрыялы аналагічных кірункаў у газетах, аналізавалі пытанні, якія былі выкарыстаны журналістамі ў інтэрв’ю, звярталі ўвагу на форму падачы матэрыялаў. Карацей кажучы, хацелі як мага больш усяго дазнацца перад тым, як стварыць сваё асабістае друкаванае выданне.
Калі ў “папцы з ведамі” было ўсё неабходнае, дзеці пачалі працаваць над першым нумарам школьнага друкаванага выдання. Наколькі цікавым для мясцовай гімназічнай аўдыторыі стане пілотны выпуск, не ведаў ніхто. Але першы крок быў зроблены, і адступаць назад нікому не хацелася. Праз некалькі дзён напружанай работы “Гімназічны веснік” красаваўся на школьным стэндзе. Ніхто з юных журналістаў нават уявіць не мог, што для таго, каб дазнацца, што ж такога надрукавалі ў газеце, ля стэнда будуць выстройвацца чэргі!
“Першыя нумары “Гімназічнага весніка” выходзілі на трох лістах, — расказвае Аліна Альгірдаўна. — Безумоўна, з самага пачатку працаваць было цяжка. Але дзеці вельмі хутка зразумелі, што ад іх патрабуецца. Было бачна, што працаваць у школьнай рэдакцыі ўсім спадабалася”.
Для таго, каб зрабіць школьную газету максімальна цікавай, тыя вучні, якія ўваходзілі ў штат, далучалі да работы пазаштатных аўтараў — вучняў сваёй жа гімназіі. Юныя журналісты праводзілі ўвесь свой вольны час у пошуках цікавых тэм. Дзякуючы іх аператыўнасці міма “Гімназічнага весніка” не праходзіла ні адна навіна аб тым, што адбываецца ў горадзе. Інфармацыі збіралася так многа, што газета “патаўсцела” яшчэ на шэсць палос.
Каб зрабіць работу рэдакцыі больш арганізаванай і прадукцыйнай, было вырашана падзяліць “Веснік” на аддзелы і выбраць галоўнага рэдактара. Ім стала вучаніца 8 класа Дар’я Яфімчанка.
Немалаважную ролю ў станаўленні “Гімназічнага весніка” як асобнага, самастойнага выдання адыгралі супрацоўнікі раённай газеты “Голас Касцюкоўшчыны”. Менавіта журналісты “раёнкі” праводзілі дзецям дадатковыя майстар-класы, вучылі рэдагаваць матэрыялы, вярстаць падрыхтаваныя да друку артыкулы, а таксама раскрылі сакрэты ўсёй журналісцкай кухні. Дзяцей запрашалі ў рэдакцыю на планёркі, знаёмілі іх з тым, як праходзяць дзяжурствы па нумарах.
“Пазней, калі мы набраліся некаторых ведаў, было вырашана разбіць газету на рубрыкі, — дзеліцца Аліна Альгірдаўна. — Арыентаваліся, шчыра кажучы, зноў жа на фармат мясцовага раённага выдання. Таксама зрабілі на апошняй старонцы віншаванні, выдзелілі блок для важных аб’яў. Існуе ў газеце і медыцынская старонка, на якой карыснымі парадамі са школьнай аўдыторыяй дзеліцца медсястра. Цэлую старонку аддаём для парад сацыяльна-педагагічна-псіхалагічнай службы, якая дзейнічае ў гімназіі. Цікавым рашэннем стала “адкрыццё” калонкі галоўнага рэдактара, у якой наша Дар’я Яфімчанка разважае на самыя розныя тэмы. Гэта можа быць і тэма выхавання, а могуць быць і думкі-развагі наконт правядзення пэўных каляндарных свят, акцый”.
Дарэчы, што тычыцца акцый, то ў Касцюковіцкай гімназіі, дзякуючы інфармацыйнай кампаніі “Шанс”, з’явілася “Любімая цацка нашага дзяцінства”. Сэнс акцыі ў тым, што вучні школы штогод, напярэдадні калядных свят, прыносяць у рэдакцыю любімыя цацкі свайго дзяцінства. Для таго, каб цацка атрымала свой “кошт”, дзецям патрэбна стварыць пашпарт. У ім абавязкова апісваецца, якім чынам цацка трапіла ў рукі гаспадара, калі гэта адбылося і якія прыемныя ўспаміны з ёй звязаны. Калі калекцыя сабрана, у актавай зале гімназіі праводзіцца выстава плюшавых экспанатаў. Пасля школьнай дэманстрацыі цацкі трапляюць у рукі іншых гаспадароў — дзяцей, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах.
Увага! Гаворыць і паказвае гімназія!
Праз некаторы час на чарговай суботняй планёрцы на абмеркаванне было вынесена даволі важнае пытанне. У сувязі з тым, што падзей у Касцюковічах адбываецца многа і ўсё гэта ўмясціць у адну газету нерэальна, а абмінуць увагай тую ці іншую падзею не хацелася б, было прапанавана стварыць у гімназіі тэлебачанне і радыё. Планавалася дзяліць інфармацыю на тры блокі: для газеты і двух напрамкаў аўдыявізуальных СМІ. Такім чынам, пачынаючы з мінулай восені ў гімназіі пачалі дзейнічаць тры інфармацыйныя пляцоўкі — прэс-цэнтр, які займаецца выпускам газеты, а таксама радыё- і тэлецэнтр.
“У нашай інфармацыйнай кампаніі пятнаццаць чалавек, — тлумачыць Аліна Альгірдаўна. — Гэта значыць, што ў кожным СМІ працуе пяць вучняў. Штомесяц мы выдаём газету і адзін раз у чвэрць выпускаем тэле- і радыёперадачу. Безумоўна, усё правільна мы зрабіць не можам, таму зноў жа звяртаемся за дапамогай да нашай раённай газеты. Прафесіянальныя журналісты з ахвотай дзеляцца сваімі ведамі з нашымі вучнямі, і такая падтрымка для нас вельмі важная”.
Ідэю стварэння ўласнага медыяцэнтра падтрымала і дырэктар гімназіі Антаніна Іванаўна Максімава. Назіраючы за тым, з якой ахвотай па суботах дзеці працуюць ва ўласна створанай рэдакцыі, яна ні кроплі не сумнявалася, ці варта брацца за такую, на першы погляд, рызыкоўную справу. Але і так было відавочна: усе ідэі абавязкова “выжывуць”, таму што гэтая справа належыць няхай пакуль што не зусім прафесіяналам, але людзям, якія шчыра і аддана палюбілі сваю работу.
Для таго, каб у эфір выйшаў дэбютны выпуск тэлеперадачы “Пяць +”, спатрэбілася не так шмат часу. Чаму менавіта “Пяць +”? Усё да банальнасці проста. У каманду тэлевізійных журналістаў уваходзяць пяць чалавек, а дапамагаюць ім яшчэ некалькі вучняў, адсюль і з’явіўся матэматычны знак “+”. Акрамя гэтага, з самага пачатку разлічвалася, што тэлевыпускі будуць дэманстравацца роўна 5 хвілін, падчас аднаго з перапынкаў.
“Спачатку мы з лёгкасцю ўпісваліся ў такі невялікі, на першы погляд, час, — працягвае Аліна Альгірдаўна. — Але пазней, калі інфармацыі, годнай для таго, каб пра яе гаварыць на тэлебачанні, станавілася больш, расцягнуўся і час эфіру. Прыемна, што ля тэлевізара, які купілі і павесілі ў школе спецыяльна для паказу нашых тэлепраектаў, заўсёды збіраецца многа дзяцей. Гэта, насамрэч, нядзіўна. Нашы журналісты спрабуюць задзейнічаць вучняў і падчас здымак пэўных рэпартажаў, і ў якасці каментатараў да актуальных інтэрв’ю. А інтэрв’ю ў нас бываюць і з пераможцамі спартыўных спаборніцтваў, і з тымі, хто паказвае годныя рэзультаты на прадметных алімпіядах. Безумоўна, героямі інтэрв’ю, акрамя вучняў, становяцца і дырэктар школы, і настаўнікі. Але зноў жа ўсё залежыць ад інфармацыйнай нагоды”.
Што тычыцца работы радыё, то яно, у адрозненне ад “Гімназічнага весніка” і “Пяць +”, вяшчае штораніцы. Пакуль на школьных калідорах яшчэ не чуваць вучнёўскіх галасоў, у гімназічнай радыёстудыі ўжо ва ўсю кіпіць работа. Тут адбываецца прагон эфіру. Вядучыя яшчэ раз перачытваюць навіны, складаюць спіс імяніннікаў, а таксама пішуць для іх віншаванні, якія абавязкова прагучаць на ўсю школу, і рыхтуюць у эфір аператыўныя паведамленні. За паўгадзіны да пачатку ўрокаў пачынаецца радыёэфір, заканчэнне якога кліча ў класы на ўрокі…
І так у гімназіі пачынаецца кожная раніца, якая для кожнага абавязкова з’яўляецца добрай і шчаслівай. Гэта вельмі важна — атрымаць зарад пазітыўнай энергіі, якой хапае на цэлы дзень, а можа, і да наступнага ранішняга эфіру.